КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Заканадаўчае замацаванне самастойнасцi Вялiкага княства Лiтоўскага пасля ЛюблiнаПогляды гiсторыкаў права на змест Люблiнскага акта доўгi час зводзiлiся да аднаго: гэта юрыдычнае i фактычнае аб’яднанне двух народаў у адзiн i дзвюх дзяржаў у адну — Рэч Паспалiтую. Хранiсты XVI ст. М.Стрыйкоўскi, М.Бельскi i Л.Горнiцкi адназначна гавораць аб канчатковым злучэннi дзвюх дзяржаў у адну. Так, М.Стрыйкоўскi пiша: “На тым сойме грунтоўна закончылася вунiя, або аб’яднанне Вялiкага княства Лiтоўскага з Каронай Польскай”1. Польскiя даследчыкi XVII — XVIII стст., а таксама заходнееўрапейскiя i рускiя гiсторыкi права таксама разглядаюць акт Люблiнскай унii як канчатковае злучэнне дзвюх краiн. Нават такi вядомы гiсторык Лiтвы, як Т.Нарбут, з жалем гаворыць: “Я давёў апавяданне да эпохi, з якой самастойнасць Вялiкага княства перастала iснаваць. Адсюль я павiнен перадаць далейшае выкладанне пiсьменнiкам гiсторыi польскай. Апошнi незалежны манарх Лiтвы i астатнi з мужчынскай лiнii Ягелонаў памёр, i я ламаю маё пяро на яго труне”2. Пазнейшыя гiсторыкi права прытрымлiваюцца гэтага ж погляду. Напрыклад, М.К.Любаўскi ў сваiм “Очерке истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно” пiша: “Так закончилось самостоятельное существование Литовско-Русского государства, и произошло “втеление” его в корону польскую... Раздираемое внутреннею рознью в тот момент, когда требовалось наибольшее единение и напряжение сил, литовско-русское государство и кончило свое самостоятельное существование”3. У.I.Пiчэта прытрымлiваецца прыблiзна такога ж погляду, але з прызнаннем захавання некаторай аўтаномii ВКЛ i пасля унii. На іншых пазiцыях стаяў М.В.Доўнар-Запольскi. Ён схiляецца да думкі, што Вялiкае княства Лiтоўскае пасля унii захавала сваю дзяржаўнасць. “Калi аставiць у баку страту Валынi i Украiны, то трэба сказаць, што дастойнасць лiтоўскай дзяржавы была абаронена”4. У пачатку XX ст. у польскую лiтаратуру замест старых поглядаў аб поўным знiшчэннi самастойнасцi Вялiкага княства Лiтоўскага пачынае прасочвацца думка аб iснаванні гэтай дзяржавы i пасля унii, а Люблiнскi акт лiчыць дагаворам, што злучыў дзве дзяржавы ў саюз (са сваiмi ўрадамi, уласным войскам, межамi, дзяржаўнымi ўстановамi i г.д.)1. Такога ж погляду прытрымлiваецца рускi вучоны I.I.Лапо. На яго думку, “Лiтва i Польшча засталiся асобнымi адзiнкамi з асобнымi тэрыторыямi i асобнымi правамi i пасля унii 1569 г., хаця яны мелi супольны сойм i супольнага караля ...Лiтоўскае Вялiкае княства засталося i пасля 1569 г. са сваiмi парадкамi, асобнасцямi, i Люблiнскi сойм патрабаваў толькi, каб лiцвiны (лiтоўцы) селi з палякамi ў супольным сойме, i не падумаў аб болей глыбокай рэформе Лiтвы, дзякуючы якой яна зрабiлася б Польшчай”2. Такiя высновы прафесара I.I.Лапо сталi магчымымi дзякуючы разгляду не толькi матэрыялаў Люблiнскай унii, але i спецыяльнаму вывучэнню хода гiсторыi ВКЛ i пасля 1569 г. Мы коратка засяродзiлi ўвагу на гiстарыяграфii унii 1569 г. для таго, каб паказаць гэты гiстарычны факт с пункту гледжання сучасных юрыстаў i гiсторыкаў. Трэба адзначыць, што новыя архiўныя дакументы i матэрыялы яшчэ больш пацвярджаюць думку аб тым, што Люблiнскi акт нельга трактаваць як паглынанне Польшчай Вялiкага княства Лiтоўскага. Хаця трэба прызнаць, што на першым часе ўражанне пануючага класа ВКЛ ад вынiкаў унii i падзей, што ёй папярэднiчалi, было менавіта такiм. Гэта тычылася як магнатаў, так i шляхты, якая ў свой час дамагалася злучэння з Польшчай. Уплывовай знацi Люблiнская унiя пагражала поўнай згубай былога палiтычнага ўплыву. Справа ў тым, што ў ВКЛ сойм, праз які магнацтва праводзiла свае рашэннi, юрыдычна перастаў iснаваць, а ў агульны сенат Рэчы Паспалiтай большасць былых сяброў паноў-рады проста не трапiла. Нешматлiкiя галасы сенатараў з Вялiкага княства заглушалiся больш мнагалюдным польскiм прадстаўнiцтвам. Тое ж самае адбывалася i ў Пасольскай iзбе, дзе з 180 выбраных па ўсёй Рэчы Паспалiтай паслоў толькi 46 прыходзiлася на Вялiкае княства Лiтоўскае (у тым лiку 34 паслы з беларускiх паветаў)1. Прыведзеныя лiчбы, па-першае, сведчаць аб палiтычнай дыскрымiнацыi ВКЛ, а па-другое, юрыдычнае замацаванне ў Люблiнскiм акце за польскай шляхтай магчымасцi атрымання ў межах Вялiкага княства Лiтоўскага зямельных плошчаў стварыла небяспечнага канкурэнта для шляхты мясцовай. Безумоўна, што гэта вяло да з’яўлення ў большай часткi пануючага класа Вялiкага княства Лiтоўскага сепаратысцкiх, антыпольскiх настрояў. Яны праяўлялiся ў рэзкiм непрыняццi шляхтай, як буйной, так i дробнай, унii, ды i наогул палiтыкi польскiх каралёў. Так, аршанскi стараста Ф.Кмiта-Чарнабыльскi пiша кашталяну троцкаму А.Валовiчу: “Не дай Бог ляху быць (каралём. — Аўт.) — вырежет Литву, а Русь поготову”, бо палякi “давно резать почали литвина”2. Шляхта Вялiкага княства iмкнулася да “старыны”, да тых, з яе пункту гледжання, “залатых” часоў, калi князi, “которые королевали и которые воеводами бывали... правым сердцем просто говорили, политыки не знали”, калi незалежнае Вялiкае княства самастойна вызначала i праводзiла ўнутраную i знешнюю палiтыку: “Але Жыкгимонта первого, — солодкая паметь его... Ляхов з их хитростю велми не любил, а Литву и Русь нашу любительно миловал”3. З прыведзеных слоў вынiкае, што пануючы клас Вялiкага княства Лiтоўскага меў на мэце юрыдычнае адраджэнне яго поўнай дзяржаўнасцi, а значыць, як гаворыць беларускi гісторык П.Лойка, “адраджэнне той “беларушчыны”, якая была базай гэтай дзяржавы”4. Незалежнiцкiя настроi не разыходзiлiся са справамi як у палiтычнай, так i ў духоўнай сферы. Так, насуперак Люблiнскаму акту на працягу 70 — 80-х гг. у Вялiкiм княстве рэгулярна збiралiся агульнадзяржаўныя соймы (“Вiленская канвакацыя”), а пасля смерцi ў 1572 г. караля i вялiкага князя Жыгiмонта Аўгуста захаванне адасобленасцi ВКЛ было прызнана не толькi фактычна, але i юрыдычна1. У час бескаралеўя (1574 — 1576 гг.) на Вiленскiм сойме дэбатавалася пытанне аб выбраннi караля, а на сойме 1580 г. нават прысутнiчаў кароль Рэчы Паспалiтай Стэфан Баторый. Больш таго, у 1581 г. ствараецца, а ў 1582 г. пачынае дзейнiчаць Галоўны трыбунал Вялiкага княства. Але найлепшым сведчаннем дзяржаўнай незалежнасцi Вялiкага княства Лiтоўскага было прыняцце звода законаў, якi атрымаў назву Трэцяга Лiтоўскага Статута (Статут ВКЛ 1588 г.). Iснуе дзве навуковыя гiпотэзы пра паходжанне яго тэксту. Прыхiльнiкi першай сцвярджаюць, што Статут быў падрыхтаваны спецыяльна ўтворанай соймавай камiсiяй, у склад якой уваходзiлi найбольш выдатныя юрысты свайго часу. Узначальваў камiсiю з моманту зацвярджэння ў якасцi падканцлера Леў Iванавiч Сапега. Некаторыя даследчыкi нават сцвярджаюць, што ён асабiста адрэгаваў артыкулы Статута, стварыўшы, па сутнасцi, новую канцэпцыю незалежнага беларуска-лiтоўскага гаспадарства. Сярод тых, хто прытрымлiваецца гэтай версii, i беларускi гiсторык права Я.А.Юхо. Прыхiльнiкам другой гіпотэзы паходжання тэксту Статута з’яўляецца, напрыклад, вядомы расiйскi даследчык канца XIX — пачатку XX ст. I.I.Лапо. Ён лiчыць, што соймавая камiсiя перадала справу “поправенья” Статута павятовым соймiкам ВКЛ, а канчатковае рэдагаванне тэксту праходзiла ў сценах дзяржаўнай канцылярыi ВКЛ. Сцвярджэнне, што Статут ВКЛ 1588 г. — “справа Льва Сапегi”, было выказана ў гiстарычнай лiтаратуры ў канцы XVIII ст. Яно належала ксяндзу-гiсторыку Казiмiру Кагнавiцкаму i было апублiкавана ў першым томе яго працы аб Сапегах (1790 г.). Кагнавiцкi прыпiсаў “Лiтоўскаму Салону” ўсю справу складання III Статута ВКЛ. Першы ж даследчык права ВКЛ Т.Чацкi лiчыў Сапегу толькi перакладчыкам Статута. Правазнавец I.Данiловiч лiчыў падканцлера ВКЛ “даглядальнiкам” над яго вытворчасцю, а гісторык права Віленскага універсітэта Я.Ярашэвiч адводзiў Сапегу “першае месца сярод заканадаўцаў ВКЛ” як таму, хто адыграў галоўную ролю ў прыняцці Статута. У лiтаратуры XX ст. ёсць пэўная колькасць крынiц, якiя ўказваюць на вядучую ролю менавiта Льва Сапегi ў распрацоўцы i зацвярджэннi Статута. Так, у 1928 г. С.Л.Пташыцкi называў Сапегу “творцам” Статута. М.Шкялёнак у 1933 г. пiша: “Толькi тады, як справа гэта была даручана Л.Сапегу, праз 2 гады, а менавiта ў 1588 годзе, Статут быў гатовы. Леў Сапега вельмi добра выканаў гэтае даручэнне i не толькi апрацаваў Статут, але i выдаў яго ўласным коштам i пад асабiстым даглядам у студзенi 1588 г. у Вiльнi”. Сучасныя гiсторыкi, такiя як Я.Юхо, I.Саверчанка i iнш., прытрымлiваюцца такога ж пункта гледжання. Мiж тым самымi падрабязнымi бiяграфiямi Л.I.Сапегi па сённяшнi час з’яўляюцца працы Мiшталта (1724) i Кагнавiцкага. Мiшталт, якi вельмi паважаў Сапегу за тое, што той перайшоў у каталiцызм i садзейнiчаў езуiтам, i якi паспрабаваў знайсцi ўсе факты, якія б дапамаглі размаляваць сапраўды выдатнейшага чалавека свайго часу толькi ружовымi фарбамi, нiчога, як сведчыць I.I.Лапо, не гаворыць аб тым, што Сапега прымаў актыўны ўдзел у стварэннi Статута. Сам Сапега лiчыў сваёй заслугай толькi надрукаванне Статута 1588 г. Зразумела, як пiсар лiтоўскi, а пасля падканцлер ён не мог не прымаць удзелу ў стварэннi III Статута ВКЛ. А вось цi належала яму ў гэтым першая роляў I.I.Лапо дапускае, што вядучымі асобамі пры рэдагаванні Статута ВКЛ, якое праводзiлася ў дзяржаўнай канцылярыi да i пасля таго, як ён быў разгледжаны на павятовых соймiках, належала канцлерам Вялiкага княства, якiмi ў той час былi Мiкалай Юр’евiч Радзiвiл i Астафей Валовiч. Але пытанне аб тым, каму аддаць гонар за стварэнне Статута, нiколькi не павiнна змяншаць значнасцi гэтага помнiка права. Як менавiта праходзiла зацвярджэнне Статута ВКЛ 1588 г., вельмi добра паказвае I.I.Лапо ў сваёй манаграфii “Трэцi Лiтоўскi Статут”, выдадзенай у Коўне ў 30-я гг. XX ст. Выкарыстаўшы цяжкае становiшча абранага на каралеўскi трон Польшчы каралевiча швецкага Жыгiмонта Вазы, якi яшчэ не ведаў аб перамозе сваiх войскаў над войскамi другога абранага на гэты трон электа Максiмiльяна Габсбурга, пасольства Вялiкага княства на чале з Л.Сапегам дамагаецца выдання прывiлея на зацвярджэнне Статута ў абмен на прызнанне яго вялiкiм князем лiтоўскiм, рускiм i жамойцкiм. Такiм чынам, Статут ВКЛ 1588 г. быў уведзены ў дзеянне “моцею” не соймавай канстытуцыi, а паводле прывiлея караля польскага i вялiкага князя лiтоўскага Жыгiмонта III Вазы ад 28 студзеня 1588 г. (шляхам канфірмацыі). Пасля падпiсання Статут 1588 г. не адразу пачаў выкарыстоўвацца ў судовай практыцы на месцах, бо яго там проста не мелi. Паўстала праблема арганiзацыi неадкладнага друкавання гэтага звода законаў. Трэба было, каб ён як мага хутчэй пачаў дзейнiчаць, бо нават сам Жыгiмонт III, забыўшыся пра свае абяцаннi i не зважаючы на артыкулы толькi што падпiсанага iм Статута, усяляк парушаў правы беларускай i лiтоўскай шляхты, раздорваючы землi i некаторыя пасады ў Вялiкiм княстве палякам. Некаторыя даследчыкi лiчаць, што новы манарх iмкнуўся самавольна i адзiнаўладна распараджацца як на тэрыторыi Польшчы, так i на землях ВКЛ, не раячыся з падканцлерам Л.Сапегам, якi знаходзiўся пры яго двары. Стала вiдавочна, што толькi выданне новага Статута і абавязковае выкананне яго артыкулаў усiмi грамадзянамi княства, а найперш вялiкiм князем i каралём, пакладзе канец беззаконню. 12 лiпеня 1588 г. падканцлер Л.Сапега пiша тагачаснаму вiленскаму ваяводзе Крыштапу Радзiвiлу “Перуну”: “Статут новы загадаў ужо друкаваць”1. На яго выданне падканцлер ахвяраваў уласныя сродкi. Урэшце летам 1588 г. з вiленскай друкарнi Мамонiчаў выйшаў новы Статут — найважнейшы звод законаў сярэдневяковага беларускага гаспадарства, якому па дасканаласцi i лагiчнай завершанасцi, бадай, не было роўных ва ўсёй тагачаснай еўрапейскай юрыдычнай думцы. Выданне ўпрыгожваў партрэт Жыгiмонта III Вазы, а таксама герб Л.Сапегi і панегiрык да яго, напiсаны беларускiм паэтам Андрэем Рымшам. Статут скасаваў многiя пастановы Люблiнскай унii. Паказальна, што ў гэтым юрыдычным помнiку нi разу не ўпамiнаецца пра акт унii. Паводле гэтага звода законаў, якi дзейнiчаў на тэрыторыi Беларусi да 1840 г., Вялiкае княства Лiтоўскае заставалася самастойнай дзяржавай не толькi з асобым заканадаўствам, але i са сваiм дзяржаўным апаратам, войскам, фiнансамi, тэрыторыяй. Статут прадугледжваў таксама адмену звышпрынцыповага для палякаў пункта пастановы Люблiнскага сойма 1569 г. аб праве набыцця зямельнай уласнасцi ў межах ВКЛ. Пасля ўвядзення Статута 1588 г. у дзеянне шляхта Польскага каралеўства не мела юрыдычнага права не толькi набываць землi, але i займаць дзяржаўныя пасады ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Артыкул 12 раздела III Статута 1588 г. гэту норму права трактуе так: “В том паньстве Великом Князстве Литовском и во всех землях, ему прислухаючих достойностей духовных и светских, городов, дворов, грунтов, староств, держав, врядов (пасадаў. —Аўт.) земских и дворных... жадных (нiякiх. — Аўт.) чужоземцом и заграничником, ани суседом (палякам. — Аўт.) того паньства давати не маем. Але то все мы и потомки нашы, великие князи литовские, давати будем повинни только Литве, Руси, Жомойти, родичем старожитным и уроженцом Великого Князства Литовского и иных земель, тому Великому Князству належачых”. Такiм чынам, Статут 1588 г. прадугледжваў, што атрымлiваць маёнткi i займаць дзяржаўныя i духоўныя пасады ў княстве маглi толькi мясцовыя ўра-джэнцы i нi ў якiм выпадку не “чужаземцы”, “загранiчнiкi”, цi “суседзi”. Падкрэслiваючы значэнне Вялiкага княства Лiтоўскага як асобнага гаспадарства, Статут вызначае i склад зямель, “к тому панству прыслухаючых”, i яго межы. Аўтары Статута 1588 г. не ўнеслi ў тэкст нiводнага артыкула, якi б абмяжоўваў суверэнiтэт княства. Наадварот, Статут абавязваў гасудара захоўваць недатыкальнасць тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага, вяртаць раней страчаныя землi. Звод законаў зафiксаваў адно з асноўных патрабаванняў беларускай шляхты — дзяржаўнасці “рускай” (старабеларускай) мовы на ўсёй тэрыторыi гаспадарства. “А писар земский, — падкрэслiвалася ў першым артыкуле чацвёртага раздзела Статута, — маеть по-руску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншым езыком и словы”. Гэта радыкальна рознiла княства ад Польшчы, дзе мовай юрыдычных дакументаў была лацiнская. Як сiмвалы дзяржавы ВКЛ мела свой дзяржаўны герб i пячатку (раздзел IV, арт.12). Статут убачыў свет у вынiку доўгай i цяжкай барацьбы Вялiкага княства Лiтоўскага за незалежнасць, ход якой паказвае ВКЛ як самастойную дзяржаву, што вядзе сябе з Польшчай як роўная з роўнай. Зразумела, што калi Статут 1588 г. з’явiўся ў вынiку барацьбы за незалежнасць, то ён павiнен быў адлюстраваць i замацаваць на сваiх старонках палiтычныя жаданнi беларуска-лiтоўскiх кiруючых колаў i ўсталяваць новыя адносiны да Кароны, бо ўмовы iснавання княства ў складзе Рэчы Паспалiтай на аснове пастаноў Люблiнскага сойма не задавальнялi магнацкае i шляхецкае грамадзянства ВКЛ. Статут 1588 г. па сваёй значнасцi з’яўляецца Канстытуцыяй Вялiкага княства Лiтоўскага пасля Люблiнскай унii. Асаблiва трэба падкрэслiць той факт, што такiя галоўныя прынцыпы Статута, як прэзумпцыя невiнаватасцi, дзяржаўны і нацыянальна-культурны суверэнiтэт, рэлiгiйная талерантнасць i iнш., былi надзвычай прагрэсiўнымi для таго часу1. Яны да сённяшняга дня выступаюць у лiку прынцыпова важных палажэнняў заканадаўчых актаў многiх дэмакратычных краiн свету. Такiм чынам, канкрэтна-гiстарычны матэрыял сведчыць аб тым, што дзяржаўна-прававыя сувязi памiж Вялiкiм княствам Лiтоўскiм i Польшчай пасля 1569 г. будавалiся не на аснове акта Люблiнскай унii, а на ўмовах, акiя прадугледжвалi адасобленасць абедзвюх дзяржаў пры адным гасудары i адным парламенце (сойме). Разам з тым гэтае аб’яднанне спарадзiла i новую дзяржаву — Рэч Паспалiтую, у кампетэнцыю якой уваходзiлi ў асноўным пытаннi сумеснай мiжнароднай палiтыкi i ўзаемнай абароны. Таму трэба прызнаць, што акт Люблiнскай унii 1569 г. на практыцы не быў ажыццёўлены. Можна пагадзiцца з прафесарам Я.А.Юхо, якi пiша: “А паколькi ён (акт Люблiнскай унii. — Аўт.) быў навязаны прадстаўнiкам Вялiкага княства гвалтоўна, то i з юрыдычнага боку быў несапраўдным”1. У апошнi час беларускiя навукоўцы выказалi i іншыя пункты гледжання на Люблiнскую унiю. У прыватнасцi, даследчык А.Трусаў лiчыць, што менавiта унiя 1569 г. у гады Iнфлянцкай (Лiвонскай) вайны дапамагла ВКЛ захавацца як дзяржаве са сваёй грашовай сiстэмай, эканомiкай, мовай, войскам i, галоўнае, са сваёй “лiтоўскай” ментальнасцю яшчэ на два з нечым стагоддзi2. У гэтым жа артыкуле даследчык пiша: “Можна па-рознаму ставiцца да ўмоў, падпiсаных у Люблiне, але нельга забываць аднаго. Цi iснавала б цяпер наогул беларуская нацыя, калi б Масковiя захапiла Вялiкае княства Лiтоўскае ў XVI стагоддзi? Дастаткова толькi ўспомнiць лёс самабытнай наўгародскай культуры. Што засталося ад “господина Великого Новгорода” пасля “этнiчных чыстак”, зробленых Iванам Грозным i яго папярэднiкамi? Быў знiшчаны самабытны ўсходнеславянскi этнас, якi меў сваю архiтэктуру, жывапiс, летапiсанне, устойлiвыя рэспублiканскiя традыцыi грамадскага i палiтычнага жыцця”3. Такiм чынам, А.Трусаў робiць спробу даць агульнагiстарычную адзнаку унii i не затрымлiваецца на яе гiсторыка-прававым аналiзе. Аднак разважаннi А.Трусава i iншых навукоўцаў даюць падставы зрабiць выснову аб неабходнасцi больш глыбокага i дэталёвага даследавання агульнагiстарычных i прававых вынiкаў акта Люблiнскай унii.
|