Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Судзебнiк Казiмiра 1468 г. Статуты Вялiкага княства Лiтоўскага




Пашырэнне i колькаснае павелiчэнне заканадаўчых актаў па розных пытаннях сацыяльна-эканамiчнага i палiтычнага жыцця краiны выклiкала патрэбу ў сiстэматызацыi i кадыфiкацыi бягучага прававога матэрыялу.

Першай спробай сiстэматызацыi нормаў права ў агульнадзяржаўным маштабе з’явiўся Судзебнiк Казiмiра 1468 г.2 пасля абмеркавання тэкста з князямi, панамi-радай i “с всим посполитством”. Су-дзебнік быў невялiкiм па аб’ёме i аб’ядноўваў нормы крымiнальнага, адмiнiстрацыйнага i працэсуальнага права. Рукапiсны тэкст Судзебнiка, які, як i большасць заканадаўчых актаў Вялiкага княства Лiтоўскага таго часу, быў напiсаны на старабеларускай мове, не быў падзелены на артыкулы. Толькi пры публiкацыi ў ім было вылучана 25 артыкулаў. Гэта дзяленне захоўваецца i ў сучаснай гiсторыка-прававой лiтаратуры. Ён быў зацверджаны вялiкiм князем на агульнадзяржаўным сойме 29 лютага 1468 г.

Акрамя абагульнення бягучага заканадаўства, нормаў мясцовага звычаёвага права i судовай практыкi па названых галiнах права Судзебнiк увёў шэраг новых прынцыпаў i падыходаў дзяржавы да пакарання злачынцаў. Так, напрыклад, у ім устанаўлiваліся адзiныя для ўсёй дзяржавы вiды пакаранняў за злачынствы супраць феадальнай уласнасцi, абмяжоўваліся адказнасць жонкi i дзяцей за злачынствы мужа i бацькi. Тым самым у Судзебнiку атрымала замацаванне iдэя iндывiдуалiзацыi пакарання. Новым было i вызначэнне злачынства як супраць-праўнага дзеяння: злачынец “ис права выступаеть” (арт. 12), “ис права земьского выступил, а над право сягнул”(арт. 21), гэта значыць парушыў прававую норму. Быў устаноўлены новы прынцып вызвалення ад крымiнальнай адказнасцi дзяцей да сямiгадовага ўзросту. У прыватнасцi, уводзiлася прававая норма, якая забараняла перадаваць пацярпеўшаму дзяцей ва ўзросце да сямi гадоў.

У Судзебнiку ўпершыню змешчаны артыкул, якi прадугледжваў аналогiю закону.

Выявiўся ў Судзебнiку i новы погляд на мэты пакарання. Так, у iм упершыню атрымала заканадаўчае замацаванне “запалохванне” як адна з асноўных мэт пакарання ў феадальным праве, хаця не выключалiся i маёмасныя кампенсацыi; забаранялася вызваляць злачынцу ад кары. Паводле звычаёвага права, злачынца, якi быў асуджаны да смяротнай кары, мог адкупiцца або быць перададзены ў няволю пацярпеўшаму цi яго блiзкiм.

Судзебнiк прадугледжваў пакаранне смерцю асоб, якiя садзейнiчалi ўцёкам чэлядзi нявольнай i феадальна-залежных сялян ад сваiх паноў, а таксама пакаранне феадалаў за захоп чужых земляў, мiжусобiцы i зямельныя спрэчкi. Судзебнiк абавязваў усiх жыхароў трымаць у належным стане дарогi i масты1.

Такiм чынам, выданнем Судзебнiка быў пакладзены пачатак новаму этапу ў развiццi прававой тэорыi i практыкi заканадаўчай дзейнасцi дзяржаўных органаў, з’яўленню новых прынцыпаў сiстэматызацыi i кадыфiкацыi феадальнага права, які завяршыўся выданнем Статутаў Вялiкага княства Лiтоўскага.

Вяршыняй сiстэматызатарскай i кадыфiкацыйнай дзейнасцi стала распрацоўка i прыняцце сусветна вядомых зводаў законаў Вялiкага княства Лiтоўскага — Статутаў 1529, 1566 i 1588 гг. Па сваёй унутранай дасканаласцi i шырынi рэгулюемых адносiн яны не мелi сабе роўных сярод юрыдычных актаў у Еўропе. Да таго ж напiсаны яны былi не на традыцыйных лацiнскай або царкоўнаславянскай мове, а на мове, шырока вядомай народным масам, — старабеларускай. Базавай асновай Статутаў былi мясцовае звычаёвае права, адмiнiстрацыйная i судовая практыка, нормы папярэдняга пiсанага права i ў некаторай ступенi нормы заходнееўрапейскага, польскага, кананiчнага i рымскага права.

Падрыхтоўка першага Статута ВКЛ вялася ў першай чвэрцi XVI ст. Яго праект быў гатовы ўжо ў 1522 г., але не быў зацверджаны. Толькi ў вераснi 1529 г. Статут быў уведзены ў дзеянне. Яго рыхтавалi мясцовыя вучоныя i юрысты-практыкi на аснове кадыфiкацыi i сiстэматызацыi нормаў мясцовага звычаёвага права, рашэнняў судовых i дзяржаўных устаноў, прывiлеяў. У працэсе падрыхтоўкі тэксту Статута ўпершыню былi выпрацаваны сiстэма i структура размяшчэння прававых нормаў у залежнасцi ад iх зместу; уключаны тыповыя i абагуленыя нормы; дадзена дакладная рэдакцыя кожнага артыкула; уведзены шэраг прававых нормаў, у якiх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносiны, нормы дзяржаўнага, адмi-нiстрацыйнага, цывiльнага, шлюбна-сямейнага, крымiнальнага, судова-працэсуальнага i iншых галiн права.

Складальнiкi Статута не прытрымлiвалiся сiстэмы кадыфiкацыi, прынятай у рымскiм праве, а выпрацавалi сваю. У яе аснову былі пакладзены прынцыпы суверэннасці дзяржавы (насуперак сярэдневяковаму касмапалiтызму), адзiнства права, прыярытэту пiсанага права. Статут уключаў нормы агульнага права i спецыяльныя нормы, якiя забяспечвалi прывiлеi пануючаму класу або яго групам. Гэтыя нормы былi не выключэннем, а састаўной часткай Статута, хаця i не адпавядалi яго асноўным прынцыпам.

Статут складаўся з 13 раздзелаў i 244 артыкулаў. Пазней, у сувязi з дапаўненнямi, колькасць артыкулаў павялiчылася да 283. У I — III раздзелах былі змешчаны асноўныя нормы дзяржаўнага і прынцыповыя палажэннi iншых галiн права, у IV i V — шлюбна-сямейнага i спадчыннага, у VI — працэсуальнага, VII — крымiнальнага, VIII — зямельнага, IX — ляснога i паляўнiчага, X — цывiльнага i ў XI—XIII — крымiнальнага i крымiнальна-працэсуальнага права1.

У Статуце былі юрыдычна замацаваны асновы грамадскага i дзяржаўнага ладу, прававое становiшча класаў, станаў (саслоўяў) i сацыяльных груп насельнiцтва, парадак утварэння, склад i паўнамоцтвы некаторых органаў дзяржаўнага кiравання i суда. Абвяшчалася правiла, паводле якога ўсе асобы, “як убогiя, так i багатыя”, павiнны былi судзiцца ў адпаведнасцi з нормамi, якiя былi выкладзены ў Статуце. Вялiкi князь (гасудар) абавязваўся захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць краiны, не дапускаць чужаземцаў на дзяржаўныя пасады, не даваць iм маёнткаў, не адбiраць у мясцовых феадалаў пасады i маёмасць без суда, прытрымлiвацца ўсiх старых законаў i звычаяў.

Асаблiвая ўвага ў Статуце надавалася судова-працэсуальнаму праву. Суд быў важным органам, якi забяспечваў ахову правапарадку і дзейнасць якога была накiравана на поўнае абмежаванне самавольства феадалаў, наданне праву аўтарытэту. Асаблiвая ўвага ўдзялялася парадку ажыццяўлення правасуддзя. Абвяшчаліся прынцыпы яго публiчнасцi, фармальнай роўнасцi бакоў у працэсе, права абвiнавачванага на абарону з удзелам адваката. Адначасова ў Статуце прадугледжвалася захаванне прывiлеяў i льгот для феадалаў, што на практыцы замацоўвала бяспраўе простых людзей. Аднак у перыяд феадалiзму нават абвяшчэнне iдэi правапарадку было значным крокам наперад.

На нормы крымiнальнага i цывiльнага права паўплывалi iдэi гуманiзму. Так, у артыкуле 7 раздзела I абвяшчалася, што нiхто не павiнен адказваць за чужую вiну, а крымiнальнае пакаранне трэба назначаць толькi асобам, вiна якiх устаноўлена судом. У артыкуле 7 раздзела XI зроблена спроба абмежаваць халопства. Так, вольнага чалавека за злачынства не павiнны былi аддаваць у вечную няволю.

У Статуце даволi поўна выкладзены нормы, якiя забяспечвалi права ўласнасцi феадалаў; шмат увагi нададзена сямейна-шлюбнаму праву; падрабязна рэгламентаваўся парадак назначэння апекуноў непаўналетнiм дзецям, якiя засталiся без бацькоў.

Такiм чынам, прававыя нормы, змешчаныя ў Статуце, у сваёй сукупнасцi складалi своеасаблiвую феадальную канстытуцыю, у якой упершыню вызначалiся структура i характар дзейнасцi органаў дзяржаўнай улады, замацоўвалiся асноўныя правы i прывiлеi пануючага класа i шляхты1.

Змены, якiя адбывалiся ў сярэдзiне XVI ст. у сацыяльна-эканамiчным i палiтычным жыццi дзяржавы (правядзенне аграрнай, судовай i адмiнiстрацыйнай рэформаў), патрабавалi ўдасканалення права. Недахопы ў заканадаўстве адчуваў i сам урад. Таму ў 1551 г. была створана камiсiя з 10 чалавек (5 католiкаў i 5 праваслаўных) для падрыхтоўкi праекта новага Статута, які быў аддадзены сойму на папярэднi разгляд у 1561 г., але законную сiлу набыў толькi ў 1566 г.

Асноўнымi крынiцамi Статута 1566 г. былi агуль-наземскiя i абласныя прывiлеi, Судзебнiк 1468 г., Статут 1529 г. i некаторыя нормы звычаёвага права, а таксама рымска-каталiцкага i грэка-праваслаўнага царкоўнага права, “инших прав христианских”.

Калi рыхтаваўся другi Статут ВКЛ, некаторыя члены рэдакцыйнай камiсii (Аўгусцiн Ратундус, Пётр Ронзiй) настойвалi на замене “рускай” (старабеларускай) мовы мовай лацiнскай. Але супраць гэтага выступiлi патрыятычна настроеныя юрысты, у прыватнасцi дзяк вялiкакняжацкай канцылярыi Марцiн Валадковiч. Iх падтрымаў падканцлер Астафей Валовiч, у вынiку чаго Статут быў падрыхтаваны на старабеларускай мове1.

Па сваёй структуры Статут складаўся з 14 раздзелаў i 367 артыкулаў. Раздзелы I — III ахоплiвалi нормы дзяржаўнага, ваеннага i адмiнiстрацыйнага права, IV — судовага ладу i судовага працэсу, V — VI — сямейнага i апякунскага права, VII, VIII i IX — цывiльнага, X — ляснога i паляўнiчага, XI — XIV — крымiнальнага права. Найбольш iстотныя змены былi ўнесены ў нормы дзяржаўнага, судова-працэсуальнага i цывiльнага права.

У Статуце былi замацаваны асноўныя прынцыпы права: яго адзiнства для ўсiх грамадзян (хоць яно не было роўным для ўсiх); дзяржаўны суверэнiтэт (насуперак царкоўнаму касмапалiтызму); абмежаванне ўлады вялiкага князя (гаспадара); прыярытэт пiсанага права. Упершыню намячалася аддзяленне суда ад органаў улады i кiравання. Для гэтага стваралiся земскiя i падкаморскiя суды. Больш поў-на рэгламентавалася кампетэнцыя органаў дзяржаўнай улады i кiравання, якiя былi заснаваны на агульных прынцыпах феадальнага права: стварэнні льгот i пераваг для класа феадалаў i саслоўя шляхты, недапушчэнні простых людзей у органы кiравання, замацаванні прававой няроўнасцi розных сацыяльных груп насельнiцтва.

Кiраўнiком дзяржавы i галоўнай асобай ва ўсёй сiстэме дзяржаўных органаў прызнаваўся вялiкi князь, якi ў Статуце называўся “господарь”. Яго прававое становiшча было тыповым для абмежаванага манарха, хаця i мела некаторыя асаблiвасцi. Паўнамоцтвы князя рэгламентавалiся прававымi нормамi. Напрыклад, ён не мог без рашэння сойма пачынаць вайну або ўстанаўлiваць падаткi на ваенныя патрэбы, выдаваць новыя законы. Статут забараняў даваць маёнткi, пасады i званнi чужаземцам, у тым лiку ўраджэнцам Польшчы, замацоўваў галоўную ролю буйных феадалаў у дзяржаве.

У Статуце 1566 г. акрэслены пераход ад феадальнага да буржуазнага права ўласнасцi. Усе феадалы маглi вольна распараджацца сваiмi маёнткамi. Тут значна паўней, чым у папярэднiм Статуце, выкла-дзены нормы спадчыннага права, iстотныя змены ўнесены ў крымiнальнае права. Так, суб’ектам злачынства прызнаваўся толькi сталы чалавек, непаўналетнiя ж маглi быць пакараны толькi пасля дасягнення iмi 14-гадовага ўзросту; абвяшчалася прэзумпцыя невiнаватасцi; крымiнальнае пакаранне павiнна было ажыццяўляцца толькi па суду; асоба, якая абвiнавацiла каго-небудзь у злачынстве i не даказала яго вiны, несла такое ж пакаранне, якiм мог быць пакараны абвiнавачаны ёю.

Другi Статут Вялiкага княства Лiтоўскага (звод законаў феадальнага права) дзейнiчаў на Беларусi i ў Лiтве ў 1566 — 1588 гг., а на Правабярэжнай Украiне i ў XVII — XVIII стст., атрымаўшы назву “Валынскi Статут”. Вядомы яго пераклады на лацiнскую i польскую мову.

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1566 г., кадыфiкацыйныя работы не спынiлiся. Ужо на Берасцейскiм сойме 1566 г. у некалькi артыкулаў былi ўнесены папраўкi. Праз два гады Гродзенскi сойм таксама ўнёс папраўкi ў некаторыя артыкулы i стварыў камiсiю для дапрацоўкi Статута. Гэта камiсiя была зацверджана i Люблiнскiм соймам (за выключэннем тых яе сяброў, якiя прадстаўлялi землi, што адышлi да Кароны).

Статут 1588 г. быў падрыхтаваны на высокiм тэарэтычным узроўнi. Як мы ўжо гаварылі, ёсць некалькi гiпотэз наконт таго, як быў распрацаваны яго тэкст. Так, I.I.Лапо сцвярджае, што ў справе “поправы” Статута галоўная роля належала павятовым соймiкам ВКЛ, матэрыялы з якiх паступалi ў Дзяржаўную канцылярыю, дзе праходзiлi канчатковае рэдагаванне. Я.А.Юхо лiчыць, што Статут ВКЛ 1588 г. — справа спецыяльнай камiсii, у якую ўваходзiлi квалiфiкаваныя правазнаўцы. Iх працай кiравалi А.Б.Валовiч i Л.I.Сапега, якiя займалi ў той час адпаведна пасады канцлера i падканцлера ВКЛ. Ужо да канца 1584 г. работа над Статутам была закончана, але ў сувязi з тым, што новы звод iгнараваў акт Люблiнскай унii 1569 г., Польшча не дапускала яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалiтай.

Аднак Жыгiмонт III Ваза, жадаючы захаваць вялiкакняжацкi трон, зацвердзiў Статут сваiм прывiлеем ад 28 студзеня 1588 г. Галоўнае значэнне дзяржаўна-прававых нормаў Статута заключалася ў тым, што ён заканадаўча аформiў захаванне ВКЛ як дзяржавы насуперак акту Люблiнскай унii.

Ён меў 14 раздзелаў i 488 артыкулаў1. У раздзелах I — IV змяшчалiся нормы дзяржаўнага права i судовага ладу, у V — X i часткова ў XIII — шлюбна-сямейнага, зямельнага i цывiльнага права, у XI — XII, XIV i часткова ў XIII — крымiнальнага права. Трэба заўважыць, што нормы дзяржаўнага права былi амаль поўнасцю перанесены са Статута 1566 г. з некаторымi ўдакладненнямi i дапаўненнямi. Яны юрыдычна замацоўвалi адносiны, якiя склалiся памiж ВКЛ i Польшчай пасля 1569 г.

Сiстэматызацыя права, пакладзеная ў аснову Статута 1588 г., была пабудавана на новых прынцыпах, уласцiвых для пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да новага часу i зараджэння буржуазных адносiн. Гэта перш за ўсё выяўлялася ў абмежаваннi ўлады гаспадара i iмкненнi да падзелу ўлад; абвяшчэннi неабходнасцi прытрымлiвацца дзяржаўнага суверэнiтэту насуперак сярэдневяковаму касмапалiтызму i ў юрыдычным замацаваннi адзiнства права для ўсёй дзяржавы i ўсiх паўнапраўных людзей. Заканадаўчая ўлада замацоў-валася за соймам, выканаўчая — за вялiкiм князем i Радай, судовая — за вялiкакняжацкiм i галоўным, а таксама за мясцовымi судамi.

Адначасова з канчатковым запрыгоньваннем сялян Статут прадугледжваў крымiнальную адказнасць за забойства простага чалавека, абвяшчаў iдэю верацярпiмасцi, забараняў перадачу вольнага чалавека за даўгi або злачынства ў няволю, устанаўлiваў наступленне крымiнальнай адказнасцi з 16 гадоў.

Адзначым, што Статут прызнаваў iльготы i прывiлеi для пануючых саслоўяў. Гэтым падрываўся агульны прынцып адзiнства права. Але мы павiнны ведаць, што пры феадальным ладзе прывiлеi былi не выключэннем, а састаўной часткай усяго феадальнага права, хаця i не адпавядалi новым буржуазным прынцыпам. У гэтым заключалася ўнутраная супярэчлiвасць феадальнай прававой сiстэмы.

Праз увесь Статут праводзiцца iдэя ўмацавання прававога парадку, пры якiм усе дзяржаўныя органы i службовыя асобы абавязаны дзейнiчаць толькi ў адпаведнасцi з законам. Гэта iдэя была накiравана супраць дэспатызму гаспадара, буйных феадалаў i сярэдневяковай тэакратычнай тэорыi паходжання i сутнасцi дзяржавы.

Крынiцамi для распрацоўкi трэцяга Статута былi Статуты 1529 і 1566 гг., соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 i 1584 гг., каралеўскiя прывiлеi, пастановы павятовых соймiкаў.

Статут 1588 г. закончыў кадыфiкацыю права ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. У гэтым заканадаўчым акце адлюстравалiся не толькi існаваўшыя дзяржаўна-прававыя iдэi, але i тыя, што апярэджвалi час, выявiлася багатая прававая культура беларускага i лiтоўскага народаў. Статут быў надрукаваны на старабеларускай мове ў 1588 г. у Вiленскай друкарнi Мамонiчаў пад наглядам i на сродкi Л.Сапегi. Нельга не пагадзiцца з думкай А.Лойкi аб тым, што калi Францыск Скарына з’яўляецца прадстаўнiком ранняга беларускага Адраджэння, то Леў Сапега — позняга1.

“Статут 1588 г., — адзначае даследчык, — гэта плён менавiта беларускага Адраджэння, выяўленне ягоных гуманiстычных, дэмакратычных адносiн да чалавека, народа, яго мовы ўвогуле. Менавiта беларускае Адраджэнне канчаткова (афiцыйна) Статутам 1588 г. надавала нашай мове дзяржаўны статус, i калi мы сёння ў часе сапраўднай дэмакратыi i адбудовы — адраджэння, то гiсторыя ў дадзеным выпадку не магла не паўтарыцца. Мова беларускага народа павiнна зноў па справядлiвасцi займець свой прэстыжны ў краю i свеце дзяржаўны статус”2.

У 1614 г. Статут 1588 г. быў выдадзены на польскай мове (перавыдаваўся ў 1619, 1648, 1694, 1744, 1786, 1819 гг.), у 1811 г. — на рускай i польскай мовах у Санкт-Пецярбургу. У канцы XVI ст. гэты звод законаў быў выкарыстаны пры кадыфiкацыi прускага права, а таксама пры падрыхтоўцы Саборнага ўлажэння 1649 г. у Расii1; у XVII ст. быў перакладзены на нямецкую мову; ужываўся ў судах Латвii i Эстонii; у 1735—1738 гг. перакладзены на ўкраiнскую мову, быў асноўнай крынiцай права на Украiне, пра што сведчаць 50 украiнскiх рукапiсаў Статута. Перакладалi Статут таксама на французскую i лацiнскую мовы.

Пасля далучэння Беларусi i Лiтвы да Расiйскай Iмперыi трэцi Статут ВКЛ да 1831 г. дзейнiчаў у Вiцебскай i Магiлёўскай і да 1840 г. — у Вiленскай, Гродзенскай i Мiнскай губернях.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 161; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.008 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты