Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Кароткая характарыстыка станаўлення і развiцця тэорыі аб прававой дзяржаве




Тэорыя аб прававой дзяржаве зарадзілася многа стагоддзяў назад — на пачатку грэчаскай цывілізацыі. Менавiта антычныя мысліцелі — Платон, Арыстоцель, Палібій і інш. — упершыню вызначылі самы важны прынцып прававой дзяржавы — прынцып панавання закону над усімі, у тым лiку і над кіраўнікамі. Арыстоцель, у прыватнасці, сцвярджаў, што там, дзе адсутнічае ўлада закону, няма месца і якой-небудзь форме дзяржаўнага ладу, бо закон павінен панаваць над усімі.

Значна пазней — у эпоху буржуазных рэвалюцый — з’ўляецца тэорыя дагавору Ж.-Ж. Русо, адпаведна якой дзяржава і грамадзянін будуюць свае адносіны на падставе непісанага дагавору: дзяржава бярэ абавязак забяспечыць грамадзяніну свабоду і пашану яго асобы, стварае ўмовы для ажыццяўлення яго здольнасцей, а грамадзянін бярэ абавязак шанаваць і абараняць дзяржаву. Тым самым сфармуляваўся другі прынцып прававой дзяржавы — аб свабодзе асобы, шанаванні дзяржавай чалавечай годнасці, прымаце праў грамадзяніна над правамі дзяржавы.

Прыблізна ў той жа час быў сфармуляваны яшчэ адзін прынцып прававой дзяржавы — прынцып па-дзелу ўлад на некалькi самастойных і незалежных галін, якія ўраўнаважваюць адна другую, не дапускаючы тым самым узурпацыі ўсёй паўнаты ўлады ў адных руках. Традыцыйна заснавальнікамі класічнага варыянту тэорыі размежавання ўлад у юрыдычнай літаратуры называюць Дж. Лока і Ш. Мантэск’е. Аднак трэба адзначыць, што Дж. Лок, падзяляючы ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і федэратыўную (якая рэгулюе адносіны з іншымі дзяржавамі), падпарадкоўваў усе іх заканадаўчым органам, бо “той вышэй, хто мае магчымасць прадпісваць законы”1. Дж. Лок не выдзяляў асобна судовую ўладу, лічачы яе асноўным элементам выканаўчай. У сувязi з гэтым можна сцвярджаць, што сваё класічнае развiццё тэорыя падзелу ўлад атрымала ў працах Ш.Мантэск’е, які называў тры “роды” ўлады: заканадаўчую, выканаўчую, судовую. Апошняя, як ён мяркуе, можа быць даручана не якому-небудзь спецыяльнаму органу, а выбарчым асобам з народа, якія адпраўляюць правасуддзе на пэўны час2.

Немалая роля ў філасофскім абгрунтаванні тэорыі прававой дзяржавы належыць мысліцелям Новага часу, такім як К.Ясперс, I.Кант. Апошні разглядаў дзяржаву як “аб’яднанне мноства людзей, падпарадкаваных прававым законам” і лічыў, што заканадавец павінен кіравацца патрабаваннем: “Чаго народ не можа вырашыць адносна самога сябе, таго і заканадавец не можа вырашыць адносна народа”3. Так аформіўся яшчэ адзін прынцып канцэпцыі прававой дзяржавы: крыніцай палітычнай улады ў прававой дзяржаве з’яўляецца народ, без рэальнай дэмакратыі не можа быць прававой дзяржавы. На самой справе, верхавенства закону можа ператварыцца ў рэакцыйную сілу, калі сам закон не адлюстроўвае волю народа, яго інтарэсы і імкненні.

Iдэі аб прававым грамадстве і дзяржаве займалі значнае месца ў працах вядомых мысліцеляў-гума-ністаў, прыхільнікаў італьянскага Адраджэння, якія былі ідэолагамі беларускай Рэфармацыі, — Ф.Скарыны, М.Ліцвіна, С.Буднага, А.Волана, Л.Сапегі і інш.

Францыск Скарына лічыў, што галоўным у функцыянiраванні дзяржавы і грамадства з’яўляюцца ўлада законаў, культ права. Беззаконне, на яго думку, — гэта боскае пакаранне. Яно вядзе да анархіі і правапарушэнняў. Законы павiнны быць накіраваны на прадухіленне і спыненне беспарадку, на барацьбу са злом, на абарону законапаслухмяных грама-дзян, для якіх, як адзначаў вучоны, з’яўляецца нармальным прытрымлівацца законаў у сваёй дзейнасці. Законы павінны служыць дабру, грамадству, а не толькi асобным людзям. Пры распрацоўцы заканадаўчых актаў, адзначаў Ф.Скарына, неабходна кіравацца як “натуральным правам”, так і мясцовымі звычаямі і традыцыямі. Асноўнае патрабаванне, якое гуманіст прад’яўляў заканатворчасці і судовай справе, — справядлівасць. Перад законам роўныя ўсе: і простыя людзі, і правіцелі. Галоўнай жа ўмовай выканання законаў, лічыў мысліцель, з’яўляецца ўзровень правасвядомасці грамадзян, сутнасць якой выражана ў формуле “закон прыроженый ест в сердце каждого человека”1.

Міхалон Літвін, у нечым паўтараючы грамадска-палітычныя погляды Скарыны, у той жа час паставіў у сваіх творах шэраг новых праблем. Прагрэсіўнымі, у прыватнасці, з’яўляліся яго погляды на правасуддзе. Усе саслоўі, лічыў ён, павiнны быць роўнымі перад законам, а ідэальным яму ўяўляўся такі суд, якому “падпарадкоўваюцца нароўні з простымі людзьмі вяльможы і правадыры і ...усе карыстаюцца аднолькавымі правамі”.

Грамадска-палітычныя погляды Сымона Буднага характарызуюць яго як прыхільніка ідэі сацыяльна-класавай гармоніі. Ён лічыў, што дзяржаўная ўлада з’яўляецца боскім устанаўленнем і ёй неабходна падпарадкоўвацца. Улада ж у сваю чаргу павінна абапірацца на існуючае права, не дапускаючы яго парушэнняў. Свабоду асобы, яе самавыяўленне Сымон Будны лічыў асноўнай умовай здаровага развiцця грамадства2.

Погляды Андрэя Волана ў абагульненым выгля-дзе можна звесці да разумення свабоды чалавека як свабоды пераважна прававой, як гарантаванай законам абароны асабістых і маёмасных правоў чалавека. А.Волан лічыў, што ўсякая ўлада непазбежна вырадзіцца ў тыранію, калі не будзе абапірацца на права, строга абмяжоўвацца законам. Вывад А.Волана аб тым, што без законаў “не можа існаваць ніякага цывільнага грамадства”, вельмі актуальны і зараз, калі вядзецца гаворка аб прававой дзяржаве.

Разглядаючы развiццё ідэй прававога грамадства і дзяржавы ў Беларусі ў эпоху Адраджэння, нельга абысці погляды Льва Сапегі, знакамітага беларускага дзяржаўнага дзеяча і мысліцеля. У прысвячэнні да Статута Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г., а таксама ў змешчанай да яго прадмове Л.Сапега выклаў свае палітычныя погляды і сацыяльныя ідэі, якія пераклікаюцца з пазнейшымі думкамі і ідэямі французскіх асветнікаў XVIII ст. Следам за Арыстоцелем і Цыцэронам ён сцвярджаў, што ўсякае цывілізаванае жыццё павінна будавацца згодна з законам. Сапега часта паўтараў выказванне Цыцэрона: “Каб быць вольнымі, мы павінны з’яўляцца рабамі законаў”.

Краевугольным каменем сацыяльна-палітычных поглядаў мысліцеля выступае паняцце свабоды. Яе сутнасць ён бачыць у такіх неадчужальных правах чалавека, як уласнасць, асабістая бяспека, свабода палiтычнага і рэлігійнага выбару і іншых каштоўнасцях. Вядома ж, ён падкрэсліваў, што гэтыя правы павiнны быць замацаваны ў законах і падтрымлівацца дзяржаўнай уладай. Адзначым, што Л.Сапега абараняў ідэю прававой роўнасці ўсіх саслоўяў беларуска-літоўскага грамадства, жыццё ў адпаведнасці з законам лічыў абавязковай умовай грамадскай згоды, падтрымліваў і іншыя вядомыя ў той час элементы канцэпцыі прававой дзяржавы.

Можна згадзіцца з правазнаўцам А.Цікавенка, які гаворыць, што ў працах беларускiх мысліцеляў-гуманістаў прасочваюцца ідэі, якія прама ці ўскосна абгрунтоўваюць неабходнасць кансэнсусу, грамадскай згоды, міру, гармоніі, кампрамісу ўсіх сацыяльных слаёў насельніцтва1.

I гэта невыпадкова. Калі цэнтралізаваная Маскоўская дзяржава ўжо ў XV ст. мела ўсе асноўныя рысы ўсходняй дэспатыі, то зусiм інакш склаліся гістарычныя лёсы Беларусі. Вялiкае княства Лiтоўскае, у склад якога ў XIII — XIV стст. увайшла ўся яе тэрыторыя, хаця і было манархіяй, але не такой, як Маскоўская дзяржава. Ужо з XIV ст. вялiкi князь звязваў сябе рознымі прывілеямі, раздаваў іх як усёй краіне, так і асобным абласцям і землям. Вышэйшаму саслоўю ён даваў гарантыі асабовых і маёмасных правоў, дараваў многа прывілеяў, палітычныя свабоды. З канца XV ст. вялікі князь наогул не з’яўляўся самадзяржаўным манархам: яго ўладу абмяжоўвала панская Рада, а праз некаторы час і шляхецкі сойм. З гэтага часу рашэнні вялікага князя маглі мець сілу толькi пасля згоды “ўсіх станаў”, гэта значыць усіх катэгорый насельніцтва, якія валодалі палітычнымі правамі. У XVI ст. галава дзяржавы пры каранаванні павінен быў прыносіць прысягу свайму народу, абяцаючы ні ў чым не парушаць яго канстытуцыйных правоў. Трэба пагадзіцца з вядомым спецыялістам па гісторыі дзяржавы і права Беларусі Я.Юхо, які сцвярджае: “Зыходным момантам у развiцці канстытуцыйнага права ў нашай дзяржаве паслужыў прывілей вялікага князя Казіміра 1447 года. Наступным этапным дакументам быў прывілей вялікага князя Аляксандра 1492 года. Але найбольш поўна канстытуцыйныя нормы былі выкладзены ў статутах Вялiкага княства Лiтоўскага 1529, 1566 і асаблiва 1588 года”1.

Калі Маскоўская дзяржава развівалася па лініі цэнтралізацыі і ўзмацнення неабмежаванай манархіі, то галоўным напрамкам развiцця Вялiкага княства Лiтоўскага было ўзмацненне канстытуцыяналізму, федэралізму, дэцэнтралізацыі. Гасудар пакідаў сабе толькi самыя важныя дзяржаўныя справы, а ўсе астатнія знаходзіліся ў руках мясцовых органаў улады.

Такiм чынам, на Беларусі, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, дзяржаўнае падданства мела пад сабой сiстэму васалітэтных праў і прывілеяў, а васалітэт, як вядома, ёсць адносіны бакоў, якія памiж сабой дамаўляюцца. Гэта значыць, што сеньёр і васал звязваюць сябе пэўнымі абавязацельствамі адзін перад другім. У Маскоўскай дзяржаве сiстэма васалітэту практычна адсутнічала. Тут замацавалася міністэрыяльная форма адносін, пры якой не існавала дагаворнай асновы. Залежнасць была прамой, безумоўнай і поўнай, такой, у якой знаходзіцца прыслуга ад свайго гаспадара.

Аднак гэта не азначае, што ў Расіі ідэі верхавенства закону, прававой дзяржавы не знаходзілі адлюстравання ў працах перадавых мысліцеляў. Асаблiва рашуча адстойвалі прынцыпы прававой дзяржавы рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты А.М.Радзішчаў, А.I.Герцэн, М.Г.Чарнышэўскі, а таксама вучоныя-юрысты А.Ф.Кісцякоўскі, Н.М.Каркуноў, С.А.Катлярэўскі, П.I.Наўгародцаў, Т.Ф.Шэршэневіч і інш.

Разам з тым нельга не згадзіцца з расійскім правазнаўцам У.П.Яршовым, які адзначае, што “жорсткія рамкі абсалютнай манархіі не садзейнічалі тэарэтычнаму ўспрыманню і практычнаму ажыццяўленню рускімі навукоўцамі ідэі размежавання ўлад (перш за ўсё найбольш радыкальных яе палажэнняў аб раўнаважнасці і стрыманні), вымушалі даследчыкаў займаць кампрамісную пазіцыю, якая выражалася ў адмаўленні магчымасці “падзелу” дзяржаўнай улады”1.

Такiм чынам, вучэнне аб прававой дзяржаве зарадзілася значна раней, чым марксісцкае вучэнне аб палітычнай дзяржаве. Яно з’яўляецца самым значным дасягненнем сучаснай юрыдычнай навукі, а прававая дзяржава, якая ствараецца на яго аснове, прадстаўляе сабой адну з вялікіх сацыяльных каштоўнасцей.

Стварэнне прававой дзяржавы патрабуе:

1) ператварэння дзяржавы ў выразніка і абаронцу інтарэсаў цывільнага грамадства. У гэтым плане рашаючае значэнне набывае развiццё самакіраўніцкіх пачаткаў у палітычным і эканамiчным жыцці, забеспячэнне гаспадарчай самастойнасці непасрэдных вытворцаў, праў працоўных калектываў;

2) забеспячэння сапраўднага дэмакратызму заканатворчасці, якая ажыццяўляецца як прадстаўнічымі органамі народа, так і ім самім. У прававой дзяржаве не павінна і не можа быць законаў, якія не адпавядаюць волі народа, а тым больш такіх, якія ёй пярэчаць;

3) панавання закону ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Поўная адмова ад прымату дзяржавы над правам, ніякія падзаконныя (прэзідэнцкія, урадавыя, ведамасныя) акты не могуць пярэчыць закону, які валодае вышэйшай юрыдычнай сілай, адмяняць ці змяняць яго;

4) непахіснасцi свабоды асобы, яе правоў, годнасці і гонару, іх усебаковая гарантыя і ахова. Пры гэтым правы і свабоды асобы разглядаюцца не як падарунак дзяржавы, а як яе натуральнае становішча і вынік сацыяльнага прагрэсу;

5) дакладнага размежавання кампетэнцый заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад пры ўмове, што яны ўраўнаважваюць і стрымліваюць адна адну ў рамках закону. Асаблiвая ўвага надаецца незалежнасці судовай улады, яе падпарадкаванню толькi закону;

6) наяўнасцi эфектыўных формаў дзяржаўнага кантролю і нагляду за адпаведнасцю закону ўсіх іншых нарматыўных актаў, рэалiзацыяй дзеючага заканадаўства, захаваннем правоў і свабод асобы;

7) усталявання ў праве і паслядоўнага забеспячэння дзяржавай юрыдычнай адказнасці за правапарушэнне. Пакаранне за супрацьпраўнае дзеянне павiнна быць абавязковым пры захаванні прынцыпу ўзаемнай адказнасці дзяржавы і асобы.

На жаль, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тэорыя прававой дзяржавы ў нашай краіне не атрымала практычнага прымянення. На ўзбраенне было ўзята марксісцкае вучэнне аб палітычнай дзяржаве, аб дзяржаве дыктатуры пралетарыяту. I, як вынік, створаная дзяржава з’яўлялася перш за ўсё зброяй падаўлення палітычных ворагаў — людзей іншага складу жыцця, мыслення. Разам з абмежаваннем правоў часткі насельніцтва краіны, якая жыла, думала інакш, чым бальшавікі, свабоды пазбавіўся і ўвесь народ. Кіраўнікі палітычнай дзяржавы аб’ядналі ў руках партыі рычагі ўсіх улад, ажыццяўлялі над народам жахлівыя неправавыя эксперыменты — ад насільніцкай калектывізацыі і перасялення народаў да масавага вынішчэння непажаданых рэжыму асоб. Палітыка жорсткага падаўлення асобы, мноства неабгрунтаваных забарон ідэалагічнага характару, жорсткія палітычныя рэпрэсіі падарвалі ў людзей давер да самой дзяржаўнай улады, да закону, парадзілі ўсеагульны прававы нігілізм.

Ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту тэорыя прававой дзяржавы была абвешчана буржуазнай лжэнавукай, якую нібыта выкарыстоўвалі ідэйныя ворагі камунізму ў прапагандысцкіх мэтах. Асноўныя палажэнні тэорыі прававой дзяржавы ці катэгарычна адмаўляліся (прынцыпы цывільнага грамадства, размежавання ўлад, непахіснасць свабоды асобы), ці скажаліся з мэтай дагадзіць палітычнаму самавольству (дэмакратызм заканатворчасці, верхавенства закону, адказнасць за правапарушэнне і інш.). У выніку культывіруемага прававога нігілізму грамадства рухалася да свайго развалу. Вялікая дзяржава распалася, а народ апынуўся ў гаротным стане. Запозненыя спробы КПСС абвясціць прававую дзяржаву ў СССР і папярэдзіць яго распад не змаглі змяніць становішча. Народам дзяржавы, якая распалася, трэба будаваць новае цывілізаванае грамадства, выкарыстоўваючы і тыя агульначалавечыя каштоўнасці, якія ахопліваюцца паняццем “прававая дзяржава”.

Адмоўную ролю ў станаўленні прававой дзяржавы адыгрывалi і тыя абставіны, што савецкая юрыдычная навука доўгі час лічыла непрымальнай саму ідэю такой дзяржавы, таму што яна была абвешчана яшчэ ў перыяд еўрапейскіх буржуазна-дэмакратычных рэвалюцый. Такі падыход адлюстроўваў негатыўныя адносіны да тых агульначалавечых каштоўнасцей, якія складаліся на працягу тысячагоддзяў у сферы дзяржаўных, прававых адносін.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 138; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.006 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты