КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Узаемаадносіны БССР і РСФСР. Утварэнне Саюза ССРПасля ўтварэння БССР узнікла неабходнасць ва ўрэгуляванні ўзаемаадносін новай савецкай рэспублiкi з РСФСР. Пастановай ад 31 студзеня 1919 г. Прэзідыум УЦВК РСФСР прызнаў незалежнасць Беларускай ССР. Гэту пастанову, як было сказана вышэй, старшыня УЦВК Я.М.Свярдлоў 2 лютага 1919 г. зачытаў на I Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які звярнуўся з заклікам да ўсіх народаў і ўрадаў прызнаць новую дзяржаву, а таксама прыняў пастанову аб пачатку перагавораў з РСФСР па ўстанаўленні федэратыўнай сувязі, хоць адначасова выказаўся за неадкладнае зліццё БССР з Літоўскай ССР. 1 чэрвеня 1919 г. УЦВК РСФСР з мэтай аб’яднання намаганняў усіх савецкіх рэспублiк ва ўмовах грамадзянскай вайны прыняў дэкрэт аб стварэнні ваеннага саюза рэспублiк. Прызнавалася неабходным правесці цеснае аб’яднанне ваеннай арганiзацыі і ваеннага камандавання, саветаў народнай гаспадаркі, чыгуначнага кіравання і гаспадаркі, фінансаў, камісарыятаў працы Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі і Крыма з тым, каб кіраўніцтва гэтымі галінамі было сканцэнтравана ў руках адзіных калегій. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і абвя-шчэння Дэкларацыі аб незалежнасці БССР ад 31 ліпеня 1920 г. рэспублiка, знаходзячыся ў стане найцяжэйшай гаспадарчай разрухі, прыступіла да мірнага будаўнiцтва. У цэнтры ўвагі органаў улады і кiра-вання было аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі. Цяжкае эканамiчнае становішча ўзмацнялася незадаволенасцю сялян харчразвёрсткай. У сувязi з гэтым пераход да новай эканамiчнай палітыкі, замена харчразвёрсткі харчпадаткам садзейнічалі аднаўленню народнай гаспадаркі рэспублiкi. У гэты перыяд актывізуецца дзейнасць вышэйшых органаў улады і кіравання: Усебеларускага з’езда Саветаў, Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і яго прэзідыума, а таксама створанага 18 снежня 1920 г. на першай сесіі ЦВК БССР Савета Народных Камісараў, які ўзначальваў старшыня ЦВК А.Р.Чарвякоў (з 1923 г. Я.А.Адамовіч). СНК прымаў меры па аднаўленні прамысловасці і сельскай гаспадаркі, рэалiзацыі праграмы пераходу да новай эканамiчнай палітыкі, удзяляў увагу народнай асвеце, падрыхтоўцы кадраў, стабілізацыі становішча, умацаванню савецкай улады і г.д.1 У полі зроку кіраўніцтва рэспублiкi ў гэты час знаходзіліся і пытанні, звязаныя з суверэнітэтам і тэрытарыяльнай цэласнасцю БССР. Не задавальняючыся становішчам “малодшага брата” ў адносінах да РСФСР, аб чым было прама заяўлена на I Усебеларускім з’ездзе Саветаў у дэкларацыі “Аб устанаўленні цеснай федэратыўнай сувязі памiж БССР і РСФСР”, рэспублiка пачала заяўляць аб сабе як аб самастойнай дзяржаве. Якасна новыя ўзаемаадносіны БССР з РСФСР заканадаўча замацаваў Саюзны рабоча-сялянскі дагавор ад 16 студзеня 1921 г., ратыфікаваны УЦВК РСФСР і ЦВК БССР у ліпені 1921 г. У ім прызнава-ліся “незалежнасць і суверэннасць кожнага з дагаворных бакоў”, падкрэслівалася, што “з самога факта ранейшай прыналежнасці тэрыторыі ССРБ да былой Расійскай Iмперыі для ССРБ не вынікае ніякіх абавязацельстваў у адносінах да каго б там ні было”1, і гаварылася, што з мэтай ваеннага і гаспадарчага саюза ўрады абедзвюх рэспублік аб’яўляюць аб аб’яднанні наркаматаў ваенных і марскіх спраў; знешняга гандлю; фінансаў; працы; шляхоў зносін; пошты і тэлеграфа. Аб’яднаныя наркаматы ўваходзілі ў склад урада РСФСР, кіраўніцтва імі ажыццяўлялася праз Усерасійскі з’езд Саветаў і УЦВК, а ў СНК БССР яны мелі сваіх упаўнаважаных. Дагавор сведчыў пра пашырэнне паўнамоцтваў Беларусі, у ім былі ўдакладнены ўзаемаадносіны рэспублiк, і з гэтага часу толькi па пэўных колах пытанняў, связаных з дзейнасцю аб’яднаных наркаматаў, пераважалі паўнамоцтвы РСФСР. Пра працэс пашырэння паўнамоцтваў рэспублiкi сведчаць і дапаўненні да гэтага дагавора, уведзеныя дэкрэтам ЦВК БССР ад 24 студзеня 1922 г., у якім зазначалася, што пастановы і распараджэнні аб’яднаных наркаматаў абавязковыя для рэспублiкi ў тым выпадку, калі пацверджаны ўладнымі органамі Беларусі. У 1922 г. праблема ўзаемаадносін усіх савецкіх рэспублiк стала прадметам сістэматычнага абмеркавання партыйных і савецкіх з’ездаў. У жніўні 1922 г. ЦК РКП(б) стварыў спецыяльную камісію па падрыхтоўцы праекта дагавора аб іх далейшых узаемаадносінах у цэлым. У яе ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх рэспублiк, у тым лiку і Беларусі. Падрыхтаваны Сталіным так званы праект “аўтанамізацыі”, сутнасцю якога з’яўлялася ўваходжанне рэспублiк у склад РСФСР на правах аўтаноміі, быў па ініцыятыве У.I.Леніна раскрытыкаваны на пасяджэнні ЦК РКП(б). У адпаведнасці з яго прапановамі была прынята рэзалюцыя з новым праектам дзяржаўнага аб’яднання савецкіх рэспублiк, у аснову якога былі пакладзены прынцыпы раўнапраўя і добраахвотнасці. 14 снежня 1922 г. Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў пастанову аб неабходнасці аб’яднання рэспублiк на аснове ўзаемнай роўнасці, цесных эканамiчных і палітычных сувязяў. У ёй адзначалася, што фактычна такі саюз ужо склаўся і патрабуецца толькi заканадаўча аформіць яго, улічваючы пры гэтым неабходнасць прадастаўлення кожнай з рэспублiк гарантый праяўлення ініцыятывы. Для падпісання дакументаў па стварэнні саюза з’езд выбраў дэлегацыю. 30 снежня I з’езд Саветаў СССР у асноўным зацвердзіў праект Дагавора і Дэкларацыі аб утварэнні СССР, якія з прычыны іх надзвычайнай важнасці перадаваліся на дадатковы разгляд рэспублiк. Пазней быў разасланы на заключэнне рэспублiк і праект першай агульнасаюзнай канстытуцыі. У студзені 1924 г. V Усебеларускі з’езд Саветаў адобрыў праект Канстытуцыі СССР, якая была зацверджана 31 студзеня 1924 г. на II Усесаюзным з’ездзе Саветаў. У адпаведнасці з агульнасаюзнай Канстытуцыяй Беларуская ССР, як і іншыя савецкія рэспублiкi, перадала частку сваіх паўнамоцтваў СССР. Пералік пытанняў, вырашэнне якіх уваходзіла ў кампетэнцыю Саюза ССР, быў даволi шырокім: прадстаўніцтва ў мiжнародных адносінах, заключэнне дагавораў з іншымі дзяржавамі, пытанні вайны і міру, права змянення знешніх граніц і пытанні іх змянення памiж рэспублiкамі, кіраўніцтва і ўстанаўленне сiстэмы ўнутранага гандлю, распрацоўка асноў агульнага плана ўсёй народнай гаспадаркі, вырашэнне спрэчных пытанняў, якія ўзніклі памiж рэспублiкамі, і інш. Такiм чынам, згодна з Асноўным Законам, суверэнітэт саюзных рэспублiк быў абмежаваны толькi ў выпадках, указаных Канстытуцыяй СССР. Пры вырашэнні астатніх пытанняў рэспублiкi маглі дзейнічаць самастойна (арт. 3).
|