Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Унii Вялiкага княства Лiтоўскага з Польшчай




Вялiкае княства Лiтоўскае з першых дзён свайго iснавання вымушана было прыняць на сябе ўдары нямецка-каталiцкiх захопнiкаў. У другой палове XIV ст. найбольш сур’ёзным ворагам княства стаў Тэўтонскi ордэн, якi вёў захопнiцкiя войны пад лозунгамi хрысцiянiзацыi лiтоўцаў-паганцаў. Знешнепалiтычнае становiшча ВКЛ ускладнялася i ў сувязi з узрастаннем магутнасцi Маскоўскай Русi, якая iмкнулася далучыць заходнярускiя, беларускiя i ўкраiнскiя землi. Складаныя адносiны ў княства былi i з Польскiм каралеўствам. Ваенныя сутычкi адбывалiся пастаянна — тым больш што ў другой палове XIV ст. ВКЛ было значна мацнейшым за Польшчу.

У той час адносiны памiж Польшчай i Вялiкiм княствам Лiтоўскiм характарызавалiся не толькi сутычкамi, але i iмкненнем да саюзу, асаблiва ў пытаннi процiдзеяння тэўтонскай агрэсii. Зблiжэнню дзвюх краiн садзейнiчаў шчаслівы выпадак. У 1380 (трэба 1370) г., пасля смерцi Казiмiра III, карона Польшчы перайшла да Анжуйскай дынастыi, якая кiравала ў Венгрыi. Аднак у 1381 (трэба 1382 – А.Р.) г. кароль Людвiг Анжуйскi памёр i на польскi трон была прызначана яго дачка Ядзвiга, якой у той час было 15 гадоў. Па iнiцыятыве польскiх магнатаў i каталiцкага духавенства Ядзвiзе пачалi шукаць мужа, а Польшчы караля. Паколькi польскiя феадалы былi зацiкаўлены ва ўстанаўленнi цесных сувязяў з ВКЛ, вялiкаму князю Ягайле было прапанавана на пэўных умовах стаць мужам Ядзвiгi i каралём Польшчы.

Зацiкаўленасць ва ўмацаваннi адносiн з Польшчай была i ў Ягайлы. Саюз дазваляў умацаваць як знешнiя, так i ўнутраныя пазiцыi пануючага класа Лiтоўскага княства. Па iнiцыятыве Польшчы 14 жнiўня 1385 г. у замак Крэва — рэзiдэнцыю вялiкага князя — прыехалi польскiя паслы. Пачалiся перамовы з Ягайлам. У вынiку перамоў былi выпрацаваны ўмовы дзяржаўна-прававога саюза Польшчы i ВКЛ, што знайшло ўвасабленне ў спецыяльным акце. У адпаведнасцi з гэтым дакументам Ягайла абавязваўся далучыць усе землi ВКЛ да Польшчы; адпусцiць усiх палонных палякаў; прыняць каталiцкую веру i распаўсюдзiць яе ва ўсiм княстве; заплацiць 200 тыс. флорынаў былому жанiху Ядзвiгi, аўстрыйскаму прынцу Вiльгельму як кампенсацыю за парушэнне дамоўленасцей. Пасля гэтага Ягайла быў абвешчаны каралём Польшчы.

Умовы саюзу (унii) выклiкаюць здзiўленне, бо тэкст гэтага дагавора нагадвае акт безагаворачнай капiтуляцыi мацнейшай дзяржавы (ВКЛ) перад слабейшай (Польшчай). Нельга не пагадзiцца з прафесарам Я.А.Юхо, якi гаворыць аб пазнейшай фальсiфiкацыi каталiцкiм духавенствам сапраўднага тэксту Крэўскага пагаднення1 .

У лютым 1386 г. Ягайла ажанiўся з Ядзвiгай i пераехаў у Польшчу, прызначыўшы намеснiкам у Вялiкiм княстве свайго брата Скiргайлу (Iвана). Такiм чынам, Крэўскае пагадненне не пашкодзiла незалежнасцi княства, не прывяло да яго лiквiдацыi (скасавання), а толькi ўстанавіла яго саюзныя адносiны з Польшчай пад вяршэнствам Ягайлы. Адасобленасць княства падкрэслiвалася i тым, што адразу пасля ўступлення Ягайлы на польскi прастол i прызначэння вялiкiм князем лiтоўскiм Скiргайлы Ягайла не зняў з сябе паўнамоцтваў главы Вялiкага княства, а ўзначалiў адначасова дзве дзяржавы. Тым самым была ўстаноўлена персанальная (асабiстая) унiя памiж гэтымi дзяржавамi.

Гiсторыя даказала, што саюз памiж ВКЛ i Польшчай быў выгадны абедзвюм дзяржавам i ўсiм народам Усходняй Еўропы, бо дазваляў аб’яднаць сiлы супраць нямецкай i татарскай агрэсiй. Ён быў карысны i для развiцця вытворчых сiл, гандлёвых сувязяў.

Выконваючы свае абяцаннi, Ягайла пад націскам польскай шляхты i каталiцкага духавенства 20 лютага 1387 г. выдаў першую грамату (прывiлей). Другая грамата (прывiлей) была выдадзена Ягайлам 22 лютага 1387 г. і адрасавалася каталiцкаму духавенству, але закранала iнтарэсы ўсяго народа i фактычна дапаўняла грамату ад 20 лютага.

Натуральна, што дыскрымiнацыйныя для праваслаўнай знацi законы выклiкалi ў яе асяроддзi рэзкае незадавальненне палiтыкай вярхоўнай улады Вялiкага княства, парадзiлi сепаратысцкiя настроi. Нездарма ўжо ў 1388 г. урад Скiргайлы вымушаны быў выкарыстаць дапамогу польскiх сiл супраць абуранага насельнiцтва Вiцебскай i Полацкай зямель.

Незадавальненне праваслаўнай знацi першым скарыстаў Вiтаўт, якi выступiў з праграмай стварэння самастойнага “Руска-Лiтоўскага каралеўства, якое супраць стала б з аднаго боку Польшчы, а з другога — Масквы”1 . Для яе ажыццяўлення Вiтаўт узяў у саюзнiкi (хаўруснiкi) праваслаўную знаць, апазiцыйную каталiцкай Польшчы, што вымусiла Ягайлу пайсцi на кампрамiс. Востраўскае пагадненне 1392 г. i Вiленска-Радамская унiя 1401 г. зафiксавалi ўступкi Ягайлы. Так, у вынiку перагавораў у Востраве (каля Лiды) 5 жнiўня 1392 г. было заключана пагадненне, паводле якога аслабiлася прымусовае акаталiчванне, не дазвалялася ўтрымлiваць польскiх ваяроў у беларускiх i лiтоўскiх гарадах. Замест Скiргайлы вялiкiм князем лiтоўскiм быў прызначаны Вiтаўт, але i ён прызнаў верхаводства Ягайлы.

Востраўскае пагадненне спынiла ўнутраную барацьбу ў ВКЛ i ўмацавала яго саюз з Польшчай на аснове персанальнай унii. Пагадненне юрыдычна аформiла тыя фактычныя ўзаемаадносiны, якiя склалiся памiж дзвюма дзяржавамi пасля ўступлення Ягайлы на польскi прастол.

18 студзеня 1401 г. ў Вiльнi найбольш уплывовыя феадалы-католiкi пацвердзiлi саюз з Польшчай, а ў сакавiку таго ж года ў Радаме польскiя феадалы прынялi аналагiчную пастанову. Такiм чынам, саюз, заснаваны на персанальнай унii, быў зноў юрыдычна замацаваны ў Вiленска-Радамскiм дагаворы. Феадалы ВКЛ абяцалi выступаць супраць ворагаў i ахоўваць польскiя iнтарэсы як свае ўласныя, а польскiя феадалы абяцалі баранiць iнтарэсы лiтоўскай знацi.

Вiленска-Радамская унiя пацвердзiла адасобленасць i самастойнасць Вялiкага княства, а таксама правы Вiтаўта як самастойнага кiраўнiка дзяржавы. Акт Вiленска-Радамскай унii вызначыў сутнасць дзяржаўна-прававой сувязi княства з Польшчай як персанальную унiю дзвюх дзяржаў пад верхаводствам аднаго гасудара.

У гады княжання Вiтаўта ВКЛ дамаглося найбольшай магутнасцi; нездарма летапiсцы паэтызуюць i ўслаўляюць яго вобраз. Поспехi палiтыкi Вiтаўта ў пэўнай ступенi з’яўляюцца вынiкам яго цэнтралiзатарскай палiтыкi. Ён скасаваў буйныя княствы, у Полацк i Вiцебск замест князёў былi накiраваны намеснiкi i г.д.

Найбольшы аўтарытэт Вiтаўт набыў пасля разгрому Тэўтонскага ордэна 15 лiпеня 1410 г. пад Грунвальдам. Глыбокае задавальненне, атрыманае ў вынiку сумеснага процiстаяння крыжакам, выклiкала да жыцця новыя спробы унii i больш цеснае зблiжэнне Польшчы i ВКЛ. Аднак Польшча, якую падштурхоўваў каталiцкi свет, жадала навязаць свае ўмовы ўсходняму суседу. Таму, калi па iнiцыятыве Ягайлы ў кастрычнiку 1413 г. у Гарадзельскiм замку (на Заходнiм Бугу) выпрацоўвалi ўмовы унii дзвюх дзяржаў, кароль i польская шляхта пачалі шукаць падтрымку ў шырокiх слаях лiтоўскай i беларускай шляхты каталiцкага веравызнання.

Асноўныя палажэннi Гарадзельскай унii юрыдычна замацаваны ў трох граматах (прывiлеях). Першая выдадзена ад iмя 47 польскiх феадалаў, якiя надзялялi 47 феадалаў-католiкаў ВКЛ сваiмi гербамi i тым самым прымалi iх у сваё гербавае брацтва. У другой феадалы-католiкi прымалi гербы польскiх феадалаў i абяцалi быць з iмi ў вечным сяброўстве i саюзе. У выпадку смерцi Вiтаўта яны абяцалi не абiраць сабе князя без нарады i згоды польскiх феадалаў. Тыя у сваю чаргу у выпадку смерцi Ягайлы таксама не павiнны былi выбiраць новага караля без парады i згоды Вiтаўта i феадалаў ВКЛ. У трэцяй грамаце, якая ўвайшла ў гiсторыю як Гарадзельскi прывiлей, польскi кароль Ягайла i вялiкi князь Вiтаўт абяцалi прызначаць на дзяржаўныя пасады феадалаў-католiкаў, якiя прынялi польскiя гербы, i дазваляць iм свабодна распараджацца маёмасцю ў сваiх маёнтках, каб узняць iх грамадскае становiшча. У прывiлеi канстатавалася, што з прыняццем каталiцтва ВКЛ “далучаецца, уключаецца, злучаецца, перадаецца” Польскаму каралеўству.

Канстатацыя таго факта, што караля Польшчы павiнны былi выбiраць толькi са згоды Вiтаўта i феадалаў ВКЛ, сведчыла аб раўнапраўным становiшчы Вялiкага княства i Польскага каралеўства, а словы аб злiццi дзяржаў не мелi ў той час новага дзяржаўна-прававога значэння, бо саюз дзвюх дзяржаў не змянiўся, застаўшыся ў форме персанальнай унii.

Сцвярджэнне, што ўсе некатолiкi, у асноўным праваслаўныя, не павiнны былi дапускацца на дзяржаўныя пасады i засядаць у панскай Радзе, мела iдэалагiчны, а не практычны характар, бо большасць мясцовага кiраўнiцтва i значная частка паноў-рады належалi да праваслаўнай веры1 .

У 1430 г. з абраннем на вялiкакняжацкi прастол Свiдрыгайлы, прыхiльнiка самастойнасцi ВКЛ, адносiны памiж дзвюма дзяржавамi сапсавалiся настолькi, што справа дайшла да ваенных дзеянняў супраць Польшчы. Праз чатыры гады (1434 г.) пасля смерцi Ягайлы унiя была поўнасцю скасавана.

Другi этап персанальнай унii ВКЛ з Польшчай пачаўся з абрання ў 1447 г. на польскi трон сына Ягайлы вялiкага князя лiтоўскага Казiмiра, якi стаў на чале дзвюх самастойных паўнапраўных дзяржаў. Пасля смерцi Казiмiра ў 1492 г. унiя была перапынена, а ў 1501 г., калi каралём Польшчы быў абраны вялiкi князь лiтоўскi Аляксандр, адноўлена. Пасля смерцi апошняга польскiя феадалы зноў абралi сваiм каралём вялiкага князя Лiтоўскага Жыгiмонта I i унiя захавалася. Яна працягвала сваё iснаванне i пасля ўступлення на польскi трон Жыгiмонта II Аўгуста.

Такiм чынам, з заключэннем у 1385 г. Крэўскай унii быў заснаваны дзяржаўна-прававы саюз, з якога пачалося паступовае і ўстойлiвае зблiжэнне Вялiкага княства Лiтоўскага з Польскiм каралеўствам. Можна сцвярджаць, што да канца XVIII ст. гiсторыя народаў Беларусi, Украiны, Лiтвы i Польшчы была звязана з гэтым саюзам. Ён унёс вялiкiя змены ў дзяржаўны лад ВКЛ i Польшчы, iстотна паўплываў на развiццё сацыяльна-эканамiчных, палiтычных i культурных сувязяў гэтых народаў.

 

Глава4


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 139; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.006 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты