Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне БССР. Пашырэнне тэрыторыі рэспублiкi




21 сакавіка 1921 г. пастановай ЦВК БССР было прынята Палажэнне аб прадстаўніцтве Беларусі пры ўрадзе РСФСР, якое стваралася з мэтай каардынацыі дзейнасці і абагульнення практычнай работы органаў і ўстаноў абедзвюх рэспублiк. Паўнамоцнае прадстаўніцтва БССР з’явілася для рэспублiкi новым тыпам савецкай установы, якая выконвала функцыі дыпламатычнай місіі. Адным з напрамкаў яго дзейнасці стала работа сярод беларускага насельніцтва Віцебскай і Гомельскай губерняў, якія знаходзіліся ў складзе РСФСР.

Кіраўніцтвам рэспублiкi ўзнімалася пытанне аб урэзанасці тэрыторыі Беларусі, якая складалася фактычна з шасці паветаў (плошча 52,3 тыс. км2, насельніцтва 1544 тыс. чалавек): Бабруйскага, Барысаўскага, Iгуменскага (з 1923 г. Чэрвеньскага), Мазырскага, Мінскага і Слуцкага. З 16 студзеня 1919 г. Віцебская, Магілёўская і заходнія паветы Смаленскай губерні, як ужо адзначалася, былі далучаны да РСФСР. Тэрыторыя ж Заходняй Беларусі на аснове Рыжскага мірнага дагавора адышла да Польшчы.

Летам 1921 г. ва ўрадзе РСФСР абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні адзінага эканамiчнага раёна ў складзе Віцебскай, Гомельскай, Смаленскай, Бранскай губерняў і БССР з цэнтрам у Смаленску. Урад БССР прапанаваў свой праект стварэння адзінага эканамiчнага раёна шляхам пашырэння тэрыторыі рэспублiкi за кошт уключэння ў яе склад земляў з пераважна беларускiм насельніцтвам. Праект быў пададзены ў Савет працы і абароны і Дзяржплан РСФСР. Нягледзячы на тое што ён быў падтрыманы старшынёй прэзідыума Дзяржплана РСФСР Г.М.Кржыжаноўскім, практычнае ажыццяўленне праекта пачалося пазней у сувязі з настойлівымі патрабаваннямі БССР.

У снежні 1923 г. Прэзідыум ЦВК СССР зацвердзіў склад спецыяльнай камісіі, якая разглядала матэрыялы па кожным павеце аб мэтазгоднасці іх уваходжання ў састаў Беларусі. Пры вырашэнні пытання кіраваліся менавiта прынцыпам перавагі беларускага насельніцтва. 4 лютага 1924 г. Прэзідыум УЦВК РСФСР зацвердзіў рашэнне камісіі аб змене граніц, а 7 сакавіка 1924 г. Прэзідыум ЦВК СССР прыняў пастанову аб аб’яднанні ў складзе БССР усіх тэрыторый з большасцю беларускага насельніцтва.

У выніку першага ўзбуйнення БССР у яе склад былі вернуты: Віцебскі, Полацкі, Сенненскі, Суражскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі і Аршанскі паветы Віцебскай губерні, у складзе РСФСР засталіся Себежскі, Невельскі, Веліжскі паветы; Клімавіцкі, Рагачоўскі, Быхаўскі, Магілёўскі, Чэрыкаўскі, Чавускі паветы Гомельскай губерні (у красавіку 1919 г. Магілёўская губерня была ператворана ў Гомельскую), у складзе РСФСР засталіся Гомельскі і Рэчыцкі паветы; 18 валасцей Горацкага і Мсціслаўскага паветаў Смаленскай губерні. VI Усебеларускі з’езд Саветаў, які адбыўся 13—16 сакавіка 1924 г. і ўвайшоў у гісторыю як з’езд першага ўзбуйнення БССР, замацаваў пашырэнне рэспублiкi.

Тэрыторыя Беларускай ССР павялічылася больш чым у 2 разы (110,5 тыс. км2), а колькасць насельніцтва ўзрасла да 4,2 млн чалавек. Віцебская губерня была ліквідавана. Другая сесія ЦВК БССР 6-га склікання (17 ліпеня 1924 г.) адмяніла ранейшае і ўвяла новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне на акругі, раёны, сельсаветы. Было створана 10 акруг (Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская, Магілёўская, Мазырская, Мінская, Полацкая, Слуцкая), якія аб’ядноўвалі 100 раёнаў і 202 сельсаветы.

Са снежня 1926 г. Прэзідыум УЦВК выдаў пастанову аб перадачы БССР Гомельскага і Рэчыцкага паветаў, якія былі перайменаваны ў акругі. Гомельская губерня была ліквідавана. Тэрыторыя БССР складала цяпер 125,8 тыс. км2, а насельніцтва — 5 млн чалавек.

9 чэрвеня 1927 г. былі ліквідаваны Барысаўская, Калінінская, Рэчыцкая і Слуцкія акругі, а 26 ліпеня 1930 г. — апошнія восем акруг. На тэрыторыі БССР засталося толькi раённае дзяленне.

15 студзеня 1938 г. у рэспублiцы было ўведзена абласное дзяленне: Віцебская вобласць уключала ў сябе 20 раёнаў, Гомельская — 14, Магілёўская — 21, Мінская — 20, Палеская — 15 раёнаў.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 335; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.006 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты