Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Другое абвяшчэнне БССР




Перакінуўшы войскі з Усходняга фронту на Польскі, Чырвоная Армія спыніла наступленне палякаў і 14 мая 1920 г. перайшла ў контрнаступленне. Аднак з-за недахопу сіл, слабага матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і пралікаў камандавання савецкія войскі вымушаны былі адысці на зыходныя пазіцыі. Поспех прынесла толькi наступленне ў ліпені 1920 г., а 11 ліпеня быў вызвалены Мінск.

Пры такіх абставінах 12 ліпеня 1920 г. у Маскве быў заключаны мірны дагавор памiж буржуазнай Літвой і РСФСР. Разлічваючы на перамогу савецкай улады ў Літве і канфрантацыю Літвы з Польшчай, урад РСФСР пайшоў на ўключэнне ў яе склад земляў з гарадамі Гродна, Шчучын, Ашмяны, Браслаў. Віленскі край разам з Вільняй таксама быў прызнаны складанай часткай Літвы.

Падпісанне мірнага дагавора памiж буржуазнай Літвой і РСФСР юрыдычна спыняла існаванне Літоўска-Беларускай ССР3. Аднак, як указвае Я.А.Юхо, “гэты дагавор для Беларусі не меў і не мог мець ніякай юрыдычнай сілы, бо ён быў падпісаны іншымі дзяржавамі ў процівагу нормам міжнароднага права”1.

Важна адзначыць і другое. Сам факт падпісання дагавора, у якім ішла размова пра беларускія землі, сведчыць пра тое, што лідэры Савецкай Расіі і не думалі раіцца з Беларуссю па тэрытарыяльных пытаннях, як не думалі і пра аднаўленне беларускай дзяржавы.

Дзякуючы паспяховаму наступленню Чырвонай Арміі зноў узнікла ідэя сусветнай рэвалюцыі, таму пра аднаўленне беларускай дзяржаўнасці не магло быць гаворкі. У лепшым выпадку было магчыма прадастаўленне беларусам культурна-нацыянальнай аўтаноміі ў межах Мінскай губерні, якая ўваходзіла б у склад Расіі як адміністрацыйна-гаспадарчая адзінка. На такіх пазіцыях стаялі В.Г.Кнорын, М.I.Калмановіч, I.I.Райнгольд і іншыя кіраўнікі КП(б)Л і Б. Аднак яны сутыкнуліся з супраціўленнем камуністаў-беларусаў, і перш за ўсё А.Р.Чарвякова, Дз.Ф.Жылуновіча, Дз.Ф.Чарнушэвіча. У сувязi з гэтым ЦК КП(б)Л і Б прызнаў неабходным выступіць з дэкларацыяй аб прызнанні самавызначэння беларускага народа.

31 ліпеня 1920 г. у Мінску была абвешчана Дэкларацыя аб незалежнасці БССР. Iснуе меркаванне, што яна абвяшчалася з мэтай заспакаення мас. Як бы там ні было, але імкненне беларускага народа да сацыяльнай і нацыянальнай свабоды было ў нейкай меры задаволена. У Дэкларацыі сцвярджалася, што рэспублiка будуецца на прынцыпах “дыктатуры пралетарыята і выкарыстання ўсяго вопыту Савецкай Расіі”. Гаварылася таксама пра аднаўленне асноўных прынцыпаў арганiзацыі народна-гаспадарчага жыцця, абвешчаных 1 студзеня 1919 г. Маніфестам рабоча-сялянскага савецкага ўрада і юрыдычна замацаваных у рашэннях I Усебеларускага з’езда Саветаў 2—3 лютага 1919 г. Да склікання чарговага Усебеларускага з’езда Саветаў улада пераходзіла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта БССР2.

У Дэкларацыі аб незалежнасці БССР меліся яшчэ два важныя моманты: указвалася, што рэспублiка з’яўляецца суверэннай савецкай дзяржавай, і ў самым агульным плане вызначаліся яе межы. Даслоўна было сказана наступнае: “ССРБ вызначае сваю заходнюю мяжу па этнаграфічнай мяжы памiж Беларуссю і буржуазнымі дзяржавамі, якія з ёй мяжуюць. Мяжа ССРБ з Савецкай Расіяй і Украінай вызначаецца свабодным выяўленнем волі беларускага народа на павятовых і губернскіх з’ездах Саветаў у поўнай згодзе з урадамі РСФСР і ССРУ”1. Думаецца, што гэты запіс не быў выпадковым. Ён даваў магчымасць РСФСР пакінуць пад сваёй юрысдыкцыяй раней далучаныя землі.

У ліпені 1920 г., калі Чырвоная армія паспяхова рухалася на захад, была рэальная магчымасць аднавіць рэспублiку ў тых межах, якія намячаліся I з’ездам КП(б)Б у студзені 1919 г., аднак гэтага не адбылося. Пасля паражэння савецкіх войскаў на Вісле межы маладой рэспублiкi заставаліся замацаванымі толькi на паперы (у рэзалюцыі I з’езда КП(б)Б і ў Дэкларацыі ад 31 ліпеня 1920 г.).

У перыяд свайго другога абвяшчэння рэспублiка аднавілася толькi ў межах Мінскай губерні. Гэта прывяло да канфрантацыі бальшавікоў з беларускiмі эсэрамі, якія выступалі за цэласную і незалежную беларускую дзяржаву. Пачалася адкрытая барацьба памiж БПС-Р і КП(б)Б. Кіраўніцтва БПС-Р адмовілася падпісаць “Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ” у прапанаваным выглядзе, хоць першапачаткова выказвалася ў яе падтрымку.

Такiм чынам, аналізуючы працэс другога абвяшчэння БССР, можна канстатаваць, што пры яе аднаўленні з дапамогай урада РСФСР не магло быць гаворкі аб рэальным суверэнітэце ў рамках этнічнай тэрыторыі.

Да такога ж вываду прыйшоў і Я.А.Юхо: “Адноўленая ...Сацыялістычная Савецкая Рэспублiка Беларусь на тэрыторыі шасці паветаў (уездаў) Мінскай губерні хоць і аб’яўлялася незалежнай, аднак фактычна і юрыдычна з’яўлялася аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР.

...Аўтаномны характар адносін ССРБ з РСФСР асаблiва яскрава выяўляўся ў эканамiчных, вайсковых і дзяржаўна-палітычных адносінах. Рэспублiка не мела сваіх грошай і фінансавалася з бюджэту РСФСР; арміяй, чыгуначным транспартам, поштай і сувяззю кіравалі з РСФСР, яе заканадаўства дзейнічала і на тэрыторыі Беларусі”1.

Пра аўтаномны характар адносін БССР і РСФСР сведчыць і пастанова III з’езда Кампартыі Беларусі (лістапад 1920 г.), у якой аб прававым становішчы рэспублiкi сказана наступнае: “Беларусь, з’яўляючыся Сацыялістычнай Савецкай Рэспублiкай, адначасова з’яўляецца складанай часткай РСФСР, і ўсе яе органы ў галіне агульных мерапрыемстваў павiнны быць падпарадкаваны адпаведным камісарыятам РСФСР, аднак яны павінны мець пэўную свабоду ў галіне вырашэння пытанняў мясцовага жыцця, у якіх яны павінны кіравацца ЦВКБ і Саўнаркомам Беларусі”2.

Далейшае канстытуцыйнае афармленне Беларускай ССР было здзейснена на II Усебеларускім з’ездзе Саветаў рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які праходзіў у Мінску з 13 па 17 снежня 1920 г. З’езд унёс істотныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР і завяршыў сваю работу выбраннем ЦВК БССР. Дакументы з’езда з’явіліся фундаментам далейшага прававога будаўнiцтва ў Беларускай ССР.

Мiж тым польскія войскі, якія перайшлі ў наступленне 16 жніўся 1920 г., занялі значную частку Беларусі. РСФСР вымушана была пайсці на перагаворы аб міры. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе былі падпісаны папярэднія ўмовы міру памiж РСФСР і Украінай, з аднаго боку, і Польшчай — з другога, а 18 сакавіка 1921 г. — мірны дагавор, які замацаваў змяншэнне тэрыторыі Беларусі. У прыватнасці, да Польшчы адышла ўся Заходняя Беларусь з насель-ніцтвам больш чым 4 млн чалавек. Віцебская і Гомельская губерні, а таксама заходнія паветы Смаленшчыны па-ранейшаму заставаліся пад юрысдыкцыяй РСФСР. Тэрыторыю ж Беларусі склалі толькi шэсць паветаў Мінскай губерні з насельніцтвам 1,6 млн чалавек.

Заслугоўвае ўвагі прававы аспект ацэнкі перагавораў у Рызе. Нягледзячы на існаванне адноўленай БССР, беларускую дэлегацыю для ўдзелу ў перагаворах, на якіх вырашаліся пытанні тэрыторыі рэспублiкi, запрасіць не палічылі патрэбным. Гэта падкрэслівае непаўнату, фармальнасць яе дзяржаўнага суверэнітэту на дадзеным этапе.

Са свайго боку Рада БНР, якая працягвала функцыяніраваць, выступіла з мемарандумам пратэсту супраць падзелу Беларусі на дзве часткі і паставіла пытанне аб удзеле сваіх прадстаўнікоў у перагаворах. У адваротным выпадку Рыжскі дагавор для Беларусі не мог мець юрыдычнай сілы, што супярэчыла нормам міжнароднага права. У сувязi з гэтым Рэўкомам БССР было прынята рашэнне аб даручэнні дэлегацыі РСФСР прадстаўляць інтарэсы Беларусі на далейшых этапах перагавораў1. II Усебеларускі з’езд Саветаў, які праходзіў у снежні 1920 г. у Мінску, пацвердзіў не толькi асноўныя палажэнні Маніфеста рабоча-сялянскага савецкага ўрада ад 1 студзеня 1919 г., але і адобрыў папярэднія ўмовы Рыжскага дагавору.

Аб тым, што дэлегацыя Савецкай Расіі была супраць удзелу Беларусі ў перагаворах у Рызе, сведчыць пісьмо наркама замежных спраў РСФСР Г.В.Чычэрына ў Палітбюро ЦК РКП(б) ад 30 снежня 1920 г. Ён пісаў: “...Дэлегацыя застаецца руска-ўкраінскай, але ўрад РСФСР ...мае паўнамоцтвы ад Беларусі. Iсці за межы гэтай камбінацыі немэтазгодна. ...У выпадку з’яўлення непасрэдна беларускай дэлегацыі ў Рызе яна там разбурыць усе нашы дыпламатычныя кам-бінацыі”2.

Палякі таксама не жадалі, каб у перагаворах “прымала ўдзел самастойная дэлегацыя ССРБ”3, якая, зразумела, імкнулася да аднаўлення адзінства сваёй тэрыторыі перш за ўсё за кошт заходняй часткі Беларусі.

Прычынамі адмоўных для Беларусі вынікаў Рыжскага (1921 г.) дагавору былі: няўдачная для РСФСР вайна з Польшчай; ідэі сусветнай рэвалюцыі, якім аддавала перавагу расійскае кіраўніцтва і якія перашкаджалі вырашэнню практычных задач нацыянальна-дзяржаўнага ўладкавання народаў былой царскай Расіі; раскол і слабасць нацыянальнага руху, недастатковая падтрымка яго на мiжнародным узроўні.

Такiм чынам, працэс станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці быў надзвычай цяжкім і драматычным. Спецыфічнае геаграфічнае становішча Беларусі, перапляценне гістарычных лёсаў беларусаў з лёсамі прадстаўнікоў іншых народаў, і перш за ўсё рускага, польскага, літоўскага, іншыя асаблiвасці абумоўлівалі тое, што ў ёй агульнанацыянальныя інтарэсы ўступалі месца партыйна-класавым імкненням розных груп насельніцтва. Акрамя таго, праяўляў жывучасць як вялікарускі, так і вя-лікапольскі шавінізм.

Зразумела, нельга адмаўляць рэальнасці ажыццяўлення ідэі беларускай дзяржаўнасці ў форме савецкай рэспублiкi, аднак пры гэтым неабходна ўлічваць, што ўжо ў пачатку 30-х гг. рэальнага суверэнітэту БССР, як і іншыя рэспублiкi, не мела. Да таго часу СССР з прычыны самой логікі развiцця цэнтралізаванай адміністрацыйнай сiстэмы, існавання манаполіі бальшавікоў на ўладу поўнасцю ўсталяваўся ў якасці таталітарнай дзяржавы.


Глава11


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 620; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.008 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты