Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Рэпрэсіўная дзейнасць органаў НКУС у 30-я гг.




Рэпрэсіўная дзейнасць НКУС і яго органаў на месцах асабліва актывізавалася пасля забойства С.М.Кірава3. У дзень пагібельнага выстралу, 1 снежня 1934 г., ЦВК СССР па прапанове Сталіна прыняў пастанову “Аб парадку вядзення спраў аб падрыхтоўцы ці ўчыненні тэрарыстычных актаў”1. Гэтая пастанова ўвайшла ў гісторыка-прававую навуку як закон “Аб ахове правадыроў”. Па-першае, у адпаведнасці з пастановай следства па названых справах павінна было заканчвацца ў дзесяцідзённы тэрмін, а абвінаваўчае заключэнне ўручацца толькi за суткі да суда. Па-другое, з працэсу выключалася спаборнасць “бакоў” — пракурора і адваката, гэта значыць разгляд такіх спраў у судзе выключаў як абвінавачванне, так і абарону. I па-трэцяе, касацыйнае абскар-джанне і хадайніцтва аб памілаванні не дапускаліся, прыгавор прыводзіўся ў выкананне неадкладна пасля яго абвяшчэння.

Ужо да канца 1934 г. колькасць арыштаваных за так званую “падрыхтоўку ці ўчыненне тэрарыстычных актаў” рэзка ўзрасла. Дакументы сведчаць, што органы НКУС па прамым указанні Сталіна былі дакладна з`арыентаваны на барацьбу з так званымі “ворагамі народа”. У закрытым пісьме ЦК УКП(б) “Урокі падзей, звязаных са злачынным забойствам тав. Кірава” ад 18 студзеня 1935 г. ставілася задача “пакончыць з апартуністычнай дабрадушнасцю, што зыходзіць з памылковага ўяўлення аб тым, што па меры росту нашых сіл вораг рабіўся быццам бы ўсё больш ручным і бяскрыўдным”. Пісьмо заклікала да палітычнай пільнасці, глыбокага вывучэння тактыкі і прыёмаў барацьбы “трацкістаў”, “дэмакратычных цэнтралістаў”, “правых ухілістаў”, “права-лявацкіх вырадкаў” і інш. супраць савецкай улады.

У загадзе наркама ўнутраных спраў СССР Г.Р.Ягоды ад 26 студзеня 1935 г., выдадзеным у сувязі з названым пісьмом, работнікі НКУС абавязваліся “карэнным чынам перабудаваць метады сваёй работы”. Падкрэслівалася, што барацьба з ворагамі партыі і дзяржавы павінна быць іх галоўнай справай.

Закрытае пісьмо ЦК УКП(б), загад па ведамстве НКУС, у якім змяшчаўся заклік да прымянення сілы, іншыя сакрэтныя ўказанні цэнтра раздзімалі масавы псіхоз вакол уяўных ворагаў і ў канчатковым выніку прывялі ў рух рэпрэсіўную кампанію. Многія яе звышпільныя і ўгодлівыя ўдзельнікі рашуча ўзяліся за справу. Атрымаўшы празмерную ўладу, партыйныя, савецкія, ваенныя, адміністрацыйныя функцыянеры нярэдка выкарыстоўвалі палітычную кампанію для расправы з непажаданымі ім работнікамі.

Масавыя рэпрэсіі фактычна ўзаконіла сумесная пастанова СНК СССР і ЦК УКП(б) ад 17 чэрвеня 1935 г. “Аб парадку правядзення арыштаў”, падпісаная В.М.Молатавым і I.В.Cталіным. Практычна ўвесь змест гэтага дакумента тычыцца працэдуры дазволу на арышты органамі НКУС членаў ЦВК СССР і ЦВК саюзных рэспублiк, кіруючых работнікаў наркаматаў Саюза і рэспублiк, а таксама прыраўнаваных да іх супрацоўнікаў цэнтральных і мясцовых устаноў, членаў і кандыдатаў УКП(б), ваеннаслужачых вышэйшага, старшага і сярэдняга начсаставу.

Масавым рэпрэсіям у гады культу асобы папярэднічала іх своеасаблівая падрыхтоўка ў галінах ідэалогіі і забеспячэння законнасці. Iдэалагічная падрыхтоўка выяўлялася ў тым, што I.В.Cталін высунуў тэорыю абвастрэння класавай барацьбы па меры руху да сацыялізму. Невыпадкова ён так настойліва пачынаючы з 1928 г. укараняў у грамадскую свядомасць міф пра абвастрэнне класавай барацьбы, у час якой няма месца спачуванню, няма літасці ні старым, ні малым, ні жанчынам.

Такiм чынам, рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе, у тым лiку і на Беларусі, мелі “дактрынальны характар”1. Яны вырасталі з ідэйнай пасылкі класавай барацьбы аж да поўнага знішчэння праціўніка. Бальшавіцкі лозунг “Хто не з намі, той супраць нас!” стаў ажыццяўляцца ў поўным маштабе.

Злавесную ролю ў здзяйсненні масавых рэпрэсій у гады культу асобы сыграў А.Я.Вышынскі. Як тэарэтык права ён падвёў навуковую базу пад самавольства і беззаконнасць, стварыў у прававой навуцы становішча, пры якім душылася кожная жывая думка.

“Трэба помніць указанне т. Сталіна, — гаварыў на сходзе партактыву Пракуратуры СССР у сакавіку 1937 г. А.Я.Вышынскі, — што бываюць такія перыяды, такія моманты ў жыцці грамадства і ў жыцці нашым, у прыватнасці, калі законы аказваюцца ўстарэлымі і іх патрэбна адкласці ў бок”1. Апраўданню самавольства служыла і “тэорыя” Вышынскага, згодна з якой па справах аб дзяржаўных злачынствах галоўным і рашаючым доказам з’яўлялася прызнанне самога абвінавачваемага. Яна нацэльвала супрацоўнікаў НКУС на тое, каб любой цаной і любымі сродкамі дабівацца ад арыштаваных прызнання сваёй віны.

Кіруючыся вышэйназванымі пастановамі, дырэктыўнымі ўказаннямі і загадамі, органы НКУС праводзілі палітычныя рэпрэсіі, пік якіх прыйшоўся на 1936—1938 гг. Менавiта ў гэты перыяд былі сфабрыкаваны справы “трацкісцка-зіноўеўскага блока”, “права-трацкісцкага блока”, “ваенна-фашысцкага загавору” і інш.

Толькi з мая 1937 г. па верасень 1938 г. па надуманым загаворы, “раскрытым НКУС”, было рэпрэ-сіравана каля паловы камандзіраў палкоў, амаль усе камандзіры брыгад і дывізій, усе камандзіры карпусоў, камандуючыя ваенных акруг, каля трэці камісараў палкоў, многія выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх ваенных навучальных устаноў. Вынікі такой хвалі рэпрэсій цяжка адбіліся на стане абараназдольнасці краіны.

Арышты невінаватых людзей — адно са звёнаў сталінскага тэрору. Неабходна было зламаць волю чалавека, прымусіць прызнацца ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, шпіянажы, назваць сябе “ворагам народа”. Зразумела, што пры законных метадах следства зрабіць гэта было немагчыма. Неабходна была санкцыя на прымяненне фізічных метадаў уздзеяння на арыштаванага. Калі да вясны 1937 г. фізічнае ўздзеянне шырока прымянялі толькi асобныя, спецыяльна назначаныя для гэтага следчыя, галоўным чынам са складу вярхоў НКУС, то пасля лютаўска-сакавіцкага (1937 г.) пленума УКП(б) права прымяняць у адносінах “ворагаў народа” любыя метады фізічнага і пciхалагiчнага ўздзеяння было дадзена большасці следчых. Катаванні не былі адменены і ў 1938 г., пасля арышту М.I.Яжова.

У сталіцах саюзных рэспублiк, у кожным абласным цэнтры меліся свае калоніі, турмы, лагеры НКУС. Сярод іх выдзялялася жорсткасцю ўтрымання мінская ўнутраная турма. Аб умовах ўтрымання зняволеных у гэтай турме сведчаць успаміны яе былых вязняў, архіўныя матэрыялы. Вось адзін з дакументаў — дакладная запіска Н.Сцерніна “Партыя павінна ведаць усё” ад 29 ліпеня 1939 г., адрасаваная на імя П.К.Панамарэнкі. Аўтар запіскі, які да арышту органамі НКУС БССР працаваў рэдактарам газеты “Звязда”, у сваім пісьме ў ЦК КПБ(б) пісаў: “Днём і ноччу з кабінетаў следчых, якія знаходзіліся ў турме, несліся дзікія крыкі, лямант і стогны тых, каго збівалі і катавалі. З “допытаў” людзі вярталіся ў камеры з разбітымі галовамі, ссечаныя, у кровападцёках і сіняках на спіне і грудзях, з распухшымі тварамі, вырванымі валасамі, выкручанымі рукамі, апухшымі нагамі. Гэта стварала ў турме такое становішча, што ў гэты час у камеры многія падследныя гаварылі: напішу ўсё, што патрэбуюць, толькi б застацца жывым, непакалечаным, не звар’яцець. Дзесяць гадоў дадуць — шчасце будзе. Потым ужо з лагераў буду дабівацца праўды”1.

Нельга спакойна чытаць месцы з пісьма Н.Сцерніна пра ўмовы, у якіх знаходзіліся арыштаваныя: “З 13 месяцаў, якія я быў у Мінскай турме, 9 месяцаў я знаходзіўся ў падвале, не бачачы дзённага святла, круглыя суткі электрычнасць, у сырых камерах. Сырасць і цвіль была ў сценах круглы год. Даводзілася і днём і ноччу літаральна задыхацца з-за адсутнасці паветра... На шэсць шчыльна прыстаўленых адзін да другога ложкаў прыходзілася па 20 і больш чалавек. Даводзілася спаць на голай цэментнай падлозе, пад ложкам ці ў праходзе ля парашы. Гэтыя 13 месяцаў я правёў без верхняй сарочкі, якую парваў на першым жа “допыце” Мораў (следчы. — Аўт.). Восенню і зімой, па ледзяной вадзе і снезе, мяне вадзілі на допыты літаральна босага. Мораў разбіў чаравікі... Мяне Мораў накіраваў у карцэр пасля пяці гадзін збівання на “допыце” і пасля пяці сутак карцэра, калі я ад знясілення ледзь стаяў на нагах, адразу з карцэра ўзяў на “допыт” і збіваў зноў 5 — 6 гадзін запар”2.

У 30-я гг. у турмах НКУС Беларусі, перш за ўсё ў Мінскай турме, прымяняліся жорсткія віды катаванняў. Адзін з іх — “Стойка на канвееры”, калі арыштаваны па некалькі гадзін стаяў па стойцы “смірна” без руху і сну. Пасля такой экзекуцыі ў чалавека апухалі рукі і ногі, ён не мог ісці і валіўся. Ад нервовага ператамлення наступалі зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі. Прымяняліся і такія прыёмы, як “сакрэтны”, ці “мазгі ў столь”, які заключаўся ў тым, што на шыю чалавека накідваўся рэмень і моцным ударам па ім каля патыліцы рабілася страсенне мазгоў; улівалі ў нос нашатырны спірт, які абпальваў слізістую абалонку носа, рота, горла. Ад гэтага нос распухаў, ішла кроў. Асаблiва часта ў хаду быў “брыгадны метад”, калі ў збіванні прымалі ўдзел некалькi следчых-садыстаў.

Падследных прымушалі гадзінамі ляжаць спіной на вострым рабры табурэткі са звешанай да падлогі галавой, маглі крычаць у вуха праз рупар.

Дакументы дазваляюць з поўнай дакладнасцю сцвярджаць, што рэпрэсіі 30-х гг. здзяйсняліся не толькi з ведама, але і па прамых указаннях Сталіна.

Вось адзін з такіх дакументаў, тэкст якога быў абвешчаны З.Т.Серадзюком на XXII з’ездзе КПСС:

“Тав. Сталіну. Пасылаю на зацвярджэнне чатыры спісы асоб, якія падлягалі Суду Ваеннай калегіі.

1. Спіс № 1 (агульны).

2. Спіс № 2 (былыя ваенныя работнікі).

3. Спіс № 3 (былыя работнікі НКУС).

4. Спіс № 4 (жонкі ворагаў народа).

Прашу санкцыі асудзіць усіх па першай катэгорыі.

Яжоў”.

Пад асуджэннем па першай катэгорыі, санкцыю на якую так настойліва прасіў прызначаны 1 кастрычніка 1936 г. наркам унутраных спраў СССР былы сакратар ЦК УКП(б) М.I.Яжоў, меўся на ўвазе расстрэл. Гэтыя спісы былі адобраны Сталіным і Молатавым. На кожным з іх маецца рэзалюцыя: «“За”. I.Сталін, В.Молатаў».

У перыяд рэпрэсій 1937—1939 гг. падобных спісаў Сталін падпісаў каля 400. У іх значыліся прозвішчы 44 тыс. чалавек, у асноўным з ліку партыйных і савецкіх актывістаў, ваенных, чэкістаў, дзеячаў навукі і культуры. Толькi ў Беларусі ў 1935 — 1936 гг. было рэпрэсіравана каля паловы ўсяго складу КП(б)Б. Па падліках пісьменніка Б.Сачанкі было рэспрэсіравана 128 беларускiх пісьменнікаў. У 1937 г. у Саюзе пісьменнікаў рэспублiкi засталося 39 чалавек. А калі гаварыць аб тых, хто пісаў на беларускай мове, то іх уцалела ўсяго толькi 14, ды і на гэтых былі заведзены справы.

Каб адчуць сiтуацыю ў тыя гады, спынімся на рабоце XVI з’езда КП(б)Б, які праходзіў у чэрвені 1937 г. у Мінску. На гэтым форуме беларускiх камуністаў першы сакратар ЦК КПБ(б) В.Ф.Шаранговіч паведамляў, што ў адносінах ворагаў народа “ў прэзідыуме ёсць прапанова з’езда аб тым, каб патрабаваць ад суда прымянення вышэйшай меры пакарання — расстрэлу”. Прапанову прынялі адзінагалосна. У выкрыцці “ворагаў народа” Я.Б.Гамарніка, М.М.Галадзеда, I.П.Убарэвіча на з’ездзе асаблiва стараўся камандзір корпуса Д.Ф.Сердзіч. Не адставаў ад яго і камандуючы Беларускай ваеннай акругай I.П.Бялоў (абаіх пазней спасцігнуў такi ж лёс — смерць). Выступленні прамоўцаў былі “нашпігаваны” заклікамі да выкрыцця “ворагаў народа”, выяўлення тэрарыстаў, нацдэмаў, шкоднікаў. Няма “ніякага сумнення, што мы гэту ўсю сволач, гэтых шалёных сабак выкрыем і раздавім у парашок... Мы павінны яшчэ раз на нашым з’ездзе заявіць, што ўсім гэтым гадам, здраднікам і нягоднікам нічога іншага не павінна быць, як смерць і знішчэнне”, — паўтараў за імі В.Ф.Шаранговіч.

Шквал рэпрэсій у Беларусі прайшоў і па віне Цэнтра і яго прадстаўнікоў, загадчыкаў аддзелаў ЦК УКП(б) Г.М.Малянкова і Я.А.Якаўлева (Эпштэйна), якія арудавалі тут летам 1937 г. Першы ў садружнасці з Яжовым прыдумаў разгалінаваную сетку антысавецкага падполля, другі выкрыў перагібы ў ходзе калектывізацыі. Вымысел даходзіў да абсурду. Былому першаму сакратару ЦК КПБ(б) М.Ф.Гікалу прыпісвалі арганiзацыю ў Мінску тэрарыстычных груп для замаху на жыццё Варашылава. Дайшла чарга і да “выкрыцця” старшыні ЦВК БССР А.Р.Чарвякова. З хлуснёй у яго адрас выступалі будучы старшыня СНК рэспублiкi А.Ф.Кавалёў, загадчык аргпартаддзела ЦК КПБ(б) Г.М.Рубінштэйн, першы сакратар ЦК ЛКСМБ А.В.Аўгустайціс, наркам фінансаў I.Ф.Кудзелька, галоўны рэдактар газеты “Звязда” Д.В.Юркоў. У час перапынку памiж пасяджэннямі А.Р.Чарвякоў, не вытрымаўшы хлусні, зняваг, абраз, пакончыў з сабою1. Гэту трагедыю лідэр камуністаў рэспублiкi В.Ф.Шаранговіч назваў “самазабойствам на асабістай глебе”. Неўзабаве яго, як і большасць членаў ЦК, выбраных на гэтым страшным з’ездзе, таксама спасціглі неабгрунтаваныя рэпрэсіі.

Арышты ў Беларусі пашыраліся. Вакханалія працягвалася на пленуме ЦК КП(б)Б, які праходзіў праз дзесяць дзён пасля з’езда. На ім выступіў В.Д.Патапейка, які стаў трэцім сакратаром ЦК КП(б)Б. Па яго словах, “многія таварышы... на XVI з’ездзе партыі... павінны былі расказаць дакладна з’езду партыі пра ўсю, па сутнасці шкодную, работу, якую Шаранговіч праводзіў... Аднак адсутнасць рэвалюцыйнай бальшавіцкай пільнасці, адсутнасць бальшавіцкай прамалінейнасці, якая неабходна для нас, не дала таварышам паставіць гэта пытанне як належыць”. Пленум прыняў наступную рэзалюцыю: “Прызнаць зусiм правільным, што рашэннем ЦК УКП((б) першы сакратар ЦК КП(б)Б Шаранговіч, таксама як і другі сакратар Дзеніскевіч і наркам земляробства БССР Мізоўцаў, якія не толькi не выканалі, але нават і не прыступілі да выканання даручэння ЦК УКП(б) аб ліквідацыі вынікаў шкодніцтва банды польскіх шпіёнаў... зняты ЦК УКП(б) з работы і справа аб іх як аб ворагах народа перададзена ў НКУС”.

Пленум запатрабаваў ад усіх партыйных арганiзацый хуткай ліквідацыі “вынікаў шкодніцтва польскіх шпіёнаў (Галадзеда, Шаранговіча, Бенека, Чарвякова і інш.)”.

Выключэнне з партыі, арышты, расстрэлы не спыняліся. У 1938 г. П.К.Панамарэнка, які ўзначаліў ЦК КП(б)Б, пісаў у ЦК УКП(б): “Асаблiва масавы характар мела стварэнне правакацыйных спраў супраць раённых савецкіх і партыйных кіраўнікоў у канцы 1937 г. і ў пачатку 1938 г. ...Усякая памылка ці няўдача ў практычнай рабоце цягнула за сабой абвінавачванне ў шкодніцтве, шпіянажы, дыверсіі і вык-лікала рэпрэсіі”. Факты сведчаць, што арыштоўвалі не толькi партыйных і савецкіх кіраўнікоў, але і служыцеляў царквы, вучоных, выкладчыкаў ВНУ і інш.

У спраўцы УДБ НКУС БССР “Вынікі разгрому антысавецкага падполля ў БССР (па матэрыялах следства 1937 — 1938 гг.)” зазначаецца, што ў Беларусі з другой паловы 1937 г. па 1 чэрвеня 1938 г. было арыштавана і выкрыта 2570 удзельнікаў аб’яднанага антысавецкага падполля, з іх трацкістаў і зіноўеўцаў — 376 чалавек, правых — 177, нацыянал-фашыстаў — 138, бундаўцаў — 198, меншавікоў — 7, сіяністаў — 27, царкоўнікаў і сектантаў — 1015, клерыкалаў — 57 чалавек. Тут жа падкрэсліваецца, што з ліку арыштаваных у ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ працавалі 23, у ЦВК і Саўнаркаме — 16. Далей адзначалася, што арыштавана і выкрыта наркамаў і іх намеснікаў — 40 чалавек; сакратароў акружкамаў, гаркамаў і райкамаў КП(б)Б — 24; кіруючых работнікаў савецкага і гаспадарчага апарату — 179; старшынь акрвыканкамаў, гарсаветаў і РВК — 20; акадэмікаў і навуковых работнікаў Акадэміі навук — 25; выкладчыкаў вузаў — 41; пісьменнікаў і літаратурных работнікаў Беларусі — 20 чалавек1. Пра апошніх трэба сказаць асаблiва, таму што яны з’яўляліся найбольш свядомымі абаронцамі беларускай мовы, культуры, дзяржаўнасці. Аднак сталінскім падручным не даспадобы была дзейнасць абаронцаў беларускасці. Вось вытрымкі з дакладной запіскі сакратара ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнкі “Аб беларускай мове, літаратуры і пісьменніках” ад 21 лістапада 1938 г., адрасаванай Сталіну: “Наиболее крупную контрреволюционную работу провел союз “советских” писателей Белоруссии, идейно возглавляемый всегда десятком профашистских писателей (в том числе известные Янка Купала и Якуб Колас)... Здесь был центр-штаб национальной фашистской пропаганды... Янка Купала пустил крылатое выражение “пока жыве мова, жыве народ”.

...По количеству и качеству изобличающего материала, а также по известным фактам их работы они, безусловно, подлежат аресту и суду как враги народа.

В частности, нарком внутренних дел Белоруссии запросил из центра санкции на арест Купалы и Коласа уже давно, но санкция пока не дана... Их нужно или арестовать, или, учитывая обстановку, принять, поговорить открыто, показать, что нам известны все их “ошибки”...”

З прыведзеных канкрэтна-гістарычных матэрыялаў можна зрабіць па меншай меры дзве высновы. Па-першае, вялікі маштаб рэпрэсій быў абумоўлены тыранічнай прыродай палітычнага рэжыму, які ўсталяваўся ў краіне ў 1917 г. Аб гэтым сведчаць разгон Першага Усебеларускага кангрэса ў Мінску і Устаноўчага сходу ў Пецярбургу, пагалоўнае знішчэнне “сацыяльна чужых” саслоўяў і катэгорый насельніцтва (дваран, духавенства, афіцэраў старой арміі і інш.), выключэнне з грамадска-палітычнага жыцця апазіцыйных партый і фізічнае знішчэнне іх членаў. Сама правячая партыя ўсё больш ператваралася ў жорстка цэнтралізаваную арганiзацыю,”ордэн мечаносцаў” унутры Савецкай дзяржавы. Адсутнасць дэмакратыі ў бальшавіцкай партыі цягнула за сабой згортванне дэмакратыі і ў грамадстве. Як вынік, правячая партыя, з’яўляючыся станавым хрыбтом камандна-адміністрацыйнай сiстэмы, сама стала аб’ектам рэпрэсій.

Па-другое, пачатак палітычных рэпрэсій на Беларусі непасрэдна звязаны з поспехамі і дасягненнямі палітыкі беларусізацыі, якая стала найбольш значнай з’явай у працэсе развiцця нацыянальнай самасвядомасці ва ўмовах савецкай улады. З канца 20-х гг. таталітарная сiстэма, якую насаджаў Сталін, пачала ўсё больш рашуча ўкараняцца ў грамадска-палітычнае жыццё. I калі запатрабавалася практычна падмацаваць вылучаны ім тэзіс аб абвастрэнні класавай барацьбы ва ўмовах будаўнiцтва сацыялізму, партыйнае кіраўніцтва паспрабавала прадставіць існаваўшы плюралізм думак у пытаннях нацыянальна-культурнага жыцця менавiта як класавае супрацьстаянне. “Характэрна, — адзначае прафесар М.К.Сакалоў, — што ўжо ў другой палове 20-х гг. спрэчкі памiж прадстаўнікамі розных падыходаў да нацыянальнай палітыкі суправаджаліся абвінавачваннямі ў нацыяналізме, нярэдка нават тады, калі гэта былі нармальныя патрыятычныя клопаты аб развiцці роднай мовы, захоўванні нацыянальных традыцый і культуры”1. Па сутнасці, усё, што не адпавядала сталінскай ідэалогіі, абвяшчалася варожым. На гэтай падставе беларускiх дзеячаў навукі і культуры, актыўных правадыроў палітыкі беларусізацыі ўсё часцей сталі абвінавачваць у так званым нацыянал-дэмакратызме.

Трэба адзначыць, што разгром нацыянал-дэмакратызму не быў лакальным, абмежаваным толькi галіной нацыянальных адносін. “Нацдэмаўшчына” тлумачылася ідэолагамі рэжыму як праява “правага” ўхілу, а так званае кулацтва, сялянства наогул — яго сацыяльнай базай. Сталінская наменклатура з яе прынцыпамі назначэння зверху, жорсткай кадравай палітыкай не жадала мірыцца з вылучэннем мясцовых кадраў і бачыла пагрозу свайму існаванню ў нацыянальна-дэмакратычнай інтэлігенцыі, якая была цесна звязана з сялянствам, мела дэмакратычныя традыцыі, пэўны аўтарытэт у нацыянальным руху2. Невыпадкова ў рэзалюцыі XII з’езда КП(б)Б (1930 г.) адзначалася, што галоўнай небяспекай для нацыянальнай палітыкі на Беларусі з’яўляецца нацыянал-дэмакратызм. Рэзка змяняліся і ацэнкі мінулага: увесь беларускі нацыянальна-вызваленчы рух пачаў абвяшчацца рэакцыйным. Выключна як нацыяналістычная стала ацэньвацца і дзейнасць Белнацкама і нават беларускiх камуністычных секцый у РКП(б), таксама як і спробы ўтварыць самастойную камуністычную партыю на Беларусі3.

Беларускія даследчыкі разыходзяцца ў меркаванні аб колькасці рэпрэсіраваных на Беларусі ў 20 — 50-я гг. Адны называюць лічбу 2 млн чалавек, другія сцвярджаюць, што быў рэпрэсіраваны кожны шосты (1,5 млн чалавек), трэція прыводзяць лічбу 700 тыс. Прафесар М.К.Сакалоў сцвярджае, што агульная “колькасць сталінскіх ахвяр 30-х гадоў на Беларусі па ўскосных даных перавышае 2 млн чалавек”4. Аднак архіўныя матэрыялы гавораць пра іншае: па палітычных матывах судовымі і пазасудовымі органамі прыцягваліся да адказу 240 тыс. беларусаў. Акрамя таго, было раскулачана, а таксама падвергнута ссылцы, высылцы і спецпасяленню 261 тыс. чалавек; з заходняй часткі Беларусі ў 1939 — 1941 гг. і ў пасляваенны час выселена ў адміністрацыйным парадку 87 729 чалавек1.

Такiм чынам, у 20 — 50-я гг. у Беларусі было неабгрунтавана рэпрэсіравана ў адміністрацыйным парадку звыш 349 тыс. чалавек, а агульная колькасць ахвяр палітычных рэпрэсій склала каля 600 тыс. чалавек.

Не прыходзіцца сумнявацца ў тым, што масавымі рэпрэсіямі I.Сталін падарваў аснову антыфашысцкага фронту, які складваўся ў разглядаемы перыяд, распаліў недавер дэмакратычнага Захаду да СССР. У палітычных працэсах 30-х гг. закладзены асноўныя прычыны паражэнняў Савецкага Саюза ў 1941 г., шматлікіх ахвяр у час вайны.

Трэба зазначыць, што ўсе наркамы НКУС акрамя Г.I.Пятроўскага і Ф.Э.Дзяржынскага сталі ахвярамі ўласнага тварэння, адноўленага ў 1934 г. агульнасаюзнага органа на чале з Г.Р.Ягодай. Так, А.I.Рыкаў і Г.Р.Ягода, першыя наркамы РСФСР і СССР, сядзелі на адной лаўцы падсудных і знішчаны ў 1938 г., А.Г.Белабародаў, наркам НКУС РСФСР з 1923 па 1927 г., рэпрэсіраваны як апазіцыянер таксама ў 1938 г. Годам раней, у 1937-м, знішчаны В.Н.Талмачоў, які займаў пост наркама НКУС РСФСР з 1927 па 1930 г., да спынення існавання апошняга.

Паказальна і тое, што следам за кiраўнікамі трапілі ў няміласць і іх падначаленыя: калі арыштавалі Ягоду, 3 тыс. яго супрацоўнікаў, у тым лiку і пяць з шасці намеснікаў, таксама былі расстраляны. У 1940 г. быў знішчаны і сам М.I.Яжоў.

У чорныя спісы трапілі работнікі не толькi цэнтральнага апарату, але і яго рэспубліканскіх філіялаў. Так, у 1937 — 1939 гг. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання былыя наркамы БССР I.А.Адамовіч, Дз.З.Чэрнушэвіч, А.I.Хацкевіч, Р.А.Піляр, Л.М.Закоўскі, І.М.Ляплеўскі, Г.А.Малчанаў, Б.Д.Берман, А.А.Наседкін1, а таксама іншыя адказныя работнікі наркамата, якія ператварыліся ў сляпую зброю сталінскага самавольства, а затым і ў яго ахвяру.

Вядома нямала фактаў, калі ў разрад уяўных “ворагаў народа” неабгрунтавана трапілі сумленныя работнікі органаў НКУС, якія спрабавалі пратэставаць супраць сталінска-яжоўскай беззаконнасці і самавольства. Так, згодна з данымі камісіі МУС Рэспублiкi Беларусь па рэабілітацыі сталінскіх ахвяр да сённяшняга дня невядомы лёс 54 супрацоўнікаў РСМ НКУС БССР, рэпрэсіраваных у даваенны перыяд. Пры гэтым у чорныя спісы траплялі не толькi кіраўнікі органаў, але і ўчастковыя інспектары, оперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку, радавыя супрацоўнікі, курсанты школы міліцыі, бухгалтары, начальнікі складоў, сакратары і інш.

Паводле няпоўных даных, толькi за перыяд з 1929 па 1937 г. звыш 100 тыс. работнікаў органаў, камандзіраў і байцоў войскаў АДПУ—НКУС прайшло праз вароты Салавецкага лагера асобага прызначэння ГУЛАГ АДПУ—НКУС, Балтыйска-Беламорскага лагера-камбіната НКУС, Варкуцінскага, Локчымскага, Усцьвымскага працоўных лагераў НКУС. Больш за 20 тыс. з іх рассталася з жыццём за спробу апеляваць да розуму, справядлівасці, законнасці, што расцэньвалася адданымі таталітарнаму рэжыму служ-бістамі як “чэкісцкае перараджэнне”, “спрыянне ворагам народа”. Не вытрымаўшы сталінскага самавольства, каварства і здзекаў з асобы, сотні чэкістаў пайшлі з жыцця добраахвотна.

Такiм чынам, масавым рэпрэсіям у канцы 20-х — 30-я гг. нельга знайсці ніякага апраўдання. Вядома, што ў разглядаемы перыяд перад савецкай дзяржавай стаяла задача як мага хутчэй вырвацца з ціскоў адсталасці і стварыць індустрыяльную базу і ваенна-эканамічны патэнцыял, каб адстаяць сваё існаванне. Аднак метады вырашэння гэтай задачы павінны быць іншымі, у большай меры ўлічваць сацыяльна-эканамiчныя працэсы, што адбываліся ў краіне, жыццёвыя ўмовы людзей, быць збалансаванымі, без перагібаў і масавых рэпрэсій.

За грубыя памылкі, самавольства Сталіна і яго акружэння наш народ заплаціў вялікую цану.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 207; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.007 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты