Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Характарыстыка сацыяльна-эканамічнага ладу Беларусі




У другой палове XVI — XVIII ст. адбываецца сацыяльна-саслоўная палярызацыя беларускага грамадcтва, асаблiвае ўзвышэнне атрымлівае шляхта. Яе выключныя правы i свабоды далi даследчыкам падставы лiчыць Рэч Паспалiтую “шляхецкай нацыяй”. Напомнiм, што сярод шляхецкiх правоў былi: права ўласнасцi на зямлю, свабода ад падаткаў, пошлiн, воiнскiх пастояў, права асабiстай недатыкальнасцi, права займаць дзяржаўныя пасады i выбiраць караля. Што тычыцца абавязацельстваў шляхты ўдзельнiчаць у паспалiтым рушэннi i плацiць падаткi на ваенныя патрэбы, то яны паступова гублялi сваё значэнне, а апошнія яна перакiдвала на сялян. З 1696 г. шляхта Вялiкага княства Лiтоўскага канчаткова ўраўнялася ў правах з польскай у адносiнах кантролю над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб.

Беларуская i лiтоўская шляхта, якая дамагалася атрымання з рук караля ўсё большых прывiлеяў, бачыла, што калi i надалей будзе iсцi разам з польскай, то атрымае на гэтым шляху вялiкiя прыбыткi. Так яно i адбылося. “Генрыкавы артыкулы”, аб якiх мы будзем больш падрабязна гаварыць нiжэй, канчаткова ўзаконiлi сiстэму шляхецкай дэмакратыi ва ўсiх землях i правiнцыях, што ўваходзiлi ў Рэч Паспалiтую. Немагчыма было не спакусiцца на вольнасцi, якiя поўнасцю абмяжоўвалi ўладу караля i надавалi магнатам i шляхце афiцыйныя правы не падпарадкоўвацца яму, калi той адмовiцца ад прызнання i выканання шляхецкiх прывiлеяў, прычым прывiлеяў значных, бо кароль Рэчы Паспалiтай быў асобай, што выбiралася на шляхецкiм сойме i поўнасцю падначальвалася рашэнням гэтага вышэйшага заканадаўчага органа1.

Далейшае ўзмацненне шляхты Рэчы Паспалiтай падымала пануючы клас гэтай краiны на новы ўзровень агульнадзяржаўнай iнтэграцыi. Але саслоўная iнтэграцыя прыводзiла да дэзынтэграцыi грамадскай. У прыватнасцi, на беларускiх землях шляхта, пераймаючы польскiя ўзоры грамадскага ладу, усё больш паварочвалася да “пальшчызны”, а гэта значыць да каталiцызму, польскай культуры i мовы.

У Рэчы Паспалiтай паступова фармiравалася новая не толькi сацыяльная, але, можна сказаць, i этнiчная супольнасць — “польскi народ шляхецкi”, якая аб’ядноўвалася як адзiнымi правамi, так і адзiнай каталiцкай рэлiгiяй i польскай мовай.

Апалячванне пануючага класа на беларускiх землях у другой палове XVII ст. прывяло да такой сiтуацыi, што беларускаму селянiну i мешчанiну супрацьстаяў не толькi пан-прыгнятальнiк, але i “папежнiк” i “лях” — прадстаўнiк чужой веры, iншага народа.

Падзел у XVII — пачатку XVIII ст. беларускага грамадства на падставе сацыяльна-рэлiгiйнай прыналежнасцi, знiшчэнне больш чым напалову беларускага этнасу прывялi да заняпаду беларускамоўнай культуры, дзяржаўнасцi, а значыць, i запавольвання нацыянальнага развiцця.

Але ўжо ў другой палове XVII ст. стала відавочна, што пашырэнне шляхецкай дэмакратыi пры аслабленнi цэнтральнай каралеўскай i вялiкакняжацкай улады вядзе да яе перадачы ў рукi магнатаў, якiя фiнансава закабалялi шляхту, ператваралi яе ў сваё васальнае акружэнне. Iншымi словамi, закон даваў шляхцiцу правы ўдзельнiчаць у дзяржаўных справах нараўне з магнатам, але на справе эканамiчная моц апошніх цалкам падаўляла палiтычную свободу простага шляхцiца. Такiм чынам, роля буйных магнатаў-землеўласнiкаў у краiне яшчэ больш узрасла. Яны займалi важнейшыя дзяржаўныя пасады, а таксама месцы ў Сенаце i, па сутнасцi, былi галоўнай сiлай у краiне.

Даволi прывiлеяванае становiшча працягвала займаць духавенства, хаця правы яго былi некалькi абмежаваныя. Напрыклад, закон не дазваляў завяшчаць царкве нерухомую маёмасць, юрысдыкцыя царквы таксама абмяжоўвалася. Трэба адзначыць, што вышэйшыя духоўныя асобы былi арганiчна звязаны са шляхтай і для прызначэння на вышэйшыя царкоўныя пасады, згодна з законам, трэба было быць шляхцiцам. Але памiж статусам каталiцкага, праваслаўнага i пратэстанцкага духавенства мелася значнае адрозненне, бо ў вышэйшым органе ўлады, Сенаце, было прадстаўлена толькi першае.

Сацыяльная структура сялянства не зведала кардынальных змен і заставалася амаль такой жа, як у XVI ст. Агульнымi тэндэнцыямi для ўсiх груп феадальна-залежнага насельнiцтва Беларусi быў рост прамых i ўскосных павiннасцей i памяншэнне зямельных надзелаў. Акрамя штотыднёвай паншчыны сяляне выконвалi i такiя павiннасцi, як гвалт, талака, згон, — работы, што былi звязаны са жнiвом, сенакосам, узворваннем зямлi феадала.

Вельмi цяжкай для беларускага селянiна была падводная павiннасць. Каб яе выканаць, трэба было на асабiстай рабочай жывёле ды “на сваёй страве” дастаўляць панскiя грузы да блiжэйшай прыстанi цi ў гандлёвыя цэнтры, хутчэй за ўсё ў Вiльню, Рыгу, Крулявец (Кёнiгсберг, зараз Калiнiнград). Значнае месца ў падаткавым абкладаннi сялян на Беларусi ў другой палове XVII — першай палове XVIII ст. займалi грашовыя i натуральныя падаткi1.

Аналiз вялiкай колькасцi разнастайных дакументальных матэрыялаў дазволiў гiсторыку П.А. Лойку вызначыць, што феадальная эксплуатацыя цяглых сялян прыватнаўласнiцкiх маёнткаў Беларусi павялiчылася ў другой палове XVI — першай палове XVIII ст. прыкладна ў 3 разы. Прычым эксплуатацыя сялян у маёнтках дробнай i сярэдняй шляхты была, па сутнасцi, такой жа, як i ў магнацкiх вотчынах. Нельга гаварыць аб тым, што рэнта цяглых сялян была намнога цяжэйшай, чым рэнта чыншавiкоў, i наадварот. Разлiкi паказалi, што ўзровень эксплуатацыi гэтых катэгорый сялянства амаль не адрознiваўся. Тут можна меркаваць толькi аб тых цi iншых выгадах, што давала сялянскай гаспадарцы грашовая рэнта (пашырэнне гаспадарчай самастойнасцi, некаторае змякчэнне асабiстай залежнасцi) 1.

Нельга забываць, што ў канцы XVI ст. у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм канчаткова аформiлася прыгоннае права. Распрацаваная сiстэма юрыдычных нормаў абараняла права ўласнасцi феадалаў на прыгонных сялян, якія былі пазбаўлены магчымасцi свабодна распараджацца асабiстай маёмасцю, без дазволу пана iсцi ў наймы. Прыгонны стаў аб’ектам закладу, куплi-продажу як з зямлёй, так i без яе. Феадал мог судзiць селянiна. Такiм чынам, сяляне, асноўныя вытворцы грамадскага багацця, апынулiся на самай нiзкай ступенi феадальнага грамадства.

Узмацненне феадальнага прыгнёту выклiкала бегства сялян. Шляхта вымушана была прыняць праз сойм шэраг актаў, накiраваных на іх затрымку. У заканадаўчых актах XVII ст. сяляне ўсё часцей называюцца халопамi.

Трэба звярнуць увагу яшчэ на адзін бок праблемы. Справа ў тым, што пра побыт беларускай сярэдневяковай вёскi вядома вельмi мала, а таму многiя пытаннi асвятляюцца скажона. У некаторых школьных дапаможніках, шматлiкiх публiцыстычных працах беларускi сярэдневяковы селянiн паказаны як чалавек прыдушаны, загнаны. Стваральнiкi такога ўяўлення забываюць, што менавiта працай селянiна аднаўлялася Беларусь пасля спусташальных феадальных войнаў, яго рукамi ўзнiмалася сельская гаспадарка, на яго мудрасцi i таленце гадавалiся новыя пакаленнi, развiвалася культура. Ды i сам землеўладальнiк быў зацiкаўлены ў падтрыманнi сялянскай гаспадаркi на патрэбным узроўнi (забяспечанасцi яе жывёлай, прыладамi працы i г.д.), бо толькi спраўная гаспадарка магла быць аб’ектам эксплуатацыi.

Пэўныя змены адбылiся i ў статусе гарадоў. Як ужо гаварылася, умовы феадальнай эпохi спарадзiлi карпарацыйную арганiзацыю рамеснай вытворчасцi i рамеснiкаў — цэхi. Карпарацыi рамеснiкаў у гарадах Беларусi iснавалi ўжо ў першай палове XVI ст. i мелі мясцовыя назвы: сотнi ў Гароднi, брацтвы ў Полацку i Менску, староствы ў Магiлёве. Але да канца XVI ст. усюды замацавалася назва “цэх”. Цэхi садзейнiчалi замацаванню ўнутранага рынку за мясцовай вытворчасцю, паколькi мелi манаполiю на гарадскiм рынку.

Пасрэднiкамі памiж рамеснiкам i гарадскiм рынкам становяцца скупшчыкі, якія паступова ператвараюцца ў заказчыкаў вырабаў, поўнасцю падпарадкоўваючы рамеснiкаў пры дапамозе крэдытных аперацый.

Рамесная вытворчасць не заўсёды папярэднiчала, але заўсёды спадарожнiчала i актыўна садзейнiчала развiццю гандлёвай дзейнасцi гарадоў. Цэнтральнай фiгурай у гандлi быў гараджанiн-купец, хаця з цягам часу з’яўляюцца і пашыраюцца сельскiя гандляры.

У перыяд дваццацiгадовай смуты 1648 — 1667 гг. беларускiя гарады былi моцна разбураны. Яны страцiлi ад 50 да 98 % дамоў. Пасля спынення ваенных дзеянняў на тэрыторыi Беларусi ў гарадах пачалося паступовае аднаўленне гаспадарчага жыцця. Гэты працэс праходзiў да другой паловы XVIII ст. шляхам вяртання гарадам функцый цэнтраў рамёстваў, унутранага i знешняга гандлю.

Да новых рыс эканамiчнага жыцця можна аднесцi ўзнiкненне мануфактурнай вытворчасцi. Узмацненне манаполii цэхаў на рынках гарадоў абумовiла канцэнтрацыю мануфактур галоўным чынам у мястэчках, малых гарадах, якiя з’яўляліся часткай магнацкiх уладанняў. Напрыклад, у другой палове XVIII ст. на 53 мануфактурах Беларусi было занята 2400 рабочых, большую частку якiх складалi прыгонныя1.

У сацыяльна-палiтычнай сферы гарадское жыццё таксама аднаўлялася ў ранейшых формах. Не жадаючы мірыцца з феадальным самавольствам, саслоўным прынiжэннем, рабаўнiцкiмі паборамі, гара-джане дабiлiся ад гарадскога самакiравання — магiстратаў — больш рашучых дзеянняў у адстойваннi неаднаразова пацверджаных вярхоўнай уладай у мiнулыя гады саслоўных правоў i прывiлей. Калi ж магiстрату не ўдавалася ў законным парадку спынiць самавольства адмiнiстрацыi, феадалаў, гараджане адстойвалi свае правы са зброяй у руках. Так было, напрыклад, у Полацку ў 1667 г., у Мiнску ў 1700 г., у Магiлёве ў 1733 г.

Вярхоўная ўлада, улiчваючы значэнне гарадоў у процiдзеяннi магнацкаму самавольству i феадальнай анархii, садзейнiчала гараджанам у аднаўленнi самакiравання. Так, у 1661 г. за мяшчанамi Магiлёва, а пазней і Гароднi было замацавана права выбiраць войта горада. На працягу 60-х гг. XVII ст. сябры магiстратаў Магiлёва, Вiцебска, Гароднi атрымалi шляхецкiя правы. У 1764 г. сойм прыняў рашэнне аб лiквiдацыi ў гарадах судовай юрысдыкцыi шляхты i духавенства, i гараджане, якiя жылi на юрыдыках феадалаў, падлягалi перадачы пад уладу магiстратаў1.

У 1776 г. сойм пастанавiў скасаваць магдэбургскае права ў гарадах, якiя не з’яўлялiся цэнтрамi ваяводстваў i паветаў. Тут спецыяльная камiсiя ўстанаўлiвала асобы парадак, якi гарантаваў мяшчанам правы на ўласнасць, на свабоду займацца рамяством, гандлем, на куплю-продаж дамоў i другой маёмасцi, на свабоду змены месца пражывання2.

У заключэнне трэба адзначыць, што ў цэлым аднаўленчы працэс не выйшаў за рамкi традыцыйных рыс эканамiчнага i сацыяльна-палiтычнага жыцця гарадоў, якiя склалiся ў XVI — першай палове XVII ст. Да таго ж далёка не ўсе гарады да канца XVIII ст. завяршылi сваё аднаўленне.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 179; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.008 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты