Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


НКУС СССР і яго рэспубліканскія філіялы — важнейшы механізм умацавання рэжыму асабістай улады і станаўлення таталітарнай сiстэмы ў краіне




У канцы XX ст. узрос інтарэс вучоных, шырокіх слаёў насельніцтва да гісторыі дзяржавы ў цэлым і асаблiва да тых яе старонак, якія доўгі час старанна замоўчваліся. Адна з гэтых старонак — масавыя рэпрэсіі ў гады культу асобы Сталіна.

Калі размова ідзе пра масавыя рэпрэсіі, то звычайна гавораць пра 1937 г. У сапраўднасці хваля рэпрэсій пачалася яшчэ ў канцы 20-х і завяршылася ў пачатку 50-х гг. са смерцю правадыра “ўсіх часоў і народаў”. На 1937—1938 гг. прыходзiўся апагей палітычных рэпрэсій, таму яны і захаваліся ў памяці народа як страшныя гады “яжоўшчыны” (па імені М.I.Яжова, былога наркама ўнутраных спраў СССР).

Высветліць прадпасылкі, рухаючыя сілы, меха-нізмы таго, што адбывалася ў 30 — 40-я гг., немагчыма без глыбокага вывучэння гісторыі стварэння і дзейнасці НКУС СССР, а таксама рэспубліканскіх наркаматаў унутраных спраў.

НКУС СССР быў створаны 10 ліпеня 1934 г. У яго кампетэнцыю ўваходзілi дзяржаўная бяспека, грамадскі парадак, пагранічная і ўнутраная ахова. Зазначым, што менавiта НКУС СССР у разглядаемы перыяд аб’ядноўваў пад сваёй эгідай велізарны апарат прымусу ад міліцыі да папраўча-працоўных устаноў, ад АДПУ да ўнутраных і пагранічных войскаў. Стварэнне на базе АДПУ Наркамата ўнутраных спраў СССР з’явілася часткай працэсу фармiравання адміністрацыйна-каманднай сiстэмы, цэнтралізацыі дзяржаўнага кіраўніцтва краінай. Па сутнасці НКУС стаў адным з важнейшых звёнаў стратэгічнай лініі Сталіна на ўсталяванне рэжыму асабістаў улады, бо менавiта гэты орган павінен быў адыграць галоўную ролю ў рэалiзацыі планаў устаранення з палітычнай сцэны тых, хто па розных прычынах станавіўся непажаданым “правадыру” і яго акружэнню.

У наступныя гады змены ў структуры НКУС СССР адбываліся ў сувязі з узрастаннем удзельнай вагі падраздзяленняў, у распараджэнні якіх былі месцы пазбаўлення волі. Так, да канца 30 — пачатку 40-х гг. акрамя Галоўнага ўпраўлення папраўча-працоўных лагераў і пасяленняў (ГУЛАГ) былі заснаваны дзесяткі іншых глаўкаў і ўпраўленняў — Галоўнае ўпраўленне лагераў чыгуначнага будаўнiцтва, Галоўнае ўпраўленне лагераў Дальбуда, Упраўленне лагераў лясной прамысловасці і інш.

Не заставалася нязменнай і структура пагранічнай і ўнутранай аховы. У сакавіку 1939 г. Галоўнае ўпраўленне пагранічных і ўнутраных войскаў раздзялілася на шэсць самастойных глаўкаў: Галоўнае ўпраўленне пагранічных войскаў, Галоўнае ўпраўленне войскаў НКУС па ахове важных прадпрыемстваў прамысловасці, Галоўнае ўпраўленне войскаў НКУС па ахове чыгуначных збудаванняў, Галоўнае ўпраўленне канвойных войскаў НКУС, Галоўнае ўпраўленне ваеннага забеспячэння і Галоўнае ваенна-будаўнічае ўпраўленне войскаў НКУС.

У выніку НКУС СССР станавіўся буйнамаштабным гаспадарчым ведамствам, якое выкарыстоўвала танную рабочую сілу велізарнай арміі рэпрэсіраваных грамадзян, якія знаходзіліся ў спецлагерах, працоўных калоніях і ў іншых месцах пазбаўлення волі.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1936 г. Народны камісарыят унутраных спраў быў аднесены да катэгорыі саюзна-рэспубліканскіх наркаматаў, у сувязі з чым аналагічныя наркаматы былі створаны ва ўсіх саюзных рэспубліках, у тым лiку і ў Беларусі. Што тычыцца РСФСР, тот тут спачатку быў уведзены інстытут Упаўнаважанага НКУС, а затым дзейнічаў апарат саюзнага наркамата. У абласных, гарадскіх і некаторых раённых цэнтрах краіны былі сфарміраваны ўпраўленні НКУС, у якіх ствараліся аддзелы і аддзяленні, у тым лiку і асобыя, якія сачылі за самімі чэкістамі.

Фармальна НКУС СССР з’яўляўся адным з цэнтральных органаў галіновага кіравання, такім жа, як і іншыя агульнасаюзныя і саюзна-рэспубліканскія наркаматы. Аднак практычна яго становішча істотна адрознівалася ад становішча астатніх ўладных органаў. Так, у апараце НКУС СССР функцыяніраваў аддзел, які здзяйсняў нагляд за партыйнымі органамі аж да ЦК. Адрозненне заключалася і ў тым, што НКУС апынуўся па-за партыйным кантролем, ператварыўшыся ў руках Сталіна ў інструмент неабгрунтаваных рэпрэсій і бессаромных парушэнняў законнасці.

Вядучая роля ў здзяйсненні рэпрэсій належала такім падраздзяленням наркамата, як Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнай бяспекі, Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў і пасяленняў, глаўкам, якія кіравалі месцамі зняволення, а таксама органу пазасудовай расправы — Асобай нарадзе пры НКУС і падпарадкаваным ёй “тройкам” на месцах.

Палажэнне “Аб Асобай нарадзе пры Народным камісарыяце ўнутраных спраў СССР” было зацверджана спецыяльнай пастановай ЦВК і СНК СССР 5 лістапада 1934 г. У адпаведнасці з гэтым дакументам органы ўнутраных спраў атрымалі права прымяняць да асоб, прызнаных грамадска небяспечнымі, ссылку і высылку да 5 гадоў, знявольванне ў папраўча-працоўных лагерах да 5 гадоў, высылку за межы Саюза ССР замежных падданых. У склад Асобай нарады ўваходзілі: намеснік народнага камісара ўнутраных спраў СССР, упаўнаважаны НКУС Саюза ССР па РСФСР, начальнік Галоўнага ўпраўлення рабоча-сялянскай міліцыі, камісар унутраных спраў саюзнай рэспублiкi, на тэрыторыі якой узнікла справа. У палажэнні дэкларавалася неабходнасць удзелу ў пасяджэннях Асобай нарады пракурора СССР ці яго намесніка.

У рэспублiках, краях, абласцях, гарадах стваралася разгалінаваная сiстэма “троек”, падначаленых Асобай нарадзе пры НКУС СССР. У іх склад уваходзілі начальнікі ўпраўленняў НКУС, сакратары камітэтаў УКП(б) і пракуратуры. Састаў “троек”, як правiла, зацвярджаўся на бюро партыйнага органа. Ужо ў другой палове 30-х гг. густая сетка “троек” аблытала практычна ўсю краіну.

У многіх публікацыях можна сустрэць меркаванне, што праз сiстэму “троек” праходзілі справы толькi тых людзей, якіх абвінавачвалі ў палітычных злачынствах. Гэта не зусiм так. Да 1938 г. парушэнні законнасці дасягнулі такіх маштабаў, што рэпрэсіўная машына праз сiстэму пазасудовых органаў перамолвала і матэрыялы па крымінальных справах. Тэрмін разгляду спраў устанаўліваўся не больш за 15 дзён. Калі не паступала пярэчанняў ад пракурора, то рашэнне “тройкі” прыводзілася ў выкананне неадкладна, а пры рознагалоссях прыпынялася і справа перадавалася на разгляд Асобай нарады.

Як відаць з дакументаў, вышэйназваныя пазасудовыя органы, існаванне якіх знаходзілася ў супярэчнасці з Канстытуцыяй СССР, самастойна разглядалі палітычныя і крымінальныя справы і выносілі прыгаворы, не лічачыся з нормамі судаводства. Санкцыі пракурора насілі чыста фармальны характар, кантрольныя функцыі партыі, Саветаў, суда і пракуратуры былі надоўга страчаны.

У публіцыстычных выданнях, у гісторыка-прававой літаратуры нярэдка можна сустрэць меркаванне, што менавiта ў 1934 г. у выніку рэарганізацыі АДПУ ў НКУС СССР быў упершыню створаны орган, які займаўся рэпрэсіямі ў пазасудовым парадку. Мiж тым пазасудовыя рэпрэсіі шырока прымяняліся ўжо ў гады грамадзянскай вайны і здзяйсняла іх Усерасій-ская надзвычайная камісія.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ва ўмовах пераходу да мірнага будаўнiцтва пазасудовыя органы Усерасійскай надзвычайнай камісіi (УНК, з лютага 1922 г. — ДПУ) скараціліся, хоць і не былі адменены поўнасцю. Так, з мэтай барацьбы з контррэвалюцыяй Прэзідыум ЦВК СССР у лістападзе 1923 г. стварыў Калегію АДПУ, а пры ёй у сакавіку наступнага года — “Асобную нараду” для разгляду спраў у адносінах асоб, якія займаліся контррэвалюцыйнай дзейнасцю, шпіянажам, кантрабандай, спекуляцыяй валютай і золатам.

Як вядома, многія заканадаўчыя акты, якія тычыліся арганiзацыі і дзейнасці АДПУ, прымаліся пад уплывам яго старшыні Ф.Э.Дзяржынскага. Гісторыя сведчыць пра тое, што ён садзейнічаў пашырэнню пазасудовых функцый АДПУ, што не заўсёды было апраўданым. Напрыклад, у 1924 г. Ф.Э.Дзяржынскі напісаў запіску ў Палітбюро, у якой прапанаваў для барацьбы з бандытызмам падпарадкаваць у аператыўных адносінах міліцыю і крымінальны вышук АДПУ, а таксама дазволіць апошняму пазасудовы разгляд спраў усіх удзельнікаў бандыцкіх фарміраванняў. Цікава, што прапановы Ф.Э.Дзяржынскага сустрэлі ў той час рашучую нязгоду з боку некаторых наркамаў урада. “Далейшае пашырэнне правоў АДПУ на пазасудовы разгляд спраў калегія НКЗС лічыла б небяспечным”, — пісаў наркам замежных спраў Г.В.Чычэрын. Ад наркамата юстыцыі падобны пункт гледжання выказаў М.В.Крыленка: “Лічу неабходным катэгарычна выказацца супраць прапановы т. Дзяржынскага... За апошні час АДПУ засвоіла сабе практыку пашыраць сваю падсуднасць шляхам звароту ў Прэзідыум ЦВК на дазвол разглядзець тую ці іншую справу ў несудовым парадку, прычым спачатку разглядае справу і выносіць прыгавор, а потым просіць ЦВК зацвердзіць гэты прыгавор”1 . Тым не менш Палітбюро і Прэзідыум ЦВК згадзіліся з прапановай старшыні АДПУ.

У другой палове 20-х гг. надзвычайныя пазасудовыя правы органаў АДПУ пашырыліся. З 1927 г. АДПУ давалася права разглядаць у пазасудовым парадку, аж да прымянення вышэйшай меры пакарання, справы аб дыверсіях, падпалах, псаванні машынных установак як са злым намерам, так і без яго.

Асаблiва шырока пазасудовыя рэпрэсіі сталі выкарыстоўвацца з канца 1929 — пачатку 1930 гг. Як вядома, калектывізацыя сельскай гаспадаркі суправаджалася ліквідацыяй так званага кулака як класа. Гэта азначала канфіскацыю яго маёмасці, перш за ўсё сродкаў вытворчасці, і высяленне з месца жыхарства. Гэтым і займаліся пазасудовыя органы, перш за ўсё ў асобе “троек”.

У пачатку 30-х гг. “тройкі” разглядалі справы і ў адносінах нэпманскіх элементаў, былых афіцэраў царскай арміі, асоб, якія служылі ў царскай арміі, членаў былых антысавецкіх партый, значнай часткі старой інтэлігенцыі. У ліку рэпрэсіраваных апынулася шмат людзей, якія даўно адышлі ад якой-небудзь варожай дзейнасці супраць савецкай улады ці зусiм у ёй не ўдзельнічалі.

У якасці прыкладу можна прывесці асуджэнне ў 1930 г. вядомых вучоных-эканамістаў М.Кандрацьева, А.Чаянава і інш., якім было прад’яўлена абвінавачванне ў стварэнні нібыта падпольнай “сялянскай працоўнай партыі”.

У лютым — верасні 1930 г. паўнамоцным прадстаўніком АДПУ па Беларусі былі арыштаваны былы наркам земляробства БССР З.Прышчэпаў, былы наркам асветы рэспублiкi А.Баліцкі, былы намеснік наркама земляробства А.Адамовіч, былы намеснік старшыні “Белпайгандлю” П.Iльючонак і інш. Сярод падследных апынуліся акадэмік В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, прафесар А.Смоліч, пісьменнікі М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча і многія іншыя. Па гэтай справе незаконна было прыцягнута да крымінальнай адказнасці звыш 80 чалавек, галоўным чынам работнікаў навукі, культуры і кіруючых кадраў шэрага наркаматаў Беларусі. Яны абвінавачваліся ў прыналежнасці да так званай контррэвалюцыйнай арганiзацыі беларускiх нацыянал-дэмакратаў “Саюз вызвалення Беларусі”1.

Яшчэ ў 1928 г. наркам Рабоча-сялянскай інспекцыі (РСI) РСФСР М.Янсан у пісьме да I.Сталіна выказаў меркаванне аб выкарыстанні працы асуджаных пры асваенні аддаленых мясцовасцей, на земляных работах буйных будоўляў, а галоўным чынам на загатоўках лесу, бо яго экспарт даваў краіне неабходную валюту. Гэтыя прапановы былі поўнасцю рэалізаваны ў 30-я гг. Напрыклад, з 1930 г. колькасць рабочай сілы для патрэб фарсіраванай індустрыялізацыі Дзяржплан СССР пачаў узгадняць з АДПУ і НКУС. Менавiта з гэтым звязаны разнарадкі па раёнах на так званых ворагаў народа.

7 жніўня 1932 г. у краіне была выдадзена пастанова ЦВК і СНК СССР “Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялiстычнай) уласнасці”2. Пастанова ўводзіла ў якасці меры судовага пакарання за раскраданне калгаснай і кааператыўнай маёмасці вышэйшую меру сацыяльнай абароны — расстрэл з канфіскацыяй усёй маёмасці і замену гэтай меры пры змякчаючых акалічнасцях пазбаўленнем волі на тэрмін не ніжэй за 10 гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці. Амністыя па гэтых справах была забаронена.

“Закон аб пяці каласках” — так называлі пастанову ЦВК і СНК СССР ад 7 жніўня 1932 г. у вёсцы. Згодна з ім толькi ў Глускім раёне Беларускай ССР у канцы 1932 г. было расследавана 136 крымінальных спраў, што складала 64,5 % ад усіх злачынстваў. У Мазырскім раёне ўзбуджаныя органамі міліцыі крымінальныя справы па фактах раскрадання сацыялiстычнай маёмасці склалі больш 50 %. Пра падобнае становішча гавораць матэрыялы народных судоў Сенненскага, Мсціслаўскага, Слуцкага і іншых раёнаў Беларусі.

Да пачатку 1933 г. за няпоўныя пяць месяцаў з моманту прыняцця пастановы ў СССР было асуджана 54 645 чалавек, з іх 2110 — да вышэйшай меры пакарання.

Такiм чынам, адказ ад выкарыстання эканамiчных метадаў кіравання народнай гаспадаркай і пераход да адміністрацыйна-камандных рычагоў упраўлення з’явіліся важнейшай умовай і прычынай (перш за ўсё эканамiчнай) палітычных рэпрэсій.

Iснуе меркаванне, што пік рэпрэсій прыйшоўся на 1937—1939 гг. На справе ж самая вялікая трагедыя адбылася ў 1929—1933 гг. Менавiта ў гэты прамежак часу загінула ў 3 разы больш людзей, чым у 1937—1939 гг., але гэта была не інтэлігенцыя, не партыйныя і савецкія работнікі, не вайскоўцы, а безыменныя сяляне, і па размаху гэта трагедыя мела далёка ідучыя вынікі, якія адчуваюцца і сёння.

У канцы 20-х гг. і асаблiва з таго моманту, калі прагучаў заклік партыі “аб’явіць вайну не на жыццё, а на смерць кулаку і ў рэшце рэшт змесці яго з зямлі”, надзвычайныя меры былі ператвораны ў сiстэму, прычым прыёмы часоў грамадзянскай вайны і ваеннага камунізму дапускаліся не толькi супраць кулацтва, але і супраць сераднякоў.

Пранікненне ў народныя масы і ў партыю характэрных для часоў грамадзянскай вайны настрояў звязана з прымяненнем у масавым маштабе пазасудовых рэпрэсій. Такія настроі знайшлі адлюстраванне ў канцы 20 — пачатку 30-х гг. нават у такой, здавалася б, далёкай ад практыкі галіне, як тэорыя права. Справа дайшла да таго, што былі выказаны прапановы аб “спрошчванні” крымінальнага працэсу. На шчыт падымалася тэорыя “небяспечнага стану” асобы, у адпаведнасці з якой падставай для крымінальнай адказнасці павінна была быць не канкрэтная віна, а “небяспечны стан” асобы, вызначаемы, напрыклад, яе сацыяльным паходжаннем, і г.д. Тым самым стваралася спрыяльная глеба для росквіту нігілістычных адносін да права, законнасці. Невыпадкова большасць дэлегатаў XV з’езда Саветаў ледзь не высмеяла спробы пракурора СССР М.Крыленкі даказаць неабходнасць для пракуратуры кіравацца законам, а не адвольна тлумачанай мэтазгоднасцю1. Афіцыйныя адносіны рэжыму да права, закона, законнасці, прававой дзяржавы ў разглядаемы перыяд вельмі яскрава былі сфармуляваны ў прамове Л.М.Кагановіча з нагоды 12-й гадавіны Савецкай улады, з якой ён выступіў у Iнстытуце савецкага будаўнiцтва пры Каму-ністычнай акадэміі: “...Мы адхіляем паняцце прававой дзяржавы нават для буржуазнай дзяржавы... Паняцце “прававая дзяржава” прыдумана буржуазнымі вучонымі для таго, каб скрыць класавую прыроду буржуазнай дзяржавы... Вядома, усё гэта не выключае закона. У нас ёсць законы. Нашы законы вызначаюць функцыі і кола дзейнасці асобных органаў дзяржаўнай улады. Але нашы законы вызначаюцца мэтазгоднасцю ў кожны дадзены момант”2.


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 121; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.005 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты