Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Палiтычны лад Полацкага i Тураўскага княстваў




На тэрыторыi Беларусi ў IX — XIII стст. iснавалi такiя буйныя дзяржавы-княствы, як Полацкае, Тураўскае, Менскае, Новагародскае, Смаленскае i iнш. Развіццё палiтычнага ладу дзяржаў-княстваў найбольш наглядна можна прасачыць на прыкладзе Полацкага княства, якое адыграла вядучую ролю ў станаўленнi нашай дзяржаўнасцi i ўжо ў раннефеадальны перыяд займала тэрыторыю каля 50 тыс. км2.

Першымi жыхарамi Полацка летапiс называе крывiчоў. Што тычыцца тэрмiна “палачане”, то думаецца, археолаг Ю.А.Заяц мае рацыю, калi сцвярджае, што ён азначаў не этнiчную, а дзяржаўную прыналежнасць. Вывучэнне курганных магiльнiкаў на тэрыторыi Полацкага княства паказала, што акрамя крывiчоў там жыло дрыгавiцкае насельнiцтва. Наяўнасць у Полацкiм княстве прадстаўнiкоў двух з найбольш магутных усходнеславянскiх плямёнаў, якiя ўдзельнiчалi ў фармiраваннi беларускай народнасцi, дае магчымасць лiчыць Полацкую зямлю старажытным беларускiм, цi протабеларускiм, дзяржаўным утварэннем.

Уключэнне Полацкага княства ў дзяржаву Рурыка не прывяло да поўнай страты iм дзяржаўнасцi. Захавалася тэрытарыяльная цэласнасць, улада мясцовых князёў, а да сярэдзiны X ст. Полацк адасобiўся ад Кiева.

Першы полацкi князь, iмя якога вядома з летапiсу, — Рагвалод. Можна спрачацца, славянскае цi скандынаўскае насiў ён iмя, але не гэта галоўнае. Кажучы словамi беларускага гiсторыка М.Ермаловiча, Рагвалод “першы ўбачыў i па-сапраўднаму ацанiў вялiкiя магчымасцi Полацкай зямлi як асобай дзяржавы са сваiмi мэтамi i iнтарэсамi, супрацьлеглымi мэтам i iнтарэсам Кiева”1 .

Нядоўгiм быў перыяд гвалтоўнага ўключэння (980 г.) Полацкага княства ў Кiеўскую дзяржаву пры Уладзiмiры Святаславiчы. У 988 г. незалежнасць Полацка была адноўлена, адрадзiлася мясцовая княжацкая дынастыя. Гiсторыя Полацкай зямлi XI — XII стст. — гэта перыяд пашырэння яе тэрыторыi, раўнапраўных саюзнiцкiх адносiн з кiеўскiмi князямi або жорсткiх ваенных канфлiктаў з iмi, прычым iнiцыятарам апошнiх далёка не заўсёды быў Кiеў.

Iншым быў лёс дрыгавiцкiх княстваў. Даволi рана дрыгавiцкая зямля трапiла ў сферу iнтарэсаў Кiева i страцiла незалежнасць. З канца X ст. на княжанне ў Тураў пасылалi старэйшых сыноў кiеўскага князя. Толькi ў 50-я гг. XII ст. Тураў выйшаў з падпарадкавання Кiева i ў iм усталявалася самастойная княжацкая дынастыя.

Нягледзячы на недастатковасць гiстарычных крынiц, можна скласцi пэўнае меркаванне аб палiтычным ладзе старажытных дзяржаў-княстваў, арыентуючыся перш за ўсё на палiтычны лад Полацкага княства. Сiстэма органаў улады i кiравання ў дзяржавах-княствах IX — XII стст. на тэрыторыi Беларусi была таго ж тыпу, што i ў iншых дзяржавах, якiя складалi Кiеўскую Русь. Вышэйшую ўладу ажыццяўлялi князь, рада князя, веча. Функцыi органаў цэнтральнага кiравання выконвалi службовыя асобы, такія як пасаднiк, тысяцкi, падвойскi, ключнiк, цiвун i iнш.

Галоўнай асобай у сiстэме ўлады быў князь. Ён стаяў на чале дзяржавы i выканаўчых органаў, меў права вырашаць усе бягучыя справы дзяржаўнага кiравання. Асноўным абавязкам князя была арганiзацыя абароны дзяржавы ад знешняга нападу i падтрыманне ўнутранага парадку.

Уладарныя паўнамоцтвы князя абумоўлiвалiся як яго асабiстымi якасцямi i аўтарытэтам сярод насельнiцтва, так i падтрымкай вярхоў пануючага класа.

Уступленне на прастол суправаджалася строгiм рытуалам, у час якога прыносiлася прысяга з абяцаннем ахоўваць тэрыторыю дзяржавы i iнтарэсы грамадзян, дзейнiчаць у адпаведнасцi з мясцовымi дзяржаўна-прававымi звычаямi. Умовы ўступлення князя на пасаду афармлялiся ў дагаворы-радзе, якi заключаўся князем з вярхушкай пануючага класа. Напрыклад, полацкi князь абавязваўся не ўмешвацца ў царкоўныя справы, не адымаць маёмасцi ў палачан, не пераглядаць старых рашэнняў судоў, не перашкаджаць выезду свабодных людзей за межы княства i г.д.

Як бачым, паўнамоцтвы князя ажыццяўлялiся ў асноўным у сферы выканаўча-распараджальнай дзейнасцi. Правам выдання новых законаў князь не валодаў. Такое права мелi рада князя i веча. Займацца правасуддзем князь мог толькi з сябрамi яго рады i iншымi службовымi асобамi. Такiм чынам, абмяжоўвалася i судовая дзейнасць князя.

Што сабой уяўляла рада князя? Па-першае, яна не мела пастаяннага складу. Князь мог запрашаць да сябе на нарады ўсiх, каго жадаў, аднак не мог iгнараваць думкi найбольш уплывовых у дзяржаве людзей, асаблiва службовых асоб цэнтральнага i дварцовага кiравання.

Па-другое, кампетэнцыя рады фактычна злiвалася з кампетэнцыяй князя. Практычна ўсе пытаннi, якiя вырашалiся князем, ён абмяркоўваў са сваiмi дарадчыкамi. Аб залежнасцi князя ад свайго акружэння расказвае iсландская “Сага аб Эймундзе”. У ёй гаворыцца, што калi скандынавец Эймунд прыйшоў з дружынай наймацца на службу да князя Брачыслава, то той сказаў: “Дайце мне час параiцца з маiмi мужамi, таму што яны даюць мне грошы, а я толькi iх трачу”1 . Маюць рацыю тыя вучоныя, напрыклад беларускі даследчык В.Чаропка якiя лiчаць, што ў дадзеным выпадку Брачыслаў гаворыць аб неабходнасцi параiцца з жыхарамi Полацка, гэта значыць з веча2 .

На пасяджэннях рады прысутнiчалi не ўсе асобы, якiя мелi права прымаць удзел у нарадах з князем, а толькi тыя, хто ў гэты момант быў каля яго. Пры вырашэннi асаблiва важных пытанняў рада збiралася ў поўным складзе. Акрамя пытанняў бягучай выканаўча-распараджальнай дзейнасцi ў радзе князя вырашалiся i найбольш важныя судовыя справы, якiя тычылiся iнтарэсаў феадалаў i вышэйшых службовых асоб дзяржаўнага апарату. На радзе рыхтавалiся пытаннi, якiя трэба было абмеркаваць на вечы.

У палiтычным жыццi Полацка пэўнае значэнне мела веча — агульны сход палачан, якi збiраўся для вырашэння розных праблем. Гэта была пачатковая форма гарадскога самакiравання, у пэўнай ступенi падуладнага мясцовай знацi. У пачатку XII ст. роля веча ўзрасла настолькi, што яно актыўна вырашала пытаннi вайны i мiру, запрашала на прастол князёў i нярэдка праганяла iх з горада, устанаўлiвала раскладку павiннасцей i падаткаў, прымала захады па арганiзацыi апалчэння i абароны, разглядала найбольш важныя судовыя справы, вызначала лiнiю паводзiн у мiжнародных адносiнах. Веча мела заканадаўчую ўладу. В.Чаропка лiчыць, што “па сутнасцi Полацкае княства з’яўлялася феадальнай рэспублiкай, у якой князь выконваў ролю выбарнага канстытуцыйнага валадара”.

На думку даследчыкаў Г.В.Штыхава i Т.Т.Каробушкiнай, веча абмяжоўвала ўладу князя, але не знiшчала яе. Княжацкая ўлада ў Полацку была значнай нават у перыяды найбольш актыўнай дзейнасцi веча. Князь узначальваў ваенныя сiлы, меў пры сабе дружыну, ажыццяўляў унутранае кiраванне, мог заключыць мiр i г.д. , раздаваў воласцi разам з гарадамi iншым князям-васалам. У Полацку, як, напэўна, i ў iншых княствах, у сферы сацыяльна-палiтычнага жыцця iснавала двухуладдзе. Вечавы лад iснаваў побач з княжацкай уладай1 .

Нельга не пагадзіцца з думкай прафесара С.Ф.Сокала, аб тым, што беларускiя дзяржавы-княствы нельга назваць неабмежаванымі манархiямi, таму што “улада князя не была абсалютнай. Iх можна было б назваць раннефеадальнымi дуалiстычнымi манархiямi цi раннефеадальнымi абмежаванымi манархiямi. Больш за ўсё, на нашу думку, падыходзiць першая назва, бо яна адлюстроўвала палiтычны дуалiзм, увасоблены ў двух цэнтрах улады: князя i веча”2 .

Iснаванне розных меркаванняў сведчыць аб тым, што пытаннi дзяржаўнага ладу беларускiх княстваў, перш за ўсё Полацкага, патрабуюць далейшай навуковай распрацоўкi.

У перыяды падпарадкавання беларускiх княстваў Кiеву адносiны памiж кiеўскiм князем i мясцовымi князямi (полацкiмi, тураўскiмi i iнш.) будавалiся на прынцыпах васалiтэту. Кiеўскi князь быў сюзэрэнам i аказваў дапамогу мясцовым князям, якiя ў сваю чаргу абавязвалiся быць “у яго паслушэнстве”, выстаўляць войска, перадаваць частку сабранай данiны. У выпадку парушэння васалам сваiх абавязкаў ён мог быць пакараны пазбаўленнем сваiх уладанняў. Ажыццявiць жа гэта было магчыма толькi сiлай (ваенным шляхам).

Пра грамадска-палiтычны лад у Тураўскiм княстве i яго гарадах звестак мала, але яны вельмi важныя. Верагодна, што ў Тураве, як i ў Полацку, актыўна дзейнiчала веча.

Як мы ўжо гаварылi, функцыi органаў кiравання выконвалi пасаднiк, тысяцкi, падвойскi, ключнiк, цiвун i iнш.

Пасаднiк абiраўся вечам або прызначаўся князем у iншыя гарады дзяржавы, дзе з’яўляўся яго намеснiкам. Знаходжанне ў горадзе адначасова і князя i пасаднiка, акрамя як у Ноўгарадзе Вялiкiм, — з’ява незвычайная. Аб iснаваннi пасаднiка ў Полацку звестак няма, а ў Тураве, паводле Iпацьеўскага летапiсу, у сярэдзiне XII ст. знаходзiлiся адначасова і князь i пасаднiк. Такi факт можа сведчыць аб асаблiвасцях грамадска-палiтычнага ладу ў Тураўскiм княстве.

Галоўным абавязкам тысяцкага з’яўлялася ваеннае кiраўнiцтва. У час вайны ён камандаваў апалчэннем, а ў мiрны — сачыў за падтрыманнем парадку ў горадзе. Падвойскаму даручалася сачыць за выкананнем рашэнняў веча i распараджэнняў князя.

Ключнiк i цiвун займалiся гаспадарчымi справамi i некаторымi судова-адмiнiстрацыйнымi пытаннямi ў дзяржаве.

Важным элементам палiтычнай сiстэмы была царква, цесна звязаная з дзяржавай. Па сутнасцi, у яе веданнi знаходзiлася iдэалагiчная апрацоўка насельнiцтва. Вярхушка духавенства прымала актыўны ўдзел у палiтычным жыццi дзяржавы i грамадства.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 282; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.005 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты