КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Судовыя ўстановы i права Беларусi ў канцы XVIII — першай палове XIX ст.У вынiку трох падзелаў Рэчы Паспалiтай Вiленскi генерал-губернатар сваiм Манiфестам ад 17 снежня 1795 г. загадаў суд i расправу на далучаных беларускiх землях праводзiць ад iмя iмператарскай вялiкасцi “па старажытных iх правах i суддзямi, з гэтых жа зямель абранымi... для таго ў акругах земскiя i гродскiя суды, а ў гарадах ратушы i магiстраты пакiнуць пад загадам Лiтоўскага трыбунала як верхняга земскага суда”1. У 1797 г. Павел I загадаў аднавiць старыя судовыя органы, якiя прадугледжаны Статутам Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г., i ва Усходняй Беларусi. З цягам часу судовая сiстэма Беларусi наблiжалася да той, якая iснавала ў Цэнтральнай Расii. Напрыклад, у губернях Беларусi былi ўтвораны галоўныя суды, якiя дзейнiчалi на правах губернскiх. Аднак трэба адзначыць, што судовая сiстэма Беларусi захавала i шэраг адметнасцей2. Так, вышэйшым судом у заходнiх губернях быў Галоўны суд, падзелены на два дэпартаменты — крымiнальных i цывiльных спраў. Узначальвалі дэпартаменты старшыні, а членамi былi два саветнiкi. Акрамя таго, у кожным дэпартаменце існавалі засядацелi, колькасць якiх не была аднолькавай у розных губернях Беларусi. Членамi i засядацелямi суда маглi быць толькi дваране, якiя выбiралiся на павятовых дваранскiх сходах тэрмiнам на тры і адзін год адпаведна. Галоўны суд, як правiла, выконваў свае функцыi ў якасцi апеляцыйнага суда па скаргах на пастановы гродскага, земскага i падкаморскага судоў. Ён таксама разглядаў некаторыя справы па першай iнстанцыi. Апеляцыi на рашэннi Галоўнага суда падавалiся ў Сенат. У губернях Беларусi iснаваў і так званы маршалкаўскi камiсарскi суд. Ён ствараўся па рашэнні Галоўнага суда для разгляду скаргаў на прыгаворы падкаморскага суда па зямельных спрэчках. Маршалкаўскi камiсарскi суд складаўся з павятовага маршалка i некалькiх членаў, якiя выбiралiся бакамi па ўзаемнай згодзе. У беларускiх паветах дзейнiчалi судовыя ўстановы, структура якiх адрознiвалася ад структуры падобных судовых органаў у iншых губернях Расii. Асноўным тыпова саслоўным дваранскiм судом першай iнстанцыi быў земскi павятовы суд. У яго ўваходзiлi суддзя, два падсудкi i пiсар, якiя выбiралiся дваранамi на тры гады. Працаваў земскi суд тры разы ў год па два — тры тыднi. У яго кампетэнцыi знаходзiлiся ўсе крымiнальныя справы за выключэннем тых, якiя ўваходзiлi ў сферу дзейнасцi Галоўнага i гродскага судоў. Земскi павятовы суд разглядаў і некаторыя грамадзянскiя справы. Апеляцыi на рашэннi земскага дваранскага суда падавалiся ў Галоўны суд на працягу шасці тыдняў. Разам з тым трэба адзначыць, што царскi ўрад, якi дазволiў дзеянне Статута Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г. у беларускiх губернях, iмкнуўся змянiць або поўнасцю адмянiць некаторыя яго палажэннi. Напрыклад, калi ў XVIII ст. згодна са Статутам 1588 г. члены павятовага земскага суда прызначалiся вялiкiм князем з абiраемых на павятовых соймiках кандыдатаў пажыццёва, то ўказ ад 19 мая 1802 г.1 абавязваў выбiраць чыноўнiкаў на падставе агульнага закону Расiйскай Iмперыi, якi быў прыняты 7 кастрычнiка 1775 г.2 А гэта значыць, што з 1802 г. прэтэндэнты на пасаду членаў земскага павятовага суда выбiралiся тэрмiнам на тры гады. Больш таго, царызм скарацiў кола асоб, якiя мелi права ўдзельнiчаць у выбарах. Бедныя шляхцiцы, якiя “большей частью упражнениями и образом жизни от крестьян не разнствуют”, гублялi права ўдзельнiчаць у дваранскiх выбарах. Такiм чынам, у XIX cт. пры вырашэннi пытання аб удзеле ў дваранскiх выбарах на тэрыторыi Беларусi царскi ўрад кiраваўся не толькi cаслоўным прынцыпам, але i класавым для таго, каб камплектаваць мясцовыя суды найбольш вернымі рэжыму чыноўнiкамi. У першай чвэрцi XIX ст. у беларускiх губернях было часткова перагледжана і пытанне аб тым, якiя вiды правапарушэнняў тычацца крымiнальнай адказнасцi, а якiя — грамадзянскай. Пры вырашэннi гэтай праблемы суддзi павiнны былi карыстацца не нормамi Статута Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г., а “Уставом благочиния” 1782 г.1 Як крымiнальныя пачалі разглядацца справы, па якiх папярэдняе следства праводзiлася органамi палiцыi, у сувязі з чым некаторыя з іх (захоп чужой сенажацi, высечка чужога лесу i iнш.), якiя па Статуце 1588 г. адносiлiся да грамадзянскiх i разглядалiся шляхам падачы iскаў у суд, у XIX ст. былi аднесены да крымiнальных. Пры разглядзе некаторых крымiнальных спраў павятовым земскiм судам прадпiсвалася карыстацца нараўне з нормамi Статута Вялiкага княства Лiтоўскага i агульнымi законамi Расiйскай Iмперыi. Царскі ўрад прыняў шэраг указаў, якiя карэнным чынам мянялi парадак прывядзення ў выкананне прыгавораў i рашэнняў павятовага земскага суда. Калi па Статуце 1588 г. яно праводзiлася возным i гродскiм судамі, то ў XIX ст. “исполнительная часть во всех губерниях, на особенных правах оставленных, от судной отделена” i рэгулявалася агульнымi законамi Расiйскай Iмперыi. Па гэтай прычыне “судебные приговоры в губерниях, от Польши возвращенных, приводить в исполнение в городах полициям, а в уездах — нижним земским судам”2. Усе справы аб зямельных спрэчках знаходзiлiся ў кампетэнцыi падкаморскага суда. Справы ў гэтым судзе разглядаў адзiн суддзя-падкаморый непасрэдна на спрэчным зямельным участку. Рашэнне прыводзiлася ў выкананне праз абазначэнне мяжы ўчастка. У дапамогу падкаморыю выбiраўся адзiн каморнiк (землямер), які ў выпадку адсутнасцi падкаморыя сам разглядаў справу падкаморскага суда i выносiў рашэнне. Апеляцыi на рашэннi падкаморскага суда падавалiся ў Галоўны суд. Акрамя названых судовых устаноў у першай трэцi XIX ст. у заходнiх губернях (Віленскай і Гродзенскай) працавалi гродскiя суды1. Iх членамi былi гродскi суддзя, падсудак i пiсар. Усе яны зацвярджалiся на пасады генерал-губернатарам або губернатарам. Пасяджэннi гродскага суда праходзiлi штомесячна на працягу двух тыдняў. Гродскi суд разглядаў у асноўным крымiнальныя справы (аб рабаваннях, згвалтаваннях, забойствах i iнш.). Апеляцыi на рашэннi гродскага суда падавалiся ў Галоўны суд. Пры гэтым выкананне рашэнняў гродскага суда прыпынялася. Трэба адзначыць, што разам з судовай дзейнасцю гродскi суд выконваў i шэраг адмiнiстрацыйных функцый. Судовая дзейнасць гарадскога магiстрата была даволi абмежаванай. Ён разглядаў нязначныя грамадзянскiя (аб спагнаннi пазыкi па вэксалі, аб прыналежнасцi зямельнага ўчастка i г.д.) i крымiнальныя (аб пабоях, знявазе, самаўпраўстве i iнш.) справы. Пасля няўдалага паўстання 1830—1831 гг. на Беларусi пачалася лiквiдацыя старой судовай сiстэмы i яе унiфiкацыя. У 1831 г. замест галоўных судоў у губернях былі створаны палаты крымiнальнага i цывiльнага судоў, земскiя i гродскiя пераўтвораны ў павятовыя, усё судаводства пераведзена на рускую мову. Нагляд за дзейнасцю мясцовых судоў выконвалi генерал-губернатары i губернатары, якiя мелi права адмяняць іх пастановы. Вышэйшай касацыйнай iнстанцыяй для ўсiх судоў стаў Сенат. У канцы XVIII — першай трэцi XIX ст. на тэрыторыi заходнiх губерняў галоўнай крынiцай права заставаўся Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г. Да 1811 г. усе дзяржаўныя ўстановы i службовыя асобы карысталiся выданнем, надрукаваным у Вiльнi ў 1786 г. на польскай мове. У 1811 г. у Пецярбургу быў надрукаваны Статут 1588 г. на рускай і польскай, а ў 1819 г. — у Вільні на польскай мове. Суды, якiя дзейнiчалi на Беларусi ў гэты перыяд, выкарыстоўвалі нормы як Статута, так i агульнаiмперскага права. Аднак у 1831 г. прымяненне дзейнасці першага было скасавана ў Вiцебскай i Магiлёўскай, а ў 1840 г. — у Вiленскай, Гродзенскай i Мiнскай губернях. Варта памятаць, што адмена Статута 1588 г. азначала прыпыненне дзеяння толькi той часткi мясцовага права, якая да гэтага часу ўжывалася толькi на тэрыторыi Беларусi. Што тычыцца значнай часткi нормаў дзяржаўнага i некаторых iншых галiн права, то з часу ўваходжання заходнiх губерняў у склад Расii яны фактычна не дзейнiчалi, хаця пэўнага заканадаўчага акта, адмянiўшага такiя нормы, выдадзена не было. Такiм чынам, у канцы XVIII — першай палове XIX ст. існавала два напрамкi ўпарадкавання заканадаўства Беларусi. Першы характарызаваўся ўпарадкаваннем мясцовых нарматыўных актаў, якiя дзейнiчалi на тэрыторыi Беларусi да ўключэння яе ў склад Расiйскай Iмперыi, і здзяйсняўся шляхам перакладаў i перавыданняў Статута 1588 г. і соймавых пастаноў, якія дапаўнялі яго, а таксама распрацоўкi Зводу мясцовых законаў заходнiх губерняў. Другi напрамак заключаўся ў тым, што царскi ўрад упарадкоў-ваў заканадаўства шляхам адмены мясцовых асаблiвасцей у праве i паступовай замены мясцовага права правам Расiйскай Iмперыi. У 1826 г. пад кiраўнiцтвам М.М.Сперанскага пачалася работа па падрыхтоўцы Звода законаў Расiйскай Iмперыi. У гэты ж час было прынята рашэнне пачаць падрыхтоўку Звода мясцовых законаў заходнiх губерняў, якi меркавалася ўключыць у агульны Звод законаў Расiйскай Iмперыi. Яго падрыхтоўкай кiраваў вядомы беларускi вучоны-юрыст I.Данiловiч. У структурных адносiнах праект Зводу мясцовых законаў распадаўся на тры часткi. У першай разглядалася прававое становiшча розных катэгорый насельнiцтва (шляхты, духавенства, сялянства i мяшчанства). Тут найбольш ярка адлюстраваўся ўплыў агульнарасiйскага заканадаўства, асаблiва ў адносiнах прававога становiшча дваран. Другая частка была прысвечана шлюбна-сямейнаму i грамадзянскаму праву. У галiне сямейнага права ўплыў мясцовых нормаў права найбольш бачны ў адносiнах атрымання спадчыны, парадку i ўмоў заключэння шлюбаў памiж асобамi каталiцкай веры, а ў сферы грама-дзянскага права — у адносiнах да сервiтутаў, некаторых iнстытутаў абавязацельнага права. Больш за ўсё ўплыў мясцовага права адчуваецца ў трэцяй частцы Зводу мясцовых законаў, дзе выкладзены судовы лад i судаводства па пэўнай катэгорыi грамадзянскiх спраў (актаратавы працэс). У той час як судовы лад на Беларусі за некаторымi выключэннямi (наяўнасць межавых судоў, камiсiй з судовымi правамi) быў iдэнтычны судоваму ладу Расiйскай Iмперыi, судаводства значна адрознiвалася. Так, былi спрошчаныя правiлы падсуднасцi па грамадзянскiх справах, iстотна адрознiваліся парадак iх разгляду на судовым пасяджэннi і выканання i абскарджання судовых рашэнняў. Такiм чынам, можна зрабiць выснову, што праект Зводу мясцовых законаў Заходнiх губерняў — апошняя найбольш значная сiстэматызацыя мясцовага права, у якой спалучалiся рысы мясцовага i агульнарасiйскага права. Праца па падрыхтоўцы Зводу мясцовых законаў у асноўным была завершана ў 1834 г., але па некаторых раздзелах вялася яшчэ да 1837 г. Аднак гэты Звод не быў уведзены ў дзеянне як асобны закон, а ў Агульнаiмперскi звод законаў былi ўключаны толькi яго асобныя нормы. Прычынай гэтага стала тое, што пасля паўстання 1830 — 1831 гг. царскi ўрад перайшоў ад палiтыкi лавiравання да прамога выкаранення праяўленняў нацыянальна-вызваленчага руху ў рэгiёнах, якiя былi далучаны да Расii ў вынiку трох падзелаў Рэчы Паспалiтай. У дзяржаўна-прававой сферы гэта выявiлася ў скасаваннi апошнiх рэшткаў судовай, адмiнiстрацыйнай i прававой аўтаномii заходнiх губерняў. На тэрыторыi Беларусi былi ўве-дзены адмiнiстрацыйная i судовая сiстэмы, аналагiчныя адпаведным сiстэмам Расiйскай Iмперыi. Менавiта таму поўнасцю адмянялася дзеянне Статута Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г., а праект Зводу мясцовых законаў Заходнiх губерняў не быў рэалiзаваны.
|