Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Станаўленне права Старажытнай Беларусi i яго характарыстыка




У 1-м тыс. н.э. ва ўсходнiх славян фармiравалася ўстойлiвая сiстэма агульнапрынятых звычаяў, якая вызначала правiлы паводзiн людзей. Паступова частка звычаяў пачала набываць рысы абавязковасцi, нярэдка суправаджалася прымусам, якi быў санкцыянаваны родаплемяннымi органамi i абшчынамi, i ўрэшце рэшт набыла якасці звычаёвага права. Яно выяўлялася, напрыклад, у кроўнай помсце за забойства родзiчаў, у спосабах заключэння шлюбу i парадку атрымання спадчыны, у выгнаннi з абшчыны за парушэнне мiру i г.д.

Узнiкненне старажытных дзяржаў на тэрыторыi Беларусi суправаджалася фармiраваннем старажытнага феадальнага права. Яго першай крынiцай, асновай i былi старажытныя звычаi. З таго моманту, калi звычай санкцыянаваўся дзяржавай, ён станавiўся нормай звычаёвага права. Гэтыя нормы маглi iснаваць як у вуснай, так i ў пiсьмовай форме.

Частка нормаў звычаёвага права паступова замацоўвалася ў дзяржаўным пiсьмовым заканадаўстве, часткова вiдазмяняючыся або заканадаўча забараняючыся. Кроўная помста, напрыклад, была забаронена ўжо ў XI ст.

Такiм чынам, у старажытнасцi пануючым было звычаёвае права. Яно ўяўляла сабой сiстэму прававых нормаў, якiя ўзнiклi непасрэдна з грамадскiх адносiн, абапiралiся на агульнапрынятасць i даўнасць ужывання i былi санкцыянаваны дзяржавай.

З далейшым развiццём i ўмацаваннем феадальных адносiн стваралiся перадумовы для атрымання льгот пануючым класам. Таму ад дзяржавы патрабавалася выданне спецыяльных законаў, дапаўненняў i тлумачэнняў да нормаў звычаёвага права. Так стваралiся нормы пiсанага права, якое спачатку не адмяняла нормаў звычаёвага права, а толькi дапаўняла iх, надавала iм агульнадзяржаўны характар. Таму невыпадкова, што ва ўсiх старажытных помнiках асноўны змест пiсанага права складалi нормы, узятыя са звычаёвага права.

Звычаёвым правам у старажытнасцi рэгулявалiся ўсе праваадносiны ў грамадскiм жыццi: структура i кампетэнцыя дзяржаўных устаноў, правы i абавязкi розных класаў, станаў (саслоўяў) i сацыяльных груп насельнiцтва, грамадзянскiя, сямейна-шлюбныя, зямельныя, судова-працэсуальныя, крымiнальныя i iнш. На Беларусi звычаёвае права было пануючым да XV ст. Паступова яно выцяснялася пiсаным правам. Многiя нормы звычаёвага права набылi форму закона ў выглядзе шматлiкiх грамат, лiстоў, прывiлеяў, соймавых пастаноў, статутаў, iншых прававых актаў.

Для старажытнага звычаёвага права Беларусi характэрныя наступныя рысы: партыкулярызм, традыцыяналiзм i дуалiзм.

Партыкулярызм права звязаны з наяўнасцю ў кожнай мясцовасцi сваiх звычаяў, нормаў, правiл i адсутнасцю агульнадзяржаўнай прававой сiстэмы. Напрыклад, у “Аповесцi мiнулых гадоў” гаворыцца аб тым, што насельнiцтва кожнай зямлi “имяху бо обычаи свои и закон отец своих и преданья каждо свой нрав”.

Традыцыяналiзм i кансерватызм прававых нормаў, iх нязменнасць у многiм былi абумоўлены ўплывам царквы. Справа ў тым, што ў аснове старажытнай прававой тэорыi ляжала царкоўнае вучэнне аб тым, што ў грамадстве i ва ўсiм свеце наогул пануе нязменны, раз i назаўсёды ўстаноўлены Богам парадак. Усякiя спробы крытыкаваць цi змяняць сацыяльна-эканамiчную, палiтычную цi прававую сiстэму лiчыліся ерассю, выступленнем супраць царквы i Бога. Гэта значна абмяжоўвала заканадаўчую дзейнасць князя, бо ён не быў упаўнаважаны ствараць або змяняць нормы права. Нават у XV — XVI стст. урад вымушаны быў абяцаць не парушаць традыцыi i не ўводзiць новых парадкаў. З традыцыяналiзмам у звычаёвым праве цесна звязана iерархiчнасць грамадства з яго складанай сацыяльнай структурай i прававой рэгламентацыяй саслоўяў i сацыяльных груп.

У сувязi з гэтым асоба мела вельмi мала самастойнасцi: жыццё кожнага чалавека павiнна было ўкладвацца ў рамкi свайго класа, саслоўя, сацыяльнай або рэлiгiйнай групы.

Дуалiзм (дваiстасць) звычаёвага права заключаўся ў iдэi поўнага бяспраўя рабоў (халопаў, чэлядзi нявольнай) i фармальнай роўнасцi свабодных людзей пры фактычным стварэннi льгот i пераваг пануючаму класу. Халопы, чэлядзь нявольная не прызнавалiся самастойнымi суб’ектамi праваадносiн. Адноснае раўнапраўе свабодных гараджан, сялян-даннiкаў i iншых праяўлялася ў тым, што яны маглi ўдзельнiчаць у рашэннi дзяржаўных спраў на вечавых сходах, выбiраць i быць выбранымi ў органы кiравання, неслi роўныя павiннасцi, у тым лiку i вайсковую па абароне свайго горада, воласцi, княства. Але з далейшым развiццём феадальных адносiн праваздольнасць простых людзей пачала абмяжоўвацца.

Коратка ахарактарызуем некаторыя юрыдычныя помнiкi, нормы якiх доўгі час дзейнiчалi на тэрыторыi сучаснай Беларусi.

Як адзначалася вышэй, былi перыяды, калi беларускiя княствы падпарадкоўвалiся кiеўскiм князям, асаблiва гэта тычыцца Турава. З гэтага вынiкае, што ў старажытнабеларускiх землях дзейнiчалi нормы “Рускай Праўды”, вядомага ў свеце помнiка права. Таму мы лiчым неабходным пачаць разгляд прававой спадчыны з кароткай характарыстыкi гэтага вельмi глыбокага па сэнсе i змесце юрыдычнага дакумента.

“Руская Праўда” — зборнiк законаў, якi фармiраваўся на працягу XI — XII стст., а некаторыя яго артыкулы бяруць свой пачатак яшчэ ў паганскай (язычнiцкай) даўнiне. Аналiзуючы “Рускую Праўду”, можна прыйсцi да высновы, што ўсе яе суб’екты з’яўлялiся фiзiчнымi асобамi (паняцця юрыдычнай асобы закон яшчэ не ведаў). Сярод вiдаў злачынстваў, прадугледжаных “Рускай Праўдай”, няма злачынстваў супраць дзяржавы. Нават князь як аб’ект злачыннага замаху разглядаўся ў якасцi фiзiчнай асобы і адрознiваўся ад iншых толькi сваiмі больш высокiм становiшчам i прывiлеямi.

З канкрэтнымi суб’ектамi звязваўся i змест права ўласнасцi. “Руская Праўда” яшчэ не ведала такіх абстрактных паняццяў, як “уласнасць”, “валоданне”, “злачынства”.

Зборнiк законаў грунтаваўся на казуальнай сiстэме, згодна з якой заканадавец iмкнуўся прадугледзець усе магчымыя жыццёвыя сiтуацыi. Гэтыя юрыдычныя асаблiвасцi абумоўлены тым, што адной з крынiц “Рускай Праўды” служыла звычаёвае права, нормы i прынцыпы якога былі несумяшчальныя з абстрактным паняццем юрыдычнай асобы. Для звычаю ўсе суб’екты роўныя i ўсе яны могуць быць толькi фiзiчнымi асобамi. Другая крынiца “Рускай Праўды” — княжацкая судовая практыка, якая ўносiла суб’ектыўны элемент у вызначэнне кола асоб, на якіх перш за ўсё распаўсюджвалiся прававыя прывiлеi (асобы, наблiжаныя да княжацкага двара), i ў ацэнку юрыдычных дзеянняў.

Нормы “Рускай Праўды” абаранялi прыватную ўласнасць (рухомую i нерухомую), рэгламентавалi парадак яе перадачы ў спадчыну па абавязацельствах i дагаворах. Адносiны па абавязацельствах маглi ўзнiкнуць з прычыны нанясення шкоды цi ў адпаведнасцi з дагаворам. За парушэнне абавязацельстваў даўжнiк адказваў маёмасцю, а часам i сваёй свабодай. Дагаворы заключалiся пры сведках, на таргу цi ў прысутнасцi мытнiка. У “Рускай Праўдзе” ёсць звесткi аб дагаворах куплi-продажу (людзей, рэчаў, коней, самапродажу), пазыкi (грошай, рэчаў), крэдытавання (пад працэнты або без iх), асабiстага найму (для выканання пэўнай работы) i г.д.

Злачынства, па “Рускай Праўдзе”, вызначалася не як парушэнне закона цi княжацкай волi, а як “крыўда”, што значыць прычыненне маральнага цi матэрыяльнага ўрону асобе або групе асоб. Крымiнальнае правапарушэнне не адрознiвалася законам ад грамадзянска-прававога. Да аб’ектаў злачынства “Руская Праўда” адносiла асобу i маёмасць. Аб’ектыўны яго бок распадаўся на дзве стадыi: замах на злачынства (напрыклад, караўся чалавек, якi выняў меч, хоць i не ўдарыў iм нiкога) i закончанае злачынства. Суб’ектам злачынства магла быць любая фiзiчная асоба, акрамя халопа, за дзеяннi якога караўся гаспадар. Аб узроставым цэнзе для суб’ектаў злачынства ў законе нiчога не гаварылася. Cуб’ектыўны бок злачынства ўключаў намер i неасцярожнасць.

Як указвалася, “Руская Праўда” ведала толькi два родавыя аб’екты злачынства: асобу чалавека i яго маёмасць. Cярод крымiнальных дзеянняў супраць асобы называлiся забойствы, цялесныя пашкоджаннi, пабоi, знявага дзеяннем. Да маёмасных злачынстваў адносiлiся разбой, крадзёж (татьба), знiшчэнне чужой маёмасцi, падпал, канакрадства (як асобны вiд крадзяжу), злосны неплацёж доўгу i iнш. Найбольш дэталёва рэгламентавалася паняцце “татьба”.

Сiстэма пакаранняў была адносна простай i мяккай. Вышэйшая мера пакарання — “поток и разграбление”. Часам гэта азначала смерць асуджанага i разбор яго маёмасцi, iншы раз — продаж у халопы.

Наступнай па цяжкасцi мерай пакарання была “вiра” (штраф), якая прызначалася толькi забойцам. Калi за злачынцу разлiчвалася яго “вервь” (абшчына), тады гэта называлася “дзiкай вiрай”. Iнстытут “дзiкай вiры” выконваў палiцэйскую функцыю, бо звязваў усiх членаў абшчыны кругавой парукай. Усе астатнiя злачынствы як супраць асобы, так i маёмасныя каралiся “продажей” (штрафам), памер якой знаходзiўся ў залежнасцi ад цяжкасцi злачынства. “Продажа” iшла ў казну, а пацярпеўшы атрымлiваў “урок” — грашовую ўзнагароду за панесеную страту.

“Руская Праўда” яшчэ не рабiла дакладнага размежавання памiж крымiнальным i грамадзянскiм працэсамi. Судовы працэс меў яскрава выяўлены спаборны (спрэчны) характар: ён пачынаўся толькi па iнiцыятыве iстца, бакi ў iм (iсцец i адказчык) мелi роўныя правы. Судаводства было адкрытым i вусным.

Сiстэма доказаў складвалася са сведчання вiдавочцаў злачынства (“видоки”); рэчавых доказаў (“поличное”); выпрабаванняў агнём, вадой, жалезам (“ордалии”); прысягі.

Акрамя “Рускай Праўды” найбольш старажытнымi помнiкамi пiсанага права на Беларусi з’яўляюцца граматы аб адносiнах Смаленска, Полацка i Вiцебска з Рыгай i нямецкiмi купцамi, а таксама дагаворы 1229, 1263 i 1338 гг. Гэтыя юрыдычныя помнiкi з’яўляюцца каштоўнай крынiцай вывучэння старажытнага права. Бакi, якiя дамаўлялiся памiж сабой, знаходзiлiся прыкладна на адным узроўнi эканамiчнага i культурнага развiцця i таму нярэдка ўключалi ў сумесныя пагадненнi нормы звычаёвага права сваёй мясцовасцi. Для iлюстрацыi больш падрабязна разгледзiм дагавор 1229 г., якi навукоўцы называюць “Смаленская гандлёвая праўда”. Гэта мiжнароднае гандлёвае i палiтычнае пагадненне памiж Смаленскiм, Вiцебскiм i Полацкiм княствамi, з аднаго боку, і Рыгай i Готландам — з другога. Дагавор 1229 г. — адзiн з першых дайшоўшых да нас помнiкаў права феадальнай Беларусi. Ён замацаваў прававыя нормы, якiя гарантавалi i забяспечвалi развiццё мiжнародных гандлёвых адносiн на падставе ўзаемнасцi i раўнапраўя.

Ва ўступе да дагавора гаворыцца пра ўстанаўленне дружалюбных адносiн памiж краiнамi i пералiчваецца склад пасольстваў, якiя прымалi ўдзел у яго заключэннi. Тэкст дагавора складаецца з шэрага артыкулаў, у якіх выкладзены нормы крымiнальнага, працэсуальнага права i права па абавязацельствах, а таксама палажэннi, што рэгламентавалi парадак заключэння дагавораў куплi-продажу, правозу тавараў i iнш. Дагавор устанаўлiваў гарантыi недатыкальнасцi iншаземных купцоў, узаемныя прывiлеi па тавараабмене, агаворваў умовы бесперашкоднага продажу тавараў. Найважнейшыя артыкулы вызначалi свабоду гандлю як для iншаземных “гасцей” на беларускiх землях, так i для беларускiх купцоў у Рызе i iншых гарадах, бесперашкодны праезд па тэрыторыi гандлюючых бакоў, а таксама дакладныя пошлiны на тавары.

Такiм чынам, галоўнае прызначэнне дагавора 1229 г. заключалася ў замацаваннi прававых нормаў, якiя забяспечвалi нармальныя адносiны памiж заходне- i ўсходнееўрапейскiмi народамi на аснове ўзаемнасцi i раўнапраўя. Прадугледжвалася замацаванне мiрных адносiн памiж народамi, вызначаліся аб’ём адказнасцi за крымiнальныя злачынствы, парадак i чарговасць спагнання даўгоў, парадак судаводства.

Аналiз юрыдычных помнiкаў Старажытнай Беларусi дазваляе сцвярджаць, што з далейшым развiццём i ўмацаваннем феадалiзму пашыралася роля прававых нормаў у рэгуляваннi грамадскiх адносiн i перш за ўсё нормаў цывiльнага i крымiнальнага права.

У першую чаргу гэта адбiлася на ўсталяваннi рознай праваздольнасцi простых людзей i феадалаў. Найбольш абароненымі законам былi князi, баяры i вышэйшыя слаi духавенства. Яны, у прыватнасцi, маглi распараджацца сваiмi маёнткамi, учыняць розныя грамадзянска-прававыя здзелкi, мець залежных людзей, а таксама халопаў. Меншай праваздольнасцю валодалi свабодныя людзi, якiя знаходзiлiся ў васальнай залежнасцi ад буйных землеўладальнiкаў, яшчэ меншай — феадальна-залежныя сяляне. Халопы i чэлядзь нявольная не мелі амаль ніякіх правоў. Напрыклад, яны не маглі валодаць нерухомай уласнасцю, выступаць у судзе.

Крынiцы дазваляюць сцвярджаць, што ў залежнасцi ад класавай прыналежнасцi пацярпеўшага i злачынцы ўстанаўлiвалася i розная крымiнальная адказнасць. Напрыклад, у адпаведнасцi з дагаворам 1229 г. за забойства свабоднага чалавека з вiнаватага спаганялася 10 грыўнаў серабра, за папа або пасла — 20, за халопа — 1 грыўна серабра.

Заканадаўства разглядаемага перыяду перш за ўсё вылучае такiя вiды пакарання, як маёмасныя спагнаннi i выдача злачынцы пацярпеўшаму. За асаблiва цяжкiя злачынствы закон прадугледжваў расправу i рабаванне як самога вiнаватага, так i яго сям’i.

У сямейным праве вялікае значэнне надавалася шлюбу. Асабiстыя адносiны ў сям’i будавалiся на падпарадкаваннi жонкi мужу. Апошнi прызнаваўся галавой сям’i, але калi муж iшоў у сям’ю жонкi, то ўласнiкам гаспадаркi лiчылася жонка або яе бацькi. У адпаведнасцi з нормамi старажытнага права жанчыны карысталiся значнымi правамi i павагай. Так, за злачынствы, учыненыя супраць жанчыны, вiнаваты нёс пакаранне ў двайным памеры, жорстка каралiся антымаральныя ўчынкi. Напрыклад, артыкул 17 дагавора 1229 г. (Готландская рэдакцыя) за пралюбадзейства ўстанаўлiваў такую ж санкцыю, як i за забойства, — 10 грыўнаў серабра. Прыняцце хрысцiянства i яго далейшае распаўсюджванне на тэрыторыi сучаснай Беларусi адбiлася на ўсiх баках жыцця грамадства, у тым лiку i на праве, перш за ўсё сямейным. Так, была ўстаноўлена царкоўная форма шлюбу з абавязковым вянчаннем у храме. Толькi дзецi, якiя нарадзiлiся ад бацькоў, што знаходзiлiся ў царкоўным шлюбе, мелi права на атрыманне спадчыны.

У судах дзяржаў-княстваў Беларусi панаваў абвiнаваўча-спаборны працэс, які ўжываўся пры разглядзе грамадзянскiх i крымiнальных спраў, калі кожны бок спрабаваў даказаць сваю праўду.

Галоўную ролю ў доказах мелi паказаннi сведкаў, прысяга (цалаванне крыжа), “суд боскi” (выпрабаванне агнём цi вадой).

Князi, iх пасаднiкi, iншыя службовыя асобы выконвалi функцыi пасрэднiкаў у судовым працэсе, спаганяючы за гэта пэўную суму — вiру (штраф).

Прымітыўная класавая структура старажытных дзяржаў-княстваў i недастаткова выяўлены класавы антаганiзм не дазволялi суду заняць важнае месца ў сiстэме ўлады Старажытнай Беларусi.


Глава 3


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 376; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.007 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты