Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Сацыяльна-палiтычныя вынiкi ўключэння Беларусi ў склад Расiйскай Iмперыi




У вынiку трох падзелаў Рэчы Паспалiтай спынiла сваё iснаванне адна з самых буйных дзяржаў Еўропы. Каля 3 млн чалавек, якiя пражывалi на тэрыторыi Беларусi, апынулiся ў складзе Расiйскай Iмперыi. Гэта падзея, безумоўна, адбiлася на эканамiчным, грамадска-палiтычным i культурным развiццi беларускага народа.

У сваёй саслоўнай палiтыцы ўрад iмкнуўся перш за ўсё задобрыць шляхту. Яе прававое становiшча пачало вызначацца “Жалованной грамотой дворянству” 1785 г. Гэта азначала, што за шляхтай, пры ўмове прынясення прысягi на вернасць Расii, у поў-най меры захоўвалiся ўсе правы i прывiлеi дваранскага саслоўя, у тым лiку i галоўная з iх — права ўласнасцi на зямлю i прыгонных сялян.

Паводле распараджэння Мiкалая I на далучаных да Расii беларускiх землях пачаўся разгляд правоў шляхты на дваранскую годнасць. У сувязi з гэтым у 1831 г. быў выдадзены ўказ “О разборе шляхты в западных губерниях и об устройстве сего рода людей”. У названым нарматыўным акце адзначалася, што калi шляхцiц дакументальна дакажа сваё шляхецтва, то за iм захаваюцца ўсе правы i перавагi, якiя былi дараваны дваранству iмперыi.

Каб не дапусцiць распаўсюджвання iдэй Французскай буржуазнай рэвалюцыi, стварыць сабе апору ў захопленым краi i задаволiць жаданнi расiйскага дваранства i чыноўнiцтва, царызм праводзiў на Беларусi палiтыку насаджэння рускага землеўладання, пашырэння памешчыцкага сектара. Прыватнай маёмасцю расiйскiх землеўладальнiкаў станавiлiся сяляне былых каралеўскiх эканомiй i старостваў, канфiскаваных маёнткаў свецкiх i царкоўных феадалаў, якiя эмiгрыравалi за мяжу цi выступiлi супраць новай улады. Усяго на тэрыторыi Беларусi Кацярына II i Павел I падаравалi расiйскiм саноўнiкам больш за 200 тыс. рэвiзскiх (мужчынскiх) душ. Вынiкам такой палiтыкi стала рэзкае скарачэнне колькасцi дзяржаўных сялян на Беларусi (прыкладна ў 3 разы)1. Пашыраючы памешчыцкае землеўладанне за кошт дзяржаўных маёнткаў, царызм непазбежна асуджаў сялян на пагаршэнне iх прававога i маёмаснага стану. Прыгоннiцтва на Беларусi ўзмацнялася i пашыралася таксама па прычыне запiсу за землеўласнiкамi часткi былых прывiлеяваных i адносна свабодных катэгорый сельскага насельнiцтва (зямянаў, панцырных баяр, “вольных” людзей i iнш.).

На Беларусi скасоўвалася магдэбургскае права, а на гарады, якiя яго мелi, i мястэчкi, прызнаныя цэнтрамi паветаў, пашыралiся прынцыпы расiйскага гарадскога кiравання паводле “Жалованной грамоты городам” 1785 г.1

Мяшчане беларускiх гарадоў пасля далучэння да Расii пазбаўлялiся часткi сваiх правоў i павiнны былi плацiць падушныя падаткi, выконваць рэкруцкую i iншыя павiннасцi2. Большую частку гарадскога насельнiцтва складалi рамеснiкi-майстры, падмайстры i iх вучнi, якія аб’ядноўвалiся ў цэхi. Прывiлеяванымi жыхарамi ў гарадах былi купцы першай i другой гiльдый i фабрыканты2.

Жыхары шэрага мястэчак не атрымалi правоў гараджан. Яны прыраўноўвалiся да сялян i нават раздавалiся прыватным уладальнiкам. Гэта выклiкала iх упартую, праўда, безвынiковую барацьбу за вяртанне мяшчанскага статуса.

Па iнiцыятыве генерал-губернатара З.Г.Чарнышова i згодна з указам Кацярыны II ад 23 снежня 1791 г. яўрэi, якiя пражывалi на Беларусi, распiсвалiся па кагалах i ўключалiся ў саслоўе мяшчан. Гэта быў пачатак юрыдычнага афармлення рысы аседласцi, таму што ўстанаўлiвалася правiла, згодна з якiм яўрэi не маглi пастаянна жыць за межамi абазначанай у законе тэрыторыi. 23 чэрвеня 1794 г. была ўзаконена пашыраная рыса аседласцi, якая ўключала беларускiя i частку ўкраiнскiх губерняў.

Па-за рысай аседласцi правам на жыхарства карысталiся купцы першай гiльдыi, асобы з вышэйшай цi спецыяльнай медыцынскай адукацыяй, некаторыя катэгорыi рамеснiкаў, салдаты, якiя служылi па рэкруцкім уставе, і iх нашчадкi. Рыса аседласцi для яўрэйскага насельнiцтва была найбольш цяжкай праявай iх нацыянальнага нераўнапраўя1.

Рыса аседласцi была лiквiдавана пасля Лютаўскай рэвалюцыi, 20 сакавiка 1917 г., на падставе закону “Об отмене вероисповедных и национальных ограничений”.

Духавенства на Беларусi падпарадкоўвалася вышэйшым царкоўным установам. Большасць сялян (каля 70 %) належала да унiяцкай царквы, вернiкi i святары якой, як i католiкi, прызнавалi ўладу Папы рымскага. Пасля ўключэння Беларусi ў Расiйскую Iмперыю пачалася дыскрымiнацыя унiяцкай царквы. Па загаду Мiкалая I у 1839 г. быў склiканы Полацкi сабор праваслаўнага i часткi унiяцкага духавенства, на якiм было абвешчана аб лiквiдацыi унiяцкай царквы на Беларусi, а ўсе вернiкі далучаны да рускай праваслаўнай царквы. Пратэстуючы, многiя з беларусаў перайшлi ў каталiцкую канфесiю.

Пасля ўключэння беларускiх зямель у склад Расiйскай Iмперыi царскi ўрад праводзiў тут цэнтралiсцкую палiтыку, маючы на мэце iх злiццё з асноўнымi рускiмi рэгiёнамi. У канцы XVIII — пачатку XX ст., у залежнасцi ад абставiн, мянялiся толькi тактыка, тэмпы i метады ажыццяўлення гэтай палiтыкi.

На тэрыторыi Беларусi самадзяржаўе ўводзiла свой адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльны падзел. У пачатку XIX cт. тут былi ўтвораны Вiцебская, Магiлёўская, Мiнская, Вiленская i Гродзенская губернi. Па Тыльзiцкім дагаворы 1807 г. памiж Францыяй i Расiяй да апошняй адышла Беласточчына, уключаная ў 1843 г. у Гродзенскую губерню. У палiтычных адносiнах Беларусь была падзелена на два генерал-губернатарствы: Лiтоўскае (Вiленская, Гродзенская i Мiнская губернi) i Беларускае (Вiцебская, Магiлёўская i Смаленская губернi).

У фiскальна-палiцэйскiх мэтах губернi падзялялiся на паветы па 20 — 30 тыс. чалавек падатковага, або рэвiзскага, насельнiцтва. У далейшым палiцэйска-бюракратычная рэгламентацыя сацыяльна-палiтычных i гаспадарчых адносiн пашыралася i дэталявалася.У 30-я гг. XIX ст. паветы з гэтай мэтай былi падзелены на станы.

Генерал-губернатар з’яўляўся даверанай асобай цара i таму надзяляўся фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамi. Ён узначальваў мясцовую адмiнiстрацыю падпарадкаваных яму губерняў. У перыяд 1772 — 1856 гг. пасаду генерал-губернатара на Беларусi займаў 21 саноўнiк. Пры генерал-губернатары мелася канцылярыя з невялiкiм штатам чыноўнiкаў, бо асноўныя яго загады праводзiлiся ў жыццё праз губернскiя i павятовыя ўстановы.

У губернi галоўнай службовай асобай быў губернатар, якi прызначаўся вярхоўнай уладай з лiку давераных асоб цара. У сваёй дзейнасцi губернатары падпарадкоўвалiся генерал-губернатару i мiнiстру ўнутраных спраў.

Дарадчым i выканаўчым органам у губернi было губернскае праўленне, якое складалася з “общего присутствия” i канцылярыi. У “общее присутствие” ўваходзiлi генерал-губернатар, губернатар, вiцэ-губернатар, саветнiкi i асэсары. Старшынстваваў на пасяджэннях генерал-губернатар, а калi ён адсутнiчаў, то губернатар або вiцэ-губернатар. Пасяджэннi “общего присутствия” насілі, як правiла, фармальны характар, бо ўсе найбольш важныя справы вырашалiся асабiста генерал-губернатарам або губернатарам праз губернскую канцылярыю. У канцылярыю ўваходзiла 56 асоб: вiцэ-губернатар, 2 саветнiкi, пракурор, 4 сакратары, пратакалiст з памочнiкам, 2 каморнiкi, 32 канцылярскiя служыцелi, архiвiст, 4 лекары, 3 вартаўнікі, кат, губернскi камiсар, 2 перакладчыкi1. Дапаўнялi канцылярскi штат 323 чыноўнiкi. Для пасылак губернатар трымаў 132 чалавекi ваеннай каманды. У персанальны склад вышэйшых чыноў мясцовай адмiнiстрацыi, як правiла, уваходзiлi рускiя саноўнiкi i чыноўнiкi. У пераважнай большасцi губернатары паходзiлi з ваенных i мелi чыны сапраўднага стацкага або тайнага саветнiка.

Губернская канцылярыя мела чатыры аддзяленнi. Першае распаўсюджвала законы, сачыла за выкананнем распараджэнняў генерал-губернатара, губернатара i губернскага праўлення. Праз другое губернатар кiраваў палiцыяй, праз трэцяе сачыў за судамi, чацвёртае ажыццяўляла сувязь з фiнансава-гаспадарчымi органамi (казённай палатай, якую ўзначальваў вiцэ-губернатар).

У сваёй дзейнасцi губернскiя дзяржаўныя органы абапiралiся на дваранскiя саслоўныя ўстановы — дваранскiя сходы, губернскага прадвадзiцеля, якi на Беларусi называўся па-старому — маршалкам.

Галоўным органам улады ў павеце быў нiжнi земскi суд, кампетэнцыя якога абмяжоўвалася адмiнiстрацыйна-палiцэйскiмi функцыямi. Узначальваў яго земскi спраўнiк, якi ў адрозненне ад цэнтральных паветаў Расii не выбiраўся дваранамi, а прызначаўся Сенатам са згоды мiнiстра ўнутраных спраў па прадстаўленнi губернатара1. У склад нiжняга земскага суда ўваходзiлi два — тры засядацелi, якія прызначалiся з лiку мясцовых дваран. Нiжнi земскi суд сачыў за падтрыманнем грамадскага парадку ў павеце, зборам падаткаў i выкананнем жыхарамi павета розных павiннасцей. Галоўнай задачай земскага спраўнiка было прадухiленне народных хваляванняў.

Сярод службовых асоб павета на Беларусі асаблiвае месца займаў павятовы маршалак, пры якiм, у адрозненне ад губерняў Расii, знаходзiўся яго памочнiк — павятовы харужы. Пасада апошняга ў беларускiх губернях існавала да 1840 г.2

У павеце мелiся таксама службовыя асобы галiновага кiравання: лекар, казначэй (скарбнiк) i iнш.

У 1837 г. паветы пачалi дзялiць на станы. У кожны стан губернатарам прызначаўся станавы прыстаў, якi выконваў палiцэйскiя абавязкi i падпарадкоўваўся земскаму спраўнiку. Па сацыяльным становiшчы прыстаў з’яўляўся дваранiнам, як правiла, адстаўным афiцэрам.

Для нагляду за дзяржаўнымi сялянамi ў 1837 — 1838 гг. у паветах былi ўтвораны акругi, тэрыторыя якiх магла ахоплiваць i некалькi паветаў. Акругi дзялiлiся на воласцi. На чале акругi стаяў акружны начальнiк з памочнiкамi. У воласцi кожныя тры гады сялянамi выбiралiся валасны галава i два засядацелi, якiя складалi валасное праўленне. Выбiраўся таксама валасны пiсар, але ён не ўваходзiў у праўленне.

Органам кiравання ў беларускiх гарадах была “Управа благочиния”, у якой засядалi гараднiчы, прыставы крымiнальных і цывiльных спраў i два ратманы, а таксама гарадскi магiстрат. Гараднiчы прызначаўся Сенатам па прадстаўленні генерал-губернатара або губернатара з адстаўных ваенных чыноў. Яго галоўным абавязкам было сачыць за захаваннем цішыні і дабрабыту ў горадзе.

У склад гарадскога магiстрата на Беларусі у адрозненне ад магiстратаў рускiх гарадоў акрамя бургамiстраў i ратманаў уваходзiлi лаўнiкi (прысяжныя засядацелi)1. У яго кампетэнцыю ўваходзiлi кiраванне гарадскiмi прыбыткамi, пабудова i рамонт дарог, мастоў i iншых аб’ектаў, здача гарадской зямлi ў арэнду, кантроль за выкананнем мер i вагаў у горадзе, правядзенне кiрмашоў i г.д.

Такiм чынам, гарадскi магiстрат у гарадах Беларусi быў важным органам кiравання i ў адрозненне ад магiстратаў рускiх гарадоў, дзе яны выконвалi чыста судовыя функцыi2, займаўся дзейнасцю адмiнiстрацыйнага, фiнансавага, судова-палiцэйскага характару, а таксама разглядаў шырокае кола гаспадарчых пытанняў.

Трэба адзначыць, што пасля падзелаў Рэчы Паспалiтай i далучэння беларускiх зямель да Расii гарады Беларусi страцiлi свой высокi статус, якi ў iх быў паводле магдэбургскага права. Саслоўныя выбарныя органы — гарадскiя магiстраты — знаходзiлiся пад моцным кантролем губернатараў i iншых чыноўнiкаў. Аднак у кiраваннi гарадоў заходнiх губерняў станоўчыя адрозненні ад кіравання гарадоў Расіі абумоўлiвалiся моцным уплывам былога самакiравання.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 204; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.006 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты