Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Міжнародная дзейнасць Германіі ў 30-х гг. XX ст.




30-я гады – гэта час вельмі напружанага міжнароднага жыцця ў свеце, і асабліва – у Еўропе. Асэнсаваць падзеі міжнародных адносін можна толькі праз прызму галоўных агрэсіўных ідэалогій, якія панавалі ў гэты час. Гэта італьянскі фашызм, германскі нацызм і японскі мілітарызм. Рамантычны бальшавізм пачатку 1920-х гг. ужо саступае свае пазіцыі, але яго догмат «сусветнай рэвалюцыі» не дазваляе Маскве наладзіць нармальныя адносіны з еўрапейскімі дэмакратыямі і выкарыстоўваецца замежнай дыпламатыяй ў антысавецкай дзейнасці.

Асноўныя палажэнні фашызму, нацызму і японскага мілітарызму прыкладна аднолькавыя, толькі ў розных краінах рабіўся ўціск на розных іх складаючых. Гэта аднапартыйнасць палітычнай сістэмы; перавага дзяржавы над асобай; непрыкрыты нацыяналізм – які аб’яўляў аб гістарычнай «абранасці» нямецкай, японскай і італьянскай нацый; гэтым нацыям патрабавалася большая «жыццёвая прастора», метадам яе здабычы з’яўлялася вайна; вайна аб’яўлялася вышэйшым дасягненнем чалавецтва; з гэтай нагоды яшчэ адна прыкмета ідэалогій – мілітарызм, які прывёў да панавання ВПК у эканоміцы і палітыцы; аб’ядноўваў іх яшчэ ваяўнічы антыкамунізм. Нацысты і японскія мілітарысты больш увагі надзялялі нацыянальнаму пытанню, вынішчэнню «шкодных» нацый, пашырэнню «жыццёвай прасторы» для сваіх нацый за кошт суседніх народаў. Германскі нацызм вырашаў тэрытарыяльнае пытанне праз ваенны націск на Усход – Drang nach Osten – значыцца на СССР. Італьянскі фашызм больш імкнуўся да аднаўлення былой Рымскай імперыі – палітычнага панавання ў рэгіёне.

Выдзяляецца некалькі этапаў у еўрапейскай дыпламатычнай дзейнасці 1920-1930-х гг., і галоўным прынцыпам іх вылучэння ёсць актыўнасць германскага боку. Менавіта гэтая краіна вяла найбольш актыўную знешнюю палітыку для пераадолення наступстваў Версальскага мірнага дагавору па выніках першай сусветнай вайны, згодна з якім Германія апынулася ў прыніжаным стане. Першы этап – з 1923 па 1933 г. – гэта барацьба дыпламатыі дэмакратычнай Германіі за пераадоленне наступстваў Версальскага міру шляхам міжнародных канферэнцый і дасягнення ўступак з боку «вялікіх дзяржаў». Адначасова досыць добра развіваюцца адносіны паміж Германіяй і СССР. Другі перыяд пачынаецца з 1933 г. – з прыходам да ўлады нацыянал-сацыялістычнай партыі пад кіраўніцтвам А.Гітлера. Ідэалогія нацызму патрабавала «жыццёвай прасторы» для немцаў – а дасягнуць яе магчыма было праз вайну. Рэзка абвастраюцца адносіны паміж Германіяй і СССР, і, што цікава, – паміж Германіяй і Італіяй. Пачынаецца падрыхтоўка Германіі да вайны ў Еўропе. Адначасова спробы еўрапейскіх краін і СССР стварыць сістэму калектыўнай бяспекі праваліліся. Трэці перыяд – з вясны 1936 г. па восень 1938 г. – гэта палітыка вызначэння прыярытэтаў Германіі ў Еўропе і свеце, яе ўзмацнення, складвання лагера саюзнікаў і будучых ахвяраў. У гэты перыяд найбольш яскрава прасочваюцца рознагалоссі паміж «вялікімі краінамі», якія прыводзяць да патворству Гітлеру праз палітыку так званага «замірэння» і ў спробах накіраваць агрэсію на Усход – супраць СССР. Чацвёрты перыяд – з восені 1938 па лета 1939 г. – гэта перыяд пасля «Мюнхенскай змовы», якая адчыніла дзверы Германіі да распальвання сусветнай вайны.

Нестабільнасць у Еўропе пачатку 1920-х гг. скончылася Рурскім крызісам 1923 г. Францыя вымушана была ўвесці свае войскі ў важны прамысловы раён Германіі з мэтай прымусіць яе выплачваць непамерныя рэпарацыі. Відавочна, гэта было немагчыма без эканамічнага адраджэння Германіі. Летам 1924 г. у Лондане краіны-пераможцы зацвердзілі «план Даўэса», згодна з якім паліліся значныя інвестыцыі ў германскую эканоміку – асабліва з боку амерыканскіх кампаній. Восенню 1925 г. у Лакарна (Швейцарыя) быў падпісаны «Рэйнскі гарантыйны пакт», які ўстанаўліваў дэмілітарызаваны характар Рэйнскай зоны. Францыя і Бельгія абавязваліся паважаць вызначаную ў Версалі заходнюю мяжу Германіі. У 1926 годзе Германія была прынятая ў Лігу Нацый у якасці вялікай дзяржавы, дзе атрымала пастаяннае месца Савеце. У 1932 г. Германія дабілася канчатковай адмены рэпарацыйі атрымала палёгкі ў справе ўзбраення арміі, але пры ўмове, што будзе створана сістэма калектыўнай бяспекі пры яе ўдзеле. Адначасова ў 1926 г. у Берліне быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзенні і нейтралітэце. Вельмі актыўна развіваліся савецка-германскія ваенныя стасункі. Вялікая колькасць германскіх ваенных атрымлівала адукацыю ў савецкіх ваенных навучальных установах, а самае галоўнае – яны атрымлівалі практычны вопыт танкавых і авіяцыйных баёў. Валодаць Германіі цяжкімі ўзбраеннямі і авіяцыяй, а роўна і ўтрымліваць падрыхтоўчыя цэнтры было забаронена Версальскім дагаворам.

Прыход да ўлады нацыстаў стаў паваротным момантам не толькі ў палітычным жыцці Германіі, але і еўрапейскіх краін. Ужо ў 1933 г. А.Гітлер паставіў мэтай дабівацца скасавання версальскіх абмежаванняў і вяртання Германіі калоній, страчаных пасля першай сусветнай вайны. Адначасова Германія адмаўлялася ўдзельнічаць у стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі. Гэтыя памкненні нацыстаў вызвалі падтрымку насельніцтва Германіі – партыя прыйшла да ўлады праз парламенцкія выбары. Ідэі рэваншу за «версальскую ганьбу», тэорыя расавай выключнасці «арыйцаў», пашырэння для іх жыццёвай прасторы, вынішчэння «шкодных народаў» (асабліва – багатага ў Германіі яўрэйскага) аказаліся папулярнымі ў дробных уласнікаў, беспрацоўных, а таксама ў часткі інтэлігенцыі, працоўных і моладзі.

Галоўным напрамкам дзейнасці нацысцкага кіраўніцтва на міжнароднай арэне стала патрабаванне адмены абмежаванняў на ўзбраенне Германіі, якія прадугледжваліся Версальскім дагаворам. Вялікабрытанія і Францыя згадзіліся на ўступкі ў абмен на гарантыі бяспекі. Распачынаецца перыяд палітыкі «замірэння» Германіі – якая ўключала і станоўчае для Германіі вырашэнне пытання аб лёсе нямецкай меншасці на тэрыторыі іншых краін. Кіраўніцтва Англіі і Францыі не здолелі разглядзець небяспекі фанатызму Гітлера і ідэалогіі нацызму. Лічылася, што «замірэнне» прывядзе да падзення рэжыму Гітлера, а калі вырашыць супярэчнасці паміж Англіяй, Францыяй і Германіяй, армію апошняй можна накіраваць на разгром камуністычнага Савецкага Саюза. Так, 15 ліпеня 1933 г. прадстаўнікі чатырох дзяржаў (далучылася Італія) падпісалі ў Рыме «Пакт чатырох»– аб супрацоўніцтве. Пакт хутка разваліўся, бо ў кастрычніку 1933 г. Германія выйшла з Лігі Нацый і пакінула Жэнеўскую канферэнцыю па разбраенню. У пачатку 1934 г. паміж Германіяй і Польшчай падпісваецца пакт аб ненападзенні, а ў ліпені Берлін актыўна падтрымаў узброены путч аўстрыйскіх нацыстаў у Вене, які праваліўся дзякуючы ваеннаму націску Італіі. У гэты час Рым знаходзіць паразуменне з Парыжам у справах супрацьстаяння Германіі, якая ўсё болей ігнаруе Версальскія дамоўленасці.

13 студзеня 1935 г. пасля 15 год кіравання Саарскай вобласцю праз мандат Лігі Нацый, на плебісцыце 90,9% яго ўдзельнікаў выказаліся за ўз’яднанне з Германіяй, і з 1 сакавіка 1935 г. багацейшы вугальны рэгіён Саар увайшоў у склад Рэйху. Гэта значна ўзмацніла эканамічную моц краіны. У 1935 г. Гітлер аднавіў ўсеагульную вайсковую павіннасць, пачаўся адкрыты выпуск цяжкога ўзбраення. Германія прыступіла да стварэння моцнай арміі, авіяцыі і флоту. 21 мая 1935 г. рэйхсвер быў перайменаваны ў вермахт, Гітлер стаў вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. 11 красавіка 1935 года ў Стрэзэ па ініцыятыве Францыі і Італіі пачалася міжнародная канферэнцыя па германскаму пытанню. Удзельнікі канферэнцыі рэзка асудзілі аднабаковыя парушэнні Версальскай дамовы збоку Германіі. Практычнага характару рэзалюцыі не мелі, але яны паказалі аб адыходзе Францыі ад чэмберленаўскай палітыкі «замірэння» і складванні антыгерманскага італа-французскага саюзу. Але Захад не здолеў супрацьстаяць аднабаковаму выхаду Германіі ў Версальскай сістэмы. У гэты час Англія, занепакоеная збліжэннем Францыі і Італіі, у якасці супрацьвесу гэтаму саюзу выкарыстала Германію. Ужо некалькі стагоддзяў гэтая краіна выкарыстоўвала палітыку «балансу сіл» на кантыненце, і, па меркаванню лонданскіх палітыкаў, гэта дазваляла Англіі верхаводзіць у еўрапейскіх справах. Але XX стагоддзе прынесла новыя рэаліі ў знешнюю палітыку Еўропы, і англійская дыпламатыя своечасова іх не зразумела. У чэрвені 1935 г. было заключана сенсацыйнае англа-германскае марское пагадненне, якое ўводзіла суадносіны паміж флатамі краін 100:35 пры роўным па моцы падводным флоце. Разам з флотам аднаўляліся і сухапутныя войскі.

Ужо да канца 1935 г. Германія сфарміравала 31 баяздольную дывізію. У кароткі тэрмін і за амерыканскія інвестыцыі было пабудавана 300 новых ваенных заводаў, рэканструявана і мадэрнізавана авіяцыйная прамысловасць. Да сярэдзіны 30-х гадоў ХХ ст. у германскую прамысловасць было ўкладзена 27 млрд. марак, 70% належалі амерыканскім фірмам. У 1938 г. Германія мела 30 самалётабудаўнічых, 15 авіяматорных і 110 дапаможных авіязаводаў. Калі да 1932 г. у Германіі не было ні воднага ваеннага самалёта, то ўжо ў 1934 г. іх было пабудована 840, у 1936 г. – 2530, у 1938 г. – 3350, а ў 1939 г. ужо мелася 4733 самалёты навейшых мадыфікацый. Ваенная вытворчасць Германіі з 1934 г. па 1940 г. вырасла ў 22 разы. На гэтую моц абапіралася кіраўніцтва Германіі пры прыняцці важных міжнародных рашэнняў. Напрыканцы 1935 г. адбылася вызначальная падзея, якая паклала падмурак складвання агрэсіўнага блоку краін ў Еўропе, і лідэры Лігі Нацый – Англія і Францыя нічога не зрабілі – каб гэты італа-германскі саюз разваліць.


Поделиться:

Дата добавления: 2015-02-10; просмотров: 138; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.006 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты