КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Грамадскi лад усходнеславянскiх княстваў у IХ — першай палове ХIII ст.Сацыяльная структура i грамадскi лад княстваў, якiя знаходзiлiся на тэрыторыi сучаснай Беларусi (Полацкае, Тураўскае i iнш.), адпавядалi раннефеадальнаму ўзроўню развiцця, калi маёмасная i сацыяльная няроўнасць ужо прысутнiчала ў рэальным жыццi, аднак свайго юрыдычнага афармлення амаль не мелi. Прававое замацаванне статуса сацыяльных груп рэалiзавалася праз звычаёвае права, палiтычныя традыцыi, рэлiгiйныя тлумачэннi, маральныя нормы. Асноўнымi класамi былi феадалы i феадальна-залежныя сяляне. Прычым, як падкрэслiвае прафесар С.Ф.Сокал, гэта залежнасць была ў асноўным калектыўнай, таму i феадальныя павiннасцi часцей за ўсё накладвалiся на ўсю вёску цi паселiшча1 . Разам з феадаламi i феадальна-залежным насельнiцтвам iснавалi рабы (халопы, чэлядзь нявольная), свабодныя гарадскiя жыхары (рамеснiкi, купцы, госцi) i сяляне-даннiкi. Апошнiя не знаходзiлiся ў залежнасцi ад асобных феадалаў, а выконвалi пэўныя павiннасцi i ўносiлi феадальную рэнту непасрэдна на карысць дзяржавы. Клас феадалаў меў значныя зямельныя ўгоддзi, якiя апрацоўвалiся феадальна-залежнымi людзьмi i часткова рабамi. На падставе глыбокага аналiзу пiсьмовых крынiц, археалагiчных даных прафесар Г.В.Штыхаў прыйшоў да высновы, што ў X ст. з’явiлася княжацкае землеўладанне i княжацкiя сёлы, якiя да XII ст. сталi распаўсюджанай з’явай. Акрамя таго, у XII ст. узнiкла баярскае i манастырскае землеўладанне. Манастырскiя вотчыны папаўнялiся за кошт княжацкiх ахвяраванняў i ўкладаў прыватных асоб. Зразумела, што ў IX — XI стст. працэс феадалiзацыi развiваўся марудна. У IX ст. князь не жалаваў сваёй дружыне зямель i не заводзiў уласнай гаспадаркi, а абкладаў свабоднае i паўсвабоднае насельнiцтва данiнай. Збор дароў з насельнiцтва на тэрыторыi, на якой уладарыў князь, называўся “палюддзем”. Дружыннiкi таксама атрымлiвалi ад князя правы збiраць данiну i “кармiцца” з той цi iншай воласцi. Так, яшчэ да з’яўлення буйнога княжацкага землеўладання ва ўсходнiх славян узнiкалi прыкметы васальнай залежнасцi, што азначала права атрымання дружыннiкамi данiны з пэўнай тэрыторыi. У якасцi васалаў вялiкага князя дружыннiкі неслі службу за “лен”. У летапiсе пад 862 г. сказана, што князь Рурык, якi знаходзiўся ў Ноўгарадзе, раздаваў “мужам сваiм гарады, таму — Полацк, таму — Растоў, другому — Белавозера”. Словы “княжы муж” азначаюць чалавека, якi наблiжаны да князя, выконвае яго даручэннi i якому ў кiраванне i для збору данiны даецца горад з воласцю. Паступова “княжыя мужы” з разнастайнымi азначэннямi (“добрыя”, “лепшыя” i iнш.), як члены старэйшай дружыны князя пачалi, называцца баярамi. Надзейнай апорай княжацкай улады была ваенная дружына. Дружыннiкi акружалi князёў, абаранялi iх iнтарэсы. З iмi князь раiўся па пытаннях арганiзацыi паходаў, а таксама суда i адмiнiстрацыйнага кiравання. Калi князь перамяшчаўся на новае княства, дружына iшла за iм. Так, калi ў 1088 г. тураўскi князь Святаполк Iзяслававiч перайшоў на вялiкакняжацкi прастол ў Кiеў, то з сабой ён забраў i тураўскую дружыну. Дружыны ў полацкiх князёў, як i ў iншых князёў “рускiх”, складалiся з дзвюх груп: у першую — старэйшую — уваходзiлi “бояры”, “сильные мужи”, у другую — малодшую, якая жыла пры двары князя, — “гридь”, “отроки”, “детские”. З яе выходзiлi слугi князя, яго целаахоўнiкi, малодшыя службовыя асобы. Земскiя ратнiкi, якiя не належалi да сталага княжацкага войска, насiлi найменне “воі”. Па словах В.Ключэўскага, “баявыя людзi”, як тыя, што належалi да дружыны князя, так i тыя, што выходзiлi з простага насельнiцтва, часам азначалiся неюрыдычным тэрмiнам “кметы” цi “кмецце” ў зборным сэнсе1 . Такiм чынам, у грамадстве ўтварылася некалькi пластоў. Верхні складалi князi, баяры, старэйшая i малодшая дружыны, духавенства. Феадалы былi ўзаемазвязаны сiстэмай васалiтэту, якая рэгулявала правы i абавязкi памiж iмi, а таксама перад дзяржавай. Эканамiчная магутнасць класа феадалаў дазволiла яму заняць пануючае становiшча ў палiтычным жыццi грамадства, захапiць усе ключавыя пасады ў дзяржаўным апараце. Клас феадальна-залежных людзей утварыўся: 1) за кошт замацавання халопаў i iншых несвабодных людзей на зямлi, бо для феадала значна важней станавiлася валодаць правам распараджацца павiннасцямi сялян, чым iх асобай; 2) шляхам гвалтоўнага пазаэканамiчнага прымусу былых свабодных абшчыннiкаў уносiць пэўныя данiны i выконваць павiннасцi на карысць асобных феадалаў або дзяржавы ў цэлым; 3) у вынiку маёмаснага расслаення свабодных сялян, якiя, збяднеўшы, трапiлi ў даўгавую кабалу. Так у разглядаемы перыяд з’яўляецца фiгура феадальна-залежнага селянiна-закупа. Закуп меў сваю гаспадарку, але беднасць прымушала яго iсцi ў кабалу да феадала, у якога ён браў купу — грашовую суму або натуральную дапамогу, i таму быў абавязаны працаваць на гаспадара. Праца закупа не iшла ў кошт аплаты доўгу (пазыкi), а выступала толькi ў якасцi выплаты працэнтаў за пазыку. Таму адпрацаваць купу было вельмi цяжка i селянін мог пажыццёва заставацца ў феадала. У выпадку пабегу закуп аўтаматычна станавiўся халопам. Да халопства вёў i крадзёж, учынены закупам. Феадал меў у адносiнах да закупа права вотчыннай юрысдыкцыi. Трэба адзначыць, што закуп у адрозненне ад халопа меў некаторыя правы. Яго нельга было бiць “не за дело”, прадаць у халопы, ён мог скардзiцца на гаспадара суддзям, у яго нельга было безпакарана адняць маёмасць. Такiм чынам, прававы i сацыяльны статус закупа мяняўся да моманту выплаты iм доўгу: пастаянна iснавала пагроза перайсцi ў халопскае становiшча. Разам з тым на пачатку развiцця феадальных адносiн на тэрыторыi Беларусi працягвалi захоўвацца свабодныя сяляне-даннiкi, якiя вялi сваю ўласную гаспадарку i абавязаны былi ўносiць на карысць цэнтральных i мясцовых органаў кiравання пэўную данiну натурай або грашыма, выконваць шэраг дзяржаўных павiннасцей (нясенне ваеннай службы ў апалчэннi, рамонт i будаўнiцтва замкаў, мастоў, шляхоў (дарог) i г.д.). Нельга не пагадзіцца з прафесарам Я.А.Юхо, якi сцвярджае, што наяўнасць у разглядаемы перыяд значнай колькасцi свабодных сялян-даннiкаў i рабоў у канчатковым вынiку не мяняла феадальнага характару грамадскiх адносiн. Свабодныя сяляне-даннiкi плацiлi рэнту на карысць феадальнай дзяржавы, а рабы эксплуатавалiся феадаламi. У эканамiчнай структуры грамадства праца свабодных сялян-даннiкаў i чэлядзi нявольнай у адрозненне ад працы феадальна-залежных сялян не мела вядучай ролi, а насiла дапаможны характар. У гарадах таксама iшоў працэс маёмаснага расслаення. Пануючае становiшча ў гарадской эканомiцы занялi купцы i багатыя рамеснiкi. Яны аказвалi значны ўплыў i на палiтыку дзяржавы.
|