Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Развiццё права ў Беларускай ССР у 20 — 30-я гг.




Развiццё права ў Беларускай ССР у аднаўленчы перыяд (1921 — 1925 гг.) ішло ў некалькіх кірунках: па-першае, на тэрыторыі БССР уводзіліся ў дзеянне заканадаўчыя акты РСФСР; па-другое, органы ўлады і кіравання БССР (Усебеларускі з’езд Саветаў, ЦВК, СНК) прымалі ўласныя нарматыўна-прававыя акты; па-трэцяе, у некаторых заканадаўчых актах РСФСР меліся агаворкі, што яны дзейнічаюць і на тэрыторыі іншых савецкіх рэспублiк.

Улады Беларусі ўводзілі ў дзеянне на тэрыторыі рэспублiкi заканадаўчыя акты Расійскай Федэрацыі. Гэта закон “Об основных частных имущественных правах, признаваемых РСФСР, охраняемых ее законами и защищаемых судами” (з 2 жніўня 1922 г.), Грамадзянскі (з 1 сакавіка 1923 г.), Грамадзянска-працэсуальны (з 1 верасня 1923 г.), Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны (з ліпеня 1922 г.) кодэксы РСФСР.

У гэты перыяд прымаюцца і ўласныя заканадаўчыя акты, актывізуецца дзейнасць вышэйшых органаў улады і кіравання БССР. Так, у красавіку 1921 г. ЦВК БССР прыняў пастанову аб пераходзе да харчпадатку і аб дазволе свабоднага абмену сельскагаспадарчай прадукцыі ў трох паветах; у жніўні 1921 г. СНК БССР выдаў пастанову “Аб правядзенні гандлю”, у адпаведнасці з якой усім грамадзянам рэспублiкi, якім споўнілася 16 гадоў, дазвалялася весці гандаль прадуктамі сельскай гаспадаркі, вырабамі саматужнай і фабрычнай вытворчасці за выключэннем прадметаў дзяржаўнай манаполіі, колькасць якіх была зведзена да мінімуму.

29 сакавіка 1923 г. ЦВК БССР прыняў Зямельны кодэкс (уведзены ў дзеянне 15 красавіка 1923 г.), які зыходзіў з асноўных заканадаўчых актаў РСФСР і БССР аб зямлі. Разам з абвяшчэннем зямлі выключна дзяржаўнай уласнасцю і прадастаўленнем сялянам права карыстання ёю пры ўмове вядзення гаспадаркі сваёй працай, гаварылася аб бестэрміновым карыстанні зямлёй і праве сялян выбіраць любую форму землекарыстання. У выключных выпадках, пры ўмове захавання гаспадаркай свайго працоўнага характару, дапускалася дапаможная наёмная праца. Кодэксам таксама рэгуляваліся пытанні землеўладкавання і парадку вырашэння зямельных спрэчак.

Зямельны кодэкс БССР некалькі адрозніваўся ад адпаведнага кодэкса РСФСР. Пералічваючы формы землекарыстання, ён не выкарыстоўваў паняцце абшчыннага землекарыстання і таму не дапускаў ўраўняльных перадзелаў зямлі. Зямля замацоўвалася за сельскагаспадарчымі аб’яднаннямі, а пасля выдачы адпаведных дакументаў — за асобнымі землекарыстальнікамі. Землекарыстанне нарміравалася. Наркамзему БССР даручалася вызначэнне нормы зямельных участкаў для сялян.

Пашырэнне тэрыторыі БССР патрабавала ўніфікацыі замельнага заканадаўства, бо на далучанай тэрыторыі працягваў дзейнічаць Зямельны кодэкс РСФСР. Таму Прэзідыумам ЦВК быў прыняты новы Зямельны кодэкс БССР, уведзены ў дзеянне на ўсёй тэрыторыі рэспублiкi з 1 красавіка 1925 г.

У 1924 г. у БССР былі ўстаноўлены адзіныя арганізацыйна-прававыя формы вядзення лясной гаспадаркі, якія мелі важнае значэнне для эканомікі рэспублiкi. Прыняты СНК Лясны кодэкс БССР быў уведзены ў дзеянне з 1 жніўня 1924 г. У ім гаварылася пра адзіны лясны фонд БССР, аб’яўлялася, што ўсе лясы і зямельныя плошчы, прызначаныя для пашырэння лясных угоддзяў, з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю. Гэты заканадаўчы акт замацаваў цэнтралізаванае кіраванне лясамі, што мелі рэспубліканскае значэнне. Органамі Наркамзема былі выдзелены лясы мясцовага значэння, якія перадаваліся зямельным таварыствам, сельскагаспадарчым камунам, арцелям і іншым аб’яднанням працоўных землекарыстальнікаў у бестэрміновае карыстанне.

Што тычыцца працоўнага заканадаўства, дык заканадаўчымі актамі РСФСР, як ужо адзначалася, часам агаворвалася, што яны дзейнічаюць і на тэрыторыі іншых савецкіх рэспублiк. Напрыклад, 30 кастрычніка 1922 г. УЦВК РСФСР прыняў новы Кодэкс законаў аб працы, у артыкуле 5 якога гаварылася, што ён пашырае сваё дзеянне на саюзныя рэспублiкi без спецыяльнага пацвярджэння.

У адпаведнасці з палажэннямі КЗаПа асноўнай прававой формай найму рабочых і служачых на працу з’яўляўся індывідуальны працоўны дагавор і толькi ў выключных выпадках магло мець месца прыцягненне да працоўнай павіннасці. Атрымалі пацвяр-джэнне нормы аб васьмігадзінным рабочым дні са скарачэннем яго працягласці на падземных работах і ў іншых галінах прамысловасці, шкодных для здароўя, на начных работах і для асоб, якім не споўнілася 18 гадоў.

Быў прадугледжаны шэраг мер па ахове працы. Пры гэтым агаворвалася, што працоўныя гарантыі, устаноўленыя КЗаПам, могуць быць пашыраны ў калектыўных дагаворах, заключаных памiж прафсаюзамі і адміністрацыямі дзяржаўных або ўладальнікамі прыватных прадпрыемстваў. КЗаП замацаваў сiстэму абавязковага сацыяльнага страхавання рабочых і служачых за кошт узносаў дзяржпрадпрыемстваў і прыватных наймальнікаў у спецыяльны фонд.

Асобная глава Кодэкса прысвячалася прафсаюзам. У сувязі з пераводам дзяржпрадпрыемстваў на гасразлік і дазволам дзейнасці прыватных прадпрыемстваў перад імі паўсталі новыя задачы.

У выніку ўтварэння Саюза ССР на тэрыторыі БССР уступілі ў дзеянне яго заканадаўчыя акты. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1924 г. Прэзідыум ЦВК БССР скасаваў дэкрэт ад 24 студзеня 1922 г. аб узаемаадносінах БССР і РСФСР і ўстанавіў, што пастановы УЦВК РСФСР на тэрыторыі Беларусі не маюць сілы і з гэтага часу дзейнічаюць толькi заканадаўчыя акты СССР і БССР1. Тым не менш заканадаўства РСФСР аказвала істотны ўплыў на развiццё права на Беларусі.

Трэба адзначыць, што ў канцы 20 — пачатку 30-х гг. БССР набыла і ўласны заканадаўчы вопыт. У сувязi з тым, што змяніліся ўмовы жыцця, былі прыняты новыя і перагледжаны некаторыя ранейшыя законы, напрыклад прыняты Водна-меліярацыйны кодэкс (1927), Папраўча-працоўны кодэкс (1926), Кодэкс законаў аб шлюбе, сям’і, апецы (1927), Кодэкс аб працы (1929) і інш.

Грамадзянскае і грамадзянска-працэсуальнае права аднаўленчага перыяду было накіравана перш за ўсё на ўмацаванне дзяржаўнай уласнасці. Заканадаўчыя акты БССР канкрэтызавалі і дапаўнялі законы Расійскай Федэрацыі, у тым лiку ГК і ГПК РСФСР, уведзеныя ў дзеянне на тэрыторыі рэспублiкi ў 1923 г. Напрыклад, грамадзянскі кодэкс замацаваў агульнае правіла неадчужальнасці дзяржаўных прадпрыемстваў ва ўласнасць прыватных асоб, аднак у сувязі з НЭПам пастановай ЦВК і СНК БССР ад 31 студзеня 1925 г. было дазволена адчужэнне прадпрыемстваў, якія бяздзейнічалі.

Найбольшую іскавую абарону атрымала дзяржаўная ўласнасць. Яе можна было запатрабаваць з любога незаконнага ўладання, прычым іскавая даўнасць пры гэтым не прымянялася. Аб’яўляліся несапраўднымі здзелкі, якія маглі прывесці да яўных страт для дзяржавы.

Захоўваючы за дзяржавай асноўныя пазіцыі ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, закон клапаціўся аб развiцці кааператыўнай уласнасці і дапускаў у пэўных межах прыватную гаспадарчую дзейнасць. Прыватным асобам дазвалялася адкрываць прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы з абавязковым захаваннем нормаў, якія рэгулявалі прамысловую і гандлёвую дзейнасць. Усім грамадзянам давалася права ўласнасці на немуніцыпальныя пабудовы (з правам іх адчужэння), на прылады і сродкі вытворчасці, прадпрыемствы (дазволеныя мець у прыватным уладанні); на перадачу маёмасці ў вызначаным памеры ў спадчыну, заключэнне не забароненых законам дагавораў.

Законам устанаўлівалася права прыватнай уласнасці на адзін жылы будынак плошчай не больш як 25 кв. сажняў. Пашыраным у гэты час было заключэнне дагавораў з прыватнымі асобамі на арэнду дзяржаўных прадпрыемстваў, машын і іншай маёмасці, на выкананне падрадных работ, продаж на камісійных асновах прадукцыі дзяржаўных прадпрыемстваў і г.д.

Паступова пашыраліся маёмасныя правы грамадзян, у сувязі з чым у ГК БССР уносіліся адпаведныя змены. Так, у 1926 г. было адменена абмежаванне памеру маёмасці, якая магла пераходзіць у парадку атрымання спадчыны і дарэння; у 1929 г. пашыралася кола наследнікаў па законе ў выніку ўключэння ў яго ўсыноўленых і іх сыходных. Грамадзянам было дадзена права завяшчаць сваю маёмасць дзяржаўным установам і прадпрыемствам, грамадскім і кааператыўным арганiзацыям і г.д.

Устаноўлены ГПК РСФСР (уведзены ў дзеянне на тэрыторыі БССР з 1 верасня 1923 г.) парадак выканання правасуддзя па грамадзянскіх справах прадугледжваў актыўны ўдзел суда і пракуратуры ў вырашэнні грамадзянска-прававых спрэчак. Закон перш за ўсё абараняў інтарэсы дзяржавы, хоць у полі зроку яго знаходзіліся і маёмасныя інтарэсы грамадзян.

Значныя змены і дапаўненні былі ўнесены ў ГПК пастановай ЦВК і СНК БССР ад 2 лютага 1929 г. Суды павінны былі вырашаць справы ў адпаведнасці з законамі Саюза ССР і БССР і пастановамі мясцовых органаў улады, выдадзенымі на падставе закону. Устанаўлівалася магчымасць прымянення судом “аналогіі права” пры вырашэнні грамадзянска-прававых спрэчак. Суд не меў права адмовіць у вырашэнні справы з-за адсутнасці ці непаўнаты закону. Законам вызначаліся падставы, па якіх дапускаліся адступленні ад прынцыпу галоснасці. Суду давалася права разгляду справы пры няяўцы адной са старон, калі меліся даныя аб уручэнні ёй паведамлення, і г.д.

У галіне крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права да ўвядзення ў дзеянне на тэрыторыі БССР КК і КПК прымяняліся розныя заканадаўчыя акты РСФСР — “Руководящие начала по уголовному праву РСФСР” (1919), дэкрэт СНК РСФСР “О борьбе с дезертирством” (1921) і інш.

24 мая 1922 г. быў прыняты Крымінальны кодэкс РСФСР. Гэта быў першы савецкі крымінальны кодэкс, пабудаваны на прынцыпах сацыялістычнага права. IV Усерасійскі з’езд дзеячаў юстыцыі, на якім прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх савецкіх рэспублiк, выказаў пажаданне, каб гэты КК быў адзіным на ўсёй тэрыторыі СССР. Калі 1 чэрвеня 1922 г. КК РСФСР увайшоў у сілу, судовыя органы БССР сталі ім карыстацца без афіцыйнага ўказання. 24 чэрвеня 1922 г. III сесія ЦВК БССР прыняла пастанову “распаўсюдзіць дзеянне Крымінальнага кодэкса РСФСР на ўсю тэрыторыю Беларусі з 1 ліпеня 1922 г.”, а з 1924 г. гэты кодэкс стаў афіцыйна называцца “Крымінальны кодэкс Беларускай ССР” і яго дзеянне было пашырана на ўсе злачынствы, якія не былі разгле-джаны да гэтага часу ў судовым парадку, гэта значыць ён меў зваротную сiлу. Мэтай крымінальнага закону аб’яўлялася абарона працоўных ад злачынстваў і грамадска небяспечных элементаў.

Па сваёй сутнасці КК 1922 г. меў адкрыта класавы характар. Трэба адзначыць, што артыкул 10 гэтага Кодэкса прадугледжваў магчымасць прымянення крымінальнага закону па аналогіі, што стварала небяспеку злоўжыванняў на практыцы.

Кодэкс складаўся з Агульнай і Асаблівай частак. З 227 артыкулаў закона 56 прыпадала на Агульную частку. У ёй гаварылася пра межы дзеяння КК, агульныя асновы прымянення пакаранняў, устанаўліваліся меры і віды ўздзеяння на асоб, якія ўчынілі злачынствы, а таксама вызначаўся парадак адбывання пакаранняў.

Асаблівая частка складалася з васьмі глаў: “Дзяржаўныя (контррэвалюцыйныя і супраць парадку кіравання) злачынствы”; “Службовыя злачынствы”; “Парушэнне правілаў аб аддзяленні царквы ад дзяржавы”; “Злачынствы гаспадарчыя ”; “Злачынствы супраць жыцця, здароўя, свабоды і гонару асобы”; “Маёмасныя злачынствы”; “Воінскія злачынствы”; “Парушэнне правілаў, якія ахоўвалі народнае здароўе, грамадскую бяспеку і публічны парадак”.

За ўчыненне контррэвалюцыйных дзеянняў, бандытызм і некаторыя іншыя асаблiва небяспечныя злачынствы прадугледжвалася вышэйшая мера пакарання — расстрэл, аднак у Кодэксе гаварылася пра яе як пра часовую меру. За раскраданне сацыялістычнай уласнасці, некаторыя гаспадарчыя і службовыя крымінальна каральныя дзеянні прадугледжвалася пазбаўленне волі. Былі ўведзены такія новыя віды пакаранняў, як звальненне з пасады і выгнанне за межы рэспублiкi на пэўны тэрмін ці бестэрмінова. Узрост крымінальнай адказнасці наступаў з 14 гадоў.

У верасні 1922 г. у КК было ўнесена дапаўненне аб непрымяненні смяротнай кары да асоб, якія не дасягнулі ў момант учынення злачынства 18-гадовага ўзросту. У студзені 1923 г. чарговым дапаўненнем у Крымiнальны кодэкс напалову зніжалася пакаранне асобам ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, на адну трэць — ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў, забаранялася прымяненне смяротнай кары да цяжарных жанчын.

Такiм чынам, крыніцамі крымінальнага права БССР у першыя паслярэвалюцыйныя гады былі: а) заканадаўчыя акты РСФСР (пастановы з’ездаў Саветаў, дэкрэты УЦВК ці СНК, цыркуляры і пастановы НКЮ РСФСР); б) заканадаўчыя акты БССР (Канстытуцыя, пастановы з’ездаў Саветаў, ЦВК і СНК, цыркуляры і пастановы НКЮ БССР); в) рэвалюцыйная правасвядомасць. Роля апошняй была вельмi значнай. Суддзі часам самі вызначалі злачыннасць дзеяння, від і памер пакарання. Так, Мінскі рэвалюцыйны трыбунал за агітацыю супраць савецкай улады пазбавіў асуджанага волі на нявызначаны тэрмін — “да заканчэння грамадзянскай вайны”1.

Далейшае развiццё крымінальнага заканадаўства БССР дадзенага перыяду звязана з прыняццем 31 кастрычніка 1924 г. агульнасаюзных “Основных начал уголовного законодательства Союза ССР и союзных республик”. Гэты дакумент даў штуршок пачатку распрацоўкі новага КК БССР, які быў уведзены ў дзеянне з 15 лістапада 1928 г. Асноўнай задачай да-дзенага закону абвяшчалася судова-прававая абарона сацыялiстычнай дзяржавы ад грамадска небяспечных учынкаў шляхам прымянення да правапарушальнікаў мер сацыяльнага ўздзеяння. Злачынствам аб’яўлялася ўсякае “грамадскае небяспечнае дзеянне ці бяздзейнасць, накіраванае супраць асноў савецкага ладу ці правапарадку”.

Злачынствы падзяляліся на дзве катэгорыі: а) накіраваныя супраць асноў савецкага ладу; б) усе астатнія. За ўчыненне крымінальна каральных дзеянняў першай катэгорыі ўстанаўлівалася мінімальная мяжа, ніжэй якой суд не мог назначыць меру пакарання. За злачынствы другой катэгорыі Кодэкс прадугледжваў толькi максімальную мяжу пакарання.

Мерамі сацыяльнай абароны з’яўляліся: 1) аб’яўленне ворагам працоўных з пазбаўленнем грамадзянства БССР ці іншай саюзнай рэспублiкi i тым самым грамадзянства СССР з выгнаннем назаўсёды з дзяржавы; 2) пазбаўленне волі са строгай ізаляцыяй; 3) пазбаўленне волі без строгай ізаляцыі; 4) прымусовыя работы без пазбаўлення волі; 5) поўнае ці частковае пазбаўленне правоў; 6) выдаленне за межы СССР на пэўны тэрмін; 7) ссылка і высылка; 8) звальненне з пасады з забаронай ці без забароны займаць тую ці іншую пасаду; 9) забарона займацца той ці іншай дзейнасцю ці промыслам; 10) грамадскае ганьбаванне; 11) канфіскацыя ўсёй ці часткі маёмасці; 12) штраф; 13) перасцярога. За найбольш цяжкія злачынствы, якія пагражалі асновам савецкага ладу, дапускалася прымяненне расстрэлу як вышэйшай меры сацыяльнай абароны.

У далейшым у КК БССР 1928 г. уводзіліся дапаўненні і змяненні, якія сведчылі пра ўзмацненне рэпрэсіўнага характару крымінальнага закона. Так, у студзені 1930 г. былі ўведзены артыкулы, якія прадугледжвалі крымінальную адказнасць за злоснае невыкананне пастаноў і правіл, якія забяспечвалі паспяховую калектывізацыю сельскай гаспадаркі (пазбаўленне волі да трох гадоў з высяленнем ці без высялення), за агітацыю і прапаганду, якая змяшчала заклікі да ўчынення злачынстваў, якія перашкаджалі правядзенню калектывізацыі, і інш.

13 жніўня 1932 г. ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову аб няўхільным выкананні агульнасаюзнага закону ад 7 жніўня 1932 г. “Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялiстычнай) уласнасці” і патрабавалі рашуча і бязлітасна змагацца з раскрадальнікамі сацыялiстычнай маёмасці і антыграмадскімі кулацка-капіталістычнымі элементамі. За невыкананне гэтага закону, які ў народзе называлі законам “аб пяці каласках”, прадугледжваўся расстрэл або пазбаўленне волі да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Пастановай ЦВК СССР ад 8 чэрвеня 1934 г. у КК БССР быў уведзены новы састаў злачынства — здрада Радзіме (шпіянаж, выдаванне ваеннай ці дзяржаўнай тайны, пераход на бок ворага, уцёкі ці пералёт за мяжу), за што прадугледжваўся расстрэл з канфіскацыяй маёмасці, 7 красавіка 1935 г. ЦВК і СНК СССР устанавілі крымінальную адказнасць з 12-гадовага ўзросту за крадзёж, насілле, нанясенне цялесных пашкоджанняў, калецтва, забойства і спробу ўчынення забойства, а 2 кастрычніка 1937 г. ЦВК СССР прыняў пастанову аб павелічэнні тэрміну пазбаўлення волі за небяспечныя дзяржаўныя злачынствы з 10 да 25 гадоў. У 1939 г. былі адменены артыкулы аб умоўна-датэрміновым вызваленні з месцаў зняволення.

У чэрвені — ліпені 1940 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР устанавіў крымінальную адказнасць за грубае парушэнне дысцыпліны працы (турэмнае зняволенне, папраўчыя работы), самавольнае пакіданне рабочага месца, выпуск недабраякаснай прадукцыі і г.д.

Такiм чынам, крымінальнае заканадаўства арыентавала судовую практыку на агульнае ўзмацненне рэпрэсій. Канстытуцыя СССР 1936 г. прадугледжвала, што Крымінальны кодэкс павiнен быць адзіным для ўсяго Саюза ССР. У сувязi з гэтым пасля 1936 г. выданне новых крымінальна-прававых нормаў заканадаўчымі органамі саюзных рэспублiк практычна спынілася.

У аналагічным кірунку развівалася і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства. У ліпені 1922 г. ЦВК БССР пашырыў дзеянне КПК РСФСР на тэрыторыю Беларусі (уведзены з 15 ліпеня 1922 г.). У яго былі ўнесены змяненні, якія адлюстроўвалі спецыфіку пабудовы судовай сiстэмы, органаў следства.

Разам з тым неабходна падкрэсліць, што важнейшыя дэмакратычныя прынцыпы крымінальнага працэсу (галоснасць, публічнасць, права абвінавачанага на абарону, нацыянальная мова судаводства, удзел народных засядацеляў і калегіяльнасць у разглядзе спраў), замацаваныя Кодэксам, у працэсе станаўлення і ўмацавання таталітарнай дзяржавы парушаліся ўсё часцей і ўсё больш істотна.

30 сакавіка 1923 г. ЦВК БССР зацвердзіў і з 15 красавіка ўвёў у дзеянне новы КПК БССР, які падрабязна рэгламентаваў падсуднасць і парадак вырашэння крымінальных спраў у вышэйшым судзе рэспублiкi, трыбуналах, удакладніў стадыі працэсу, пашырыў паўнамоцтвы органаў дазнання і інш. Увядзенне ў дзеянне ў 1924 г. Асноў крымінальнага судаводства Саюза ССР і саюзных рэспублiк, а таксама перагляд судовай сiстэмы Беларусі выклікалі ўнясенне ў КПК 1923 г. такiх iстотных змен, што яго сталi разглядаць як КПК БССР 1927 г. Ён павышаў ролю пракуратуры ў крымінальным судаводстве, змяняў пералік мер стрымання і інш.

У 1928—1929 гг. у тэорыі савецкага крымінальнага працэсу атрымалі пашырэнне ідэі “спрашчэння і паскарэння крымінальнага судаводства і вызвалення яго ад усякіх фармальнасцей”. Яны прывялі да адмены распарадчых пасяджэнняў суда. Адданне пад суд, страціўшы значэнне самастойнай стадыі працэсу, злілося з заканчэннем папярэдняга следства, што выклікала павелічэнне колькасці выпадкаў беспадстаўнага аддання пад суд. Суд атрымаў права скарачаць судовае следства, а справу слухаць без удзелу пракурора і абароны. Касацыйнае абскарджанне прыгавору і падача хадатайніцтва аб памілаванні не дапускаліся. Рашэнне суда аб прымяненні вышэйшай меры пакарання прыводзілася ў выкананне неадкладна. Развiццё заканадаўства ў такім кірунку ўсё больш ушчамляла правы падсудных, вяло да неапраўданага масавага асуджэння грамадзян рэспублiкi.

У 30-я гг. тэндэнцыя прыняцця законаў, якія ўшчамлялі правы і законныя інтарэсы грамадзян, праяўлялася ўсё больш выразна. Акрамя таго, з’явіліся і актыўна дзейнічалі пазасудовыя карныя органы, адкрыта парушаўся закон і пачаліся масавыя рэпрэсіі.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 296; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.009 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты