Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Землі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР




Паводле Рыжскага мірнага дагавора Заходняя Беларусь прызнавалася часткай Польшчы, а на яе землях устанаўлівалася буржуазна-памешчыцкая ўлада. Менавiта на гэтай тэрыторыі быў уведзены прыняты ў Польшчы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на ваяводствы, паветы, гміны, утвораны Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Плошча Заходняй Беларусі ў 1931 г. складала больш за 112 тыс. км2, а насельніцтва — 4,6 млн чалавек.

Гэта была адсталая ўскраіна польскай дзяржавы. У пачатку 30-х гг. 85 % насельніцтва Заходняй Беларусі жыло ў вёсцы, 79 % — занята ў сельскай гаспадарцы. Складаючы 23 % тэрыторыі і 11 % насель-ніцтва Польшчы, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы мелі ў 1937 г. толькi 2,8 % прадпрыемстваў і 1,9 % рабочых краіны. Эканамiчная палітыка правячых колаў была скіравана на тое, каб пакінуць “усходнія крэсы” ў становішчы аграрна-сыравіннага прыдатку больш развітых прамысловых раёнаў карэннай Польшчы, што асуджала край на адсталасць і галечу.

Згодна з пунктам 1 артыкула VII Рыжскага мірнага дагавора Польшча павінна была прадаставіць беларусам, якія апынуліся пад яе юрысдыкцыяй, усе правы па забеспячэнні свабоднага развiцця культуры, адукацыі, мовы, выканання рэлігійных абрадаў1, але польскія правячыя колы ніколі не выконвалі гэтыя палажэнні. Наадварот, цяжкае сацыяльнае і эканамiчнае становішча спалучалася з не менш цяжкім нацыянальным прыгнечаннем беларускага народа. Польскія ўлады і пануючыя класы ставілі сваёй мэтай выкараніць нацыянальную свядомасць беларусаў, апалячыць іх і дзякуючы гэтаму ліквідаваць глебу для барацьбы за нацыянальнае вызваленне. Каб неяк абгрунтаваць сваё права на захопленыя землі, польскія ўлады не спыняліся перад фальсіфікацыяй статыстычных звестак аб нацыянальным складзе насельніцтва Заходняй Беларусі. Напрыклад, у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах беларусаў было не 22,5 %, як сцвярджала афіцыйная польская статыстыка, а 67 %; палякаў — не 42, а 12 — 13; украінцаў — 5 — 6; яўрэяў — каля 9; рускіх — 2; літоўцаў — 3 %2.

З першых дзён захопу краю польскія ўлады пачалі закрываць беларускія школы, якіх у 1918 — 1919 гг. сіламі грамадскасці было адкрыта каля 350. У 1938/39 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі не стала ні адной беларускай школы, а польскіх школ было недастаткова, каб забяспечыць навучанне ўсіх дзяцей. У выніку непісьменных сярод насельніцтва Заходняй Беларусі ва ўзросце звыш 10 гадоў у 1931 г. налічвалася 43 %. У дзяржаўных установах не дазвалялася карыстацца беларускай мовай, беларусаў не бралі на дзяржаўную службу. Культурнае жыццё беларускага народа пастаянна абмяжоўвалася і падаўлялася.

Польшча лічылася буржуазна-дэмакратычнай рэспублiкай. Аднак абвешчаныя сакавіцкай канстытуцыяй 1921 г. свабоды слова, друку, сходаў, арганiзацый пастаянна парушаліся, асаблiва на “крэсах”1. Тут панавалі самавол і здзекі над насельніцтвам з боку паліцыі, чыноўнікаў. Асаблiва ўзмацняліся рэпрэсіі ў перыяды ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху. У пачатку 30-х гг. у турмах Польшчы знаходзілася больш 10 тыс. палітзняволеных. Новая хваля масавых арыштаў ахапіла край пасля таго, як у 1934 г. на Палессі, у Бярозе-Картузскай, быў створаны канцэнтрацыйны лагер для палітычных зняволеных.

Выбарчая сiстэма служыла інтарэсам памешчыкаў і буржуазіі. У сойм прыходзілі пераважна прадстаўнікі пануючых класаў, буржуазных і дробна-буржуазных партый і толькi нязначная колькасць членаў радыкальных партый і арганiзацый працоўных. У 1922 г. у сойм беларусаў было абрана 11 з 444 дэпутатаў, а ў Сенат — 3 са 111 сенатараў. У 1928 г. у сойм трапілі 10 беларусаў, а ў Сенат — два. На выбарах 1935 і 1938 гг. не было абрана ні аднаго беларуса і ні аднаго прадстаўніка левых сіл.

Такiм чынам, жорсткі нацыянальны прыгнёт, палітычнае бяспраўе насельніцтва Заходняй Беларусі яшчэ больш паглыблялі супярэчнасці памiж народам і пануючымі класамі.

Вышэйшымі органамі ўлады і кіравання ў Польшчы былі Прэзідыум, сойм і Сенат, Савет Міністраў рэспублiкi. Прэзідэнт быў галавой дзяржавы. Ён прадстаўляў Польшчу ў мiжнародных зносінах, выдаваў заканадаўчыя акты, у некаторых выпадках карыстаўся паўнамоцтвамі суддзі, прызначаў і звальняў міністраў і іншых вышэйшых службовых асоб, быў галоўнакамандуючым. Прэзідэнт прызначаў суддзяў і вырашаў пытанні аб памілаванні. Пасля ўчыненага Ю.Пілсудскім у маі 1926 г. дзяржаўнага перавароту паўнамоцтвы прэзідэнта былі пашыраны. Ён мог самастойна распускаць сойм і Сенат — галоўныя заканадаўчыя органы да мая 1926 г., якія пасля дзяржаўнага перавароту страцілі сваё былое значэнне, а роля Сената пачала зводзіцца да зацвярджэння бюджэту2. Сойм складаўся з 208 дэпутатаў, а Сенат — з 96 сенатараў. 32 сенатары прызначаліся прэзідэнтам, а 64 выбіраліся з грамадзян, якія дасягнулі 30 гадоў, мелі заслугі перад Айчынай, афіцэрскае званне, вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю або займалі кіруючыя пасады ў дзяржаўным апараце. Зразумела, што пры такіх умовах ні сяляне, ні рабочыя Заходняй Беларусі не маглі ўдзельнічаць у выбарах сенатараў.

Цэнтральным выканаўча-распарадчым органам быў Савет Міністраў Польшчы, які складаўся са старшыні, яго намеснікаў і міністраў.

Мясцовымі органамі дзяржаўнай адміністрацыі ў ваяводстве былі ваяводы і ваяводскае ўпраўленне. Ваявода прызначаўся прэзідэнтам па прапанове міністра ўнутраных спраў, зацверджанай Саветам Міністраў. Па сутнасці, ён каардынаваў дзейнасць усіх дзяржаўных устаноў ваяводства і мог ажыццяўляць кантрольныя паўнамоцтвы і над тымі ўстановамі, якія яму не падпарадкоўваліся. Свае функцыі ваявода выконваў праз ваяводскае ўпраўленне, якое мела агульны аддзел, аддзелы бяспекі, самакіравання, адміністрацыйны, аховы здароўя, вайсковы, земляробства і інш.1 “Галоўная ўвага ваявод у заходнебеларускіх ваяводскіх накіроўвалася на апалячванне краю, на недапушчэнне нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага народа і ўстанаўлення жорсткага кантролю за прэсай, грамадскімі і палітычнымі рухамі, партыямі і арганiзацыямі”2.

Павятовую адміністрацыю ўзначальваў стараста, які прызначаўся міністрам унутраных спраў і падпарадкоўваўся ваяводзе. Свае функцыі стараста выконваў праз павятовае ўпраўленне — староства. На тэрыторыі павета ў старасты былі такія ж паўнамоцтвы, як i ў ваяводы ў ваяводстве.

Органамі мясцовага самакіравання ў паветах да 1933 г. былі павятовыя соймікі, дэлегаты на якія выбіраліся гміннымі саветамі. Пасля 1933 г. у паветах былі ўтвораны павятовыя рады, якія выбіраліся гміннымі радамі. Выканаўчымі органамі павета былі павятовыя ўправы на чале са старастам.

Гмінную адміністрацыю складалі войт і два або тры засядацелі. Апошнія выбіраліся гміннай радай, у склад якой уваходзіла да 15 радцаў. Гмінную раду выбіралі дэлегаты гміннага сходу, які складаўся са 100—150 прадстаўнікоў ад сельскіх грамад (жыхары некалькіх хутароў ці невялікіх вёсак). На чале грамады стаяў солтыс, які па законе павінен быў абі-рацца на сходзе грамады або радай, але на справе, як і гмінны войт, прызначаўся павятовым старастам.

Трэба адзначыць, што органы мясцовага самакіравання мала што маглі зрабіць для народа. Улады з імі звычайна не лічыліся.

Палітычнае бяспраўе, сацыяльны і нацыянальны прыгнёт насельніцтва Заходняй Беларусі выклікалі барацьбу за свае правы, за вызваленне з-пад польскай акупацыі. Барацьбітоў не магло запалохаць нават тое, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі да 1932 г. прымянялася Крымінальнае ўлажэнне Расійскай Iмперыі 1903 г., а ў 1932 г. быў уведзены ў дзеянне Крымінальны кодэкс Польшчы, згодна з якім асобы, прызнаныя вінаватымі ў вызваленчай барацьбе, сурова караліся аж да смяротнага прысуду1.

Вызваленчая барацьба ў большасці выпадкаў была выклікана імкненнем да ўз’яднання з БССР. Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва СССР паўафіцыяльна падтрымлівала развiццё ідэі такога ўз’яднання і садзейнічала ўмацаванню веры ў яго ажыццяўленне.

23 жніўня 1939 г., ва ўмовах абвостранага міжнароднага становішча, урад СССР падпісаў з гітлераўскай Германіяй дагавор аб ненападзенні. Пакт быў дапоўнены сакрэтнымі пратаколамі, па якіх тэрыторыя Польшчы і шэрага іншых краін падзялялася на сферы ўплыву СССР і Германіі. Устанаўлівалася, што мяжа гэтых сфер павінна праходзіць па лініі рэк Нарэў, Буг, Вісла, Сан. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна прызнаваліся сферай інтарэсаў СССР.

Засцярогшы сябе на ўсходзе, гітлераўская Германія 1 верасня 1939 г. пачала даўно спланаваную вайну супраць Польшчы. 17 верасня Чырвоная Армія перайшла мяжу, што аддзяляла Заходнюю Беларусь ад БССР. На ўсёй заходняй тэрыторыі пачалі стварацца часовыя органы народнай улады — камітэты сёл, сялянскія валасныя камітэты, з’езды і нарады сялянскіх камітэтаў валасцей і паветаў, упраўленні гарадоў і паветаў, упраўленні абласцей. Ва ўсе ўладныя структуры ўвайшлі прадстаўнікі Чырвонай Армiі.

22 кастрычніка на аснове савецкай выбарчай сiстэмы на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі праведзены выбары ў Народны (Нацыянальны) сход. Удзельнічаць у іх мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18 гадоў. Было створана 929 выбарчых акруг і выбрана 927 дэпутатаў.

Народны (Нацыянальны) сход пачаў сваю работу 28 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. На парадку дня стаялі наступныя пытанні: 1) аб дзяржаўнай уладзе; 2) аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР; 3) аб канфіскацыі памешчыцкіх земляў; 4) аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

У адпаведнасці з разгледжанымі пытаннямі былі адобраны чатыры дэкларацыі, абвясціўшыя ўстанаўленне савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Дэкларацыі Народнага (Нацыянальнага) сходу сталі прававой асновай для прыняцця 2 лістапада 1939 г. Вярхоўным Саветам СССР пастановы “Аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР з аб’яднаннем яе з Беларускай ССР”. 14 лістапада Вярхоўны Савет БССР пастанавіў прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і “ўз’яднаць тым самым беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве”1.

4 снежня 1939 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб стварэнні на тэрыторыі Заходняй Беларусі пяці абласцей — Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай і Пінскай. У студзені 1940 г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 32 паветы былі рэарганізаваны ў 101 раён. З мэтай стварэння савецкіх органаў улады і кіравання ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 7 снежня 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі зацверджаны абласныя выканаўчыя камітэты, хоць у адпаведнасці з Канстытуцыяй 1937 г. папярэдне было неабходна правесці выбары ў мясцовыя Саветы. Абл-выканкамы у сваю чаргу фарміравалі рай- і сельвыканкамы. Выбары ў мясцовыя Саветы на тэрыторыі Заходняй Беларусі адбыліся 15 снежня 1940 г.

Такiм чынам, у кастрычніку 1939 г. адбыўся працэс тэрытарыяльнай кансалідацыі беларускай нацыі ў яе этнаграфічных межах. Аднак неўзабаве Віленскі край у сувязі з пактам Молатава — Рыбентропа быў перададзены Літве.

Трэба адзначыць, што станаўленне савецкай сiстэмы кіравання суправаджалася парушэннямі законнасці — высылкай у глыб краіны былых дзяржаўных служачых (нават леснікоў), гандляроў, рамеснікаў. Дэпартацыя матывавалася неабходнасцю ачысціць край ад буржуазных элементаў і “ворагаў народа”. Мясцовым кадрам, у тым лiку і былым членам КПЗБ і КСМЗХ, выказваўся “палітычны недавер”, а на кіруючыя пасады назначаліся, як правiла, работнікі, якія прыязджалі з усходніх абласцей рэспублiкi (больш за 14 тыс. чалавек). Няведанне многімі з іх мясцовай спецыфікі прыводзіла да грубых памылак у рабоце і выклікала незадаволенасць насельніцтва. Да 1941 г. памiж заходняй і ўсходняй часткамі Беларусі заставалася дэмаркацыйная лінія, а ў адносінах людзей на працягу доўгага часу захоўвалася дзяленне на “заходнікаў” і “ўсходнікаў”.

16 лістапада 1939 г. памiж савецкім урадам і ўрадам Германіі было заключана пагадненне аб перасяленні асоб беларускай нацыянальнасці з польскіх тэрыторый, акупіраваных трэцім рэйхам, на беларускія землі, якія адышлі да СССР. Многіх перасяленцаў напаткаў трагічны лёс: яны сталі ахвярамі органаў НКУС.

Аднак, нягледзячы на ўсе выдаткі, трэба адзначыць, што ўз’яднанне Заходняй i Усходняй Беларусі ў адзіную Беларускую Савецкую Сацыялiстычную Рэспублiку было актам гістарычнай справядлівасці. Яно паклала канец падзелу Беларусі, аднавіла яе тэрытарыяльную цэласнасць, уз’яднала беларускі народ у адзіную сям’ю.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 260; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.005 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты