Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Палiтычны лад Вялiкага княства Лiтоўскага ў XIV — першай палове XVI ст.




Пытанне дзяржаўнага ладу ВКЛ, у склад якога ўваходзiла Беларусь, — адно з найбольш складаных, асаблiва ў раскрыццi праблемы дзяржаўнага ўладкавання.

У XIV — XVI стст. Вялiкае княства Лiтоўскае па форме праўлення было феадальнай манархiяй. На чале дзяржавы стаяў манарх, якi называўся гаспадаром або вялiкiм князем. Ён ажыццяўляў заканадаўчую, судовую i адмiнiстрацыйна-гаспадарчую ўладу. У прыватнасцi, вялiкi князь кiраваў пытаннямi знешняй палiтыкi, камандаваў узброенымi сiламi, выдаваў граматы i iншыя прававыя акты, ажыццяўляў вышэйшы суд у дзяржаве, валодаў правам заканадаўчай iнiцыятывы i г.д. Але ж найбольш важныя пытаннi ён павiнен быў вырашаць разам з Радай Вялiкага княства Лiтоўскага1 .

Такiм чынам, улада гаспадара не была абсалютнай, яна была абмежавана Радай, у склад якой уваходзiлi вярхi класа феадалаў. Акрамя таго, улада манарха абмяжоўвалася соймам, дзе былi прадстаўнiкi i павятовай шляхты.

Прававое становiшча Рады замацавана ў прывiлеях 1492 i 1506 гг. Напрыклад, у 1492 г. законам было ўстаноўлена, што ў выпадку разыходжання ў Радзе меркаванняў вялiкага князя i радных паноў гаспадар быў абавязаны выконваць тое, што параяць яму паны-рада. Абмежаванне ўлады вялiкага князя ў далейшым было заканадаўча замацавана i ў Статуце 1529 г.

Рада як вышэйшы орган дзяржаўнай улады набыла сваё самастойнае значэнне ў 40-я гг. XV ст. У яе склад уваходзiлi вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы (ваяводы, кашталяны, старасты, гетман, канцлер, маршалак земскi), каталiцкiя епiскапы i найбуйнейшыя феадалы, якiя называлiся панамi-радай. Сябрамi Рады не маглi быць iншаземцы i простыя людзi.

Рада з’яўлялася пастаянна дзеючым дзяржаўным органам. Яна не мела строга акрэсленых паўнамоцтваў i магла вырашаць любое пытанне ўнутранага i знешняга жыцця дзяржавы. У прыватнасцi, у кампетэнцыю Рады ўваходзiлi выбранне вялiкага князя, абарона дзяржавы, вырашэнне мiжнародных спраў, абмеркаванне i прыняцце заканадаўчых актаў, заслухоўванне справаздач некаторых службовых асоб, разгляд найважнейшых судовых спраў i iнш. У вырашэннi бягучых спраў прымалi ўдзел 2 — 3 сябры Рады i гаспадар. Пры разглядзе асаблiва важных дзяржаўных спраў Рада збiралася ў поўным саставе.

Такiм чынам, Рада была выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, судовым i кантралюючым органам. Яе галоўнае прызначэнне заключалася ў тым, каб ахоўваць правы магнатаў ад замахаў з боку манарха — вялiкага князя, а таксама ахоўваць тэрытарыяльную недатыкальнасць дзяржавы.

Сойм — вышэйшы агульнадзяржаўны заканадаўчы орган — бярэ пачатак ад старажытных вечавых сходаў, якiя пры феадалiзме ператварылiся ў саслоўна-класавыя органы феадалаў. Пачатак рэгулярнага склiкання соймаў адносiцца да XV ст.1.

Парадак работы сойма, яго кампетэнцыя да XVI ст. рэгулявалiся звычаёвым правам. Спачатку ў сойм уваходзiлi ўсе буйныя феадалы, якiя з’яўлялiся сябрамi Рады, службовыя асобы цэнтральнай i мясцовай адмiнiстрацыi, а таксама ўся шляхта. Але рашэннi, як правiла, выносiлiся вялiкiм князем i панамi-радай, а дробныя i сярэднiя феадалы пры гэтым толькi прысутнiчалi, iнакш кажучы, валодалi дарадчым, а не рашаючым голасам. Таму соймы гэтага перыяду былi больш дарадчымi, чым заканадаўчымi2.

У XVI ст. заканадаўчыя функцыi сойму пашырылiся. У гэты час ён з усесаслоўнага ператварыўся ў прадстаўнiчы орган, на пасяджэннi якога з’яўлялася не ўся шляхта, а толькi яе прадстаўнiкi — па два дэпутаты (паслы) ад кожнага павета, якiя выбiралiся на павятовых соймiках. Акрамя гаспадара, паноў-рады, службовых асоб цэнтральнага i мясцовага кiравання ў рабоце вальных соймаў прымалi ўдзел каталiцкiя i праваслаўныя епiскапы, iгумены манастыроў i кляштараў.

Некаторыя гiсторыкi права адзначаюць, што на сойме не мелi права прысутнiчаць прадстаўнiкi мяшчан i сялян1 , але гэта не зусiм дакладныя звесткi. На самой справе ў 1568 г. мяшчане сталiчнай Вiльнi атрымалi месца на сойме па прыкладзе Кракава. Iм было даравана права пасылаць на вальны сойм двух—трох бурмiстраў, якiя маглi выказвацца толькi тады, калi зойдзе размова аб горадзе Вiльнi2 .

Ад саслоўнага прадстаўнiцтва залежаў i характар дзяржаўна-прававых актаў, якiя прымалiся на сойме і адлюстроўвалi вузкакласавыя iнтарэсы свецкiх i духоўных феадалаў.

Пэўных тэрмiнаў склiкання вальных соймаў не iснавала, яны збiралiся па меры патрэбы. У другой палове XVI ст. была зроблена спроба заканадаўча вызначыць кампетэнцыю сойма. Ён перш за ўсё разглядаў пытаннi выбрання вялiкага князя; аб вайне i мiры; узаемаадносiн з iншымi краiнамi; прыняцця заканадаўчых актаў; устанаўлення новых падаткаў; разгляду крымiнальных спраў, у якiх закраналiся iнтарэсы дзяржавы наогул, вялiкага князя цi знатных асоб.

Усе пытаннi на сойме фактычна вырашалiся гаспадаром i панамi-радай, а прадстаўнiкi павятовай шляхты толькi прысутнiчалi пры гэтым. Аднак удзел шляхты ў рабоце сойма садзейнiчаў прапагандзе ў паветах яго рашэнняў i выкананню прынятых пастаноў на месцах.

Разгледжаныя вышэй палiтычныя ўстановы — Рада i сойм — мелi аналогii ў Польшчы. Але не трэба думаць, як гэта часам робяць некаторыя даследчыкi, што тут мы маем справу з установамi, механiчна запазычанамi з польскага дзяржаўнага права. Правiльнае, на наш погляд, меркаванне па адзначаным пытаннi выказвае М.В.Доўнар-Запольскi. Ён пiша: “...абедзве гэтыя ўстановы выраслi арганiчна з асноў старажытнарускага права i нават назва iх не з’яўляецца запазычаннем з польскага права. На самой справе тэрмiн “сойм”, у сэнсе з’езд, вядомы старажытнарускаму праву з XI ст.: сойм — з’езд для нарады, веча-сходка. “Рада” — агульнаславянскае слова i ў заходнерускiх актах ужываецца замест слова “дума” з XIII ст., г.зн. да пранiкнення польскага ўплыву. У лацiнскiх актах “рада” перакладаецца словам “сенат”, якое часта ўжывалася i ў беларускай мове”1 .

У сiстэме органаў дзяржаўнага кiравання значная роля належала вышэйшым службовым асобам, паўнамоцтвы якiх рэгулявалiся пераважна звычаёвым правам. Маршалак земскi, напрыклад, з’яўляўся ахоўнiкам парадку i этыкету пры вялiкакняжацкiм двары. Яго намеснiкам быў маршалак дворны. Узброенымi сiламi дзяржавы кiраваў гетман найвышшы, якi меў, асаблiва ў час вайны, вялiкiя паўнамоцтвы. Яго намеснiкам быў гетман дворны, або польны, якi ўзначальваў частку войскаў, часцей за ўсё размешчаных пры гранiцы, і знаходзіўся з iмi ў полi. Дзяржаўную канцылярыю ўзначальваў канцлер, пры iм былi пiсары, сакратары i iх памочнiкi (дзякi). Канцлер зберагаў дзяржаўную пячатку, без прыкладання якой законы не набывалi сiлы, падпiсваў найважнейшыя дзяржаўныя дакументы, разам са сваiм намеснiкам — падканцлерам — удзельнiчаў у падрыхтоўцы i канчатковым рэдагаваннi заканадаўчых актаў.

Дзяржаўнымi фiнансамi і скарбам загадваў падскарбiй земскi. Яго намеснiкам быў падскарбiй дворны, а памочнiкамi — скарбнiкi i скарбавыя пiсары.

Спецыфiчнае становiшча сярод службовых асоб займалi вялiкакняжацкiя дваране i ўраднiкi. Яны непасрэдна неслi службу ў вялiкага князя i вышэйшых прадстаўнiкоў улады, выконвалi судовыя рашэннi, уводзiлi ва ўладанне маёнткамi, рабiлi рэвiзii (люстрацыi), спаганялi нядоiмкi па падатках, сачылi за будаўнiцтвам дарог, мастоў i iнш.

Мясцовыя органы ўлады i кiравання на дзяржаўных землях будавалiся ў адпаведнасцi з іх адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльным падзелам. Да ўтварэння ваяводстваў i паветаў асобныя землi кiравалiся намеснiкамi вялiкага князя. Пры намеснiках былi такiя службовыя асобы, як ключнiк, гараднiчы, цiвун, канюшы, ляснiчы, пасады якiх у асноўным засталiся i пасля адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гг., што падзялiла Вялiкае княства Лiтоўскае на ваяводствы (акрамя iснаваўшых раней уводзiлiся i новыя), паветы i воласцi.

Саслоўна-прадстаўнiчымi органамi мясцовай улады выступалi павятовыя i ваяводскiя соймiкi. У iх удзельнiчалi ўсе землеўласнiкi павета цi ваяводства.

Мясцовыя органы ўлады мелi шырокiя паўнамоцтвы i мала залежалi ад цэнтральных органаў. У сваёй дзейнасцi яны кiравалiся агульнадзяржаўнымi нарматыўнымi актамi i мясцовым звычаёвым правам, а таксама актамi мясцовай адмiнiстрацыi.

На тэрыторыi ваяводства прадстаўнiком вышэйшай улады быў ваявода. Ён узначальваў адмiнiстрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя i ў значнай ступенi судовыя органы. Ваявода — буйны феадал з ураджэнцаў ВКЛ — пажыццёва прызначаўся вялiкiм князем i Радай. Блiжэйшым памочнiкам ваяводы быў кашталян, якi ўзначальваў войска галоўнага замка i апалчэнне.

Ключнiк адказваў за спагнанне падаткаў i чыншу, гараднiчы быў камендантам замка, лоўчы i ляснiчы наглядалi за ляснымi i паляўнiчымi ўгоддзямi.

Кiраўнiком адмiнiстрацыi ў павеце быў стараста, якi таксама прызначаўся вялiкiм князем i Радай з лiку буйных феадалаў. Намеснiкам яго быў падстараста. Паўнамоцтвы старасты былi блiзкiя да паўнамоцтваў ваяводы, у тым лiку i ў галiне правасуддзя. Памочнiкам старасты па ваенных справах быў павятовы маршалак, якi камандаваў павятовым апалчэннем шляхты. Ён жа, як правiла, старшынстваваў на пасяджэннях павятовага соймiка.

Нiжэйшым звяном у сiстэме мясцовага кiравання (на ўзроўнi воласцi) былi дзяржаўцы — кiраўнiкi дзяржаўных i вялiкакняжацкiх маёнткаў. Да XV ст. дзяржаўцы называлiся цiвунамi. Яны мелi права вяршыць суд над усiмi простымi людзьмi, якiя жылi на падначаленай iм тэрыторыi. Гэтак жа, як ваяводы i старасты, дзяржаўцы неслi адказнасць за сваю дзейнасць перад урадам. Памочнiкамi дзяржаўцаў былi сельскiя войты, якiя сачылi за падтрыманнем парадку ў сёлах i выкананнем феадальных павiннасцей сялянамi. У мясцовасцях, дзе жылi дзяржаўныя сяляне i не было замкаў цi маёнткаў, дзейнiчалi органы сялянскага самакiравання i выбраныя iмi старцы.

Органы мясцовага кiравання i самакiравання ў гарадах Беларусi, якiя рэгулявалi жыццядзейнасць карпарацый мяшчан, значна адрознiвалiся ад другiх мясцовых органаў улады на месцах. Па арганiзацыi кiравання i характары залежнасцi ад вышэйшых органаў улады беларускiя гарады падзялялiся на тыя, якiя мелi спецыяльныя граматы (прывiлеi) на магдэбургскае права, i тыя, якiя іх не мелi. Гарады, якiя атрымалi прывiлеi, выключалiся з адмiнiстрацыi ваявод i старастаў, у iх утваралiся органы гарадскога кiравання (магiстрат) у спалучэннi з некаторымi элементамi самакiравання.

У магiстрат (Раду) уваходзiлi войт, бурмiстры, радцы i лаўнiкi. Войт стаяў на чале гарадской адмiнiстрацыi i суда, прызначаўся на гэтую пасаду ўрадам з лiку феадалаў або гараджан і ажыццяўляў правасуддзе сумесна з сябрамi гарадской Рады i лаўнiкамi (засядацелямi). Войт мог прызначыць сабе намеснiка — лент-войта. Памочнiкам войта па кiраванні справамi ў горадзе былi бурмiстры, якiя прызначалiся або зацвярджалiся войтам з лiку сяброў гарадской Рады.

У большасцi беларускiх гарадоў Рада складалася прыкладна з 6—20 чалавек. Як правiла, у яе ўваходзiлi найбольш багатыя купцы, кiраўнiкi рамесных цэхаў, багатыя майстры-рамеснiкi. У адных гарадах Рада выбiралася мяшчанамi, у другiх яе фармiраваў войт. Рада вызначала асноўны напрамак развiцця гарадской гаспадаркi i кiравала пытаннямi добраўпарадкавання i ўтрымання ў баявой гатоўнасцi абарончых збудаванняў, займалася зборам сродкаў на гарадскiя патрэбы, ажыццяўляла кантроль за iх расходаваннем i г.д.

Прыватнаўласнiцкiя гарады былi ўласнасцю асобных князёў i паноў. Таму кiраванне ў iх залежала ад волi ўладальнiка, якi мог дазволiць утварэнне мясцовых органаў у адпаведнасцi з магдэбургскiм правам або прызначыць у горад свайго намеснiка-кiраўнiка.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 154; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.005 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты