КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Утварэнне Вялiкага княства Лiтоўскага, Рускага i ЖамойцкагаПытанне аб утварэннi Вялiкага княства Лiтоўскага (ВКЛ) з’яўляецца адным з самых складаных i спрэчных у сучаснай гiстарычнай навуцы. Аб першапачатковым палiтычным i тэрытарыяльным цэнтры Лiтвы ў навуцы склалiся дзве асноўныя канцэпцыi. Першая, якая адлюстравана ў шматлiкiх публiкацыях дарэвалюцыйных і савецкiх гiсторыкаў, звязвае ўзнiкненне ВКЛ з паскораным развiццём феадальных адносiн на тэрыторыi ўсходняй часткi сучаснай Лiтвы (Аўкштайцii), вынiкам чаго з’явiлася палiтычная кансалiдацыя плямёнаў, што пражывалi на азначанай тэрыторыi, i ўзнiкненне моцнага дзяржаўнага ўтварэння на чале з уласнай княжацкай дынастыяй. Такi пункт гледжання азначае, што Вялiкае княства Лiтоўскае ўтворана знешнiмi сiламi без удзелу ўсходнiх славян і таму яно чужое для беларусаў i ўкраiнцаў. Чаму ж на працягу доўгага часу ў савецкай гістарыяграфіі пытанне аб утварэнні Вялікага княства Літоўскага не было перагледжана? Мяркуем, гэта звязана з тым, што ў канцы 20 — пачатку 30-х гг. гістарычная навука апынулася пад моцным уціскам сталінскай знешняй палітыкі. У тыя часы Літва і Польшча былі буржуазнымі, а значыць, варожымі дзяржавамі. Гісторыкам, у тым ліку і гісторыкам права, трэба было прытрымлівацца прынцыпу “история — это политика, опрокинутая в прошлое” і даказваць спрадвечную варожасць гэтых дзяржаў да беларускага, украінскага і рускага народаў. Таму ў вядомых “Тэзісах” аб асноўных пытаннях гісторыі БССР з’яўляецца раздзел “Беларусь пад уладай літоўскіх і польскіх захопнікаў у XIV — XVIII стст.”. Такiм чынам, у 40-я — першай палове 50-х гг. ствараецца канцэпцыя гісторыі Беларусі, якая базіруецца не на грунтоўных даследаваннях і аналізе шматлікага дакументальнага матэрыялу, а на суб’ектыўных меркаваннях і домыслах1 . Паводле яе ВКЛ разглядаецца толькi як дзяржава літоўскіх феадалаў, прычым усяляк падкрэсліваецца захоп літоўцамі беларускiх земляў і барацьба працоўных Беларусі за ўз’яднанне з Масквой. Літоўская дзяржава, паводле схемы гісторыкаў сталінскай школы, была для беларуса чужароднай прыгнятальнай дзяржавай. Беларускі народ у час утварэння, а потым і ўмацавання Вялiкага княства Лiтоўскага ў афіцыйнай гістарыяграфіі паказваўся непаўнацэннай істотай, якая не магла цвёрда стаяць на ўласных нагах, не мела нічога гераічнага ў сваёй тысячагадовай гісторыі і марыла толькi аб адным — уз’яднанні з Масквой2 . Менавіта такія падыходы да разглядаемай праблемы, а таксама да гісторыі Беларусі ў складзе ВКЛ мы назіраем у працах У.Пашуты, Л.Абецэдарскага і іх паслядоўнікаў, у якіх Беларусь выступае не інакш як “падуладная Літве”, “заваяваная Літвой” і г.д.3 . Як справядлiва пiша прафесар С.Ф.Сокал, “больш памяркоўныя даследчыкi бачылi i адзначалi, што ўтварэнне ВКЛ не мела ў сваёй аснове ваеннай сiлы, а больш важную ролю тут адыгрывалi працэсы натуральнай сацыяльна-эканамiчнай i адпаведна ёй палiтычна-тэрытарыяльнай кансалiдацыi беларуска-лiтоўскiх зямель. Але яны не рашалiся выказаць думку, што ВКЛ — гэта гiстарычная форма дзяржаўнасцi нашых продкаў i што нашы продкi не адчувалi сябе чужынцамi ў гэтым “Лiтоўскiм княстве”4 . Другая канцэпцыя атрымала права на жыццё з выхадам у свет работ беларускага гiсторыка М.Ермаловiча1 . Выкарыстоўваючы даныя летапiсаў, тапанiмiкi, археалогii, аўтар прасочвае лёс нашай зямлi са старажытнасцi да ўтварэння i ўмацавання Вялiкага княства Лiтоўскага. Смеласць i арыгiнальнасць пазiцыi, непрыняцце iдэалагiчных догмаў i шаблонаў, якiя доўгі час панавалi ў гiстарычнай навуцы, вiдаць, i сталi прычынай таго, што працы М.Ермаловiча ўбачылi свет толькi ў апошнiя гады. Магчыма, не з усiмi вывадамi i назiраннямi М.Ермаловiча можна пагадзiцца, але яго погляды на гiсторыю Беларусi па некаторых пытаннях, яго трапныя меркаваннi вельмi цiкавыя i маюць права на жыццё. Даследваючы праблему ўтварэння Вялiкага княства Лiтоўскага, М.Ермаловіч прыходзіць да высновы, што ніводная гістарычная крыніца не пацвярджае літоўскага заваявання Чорнай Русі і іншых беларускiх земляў, што нібыта і паклала пачатак утварэнню Літоўскай дзяржавы. Заваяванне беларусаў літоўцамі ёсць нішто іншае, як міф, які ўзнік у сярэдзіне XVI ст., каб ідэалагічна абгрунтаваць правы Маскоўскай дзяржавы на беларускія землі, значная частка якіх была тады часова занята войскамі Iвана Грознага. Нельга таксама атаясамліваць летапісную Літву з усходняй часткай сучаснай Літвы (Аўкштайціяй). Гістарычныя сведчанні і тапаніміка паказваюць, што пад уласна Літвой у XI — XIII стст. разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоння, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Навагародскай землямі і якая нароўні з імі з’яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Менавіта яна і была далучана да Навагародка спачатку ў 50-я гг. літоўскім перабежчыкам Міндоўгам, а пасля, у 60-я гг., — канчаткова яго сынам Войшалкам. Такiм чынам, кіруючыя колы Навагародскага княства выкарысталі палітычныя супярэчнасці ў землях Верхняга Панямоння ва ўласных інтарэсах і пры дапамозе Міндоўга падпарадкавалі іх сабе. “Навагараодак, — піша М.Ермаловіч, — паставіў яго (Міндоўга. — Аўт.) сваім князем для больш паспяховага ажыццяўлення сваёй дзяржаўнай мэты — заваявання Літвы”1 . Таму ёсць падставы лічыць Навагародак і Навагародскае княства тым палітычным цэнтрам, вакол якога пачалася кансалідацыя беларускiх, літоўскіх (у рэальным сэнсе гэтага слова), а потым і ўкраінскіх зямель. Навагародак стаў першай сталіцай Вялiкага княства Лiтоўскага. Адсюль, з Беларускага Панямоння, дзе знаходзілася летапісная Літва, і пайшла назва новай дзяржавы як літоўскай. Адбыўся аб’ектыўны працэс аб’яднання беларускiх земляў у інтарэсах беларускiх феадалаў, што і характарызуе гэту дзяржаву найперш як беларускую. Вось чаму ў Вялiкім княстве Лiтоўскім пануючае месца займала беларуская культура і дзяржаўнай стала беларуская мова2 . Некаторыя даследчыкi разглядалi ўтварэнне Вялiкага княства Лiтоўскага як адну з двух магутных плыняў палiтычнага развiцця ўсходнiх славян (Масква i ВКЛ). Адсюль i бярэ паходжанне тэрмiн “Лiтоўская Русь”. Iснаванне розных пунктаў гледжання на працэс утварэння Вялiкага княства Лiтоўскага сведчыць аб неабходнасцi далейшай навуковай распрацоўкi гэтай важнай праблемы. На наш погляд, яно з’яўляецца вынiкам беларуска-лiтоўскага грамадскага сiнтэзу. Галоўнай рухаючай сiлай аб’яднання беларускiх i лiтоўскiх княстваў у адну буйную дзяржаву было развiццё прадукцыйных сiл i эканамiчных сувязяў памiж княствамi. Паскарэнню гэтага працэсу паслужыла неабходнасць аб’яднання ваенных сiл для барацьбы з крыжакамi, а таксама з нашэсцем мангола-татараў. Здаецца, Полацкае княства, якое мела багатыя традыцыi самастойнага iснавання, павiнна было стаць аб’яднальным цэнтрам навакольных зямель. Але справа ў тым, што Полаччына ў XIII ст. была ўжо не настолькi багатай i магутнай, як у папярэднiя стагоддзi, бо страта выхаду да Балтыкi, зацяжная барацьба з крыжацкай агрэсiяй падтачылi яе сiлы. Таму цэнтрам палiтычнага жыцця на беларускiх землях у сярэдзiне XIII ст. паступова становiцца Навагародак, якi падчас двух вялiкiх супрацьстаянняў — з крыжакамi i татара-манголамi — быў адносна бяспечнай тэрыторыяй. Менавiта Навагародская зямля разам з суседнiмi з ёй лiтоўскiмi землямi стала ядром новай дзяржавы, якая атрымала назву Лiтоўскае княства. Нездарма ж першы князь гэтага дзяржаўнага ўтварэння — Мiндоўг — зрабiў Навагародак сталiцай сваёй краiны. Становiшча маладой дзяржавы ў небяспечным суседстве з магутнай Галiцкай зямлёй, Тэўтонскім і Лiвонскім ордэнамі было даволi хiсткiм. Стабiльнасць падтрымлівалася не толькi выгадным геаграфiчным становiшчам, тонкай дыпламатыяй, але і сiлай i крывёю. Цэлае стагоддзе, нават крыху больш, працягвалася пераўтварэнне Лiтоўскай дзяржавы ў Вялiкае княства Лiтоўскае, Рускае i Жамойцкае. Да сярэдзiны XV ст. гаспадарства афiцыйна называлася Вялiкiм княствам Лiтоўскiм i Рускiм, а пазней — Вялiкiм княствам Лiтоўскiм, Рускiм, Жамойцкiм i iншых зямель. Аднак звычайна ўжывалася скарочаная форма: “Вялiкае княства Лiтоўскае”, цi ўвогуле “Лiтва”. У Вялiкiм княстве Лiтоўскiм тэрмiнам “Лiтва” абазначаліся тэрыторыi Верхняга i Сярэдняга Панямоння, а “Руссю” — Верхняе Падзвiнне i Падняпроўе. Сучасныя заходнiя этнiчна лiтоўскiя землi (Жмудзь) канчаткова далучылiся да Вялiкага княства ў першай палове XV ст. З сярэдзiны XIII да сярэдзiны XIV ст. у склад Лiтоўскай дзяржавы ўвайшлi практычна ўсе беларускiя землi. Шляхi iх уваходжання былi рознымі. Большасць гарадоў i княстваў уваходзiла ў склад новай дзяржавы добраахвотна, прытрымлiваючыся перш за ўсё ваенна-палiтычнай мэтазгоднасцi. Так, на дабравольна-дагаворнай аснове ў склад Лiтоўскай дзяржавы ўвайшлi Полацкая i Вiцебская землi. Аб гэтым сведчаць земскiя прывiлеi вялiкiх князёў, якiя зацвярджалi статус гэтых земляў у складзе Вялiкага княства. Некаторыя тэрыторыi заваёўвалiся i ўключалiся гвалтоўна, iншыя адбiралiся ў суседзяў. Трэба адзначыць, што гвалтоўнае падпарадкаванне суседнiх княстваў, заваёва моцным слабейшага не было з’явай, выключнай для таго часу. На працягу XIV ст. былi далучаны ўкраiнскiя i некаторыя рускiя княствы. У XIV — XV стст. Вялiкае княства Лiтоўскае межавала на поўначы з Лiвонiяй, Пскоўскай i Наўгародскай землямi, на ўсходзе — з Маскоўскiм i Разанскiм княствамi, на захадзе — з Польшчай, на паўночным захадзе — з Крыжацкiм Ордэнам (выходзiла да Балтыйскага мора), на паўднёвым усходзе — з Залатой Ардой, на поўднi — з Крымскiм ханствам (выходзiла да Чорнага мора). Яго тэрыторыя складала 900 тыс. кв. км1. Сталiцай дзяржавы з 1254 па 1323 г. быў Навагародак, пазней — Вiльня. Усе народы, якiя прымалi ўдзел у палiтычным, эканамiчным i культурным жыццi Вялiкага княства, а найперш беларускi i лiтоўскi, з’яўляюцца гiстарычнымi спадкаемцамi гэтай дзяржавы. Таму для вызначэння дзяржаўнасцi Вялiкага княства Лiтоўскага, Рускага i Жамойцкага ёсць падставы ўжываць тэрмiн “Беларуска-Лiтоўскае гаспадарства”2 .
3.2. Грамадскi лад Вялiкага княства Лiтоўскага ў XIV — першай палове XVI ст. (да 1569 г.) У Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, у склад якога да сярэдзiны XIV ст. увайшлi ўсе беларускiя землi, панаваў феадальны грамадскi лад. Як i ва ўсякiм класавым грамадстве феадальнага перыяду ў Беларусi ў адзначаны час iснавалi два галоўныя класы: феадалаў-землеўладальнiкаў i феадальна-залежных сялян. Акрамя таго, у гарадах i сёлах пражывала значная колькасць людзей, якiя лiчылiся асабiста свабоднымi. Да гэтай катэгорыi насельнiцтва можна аднесцi мяшчан, сялян-даннiкаў i iнш. Клас феадалаў, якi займаў пануючае становiшча ў эканамiчных i прававых адносiнах, не ўяўляў сабой адзiнага цэлага i падраздзяляўся на шэраг груп. У вышэйшую сацыяльную групу ўваходзiла найбольш багатая, прывiлеяваная частка феадалаў: князi (нашчадкi знакамiтых радоў) i паны. Дакументы адрознiваюць паноў-радных (сябраў вышэйшага органа — Рады) i паноў харугоўных, якiя маглi ў час ваенных дзеянняў выставiць вялiкую колькасць войска пад сваiм сцягам (харугвай). Валодаючы вялiкiмi зямельнымi плошчамi i значнай колькасцю залежных сялян, гэта група выдзялялася i ў палiтычных адносiнах — яна займала важнейшыя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ. У гiстарычнай лiтаратуры князi i паны вельмi часта сустракаюцца пад тэрмiнам “магнаты”. Яны мелi шырокiя судовыя паўнамоцтвы i ўласныя ўзброеныя сiлы. Некаторыя з iх займалi адначасова некалькi важных дзяржаўна-адмiнiстрацыйных пасад, хаця гэта забаранялася заканадаўствам. Акрамя буйных былi яшчэ сярэднiя i дробныя феадалы, якiя валодалi невялiкiмi маёнткамi, меншай колькасцю зямлi i залежных сялян. Калi першыя адыгрывалі значную ролю ў дзяржаўным апараце, то другiя з цягам часу маглi разарыцца ў вынiку драблення гаспадаркi i перайсці ў больш нiзкiя сацыяльныя групы. Як сярэднiя, так i дробныя феадалы знаходзiлiся ў васальнай залежнасцi ад князёў i паноў. У феадальным грамадстве рознiца памiж класамi выяўлялася ў саслоўным дзяленнi і суправаджалася ўстанаўленнем асобнага юрыдычнага месца ў дзяржаве для кожнага класа. У Беларусi прадстаўнiкi класа феадалаў увайшлi ў прывiлеяванае саслоўе (стан) шляхты1 . Трэба заўважыць, што ў саслоўе шляхты ўваходзiлi не толькi феадалы, але i прадстаўнiкi iншых сацыяльных груп. Напрыклад, сюды былi залiчаны многiя свабодныя людзi, якiя, валодаючы невялiкiмi зямельнымi надзеламi, вялi сваю гаспадарку ўласнымі сіламі. Некаторыя шляхцiцы арандавалi невялiкiя надзелы зямлi ў буйных феадалаў або знаходзiлiся ў iх на службе ў якасцi ляснiчых, канюшых i г.д. Гэтых асоб нельга аднесцi да класа феадалаў, iх трэба разглядаць як асобную катэгорыю юрыдычна свабодных людзей2 . Шляхецкiя саслоўныя правы пераходзiлi да нашчадкаў-мужчын ад патомных шляхцiцаў, а таксама дачок (але не iх дзецям, калi яны выходзiлi замуж не за шляхцiца). Жанчына простага стану, выходзячы замуж за шляхцiца, станавiлася шляхцянкай пажыццёва, нават калi другi цi трэцi раз выходзiла замуж за нешляхцiца. Шляхецтва можна было атрымаць ад вялiкага князя лiтоўскага, а таксама за мужнасць на полi бою. Шляхецтва давалася дзiцяцi ў сувязi з яго ўсынаўленнем, абвешчаным у судзе шляхцiцам (адопцыя)1 . Страта шляхецкай годнасцi магла наступiць па суду ў сувязi з учыненым злачынствам, а таксама ў тым выпадку, калi шляхцiц пачынаў здабываць сабе сродкi для жыцця гандлем або рамяством2 . Трэба адзначыць, што пачатак юрыдычнаму афармленню правоў шляхецкага стану (саслоўя) паклалi агульназемскiя прывiлеi (граматы) 1387, 1413, 1432, 1447 гг. Першапачаткова правы i прывiлеi замацоўвалiся толькi за шляхтай каталiцкага веравызнання (прывiлеi 1387 i 1413 гг.), а затым прывiлеем 1432 г. маёмасныя і некаторыя палітычныя правы былi дадзены i праваслаўнай шляхце. Асаблiвае значэнне для ўмацавання карпарацыйных палiтычных правоў шляхты меў прывiлей вялiкага князя Аляксандра 1492 г. Гэты нарматыўна-прававы акт можна назваць першай агульнадзяржаўнай хартыяй шляхецкiх вольнасцей. Прывiлей даваў шляхецкаму стану такiя правы, што з моманту яго выдання сталi непатрэбныя мясцовыя канстытуцыйныя акты. Аляксандр пацвярджае ўсе правы i вольнасцi, падараваныя шляхце ранейшымi гасударамi, i дадае больш за 20 пунктаў новых абавязацельстваў з боку вялiкага князя. Значная частка гэтых абавязацельстваў абмяжоўвала ўладу вялiкага князя на карысць Рады гаспадарскай. Канчаткова правы i прывiлеi шляхты былi замацаваны ў Статутах Вялiкага княства Лiтоўскага 1529, 1566 i 1588 гг. Усе прадстаўнiкi шляхты, незалежна ад эканамiчнага i палiтычнага становiшча, мелi агульныя саслоўныя прывiлеi: валодаць зямлёй у неабмежаваных памерах на праве ўласнасцi; прыцягвацца да адказнасцi толькi па суду; займаць пасады ў дзяржаўным апараце i ўдзельнiчаць у фармiраваннi дзяржаўных i судовых органаў; карыстацца правам асабiстай недатыкальнасцi i недатыкальнасцi маёмасцi; былi вызвалены ад падаткаў i павiннасцей, акрамя выплаты падатку на ваенныя патрэбы i ўдзелу ў шляхецкiм апалчэннi (паспалiтым рушэннi) i iнш.1 Другiм прывiлеяваным саслоўем на Беларусi было каталiцкае i праваслаўнае духавенства. Яго вярхушка (мiтрапалiты, епiскапы i iнш.) па сваім эканамiчным становiшчы прымыкала да буйных свецкiх феадалаў. Духавенства ўвогуле мела тыя ж прывiлеi, што i шляхта, з той рознiцай, што саслоўныя прывiлеi духавенства не перадавалiся нашчадкам. Такiм чынам, на Беларусi ў разглядаемы перыяд у вынiку далейшага развiцця грамадства больш выразна вылучаліся сацыяльныя групы i да сярэдзiны XVI ст. канчаткова аформiлiся прывiлеяваныя феадальныя станы (саслоўi) — шляхецтва i духавенства. Можна пагадзiцца з Я.А.Юхо ў тым, што духавенства займала асаблiвае становiшча ў сацыяльнай структуры грамадства — вярхi яго адносiлiся да класа феадалаў, а нiзы далучалiся да мяшчан i асабiста свабодных заможных сялян2 . Аналiзуючы пытаннi прававога становiшча сялянства, трэба звярнуць увагу на тое, што да канца XVI ст. яно ў ВКЛ было запрыгонена. Першым заканадаўчым актам Вялiкага княства Лiтоўскага, якi не толькi сведчыў аб наяўнасцi прыгонных, але i юрыдычна пачаў афармляць прыгоннае права, з’яўляецца Прывiлей 1447 г., адзiн з артыкулаў якога забараняў прымаць сялян-уцекачоў. Працэс запрыгоньвання, якi распачаўся ў XV ст., больш выразна ўвасобiўся ў Статутах ВКЛ 1529, 1566 гг., а яго завяршэнне адлюстравана ў апошняй рэдакцыi агульна-дзяржаўнага заканадаўства ў 1588 г. У разглядаемы перыяд сяляне ВКЛ па эканамiчным становiшчы i ступенi феадальнай залежнасцi падзялялiся на тры сацыяльныя групы: 1) гаспадарскiх, якiя залежалi непасрэдна ад вялiкакняжацкай адмiнiстрацыi i жылi на дзяржаўных землях; 2) панскiх, якiя жылi на прыватнаўласнiцкiх землях i залежалi ад асобных феадалаў; 3) царкоўных, якiя жылi на землях царквы, манастыроў i кляштараў, вышэйшага духавенства i залежалi ад адмiнiстрацыi духоўнага ведамства. У сваю чаргу гэтыя групы таксама падзялялiся на шэраг катэгорый. Па маёмасным, а часткова i па прававым становiшчы вылучаліся баяры — найбольш заможная вярхушка асабiста вольных сялян, якія выконвалi ваенныя i iншыя павiннасцi на карысць дзяржавы цi асобных феадалаў. У залежнасцi ад выконваемых абавязкаў баяры падзялялiся на путных i панцырных. Путныя баяры з’яўлялiся паштовымi кур’ерамi, што дастаўлялi асабiстую i службовую перапiску свайго гаспадара або службовых асоб адмiнiстрацыi. Баяры панцырныя павiнны былi ўдзельнiчаць у ваенных паходах. Дакументы сведчаць i аб такой катэгорыi баяр, як баяры-слугi. За сваю службу баяры маглi валодаць дзвюма валокамi (прыкладна 42 га) зямлi. Яны не выконвалi паншчыны i акрамя ўласных службовых маглi несцi i некаторыя iншыя, больш лёгкiя павiннасцi. Заканадаўства ВКЛ усе катэгорыi баяр прызнавала асабiста свабоднымi: пры пэўных умовах яны маглi перайсцi да iншага феадала. Другую катэгорыю складалi сяляне-даннiкi, якiя жылi на гаспадарскiх землях i плацiлi феадальную рэнту (данiну) дзяржаве. Памер данiны ад кожнай сялянскай гаспадаркi вызначаўся выбарнай службовай асобай (старцам) i залежаў ад памера данiны, ускладзенай на вёску або воласць у цэлым, i ад колькасцi ворнай зямлi ў селянiна. Сабраныя з даннiкаў грашовыя i натуральныя падаткi старцы абавязаны былi здаваць мясцовым прадстаўнiкам дзяржаўнай адмiнiстрацыi. У адпаведнасцi з праведзенай у 1557 г. аграрнай рэформай у Беларусi вялося стварэнне феадальных фальваркаў. Да апошнiх прыпiсвалi свабодных сялян-даннiкаў. Як вынiк, у XVI ст. колькасць сялян-даннiкаў рэзка скарацiлася, а за лiк iх узрасла колькасць цяглых сялян, што адбывалi паншчыну. Да трэцяй катэгорыi феадальна-залежных сялян трэба аднесцi людзей цяглых, асадных i агароднiкаў. Яны мелi меншую колькасць зямлi, а павiннасцi iм устанаўлiвалiся значна большыя. Асноўнай феадальнай павiннасцю сялян цяглых была паншчына: яны павінны былі два днi ў тыдзень са сваiмi прыладамi працы рамантаваць масты, дарогі, замкі i г.д., а таксама плацiць грашовы падатак — сярэбшчыну i некаторыя дробныя падаткi натурай. Асадныя сяляне былi вызвалены ад паншчыны, аднак плацiлi феадалу грашовы чынш. Акрамя таго, iм неабходна было адпрацоўваць 12 дзён талакi ў год, касiць сена, плацiць сярэбшчыну i iнш. Сяляне-агароднiкi знаходзілiся ў найбольш цяжкiм становiшчы. Iх надзелы складалi 3 морга зямлi (каля 2 га). Агароднiкi мелi права жыць на зямлi як гаспадара, так i феадала. Iх асноўнай павiннасцю была паншчына. Колькасць агароднiкаў павялiчвалася за лiк чэлядзi нявольнай, якую садзiлi на зямлю ў сувязi з тым, што з развiццём феадальных адносiн узрастала неабходнасць у рабочых руках для працы ў фальварках. Акрамя ўказаных катэгорый сялян у сёлах пражывалi халупнiкi, якiя мелi толькi жыллё, i кутнiкi, што тулiлiся па чужых кутках. Адсутнасць сродкаў вытворчасцi вымушала iх наймацца на працу да феадалаў, багатых гараджан i сялян або займацца рамяством. Гэтыя сельскiя жыхары не мелi зямельных надзелаў i знаходзiлiся ў яшчэ больш гаротным становiшчы, чым агароднiкi. У залежнасцi ад наяўнасцi права пераходу ад аднаго феадала да другога яны дзялiлiся на пахожых (меўшых такое права) i непахожых. Амаль да канца XVI ст. звычайнай прыналежнасцю панскiх двароў была нявольная чэлядзь, якая з’яўлялася заканадаўча замацаваным аб’ектам падаравання. Паводле статутаў ВКЛ iснавала некалькi прычын ператварэння сялян у нявольную чэлядзь. Нявольнымi лiчылiся дзецi, якiя нарадзiлiся ў законным шлюбе нявольных i вольных. Першапачаткова сяляне гублялi волю ў вынiку самапродажу ў няволю, але ў XVI ст. такiя здзелкi закон пачаў прызнаваць несапраўднымi. Да сярэдзiны XVI ст. нявольнiкамi станавiлiся iншы раз i крымiнальныя злачынцы, якiм пакаранне смерцю са згоды пацярпеўшага замянялася здачай у няволю, але ўжо ў Статуце 1566 г. апошняе палажэнне адсутнiчае. На працягу ўсяго разглядаемага перыяду асноўнай прычынай няволi з’яўляўся палон. У вынiку заканадаўчай адмены ўсiх прычын няволi (акрамя палону), а таксама надзялення нявольнай чэлядзi невялiкiмi зямельнымi ўчасткамi ў XVI ст. большасць яе ператварылася ў прыгонных сялян-агароднiкаў. Такiм чынам, зблiжэнне сацыяльна-эканамiчных статусаў нявольнай чэлядзi i прыгоннага сялянства i запрыгоньванне сялянства паспрыялi таму, што ў асноўным сфармiраваўся адносна адзiны клас — эксплуатуемае i прыгоннае сялянства. Разам з запрыгоньваннем сялянства iшло i заканадаўчае афармленне гэтага працэсу, назiралася ўмацаванне прыгоннага права, гэта значыць фармiравалiся сiстэмы юрыдычных нормаў, якiя павiнны былi абараняць права ўласнасцi феадала на прыгонных сялян. Што тычыцца юрыдычнага статуса прыгонных сялян, то яны не мелi права ўласнасцi на зямлю, iм забаранялася набываць маёнткi, без згоды феадала мяняць месца жыхарства i род заняткаў. Акрамя таго, яны не маглi займаць пасады ў дзяржаўным апараце (акрамя некаторых пасад у сельскай адмiнiстрацыi) i былi падсудныя свайму гаспадару. Гонар, жыццё i маёмасць сялян абаранялiся крымiнальным правам у меншай ступенi, чым прадстаўнiкоў прывiлеяваных саслоўяў. У XIV — першай палове XVI ст. на Беларусi iшоў iнтэнсiўны працэс урбанiзацыi грамадства. Калi да 1500 г. у ВКЛ налiчвалася 83 гарады, то з 1500 па 1600 г. крынiцы ўтрымлiваюць звесткi аб 530 гарадскiх паселiшчах. На беларускiх землях у гэты час размяшчалася 387 гарадоў. Большасць з iх былi не надта вялiкiмi — ад 1,5 да 3 тыс. жыхароў, але вылучалiся i значныя цэнтры з насельнiцтвам 10 тыс. чалавек i больш. Такiмi ў XVI ст. былi Магiлёў, Бярэсце, Вiцебск, Менск, Пiнск. Насельнiцтва беларускiх гарадоў у сваёй асноўнай масе складалі простыя людзі, якія да сярэдзiны XVI ст. утварылi саслоўе мяшчан. Прававы статус гараджан вызначаўся ўзроўнем сацыяльна-эканамiчнага развiцця iх горада. Па маёмасным становiшчы насельнiцтва гарадоў умоўна можна падзялiць на тры групы: вярхушку (патрыцыят), куды ўваходзiлi заможныя купцы i ўладальнiкi буйных рамесных майстэрань; сярэднiя пласты (слаi) — дробныя гандляры i простыя рамеснiкi; гарадскiя нiзы — вучнi майстроў, хатняя прыслуга i iнш. У залежнасцi ад эканамiчнага стану мяшчан знаходзiлася i iх прававое становiшча, якое вызначалася прыналежнасцю горада (прыватнаўласнiцкi, цi вялiкакняжацкi); наяўнасцю ў горадзе магдэбургскага права; займаемай пасадай у органах гарадскога самакiравання i г.д. Напрыклад, найбольш заможныя гараджане прывілеяваных вялiкакняжацкiх гарадоў (Вiльня, Бярэсце, Полацк, Менск) мелi права валодаць маёнткамi па-за межамi горада i павiнны былi выконваць вайсковыя абавязкi асабiста або выстаўляць за сябе пэўную колькасць узброеных людзей нароўнi з iншымi феадаламi. Мяшчане гарадоў, якія карысталіся магдэбургскiм правам, вызвалялiся ад прыгонных работ, падводнай павiннасцi, уплаты праязных пошлiн (мыта) на ўсёй тэрыторыi ВКЛ i некаторых iншых павiннасцей. Крымiнальнае права ўстанаўлiвала павышаную адказнасць за iх забойства. Увогуле можна адзначыць, што жыхары гарадоў, якiя мелi магдэбургскае права, атрымлiвалi шэраг правоў i прывiлеяў. Перш за ўсё гэта тычыцца правоў на удзел у фармiраваннi органаў гарадскога самакiравання i суда, на стварэнне рэлiгiйных брацтваў i аб’яднанне ў цэхi па прафесiях. Адначасова трэба звярнуць увагу на тое, што кiраванне агульнымi справамi ў гарадах, якiя карысталiся магдэбургскiм правам, знаходзiлася, як правiла, у руках заможных гараджан. Станаўленне мяшчанскага саслоўя не выключала пранiкнення ў гарады феадалаў, якія скуплялi ўчасткi зямлi, трымаючы пад сваёй юрысдыкцыяй тых, хто жыў на гэтай частцы гарадской тэрыторыi. У некаторых гарадах шляхта стварала кварталы з вясковых перасяленцаў, якiя былi звязаны з панам ланцугамi прыгоннай няволi. На жыхароў так званых юрыдык не распаўсюджвалася адмiнiстрацыйная i судовая ўлада магiстрата. Яны не плацiлi падаткi, якiя iшлi ў бюджэт горада. Процiдзеянне юрыдыкам стала адной з галоўных рыс сацыяльнага жыцця горада. Напрыклад, па патрабаванні магiстратаў Полацка, Менска, Пiнска i другiх гарадоў вярхоўная ўлада выдавала загады, якiя абавязвалi ўсiх жыхароў горада, занятых рамяством і гандлем, знаходзіцца пад юрысдыкцыяй магiстрата1 . Меншым комплексам правоў валодалi жыхары гарадоў i мястэчкаў Беларусi, якiя не мелi льготных грамат. Больш таго, яны падлягалi падсуднасцi ваявод i старастаў, а не гарадскога магiстрата, як гэта было ў прывiлеяваных гарадах. Мяшчане прыватнаўласнiцкiх гарадоў i мястэчак знаходзiлiся пад уладай феадала, якi вызначаў памер грашовых збораў i натуральных павiннасцей. Выконвалi адпрацовачныя павiннасцi (паншчына, рамонт насыпаў, ачыстка прудоў, лоўля рыбы i iнш.) i тыя мяшчане, якiя мелi ворыўныя ўчасткi зямлi, астатнiя ж плацiлi грашовыя падаткi. Такiм чынам, мяшчане прыватнаўласнiцкiх гарадоў (Давыд-Гарадок, Нясвiж, Слуцк i iнш.) валодалi тым аб’ёмам абавязкаў, правоў i прывiлеяў, якi iм вызначаў уладальнiк горада. Некаторым прыватнаўласнiцкiм гарадам таксама было дадзена магдэбургскае права, але з абмежаваннямi на карысць іх уладальнiкаў. Трэба адзначыць і тое, што горад служыў феадалу не толькi ў якасцi крынiцы грашовых даходаў, але i як адмiнiстрацыйна-палiтычны цэнтр, абарончы апорны пункт.
|