КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 і 1937 гг.VI Усебеларускі з’езд Саветаў (13 — 16 сакавіка 1924 г.) даручыў ЦВК БССР падрыхтаваць праект новай Канстытуцыі, якая б адпавядала Канстытуцыі СССР і ўлічвала адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне рэспублiкi. У лютым 1925 г. ён быў разгледжаны чацвёртай сесіяй ЦВК, аднак выклікаў рознагалоссі і быў адпраўлены на дапрацоўку. Новая Канстытуцыя БССР, якая складалася з 13 глаў і 76 артыкулаў, была прынята VIII Усебеларускім з’ездам Саветаў толькi 11 красавіка 1927 г. У ёй БССР абвяшчалася дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, уся ўлада ў якой належала Саветам рабочых, сялянскiх i чырвонаармейскiх дэпутатаў, і аб’яўлялася, што ў яе аснове ляжаць палажэнні Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа, прынятай III Усерасійскім з’ездам Саветаў, Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада БССР ад 1 студзеня 1919 г., асноў Канстытуцыі БССР 1919 г. і Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР ад 1 жніўня 1920 г. У адпаведнасці з Канстытуцыяй правам выбіраць і быць выбраным у Саветы, якія з’яўляліся палітычнай асновай дзяржавы, карысталіся ўсе грамадзяне рэспублiкi незалежна ад расы, полу, нацыянальнасці і адукацыі, якім да дня выбараў споўнілася 18 гадоў, за выключэннем так званых кулакоў, гандляроў, асоб, якія жылі на непрацоўныя даходы, служыцеляў рэлігійных культаў і манахаў, былых служачых і агентаў паліцыі, псіхічна хворых і асуджаных за карыслівыя і іншыя злачынствы. Такiм чынам, выбары ў органы ўлады праводзіліся на аснове ўсеагульнага для працоўных, не зусiм роўнага для рабочых і сялян выбарчага права (устанаўлівалася перавага рабочага класа, бо для гарадскога і сельскага насельніцтва рэгламентаваліся розныя нормы прадстаўніцтваў на з’ездах Саветаў) пры адкрытым галасаванні. Выбары на з’езды былі шматступеньчатымі. Канстытуцыя замацавала за выбаршчыкамі права адклікання дэпутатаў і абавязак апошніх рабіць справаздачу аб сваёй рабоце. Канстытуцыя замацавала факт уваходжання БССР у склад Саюза ССР з правам свабоднага выхаду, вызначыла суверэнныя правы рэспублiкi самастойна прымаць сваю канстытуцыю, уносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання, вызначаць адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне і інш. У новай Канстытуцыі былі паўтораны палажэнні папярэдняй Канстытуцыі рэспублiкi аб правах і абавязках грамадзян, гаварылася, што ўсе грамадзяне БССР маюць права свабодна карыстацца роднай мовай. Была замацавана роўнасць беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай моў, аднак прызнавалася перавага беларускай у зносінах з дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі арганiзацыямі і ўстановамі. Асноўным Законам рэгламентавалася дзейнасць вышэйшых органаў улады і кіравання, пабудаваных у адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнем (акруга, раён, горад, мястэчка, сельсавет). Спецыяльны раздзел Канстытуцыі прысвячаўся гербу, сцягу і сталіцы БССР. Носьбітам вярхоўнай улады ў Беларускай ССР, паводле Канстытуцыі 1927 г., абвяшчаўся Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскiх i чырвонаармейскiх дэпутатаў, а ў перыяд памiж з’ездамі — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саветаў Беларускай ССР. Згодна з артыкуламі 24, 27, 30 Канстытуцыі да выключнай кампетэнцыі Усебеларускага з’езда Саветаў адносіліся пытанні дапаўнення і змянення асноўных палажэнняў Канстытуцыі, а таксама канчатковае зацвярджэнне частковых змен Канстытуцыі, якія прымаліся ЦВК рэспублiкi ў перыяд памiж з’ездамі, змяненне межаў рэспублiкi, выбары ЦВК Беларусі і прадстаўнікоў ад БССР у Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР. Такія пытанні, як устанаўленне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэспублiкi, распрацоўка дзяржаўных і мясцовых падаткаў, згодна з заканадаўствам СССР, плана народнай гаспадаркі, афармленне знешніх і ўнутраных пазык, зацвярджэнне кодэксаў законаў БССР, адмена пастаноў акружных з’ездаў Саветаў, што парушаюць Канстытуцыю або пастановы вышэйшых органаў улады БССР, і некаторыя іншыя адносіліся да сумеснай кампетэнцыі Усебеларускага з’езда Саветаў і Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў (арт. 25). Трэба адзначыць, што ЦВК БССР лічыўся вярхоўным органам улады ў перыяд памiж Усебеларускімі з’ездамі Саветаў. Ён быў заканадаўчым, распарадчым і кантралюючым органам улады, склікаў з’езды, утвараў Савет Народных Камісараў рэспублiкi і Прэзідыум ЦВК БССР (арт. 31, 33, 34, 38). Асноўную арганізацыйную работу ў перыяд памiж сесіямі ЦВК выконвалi Прэзідыум ЦВК і яго пастаянныя ўстановы: сакратарыят, арганізацыйны аддзел і некаторыя камісіі. У склад Прэзідыума ўваходзілі старшыня, сакратар і да 20 членаў. Прэзідыум ЦВК у перыяд памiж сесiямi ЦВК быў вышэйшым заканадаўчым, распарадчым і кантралюючым органам улады. Ён меў права склікаць сесіі ЦВК БССР, як правiла, адзін раз у месяц, але ў Канстытуцыі БССР 1927 г. гэты тэрмін не вызначаўся, а дзейнічала норма права, якая была запісана ў дапаўненнях да Канстытуцыі, прынятых II Усебеларускім з’ездам Саветаў у 1920 г.1 Акрамя таго, Прэзідыум меў права прымаць дэкрэты і пастановы па розных пытаннях гаспадарчага і культурнага будаўнiцтва ў рэспублiцы, забяспечваў правядзенне з’ездаў Саветаў. Штодзённую выканаўча-распарадчую работу ў рэспублiцы выконваў Савет Народных Камісараў (арт. 53). У яго склад уваходзілі старшыня СНК і яго намеснікі, народныя камісары, якія ўзначальвалі асобыя галіны дзяржаўнага кіравання, а таксама ўпаўнаважаныя народных камісараў СССР: па замежных, ваенных і марскіх справах, па шляхах зносін, пошты і тэлеграфа. Паводле Канстытуцыі 1927 г. Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі, а таксама наркаматы фінансаў, працы, гандлю і рабоча-сялянскай інспекцыі БССР апрача падпарадкавання вышэйшым органам рэспублiкi павінны былі выконваць дырэктывы адпаведных народных камісараў Саюза ССР. Як бачым, найбольш важныя пытанні дзяржаўнага жыцця рэспублiкi вырашаліся ў вышэйшых органах улады СССР, што і было юрыдычна замацавана ў артыкуле 1 Канстытуцыі СССР 1924 г. СНК БССР дзейнічаў калегіяльна і прымаў па тым ці іншым пытаннi жыццядзейнасці рэспублiкi адпаведныя дэкрэты і пастановы. Старшыня і яго намеснікі прымалі аднаасобна распараджэнні, якія потым зацвярджаліся на чарговых пасяджэннях СНК. Распараджэнні народных камісараў маглі быць адменены ЦВК, яго Прэзідыумам і СНК БССР, а распараджэнні аб’яднаных народных камісарыятаў (фінансаў, гандлю і інш.) скасаваны аднайменнымі народнымі камісарыятамі Саюза ССР. Структура мясцовых органаў дзяржаўнай улады адпавядала адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму па-дзелу рэспублiкi, што быў замацаваны Канстытуцыяй 1927 г. (арт. 54). Вышэйшым органам улады на тэрыторыі акругі або раёна быў адпаведна акруговы ці раённы з’езд Саветаў рабочых, сялянскiх i чырвонаармейскiх дэпутатаў, а іх выканаўчымі органамі — акруговыя або раённыя выканаўчыя камітэты, якія ў перыяд памiж з’ездамі Саветаў мелі найвышэйшую ўладу на адпаведнай тэрыторыі. Для кіраўніцтва бягучымі справамі і ажыццяўлення пастаноў і дэкрэтаў вышэйшых органаў акруговыя і раённыя выканаўчыя камітэты ўтваралі свае прэзідыумы, якія дзейнічалі ў перыяд памiж пасяджэннямі выканаўчых камітэтаў і карысталіся іх паўнамоцтвамі. Саветы рабочых, сялянскiх i чырвонаармейскiх дэпутатаў утвараліся ў гарадах, мястэчках і сёлах. Для вырашэння бягучых спраў яны таксама выбіралі са свайго складу выканаўчыя органы. У артыкуле 2 Канстытуцыі Беларусі 1927 г. замацавана палажэнне аб тым, што БССР з’яўляецца сацыялiстычнай дзяржавай дыктатуры пралетарыяту і ажыццяўляе свае задачы на аснове саюза рабочых і сялян. Але ў рэальнасці склалася так, што ад імя пралетарыяту дыктатуру ажыццяўляла Камуністычная партыя бальшавікоў. Менавiта па гэтай прычыне ўсе дзяржаўныя органы былі падпарадкаваны партыйным установам і павінны былі выконваць дырэктывы і пастановы партыйных з’ездаў, канферэнцый і іх выканаўчых органаў. Усе важнейшыя пасады ў дзяржаўным апараце займалі толькi камуністы, якія зацвярджаліся ў партыйных камітэтах. Напрыклад, кіруючыя работнікі Беларускай ССР зацвярджаліся на пасады ў ЦК УКП(б); рэспубліканскія наркамы, іх намеснікі і некаторыя іншыя — на бюро ЦК Кампартыі Беларусі; асобы, якія прызначаліся на пасады ў акругі, раёны, — акружнымі або раённымі камітэтамі партыі. Такая сiстэма назначэння кіруючых кадраў атрымала назву “наменклатура”. Адначасова адбылося зліццё партыйнага і дзяржаўнага апарату. Дзяржаўныя кіраўнікі ўваходзілі ў склад партыйных органаў, а партыйныя — дзяржаўных савецкіх устаноў. Такі парадак доўжыўся да таго часу, пакуль Кампартыя ў канстытуцыйным парадку заставалася “кіруючай і накіроўваючай сілай у грамадстве” (да 1991 г.). У 1936 г. у сувязі з палітыка-эканамiчнымі зменамі ў дзяржаве было прызнана неабходным унесці змяненні ў Канстытуцыю СССР 1924 г., аднак канстытуцыйная камісія прыйшла да вываду аб неабходнасці распрацоўкі якасна новай канстытуцыі. У лістападзе 1936 г. XII Надзвычайны Усебеларускі з’езд Саветаў БССР абмеркаваў праект Канстытуцыі СССР і стварыў камісію па падрыхтоўцы праекта новай Канстытуцыі рэспублiкi. Пасля перапынку ў рабоце, 19 лютага 1937 г., гэты з’езд прыняў Канстытуцыю рэспублiкi. Новая Канстытуцыя БССР поўнасцю адпавядала Канстытуцыі СССР 1936 г. Саюзныя законы ў абавязковым парадку пашыраліся на тэрыторыю рэспублiкi, а кожны грамадзянін БССР з’яўляўся і грамадзянінам СССР. У Канстытуцыі гаварылася пра добраахвотнае аб’яднанне БССР на роўных правах з іншымі саюзнымі рэспублiкамі ў Саюз ССР, аднак суверэнітэт Беларусі быў абмежаваны, а механізм выхаду са складу Саюза не распрацаваны. Найбольш важныя пытанні дзяржаўнага жыцця былі аднесены да кампетэнцыі СССР (абарона краіны, знешні гандаль, кіраўніцтва эканомікай на аснове ўстанаўлення народнагаспадарчых планаў СССР, ахова дзяржаўнай бяспекі і інш.). Канстытуцыя Беларускай ССР 1937 г. складалася з 11 раздзелаў: 1) “Грамадскі лад”; 2) “Дзяржаўны лад”; 3) “Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады БССР”; 4) “Органы дзяржаўнага кіравання БССР”; 5) “Мясцовыя органы дзяржаўнай улады”; 6) “Бюджэт БССР”; 7) “Суд і пракуратура”; 8) “Асноўныя правы і абавязкі грамадзян”; 9) “Выбарчая сiстэма”; 10) “Герб, сцяг, сталіца”; 11) “Парадак змянення Канстытуцыі”. Усяго ў Канстытуцыі было 122 артыкулы. Па сваёй структуры і тэарэтычна-тэхнічнай распрацоўцы Канстытуцыя была больш дасканалай, чым папярэдняя. У ёй была зроблена спроба адыходу ад прынцыпу “ўся ўлада Саветам” і намечаны пераход да падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую”1. Вышэйшым органам улады ў рэспублiцы ўпершыню абвяшчаўся Вярхоўны Савет, які выбіраў Прэзідыум і ствараў урад — СНК БССР. Канстытуцыя БССР упершыню змяшчала раздзелы пра бюджэт, суд і пракуратуру, хоць ствараліся яны ў адпаведнасці з агульнасаюзным заканадаўствам. Многія палажэнні Канстытуцыі насілі чыста дэкларатыўны характар, не адпавядаючы рэчаіснасці таталітарнага рэжыму. Так, абвяшчаліся палітычныя правы і свабоды грамадзян рэспублiкi — свабода слова, друку, сходаў і мітынгаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацый. На практыцы ж падаўляўся любы грамадскі рух, які супярэчыў курсу партыі і ўрада. Iстотна была зменена выбарчая сiстэма. Выбары дэпутатаў ва ўсе Саветы дэпутатаў працоўных (Вярхоўны Савет акруговыя, раённыя, гарадскія, местачковыя, сельскія і пасялковыя) здзяйсняюцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Разам з абвяшчэннем прынцыпаў выбарнасці і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, роўнасці правоў і абавязкаў грамадзян і асаблiва кіраўніцтва Камуністычнай партыі ўсімі дзяржаўнымі і грамадскімі арганiзацыямі працоўных (арт. 101) Канстытуцыяй падкрэслівалася, што ўся ўлада ў БССР належыць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных (арт. 3). У Канстытуцыі гаварылася пра новую класавую структуру грамадства і кіруючую ролю рабочага класа ў жыцці савецкага народа, адзначалася, што “палітычную аснову БССР складаюць Саветы дэпутатаў працоўных, якія выраслі і ўзмацнелі ў выніку звяржэння ўлады памешчыкаў і капіталістаў, заваёвы дыктатуры пралетарыяту, вызвалення беларускага народа ад нацыянальнага прыгнёту царызму і рускай імперыялістычнай буржуазіі і разгрому беларускай нацыяналістычнай контррэвалюцыі” (арт. 2). У Канстытуцыі адзначалася, што класавая структура грамадства і панаванне сацыялiстычнай сiстэмы гаспадаркі ў БССР з’яўляюцца асноўнымі паказчыкамі таго, што рэспублiка стала сацыялiстычнай дзяржавай рабочых і сялян. Гаспадарчае жыццё Беларусі накіроўвалася і вызначалася дзяржаўным народнагаспадарчым планам, які каардынаваўся ўладнымі органамі СССР. Сацыялiстычная ўласнасць у БССР мела дзяржаўную або кааператыўна-калгасную форму (арт. 5). Праца ў рэспублiцы аб’яўлялася абавязкам і справай гонару кожнага здольнага да яе з абвяшчэннем галоўнага прынцыпу сацыялізму: “Ад кожнага па яго здольнасці, кожнаму — па яго працы”(арт. 12). Кожны грамадзянін БССР абавязаны быў берагчы і ўмацоўваць дзяржаўную сацыялiстычную ўласнасць. Асобы, якія пасягалі на яе, лічыліся ворагамі народа. У цэлым канстытуцыйныя нормы, якія адлюстроўвалі супярэчлівы характар дадзенага этапу развiцця дзяржавы, былі дэкларатыўныя, рэзка разыходзіліся з рэчаіснасцю сталінскага рэжыму і служылі асновай існавання адміністрацыйна-каманднай сiстэмы кіравання. Арганiзацыя вышэйшых і мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання ў гэтыя гады значна змя-нілася. Спыніла існаванне сiстэма з’ездаў Саветаў, заканадаўчая ўлада стала належаць выключна Вярхоўнаму Савету БССР. У выпадку неабходнасці ў перыяд памiж сесіямі Вярхоўнага Савета яго Прэзідыум мог унесці змяненні ў дзеючае заканадаўства з далейшым зацвярджэннем на чарговай сесіі Вярхоўнага Савета. Упершыню было зроблена размежаванне памiж органамі дзяржаўнай улады і цэнтральнымі органамі дзяржаўнага кіравання. Ствараемы Вярхоўным Саветам рэспублiкi і падсправаздачны яму СНК (з 1946 г. — Савет Міністраў) з’яўляўся вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам БССР. Мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных, створаныя замест з’ездаў Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, з’яўляліся органамі дзяржаўнай улады. Выканкамы мясцовых Саветаў былі аднесены да органаў дзяржаўнага кіравання. Пазней у Канстытуцыю БССР 1937 г. быў унесены шэраг змяненняў і дапаўненняў, звязаных з новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнем, перайменаваннем СНК у Савет Міністраў, а наркаматаў — у міністэрствы (1946 г.), расшырэннем пасля XXII з’езда КПСС (1961 г.) правоў рэспублiкi і інш.
|