Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Пытаннi гiсторыi дзяржавы i права ў пiсьмовых крынiцах i працах вучоных




Першыя звесткi аб некаторых пытаннях дзяржаўнай палiтыкi i права Беларусi даследчыкi знаходзяць у старажытных летапiсах i хронiках.

З канца XV — пачатку XVI ст. даследаваннi па гiсторыi дзяржавы i права вядуцца больш-менш пастаянна. Так, напрыклад, у 1517 г. Ф.Скарынай былi надрукаваны кнiгi “Бiблii”, дзе ёсць аўтарскiя прадмовы i пасляслоўi, у якiх выкладзены грамадска-палiтычныя погляды i прававыя iдэi асветнiка. У прыватнасцi, Ф.Скарына лiчыў, што права ў цэлым i кожны закон паасобку павiнны быць справядлiвымi, карыснымi, прыведзенымi ў адпаведнасць са звычаямi дадзенай зямлi, не ўтрымлiваць двухсэнсоўных палажэнняў, быць скiраванымi на дасягненне агульнага дабрабыту. Прынцып раўнапраўя разглядаўся першаасветнiкам як аснова дзейнасцi судовых органаў.

На думку Ф.Скарыны, крымiнальныя законы ў Вялікім княстве Літоўскім павiнны выдавацца з мэтай не толькi пакарання злачынцы, але i прадухiлення злачынстваў. Закон у Скарыны выступае як аснова, на якой грунтуецца сацыяльная гармонія, існасць грамадства. Парушэнне законнасці, правасуддзя вядзе да разбурэння грамадскай зладжанасці і адзінства. Зацвярджэнне культу закону, павышэнне яго аўтарытэту сведчылi аб гарачым і шчырым імкненні мысліцеля зрабіць законнасць і правапарадак нормай для грамадства і, несумненна, знаходзілiся ў рэчышчы інтарэсаў “люду посполитого” Вялікага княства Літоўскага. Пастаноўка Ф.Скарынай праблемы ўдасканалення заканадаўства і судаводства сведчыць таксама пра тое, што ён быў звязаны з айчыннай рэчаіснасцю пачатку ХVI ст., усведамляў і рэальна ацэньваў актуальныя сацыяльна-палітычныя задачы, якія стаялі перад грамадствам. Намеры Скарыны паўплываць на дзяржаўную палітыку гавораць аб яго актыўнай, дзейнай натуры гуманіста і грамадзяніна.

У якасці палітычнага ідэалу ў Ф.Скарыны выступае асветная, гуманная і моцная манархічная ўлада. На думку мысліцеля, правіцель павінен быць набожным, мудрым, адукаваным, дабрачынным, чулым у адносінах да сваіх падданых, справядлівым, кіраваць краінай у строгай адпаведнасці з законамі, сачыць за выкананнем правасуддзя1.

Канцэпцыю ідэальнага правіцеля, справядлівага правасуддзя, міралюбівай знешняй палітыкі развівае ў сваіх працах Мікола Гусоўскі. Аднак, у адрозненне ад Скарыны, Гусоўскі спрабуе знайсці палітычны ідэал не ў Бібліі ці антычнасцi, а ў айчыннай гісторыі. Ідэальным правіцелем паэт лічыў вялікага князя Вітаўта, улічваючы яго дзяржаўную мудрасць, воінскую доблесць, справядлівасць.

Пытаннi дзяржавы i права разглядалiся ў працах i такiх выдатных гуманiстаў XVI ст., як Мiхалон Лiтвiн (якога пасля публiкацый Е.Ахманьскага неапраўдана больш атаясамлiваць з Мiхайлам Тышкевiчам), Сымон Будны, Андрэй Волан, Леў Сапега i iнш.

М.Лiтвiн у трактаце “Аб норавах татараў, лiтоўцаў i масквiцян”, напiсаным у сярэдзiне XVI ст. (выдадзены ў 1615 г. у Базелі на лацінскай мове), крытыкуе феадальны грамадскi лад i права. Так, будучы прыхiльнiкам прыватнай уласнасцi, ён не пагаджаецца са зместам многiх законаў Вялiкага княства Лiтоўскага, у адпаведнасцi з якiмi сяляне i дробная служылая шляхта не мелi права распараджацца ўласнай маёмасцю без дазволу свайго пана або прадстаўнiка дзяржаўнай адмiнiстрацыi.

М.Літвін лічыў неабходным вызваліць працоўны люд з-пад юрысдыкцыі феадалаў. На яго думку, “суду павінны падпарадкоўвацца нароўні з простымі людзьмі вяльможы і правадыры, бо ўсе маюць аднолькавыя правы”1 . Да недахопаў судовай сістэмы, яе прынцыпаў, працэсуальных нормаў, што вядуць да самавольства ў судах і яшчэ больш псуюць норавы грамадства, беларускі мысліцель адносіў адсутнасць апеляцыйных судоў, галоснасці, хібы сістэмы паказанняў сведак і інш.

З вялікай асцярожнасцю рэкамендуе М.Літвін падыходзіць да вынясення смяротнага прыгавору. Права на такое рашэнне павінна быць прадастаўлена толькі вышэйшай судовай інстанцыі.

Мысліцель выкрывае адзін з самых істотных недахопаў сістэмы кіравання Вялікага княства Літоўскага — займанне адной асобай, як правіла знатнай, некалькіх адміністрацыйных пасад.

М.Літвін не быў праціўнікам феадальнай саслоўна-класавай стуктуры грамадства, аднак лічыў, што некаторыя з яе элементаў павінны быць зменены. У прыватнасці, М.Літвін даволі рашуча пратэстуе супраць існуючага халопства: “Мы трымаем у бесперапынным прыгнёце людзей сваіх, здабытых не вайною і не продажам, якія належаць не да чужога, але да нашага племені і веры”2 .

Такім чынам, услед за Ф.Скарынай М.Літвін узнімае шэраг палітычна-прававых праблем, якія пазней апынуцца ў цэнтры ўвагі грамадскай думкі Беларусі, у прыватнасцi аб роўнасці саслоўяў перад законам, удасканаленні сістэмы дзяржаўнага кіравання і правасуддзя, упарадкаванні і дэмакратызацыі працэдуры судовага разбору, падрыхтоўкі кваліфікаваных і маральна паўнацэнных чыноўнікаў і суддзяў і інш.

У другой палове XVI ст. вялiкую ролю ў асвеце нашых суайчыннікаў адыгралi iдэi С.Буднага. На яго думку, “улада — справа добрая, патрэбная i карысная”, але носьбiт улады павiнен iмкнуцца не да асабiстай карысцi i задавальнення, а да дабрабыту ўсяго грамадства i дзяржавы. Сымон Будны лiчыў, што ўсе дзяржаўныя дзеячы павiнны быць справядлiвымi, праўдзiвымi i добра ведаць законы. Сам жа кiраўнiк дзяржавы павiнен быць чалавекам адукаваным i чытаць кнiгi “старажытных i нестаражытных гiсторыкаў, каб ведаць аб тым, што адбывалася ў старажытнасцi, бо... той, хто не ведае, што адбывалася ў свеце ў мiнулым, заўсёды застаецца юнаком”1 .

Вялiкi ўплыў на развiццё прагрэсiўных iдэй у галiне дзяржавы i права аказалi працы А.Волана. Яго вучэнне з’яўляецца істотным дасягненнем юрыдычнай думкі ХVI ст. Абапiраючыся на натуральнае права, ён выступаў у абарону свабоды i роўнасцi людзей, чаго можна было дасягнуць толькi праз устанаўленне разумных законаў, заснаваных на прынцыпе: “Нiкому не рабiць крыўды, кожнаму аддаць тое, што яму належыць”2 . Галоўнай мэтай i прызначэннем дзяржавы ён лiчыў забеспячэнне спакойнага i шчаслiвага жыцця людзей, iх абарону ад гвалту i рабаванняў. Сапраўды свабоднымi людзьмi, меркаваў ён, могуць быць грамадзяне толькi такой дзяржавы, у якой права ў роўнай ступенi служыць усiм. Але паколькi права ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у асноўным абараняла iнтарэсы феадалаў i шляхецкага стану (саслоўя), то А.Волан лiчыў такую дзяржаву несправядлiвай.

Палітычным ідэалам А.Волана з’яўляецца манархія, якая “кіруе і правіць народам з дапамогай законаў”. “Закон — валадар грамадзян і караля”. Манарх жа, на думку мысліцеля, “павінен быць нічым іншым, як законам, які мовіць”. Волан перакананы, што зло прыходзіць не ад самога інстытута дзяржаўнай улады, а ад адміністрацыйных асоб, якія злоўжываюць сваім становішчам, парушаюць закон і інтарэсы “агульнага дабра”.

Абмежаваная законам манархія, ва ўяўленні мысліцеля, найлепшым чынам здольна служыць інтарэсам “агульнага дабра” і тым самым захоўваць грамадскую стабільнасць. Пытанні аб паходжанні ўлады і права Волан вырашае кампрамісна, выводзячы іх як з прыродных, так і з боскіх крыніц.

Такiм чынам, работы беларускiх мыслiцеляў-рэфарматараў улiвалiся ў шырокую i магутную плынь гуманiзму, якая, распаўсюджваючыся па Заходняй Еўропе, дасягнула Вялiкага княства Лiтоўскага.

Больш сiстэматычна i мэтанакiравана праца па даследаванні гiсторыi дзяржавы i права Беларусi пачала весцiся пасля стварэння ў 1787 г. кафедры гісторыі права ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Асаблівыя дасягненні бачны ў XIX ст. Адной з першых значных работ гэтага часу стала манаграфiя Т.Чацкага “Аб лiтоўскiм i польскiм праве, яго духу, крынiцах, сувязях i аб змесце першага Статута, выдадзенага для Лiтвы ў 1529 годзе” ў двух тамах, якая выйшла ў Варшаве ў 1800 — 1801 гг. на польскай мове. Гэта работа мае шмат дадатных бакоў у характарыстыцы i ацэнках права Беларусi XVI ст. Разам з тым Т.Чацкi быў прыхiльнiкам i абаронцам нарманскай тэорыi паходжання славянскiх дзяржаў i права. З яго пунктам гледжання не быў згодны такі буйны даследчык гісторыі права, як I.Ракавецкі. У сваёй рабоце “Руская Праўда, або Права вялiкага князя Яраслава”, надрукаванай у Варшаве (т.1 у 1820 г. i т.2 ў 1822 г.), ён зрабіў спробу даказаць, што падабенства нормаў славянскага права з нормамі iншых народаў тлумачыцца не запазычваннямi, а падабенствам умоў жыцця. I.Ракавецкi лiчыў, што не можа быць эфектыўнага вывучэння гiсторыi права кожнага славянскага народа без вывучэння гiсторыi права ўсiх славянскiх народаў як адзiнага цэлага.

Вялiкае значэнне ў вывучэннi гiсторыi дзяржавы i права Беларусi i Лiтвы маюць работы I.М.Данiловiча. У першай палове XIX ст. iм былi знойдзены новая рэдакцыя Судзебнiка 1468 г., спiсы Статута 1529 г. на старабеларускай мове, Супрасльскi летапiс, напiсана некалькi навуковых прац. У сваiх кнiгах i лекцыях вучоны зыходзiў з таго, што права Вялiкага княства Лiтоўскага мела адзiную крынiцу са старажытнарускiм правам.

Навуковая заслуга I.М.Данiловiча заключаецца перш за ўсё ў тым, што ён адкрыў i апублiкаваў шэраг выключна важных помнiкаў права i звярнуў увагу рускiх гiсторыкаў на неабходнасць усебаковага вывучэння гiсторыi права Вялiкага княства Лiтоўскага. Нямала ў гэтым сэнсе зрабiлi ў XIX ст. такiя вучоныя, як О.В.Турчыновiч, М.О.Каяловiч, М.Ф.Уладзiмiрскi-Буданаў, I.А.Малiноўскi, М.К.Любаўскi, I.I.Лапо, М.В.Доўнар-Запольскi.

Цэнтрамі па даследаванні гісторыі дзяржавы і права феадальнай Беларусі былі Кіеўскі, Харкаўскі, Маскоўскі і Пецярбургскі універсітэты.

Аднак трэба адзначыць, што большасць рускiх дваранскiх i буржуазных даследчыкаў права, якiя займалiся вывучэннем гiсторыi ВКЛ, разглядалi гэту дзяржаву не як самастойнае ўтварэнне, а як прамы працяг і далейшае развіццё гісторыі Кiеўскай Русi. Разам з тым, нягледзячы на пэўныя метадалагiчныя памылкi, гэтыя даследчыкi садзейнiчалi вырашэнню выключна важных прыватных пытанняў. На аснове аналiзу велiзарнага фактычнага матэрыялу яны даказалi наяўнасць генетычнай сувязi памiж правам Вялiкага княства Лiтоўскага i старажытнарускiм правам, даследавалi структуру i кампетэнцыю вышэйшых i мясцовых дзяржаўных органаў, звярнулi ўвагу на неабходнасць вывучэння гiстарычнага развiцця нормаў крымiнальнага, цывiльнага, працэсуальнага i iншых галiн права.

Вялікае значэнне ў вывучэнні гісторыі дзяржавы і права феадальнай Беларусі мае польская гістарыяграфія.

У канцы XIX — пачатку XX ст., пасля некаторага спаду, у польскай буржуазнай гiсторыка-прававой лiтаратуры актывiзавалiся даследаваннi па гiсторыi права Вялiкага княства Лiтоўскага. Асаблiвую цiкавасць выклiкаюць працы А.Лявiцкага, А.Ябланоўскага, Е.Язерскага, С.Кутшэбы i iнш. У адрозненне ад рускiх дваранскiх i буржуазных даследчыкаў большасць польскiх навукоўцаў разглядалi заканадаўства народаў Беларусi, Лiтвы i Украiны як частку права Польшчы. Галоўную ўвагу ў сваiх даследаваннях яны канцэнтравалi на дзейнасцi высокапастаўленых асоб, а з помнiкаў права вывучалi перш за ўсё Статуты. Пры гэтым назiраліся перабольшванне ролi шляхты ў палiтычным жыццi дзяржавы, iдэалiзацыя шляхецкай дэмакратыi. Некаторыя польскiя гiсторыкi iмкнулiся даказаць палiтычную адсталасць Беларусi, Украiны i Лiтвы, якiя нiбыта скапiравалi структуру палiтычных i прававых iнстытутаў Польшчы i ў сiлу гэтага сталi яе часткай. Гэтым яны давалi гiстарычнае абгрунтаванне права сваёй дзяржавы на землi былога ВКЛ.

Першымi вучонымi савецкага часу, якiя сталі займацца гiсторыяй дзяржавы i права Беларусi, былі У.I.Пiчэта і М.Доўнар-Запольскі. У.I.Пічэтай напiсана больш за 480 работ, у якiх дадзены глыбокi аналiз прававога становiшча насельнiцтва i прававых адносiн у беларускiм грамадстве перыяду феадалiзму. У савецкай гiстарычна-прававой лiтаратуры кароткi пераказ асноў феадальнага права ВКЛ быў упершыню ажыццёўлены С.В.Юшковым у 1940 г. у падручнiку “Гiсторыя дзяржавы i права СССР”.

Для даследчыкаў дзяржавы i права Беларусi асаблiвую цiкавасць маюць працы М. В. Доўнар-Запольскага «Гiсторыя Беларусi» i «Асновы дзяржаўнасцi Беларусi», у якiх ён абгрунтоўвае неабходнасць стварэння незалежнай Беларускай дзяржавы.

Даследаванню гiсторыi дзяржавы i права Беларусi прысвечаны работы такiх сучасных беларускiх навукоўцаў, як Я.А.Юхо, С.Ф.Сокал, Т.I.Доўнар, В.А.Шаўкапляс, В.А.Круталевіч, Г.В.Дзербіна, М.У.Сільчанка, I.А.Басюк, I.I.Марціновіч, С.П.Маргунскі, М.А.Слабодчыкаў i iнш.1 Вялiкая колькасць артыкулаў па гiсторыi дзяржавы i права Беларусi знаходзiцца ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыi, а таксама ў Юрыдычным энцыклапедычным слоўнiку, якi выйшаў з друку ў 1992 г.

У 1998 г. упершыню ў нашай краіне прафесарамі А.Ф.Вішнеўскім і Я.А.Юхо падрыхтаваны вучэбны дапаможнiк, у якім у адпаведнасці з праграмай курса гісторыі дзяржавы і права Беларусі змешчаны дакументы, якія асвятляюць працэс развіцця дзяржавы і права нашай Айчыны ў часы існавання Полацкага і Тураўскага княстваў, Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, знаходжання яе ў складзе Расійскай імперыі, а таксама ў паслякастрычніцкі перыяд да нашых дзён1.

Нават кароткi агляд навуковых прац i публiкацый крынiц па гiсторыi дзяржавы i права Беларусi сведчыць аб багаццi нашай прававой культуры. На жаль, гiстарычна склалася так, што гiсторыя наогул i гiсторыя дзяржавы i права беларускага народа у прыватнасцi фактычна нiколi не вывучалiся аб’ектыўна, як самастойная галіна навукі. Выключэннем з’яўляюцца толькi сярэдневяковыя даследаваннi, а таксама работы некаторых гiсторыкаў пазнейшага часу (Доўнар-Запольскi, Iгнатоўскi, Улашчык i iнш.), якiя, нягледзячы на шматлiкiя цяжкасцi палiтычнага характару, не адступалi ад сваiх высокiх грамадзянскiх перакананняў. Увогуле польская, руская i савецкая гiстарыяграфiя разглядалi гiсторыю дзяржавы i права Беларусi тэндэнцыйна, аднабакова, з улiкам перш за ўсё ўласных палiтычных iнтарэсаў, а не навуковай аб’ектыўнасцi. Такiя падыходы не адпавядалі як патрабаванням элементарнай логiкi, так i той акалiчнасцi, што суверэнная Беларусь павiнна мець сваю, не скажоную, праўдзiвую гiсторыю дзяржавы i права.

 

Глава2


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 262; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.01 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты