Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай




Як гаварылася вышэй, па акту Люблiнскай унii Вялiкае княства Лiтоўскае павiнна было злiцца з Польшчай i страцiць сваю самастойнасць, але згодна з артыкуламi Статута 1588 г. ВКЛ здолела захаваць свой суверэнiтэт. Можна сцвярджаць, што ў вынiку Люблiнскай унii ў Еўропе ўтварылася новая канфедэратыўная шматнацыянальная дзяржава — Рэч Паспалiтая1.

Заканадаўчая ўлада ў краiне належала Вальнаму сойму. Соймы падзялялiся на звычайныя, што склiкалiся каралём, i надзвычайныя. Надзвычайныя соймы мог склiкаць кiраўнiк каталiцкай царквы ў Рэчы Паспалiтай прымас (арцыбіскуп Гнезненскі) у выпадку смерцi караля або яго адмаўлення ад трона. Для выбрання новага караля склiкалiся тры соймы: канвакацыйны, элекцыйны i каранацыйны. На канвакацыйным сойме вызначалi час i месца выбараў караля, выпрацоўвалi ўмовы дагавора з кандыдатамi на прастол; на элекцыйным — праводзiлi выбары i заключалi пагадненне “Пакта канвента”; урачыстая каранацыя i прысяга караля ажыццяўлялiся на каранацыйным сойме.

Вальны сойм быў двухпалатны i складаўся з Сената i Пасольскай iзбы (Палата дэпутатаў). Сенат з’яўляўся вышэйшай палатай сойма. Сюды ўваходзiлi вышэйшыя службовыя асобы дзяржаўнага апарату, вярхi каталiцкага духавенства, ваяводы i кашталяны. Колькасць сенатараў даходзiла да 150 чалавек. Гэта лiчба магла вар’іраваць, што залежала ад памяншэння цi павелiчэння тэрыторыi дзяржавы i яе адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Першае месца ў Сенаце займаў Гнезненскi арцыбiскуп. За iм сядзелi звычайныя бiскупы i толькi потым — свецкiя службовыя асобы (кашталяны, ваяводы i г.д.). Такi расклад сенатараў сведчыць аб клерыкальным кiрунку ўлады ў Рэчы Паспалiтай. Старэйшыя сенатары сядзелі ў крэслах, малодшыя — на лавах. Як перажытак мiнулага захавалася працэдура выбару соймам з лiку сенатараў 28 чалавек у Каралеўскую раду тэрмiнам на два гады. Сенатары — дарадчыкi караля дзялiлiся на чатыры групы (па сем чалавек у кожнай) i працавалi ў Каралеўскай радзе па шэсць месяцаў.

Пасольская iзба была нiжэйшай палатай сойма. У яе ўваходзiлi прадстаўнiкi (паслы-дэпутаты) ад шляхты асобных паветаў цi земляў канфедэратыўнай дзяржавы, а таксама невялiкая колькасць дэпутатаў ад мяшчан найбольш важных у палiтычных i эканамiчных адносiнах гарадоў. Пасольская iзба з цягам часу стала галоўнай часткай сойма. Дэпутаты ў Пасольскую iзбу выбiралiся шляхтай на павятовых соймiках, якiя склiкалiся ў ВКЛ за шэсць тыдняў да Вальнага сойма. Выбарчая акруга, у залежнасцi ад гiстарычных умоў складання цi велiчынi тэрыторыi, пасылала на агульны дзяржаўны сойм ад аднаго да васьмі паслоў. Агульная колькасць дэпутатаў Пасольскай iзбы залежала ад тэрыторыi Рэчы Паспалiтай. У XVI — XVII стст. яна даходзiла да 200 асоб, а ў сярэдзiне XVIII cт. — да 236.

Вальны сойм склiкаўся каралём праз кожныя два гады ў Варшаве. Аднак у сувязi з сепаратысцкiм шляхецкiм рухам у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм ў сярэдзiне XVII ст. супраць караля Рэчы Паспалiтай Яна Сабескага Польшча пайшла на ўступкi шляхце ВКЛ i на сойме 1673 г. было прынята рашэнне кожны трэцi сойм збiраць у Гароднi.

Работа сойма пачыналася ўрачыстым набажэнствам, пасля якога выбiралi маршалка (старшыню) сойма. Калi сойм адбываўся ў Польшчы, старшынёй яго быў паляк, калi на Беларусi — лiцвiн (па прыналежнасцi да ВКЛ). Старшыня абвяшчаў пачатак работы сойма. Пасля праверкi мандатаў дэпутатаў Сенат i Пасольская iзба праводзiлi сумесныя пасяджэннi, на якiх урад рабiў справаздачу аб сваёй дзейнасцi за два гады, разглядаў прапановы наконт далейшай працы. Потым абедзве палаты працавалi паасобку. За тыдзень да канца сойма праводзiлiся пленарныя пасяджэннi абодвух палат: Пасольскай iзбы i Сената. Распрацаваныя i зацверджаныя каралём соймавыя пастановы набывалi моц законаў.

Кампетэнцыя Вальнага сойма Рэчы Паспалiтай была шырокай. Сойм меў права вырашаць практычна любыя пытаннi дзяржаўнага кiравання i заканадаўства, напрыклад выбранне караля, склiканне апалчэння, аб’яўленне вайны i заключэнне мiру, устанаўленне падаткаў для шляхты на выпадак вя-дзення вайны. Аднак трэба адзначыць, што для прыняцця пастановы патрабавалася аднагалоснае яе ўхваленне. Даволi было аднаму дэпутату не згадзiцца з ёй i налажыць сваё “veto” (“не дазваляю”), як гэта пастанова адхілялася. Лепшыя людзi Польшчы яшчэ ў XVII ст. рабiлi спробу змагацца з гэтым вельмi шкодным для дзяржавы прынцыпам, але не здолелi дабiцца мэты. Шляхта бачыла ў скасаваннi адзiнагалосся i права вета ўшчамленне сваiх правоў. Акрамя таго, усе дэпутаты з паветаў абавязаны былi дакладна прытрымлiвацца iнструкцый, атрыманых на павятовых соймiках, што таксама стварала цяжкасцi ў рабоце. Так, у 1652 г. шляхцiц А.Сiцiньскi, якi дзейнiчаў па ўказанні А.Радзiвiла, першы раз сарваў работу сойма, не згадзiўшыся на яго пралангацыю (адтэрмiноўку). У далейшым такiя бясплённыя соймы здаралiся ўсё часцей. Па падлiках гiсторыка М.I.Кастамарава, з 50?цi апошнiх соймаў Рэчы Паспалiтай без усялякiх перашкод адбылося толькi сем.

Зрыванне сойма наносiла вялікую шкоду ўмацаванню дзяржаўнага парадку. Самую дакладную характарыстыку тагачаснаму становiшчу Рэчы Паспалiтай дала сама шляхта ў прыказцы “Польшча трымаецца на бязладдзi”. Аднак трэба адзначыць, што ў некаторых выпадках, каб пазбегнуць зрыву сойма накладваннем вета, дэпутаты аб’яўлялi свой сойм канфедэрацыяй i тады рашэннi прымалiся простай большасцю галасоў.

Рашэннi соймаў Рэчы Паспалiтай падзялялiся на тры группы:

1) тыя, што тычылiся ўсёй канфедэрацыi (аб вышэйшых органах улады, падатках i iншых агульных справах);

2) тыя, што мелi дачыненне да Польшчы;

3) тыя, што мелi сiлу ў ВКЛ.

Як правiла, апошнiя складалi асобныя соймавыя канстытуцыi. Напрыклад, для кантролю за паступленнем i расходаваннем грашовых сродкаў Вялiкага княства Лiтоўскага па рашэнні сойма быў створаны адасоблены ад Польшчы фiнансавы трыбунал, якi камплектаваўся з прадстаўнiкоў ВКЛ. Фiнансавая адасобленасць Вялiкага княства захоўвалася да апошнiх дзён яго iснавання. Так, да 1775 г. на гранiцы з Польшчай дзейнiчалi мытныя канторы i спаганялася пошлiна пры ўвозе i вывазе тавараў.

Пасля Вальнага сойма дэпутаты склiкалi па паветах так званыя рэляцыйныя соймiкi, на якiх рабiлi справаздачы перад сваiмi выбаршчыкамi аб рабоце сойма i сваёй дзейнасцi на яго сесiях. Гiсторыя ведае выпадкi, калi рэляцыйныя соймiкi фактычна пераглядалi пытаннi, вызначаныя Вальным соймам. Так, калi ў 1671 г. шляхце Берасцейскага павета на рэляцыйным соймiку паведамілi, што на сойме разглядалiся пытаннi аб устанаўленнi падаткаў i зборы войска, то яна, спасылаючыся на адсутнасць кворуму, не прывяла ў выкананне пастанову Вальнага сойма i адклала соймiкавыя дэбаты па гэтых пытаннях. Як бачым, нават Вальны сойм не вырашаў канчаткова тое цi iншае пытанне, таму што кожны соймiк пакiдаў за сабой права прыняць сваё рашэнне па яго пастанове. Больш таго, мясцовыя соймiкi самастойна вырашалi фiнансавыя i ваенныя пытаннi, зацвярджалi падаткi, выбiралi кандыдатаў на адмiнiстрацыйныя i судовыя пасады. Такiм чынам, можна зрабіць вывад, што ў палiтычным рэгуляваннi Рэчы Паспалiтай пераважалi працэсы дэцэнтралiзацыi i нават анархii. Аб гэтым сведчыць і тое, што ў 1582 — 1762 гг. 40 % пасяджэнняў Вальнага сойма было сарвана без прыняцця рашэнняў, а ў XVIII ст. рэдка якi Сойм быў вынiковым. Дэцэнтралiзацыi садзейнiчала i тое, што ў Рэчы Паспалiтай адсутнiчалi адзiныя выканаўча-распарадчыя органы. Кожная частка канфедэрацыi, у тым лiку ВКЛ, мела свой асобны адмiнiстрацыйны i судовы апарат, сваю прававую сiстэму. Правамоцтвы караля, якiя ўсё больш i больш абмяжоўвалiся, таксама не садзейнiчалi ўзмацненню цэнтралiзацыi.

Што тычыцца сiстэмы выканаўчай улады ў Рэчы Паспалітай, то ў адпаведнасцi з законам краiны яе ўзначальваў кароль, які з канца XVI ст. быў выбiраемы. Прававое становiшча караля рэгулявалася агульнадзяржаўнымi актамi “Пакта канвента” i “Генрыкавы артыкулы”, а яго дзеяннi на тэрыторыi Беларусi i Лiтвы вызначалiся яшчэ i Статутам 1588 г. Згодна з “Пакта канвента” Генрык Валуа, якi стаў у 1573 г. каралём Рэчы Паспалiтай, абавязваўся заключыць вечны саюз з Францыяй, пашыраць гандаль з ёй Рэчы Паспалiтай, пацвердзiць усе правы i прывiлеi шляхты i г.д.1. У “Генрыкавых артыкулах” змяшчалiся асноўныя прынцыпы, што вызначалi паўнамоцтвы каралеўскай улады i сойма. У адрозненне ад “Пакта канвента”, якi складаўся для кожнага прэтэндэнта на каралеўскi трон i заключаўся з iм, “Генрыкавы артыкулы” насiлi нязменны характар i кожны абраны кароль абавязаны быў iх пацвердзiць. У сувязi з тым, што Генрык Валуа не зрабіў гэтага, яны набылi сiлу закона толькi пры каранацыi Стэфана Баторыя 30 мая 1576 г. i затым пацвярджалiся ўсiмi каралямi Рэчы Паспалiтай. У “Артыкулах” абвяшчаліся свабоднае абранне караля, абавязак склiкаць сойм раз у два гады тэрмiнам на шэсць тыдняў, не склiкаць агульнае апалчэнне (паспалiтае рушэнне) без згоды сойма. Каралю без згоды сойма забаранялася ўстанаўлiваць новыя падаткi, пошлiны i iнш. Прадугледжвалася, што калi кароль дзейнiчаў насуперак праву i сваiм абавязкам, то шляхта магла адмовiцца ад падпарадкавання яму i выступiць супраць пасля трохразовага папярэджвання з боку прымаса, потым соймiка i, нарэшце, сойма1. Адмова ад падпарадкавання абвяшчалася ў выглядзе ўзброеных канфедэрацый (рокашаў) (Слуцкая 1767 г., Барская 1768 г., Таргавiцкая 1792 г. i iнш.).

Такiм чынам, нi кароль, нi сойм не мелi права намецiць яго наступнiка. У сувязi з гэтым сiстэматычна пасля смерцi кожнага караля пачыналася безуладдзе, якое цягнулася ад некалькiх месяцаў да некалькiх гадоў. На гэты перыяд уводзілася асобая пасада iнтэррэкса, якую звычайна займаў Гнезненскi арцыбiскуп, прымас Польшчы.

Па законе кароль меў права склiкаць Вальны сойм i прызначаць тэрмiн яго пасяджэння; ад яго iмя тварылася правасуддзе; ён прызначаў службовых асоб на ўрадавыя пасады; падтрымліваў зносiны з замежнымi краiнамi; пасылаў i прымаў паслоў i iнш. За сваю дзейнасць кароль адказваў перад Вальным соймам. Фактычна ўсё яго жыццё, нават такiя прыватныя факты, як жанiцьба, развод, замежныя паездкi, было пад кантролем сойма.

Такiм чынам, з аднаго боку, Рэч Паспалiтую можна вызначыць як абмежаваную манархiю, а з другога — кароль Рэчы Паспалiтай быў выбарны, а таму больш нагадваў пажыццёвага прэзiдэнта, чым манарха. Прыняўшы пад увагу вышэйсказанае, можна зрабіць вывад, што Рэч Паспалiтая па форме хутчэй падобная на рэспублiку, чым на манархiю. Так ацэньвала форму праўлення краiны i дзяржаўнае права, таму і назва “Рэч Паспалiтая” ў перакладзе значыць “рэспублiка”. Уся ўлада ў гэтай рэспублiцы належала Вальнаму сойму i павятовым соймiкам, якiя складалiся выключна з паноў-магнатаў i шляхты. Нiжэйшыя станы (саслоўi) краiны нiякiх палiтычных правоў не мелi i былi безгалоснай, бяспраўнай масай. Таму Рэч Паспалiтая фактычна з’яўлялася панскай, шляхецкай рэспублiкай без усякiх адзнак дэмакратызму.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 311; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.007 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты