Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Прававыя меры павышэння абараназдольнасці краіны напярэдадні і ў час Вялiкай Айчыннай вайны




У канцы 30 — пачатку 40-х гг. СССР прымаў меры па ўмацаванні сваёй бяспекі. З гэтай мэтай быў праведзены шэраг мерапрыемстваў па пад’ёме эканамiчнай магутнасці краіны, узмацненні яе абараназдольнасці. Важнае месца ва ўмацаванні абароннай прамысловасці, павышэнні арганізаванасці і дысцыпліны ў Чырвонай Армiі мела савецкае заканадаўства, у тым лiку і крымінальнае.

Парадак нясення воінскай службы, падтрыманне дысцыпліны ва Узброеных Сілах СССР рэгуляваліся разам з уставамі і крымінальным заканадаўствам, перш за ўсё Палажэннем аб воінскіх злачынствах 1927 г. Аднак пагроза агрэсіі выклікала неабходнасць прыняцця шэрага іншых заканадаўчых актаў. Так, ужо 1 верасня 1939 г. сесіяй Вярхоўнага Савета СССР быў прыняты закон “Аб усеагульным воінскім абавязку”1. На падставе гэтага закону ў армію прызываліся асобы, якім спаўнялася 19 гадоў, а для закончыўшых сярэднюю школу прызыўны ўзрост устанаўліваўся ў 18 гадоў. Для больш дасканалага авалодання ваеннай справай, новай тэхнікай і ўзбраеннем былі павялічаны тэрміны абавязковай службы: для малодшых камандзіраў сухапутных войскаў і ВПС — ад двух да трох гадоў, для ўсяго радавога саставу ВПС, а таксама малодшага камсаставу пагранічных войскаў — да чатырох гадоў, на караблях і ў часцях флоту — да пяці гадоў. У законе ўказвалася, што асобы, арыштаваныя, сасланыя і высланыя, а таксама пазбаўленыя паводле суда выбарчых правоў, у час адбывання пакарання на ваенную службу не прызываліся. Закон “Аб усеагульным воінскім абавязку” вырашаў і пытанні падсуднасці ў выпадках ўчынення злачынстваў ваеннаслужачымі і ваеннаабавязанымі, прызванымі на вучэбныя зборы. Яны неслі адказнасць у адпаведнасці з Палажэннем аб воінскіх злачынствах.

З мэтай павышэння боегатоўнасці часцей і падраздзяленняў Чырвонай Армiі і Ваенна-Марскога Флоту Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 ліпеня 1940 г. была павышана адказнасць за самавольную адлучку і дэзерцірства. Ва ўказе давалася паняцце самавольнай адлучкі і дэзерцірства. Самавольная адлучка радавога малодшага начальніцкага саставу працягласцю да 2 гадз., здзейсненая ўпершыню, цягнула прымяненне мер дысцыплінарнага ўздзеяння або разгляд спраў такіх асоб на пасяджэннях таварысцкіх судоў.

Крымінальнае пакаранне магло назначацца, калі самавольныя адлучкі былі неаднаразовыя ці працягласць адной перавышала 2 гадз. Самавольная адлучка на тэрмін звыш 1 сут. разглядалася як дэзерцірства. Абцяжваючай акалічнасцю пры асуджэнні вінаватага за самавольную адлучку і дэзерцірства з’яўлялася ўчыненне гэтага злачынства ў ваенны час1.

Важную ролю ў забеспячэнні абараназдольнасці краіны адыгрываў воінскі ўлiк. Таму Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 ліпеня 1940 г. “Аб адказнасці за парушэнне правілаў воінскага ўлiку”2 была ўведзена крымінальная адказнасць у выпадках паўторнага парушэння правілаў воінскага ўлiку.

Пытанні рэгламентацыі падсуднасці ваенных трыбуналаў былі вырашаны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 снежня 1940 г. “Аб змяненні падсуднасці ваенных трыбуналаў”. На падставе гэтага ўказа ўсе справы аб злачынствах, учыняемых ваенна-служачымі і ваеннаабавязанымі ў час праходжання імі вучэбных збораў, перадаваліся ў падсуднасць ваенных трыбуналаў. Гэта тычылася і асоб страявога і адміністрацыйна-гаспадарчага саставу рабоча-сялянскай міліцыі і аператыўнага саставу органаў дзяржаўнай бяспекі НКУС пры ўчыненні імі злачынстваў, накіраваных супраць устаноўленага парадку нясення службы.

Адным з першых заканадаўчых актаў, прынятых савецкай дзяржавай у дзень нападу Германіі на СССР, быў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб ваенным становішчы”. З увядзеннем ваеннага становішча ўсе функцыі органаў дзяржаўнай улады ў га-ліне абароны, аховы грамадскага парадку і дзяржаўнай бяспекі перадаваліся ваенным саветам франтоў, армій, ваенных акруг. У мясцовасцях, дзе не дыслацыраваліся буйныя воінскія злучэнні, якія мелі ваенныя саветы, выкананне названых функцый здзяйсняла вышэйшае камандаванне вайсковых часцей.

Аналіз ваенных падзей паказаў, што вайна з фашысцкай Германіяй прыняла зацяжны характар і для перамогі над ворагам неабходны ўдзел у ёй не толькi воінаў Чырвонай Армiі і Ваенна-Марскога Флоту, але і ўсяго народа. Таму пастановай Дзяржаўнага Камітэта Абароны (ДКА) 19 верасня 1941 г. уводзіцца абавязковае абучэнне ўсяго дарослага мужчынскага насельніцтва і некаторых катэгорый жанчын ваеннай справе1. У пастанове ДКА, як і ў іншых нарматыўных актах, устанаўліваліся пэўныя абавязкі для грамадзян, абумоўленыя становішчам ваеннага часу.

Пленум Вярхоўнага Суда СССР у пастанове ад 11 кастрычніка 1941 г. “Аб крымінальнай адказнасці грамадзян, якія ўхіляюцца ад усеагульнага абавязковага абучэння ваеннай справе” растлумачыў умовы і парадак прыцягнення да крымінальнай адказнасці грамадзян, якія не выконвалі ўказанага абавязку. У пастанове змяшчаліся рэкамендацыі аб кваліфікацыі дзеянняў асоб, якія ўхіляліся ад абучэння ваеннай справе. У прыватнасці, было растлумачана, што неабходна прымяняць арт. 68 КК РСФСР, а ў саюзных рэспублiках, у заканадаўстве якіх не мелася падобнага артыкула, неабходна па аналогіі прымяняць нормы, якія прадугледжвалі адказнасць за ўхіленне ад чарговага прызыву на абавязковую службу.

Умовы ваеннага часу абумовілі неабходнасць перадачы ў распараджэнне адпаведных арганiзацый радыёпрыёмнікаў і прызматычных бінокляў. Згодна з пастановай СНК СССР ад 26 чэрвеня 1941 г. насельніцтва абавязвалася здаць у пяцідзённы тэрмін радыёпрыёмнікі і іншыя радыёперадаючыя ўстройствы органам наркамата сувязі, а ў адпаведнасці з пастановай СНК СССР ад 22 жніўня 1941 г. — прызматычныя біноклі раённым ваенкаматам. Асобы, вінаватыя ў невыкананні ўказаных пастаноў, прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. Пленум Вярхоўнага Суда СССР у пастановах ад 14 ліпеня 1941 г. “Аб кваліфікацыі выпадкаў ухілення ад здачы радыё-прыёмнікаў і радыёперадаючых устройстваў” і ад 22 верасня 1941 г. “Аб кваліфікацыі выпадкаў ухілення ад здачы прызматычных бінокляў” растлумачыў, што выпадкі ўхілення ад выканання названых павіннасцей неабходна кваліфікаваць па артыкулах, якія прадугледжваюць адказнасць за адмаўленне ці ўхіленне ва ўмовах ваеннага часу ад унясення падаткаў ці ад выканання іншых павіннасцей.

Увядзенне ваеннага становішча выклікала значныя змены ў прымяненні крымінальнага заканадаўства, у кваліфікацыі злачынстваў. За злачынствы, учыненыя ў мясцовасцях, аб’яўленых на ваенным становішчы, вінаватыя прыцягваліся да адказнасці па законах ваеннага часу. Пленум Вярхоўнага Суда СССР па шэрагу канкрэтных злачынстваў растлумачыў, што злачынствы, учыненыя ў прыфрантавых раёнах у перыяд ваенных дзеянняў, трэба разглядаць як учыненыя пры абцяжваючых акалічнасцях (у час грамадскага бедства). Так, у пастанове Пленума Вярхоўнага Суда СССР ад 8 студзеня 1942 г. “Аб кваліфікацыі некаторых відаў крадзяжу асабістай маёмасці грамадзян, учыненых у час паветранага налёту ворага ці пры пакіданні населеных пунктаў у сувязі са з’яўленнем ці набліжэннем ворага, а таксама маёмасці эвакуіраваных, як у дарозе, так і пакінутага ў ранейшым месцы жыхарства” указвалася, што такія крадзяжы кваліфікуюцца як учыненыя пры абцяжваючых акалічнасцях і па сваім характары і павышанай грамадскай небяспецы падпадаюць пад прыметы крадзяжу, учыненага ў час пажару, паводкі ці іншага грамадскага бедства.

Пачатак вайны выклікаў значнае пашырэнне кола асоб, якія маглі быць суб’ектамі воінскіх злачынстваў. У прыфрантавых гарадах і раёнах ствараліся знішчальныя батальёны і баявыя групы для барацьбы са шпіёнамі, дыверсантамі, парашутыстамі пра-ціўніка, а таксама для аховы заводаў, фабрык, складоў, мастоў і іншых аб’ектаў, што мелі народнагаспадарчае ці абароннае значэнне. Напрыклад, на тэрыторыі Беларусі было створана і дзейнічала 78 знішчальных батальёнаў, у якіх налічвалася звыш 13 тыс. чалавек, а таксама сотні груп і атрадаў са-дзейнічання Чырвонай Армiі, у складзе якіх налічвалася каля 27 тыс. чалавек. У выпадку ўчынення злачынства асобамі, што знаходзіліся ў знішчальных батальёнах, групах і атрадах садзейнічання Чырвонай Армiі, часцях і падраздзяленнях народнага апалчэння, пытанне аб кваліфікацыі іх дзеянняў вырашалася дыферэнцыравана. Пленум Вярхоўнага суда СССР у пастанове ад 28 ліпеня 1941 г. “Аб разглядзе спраў аб злачынствах асоб, што знаходзіліся ў часцях народнага апалчэння” зрабіў растлумачэнне: ”Грамадзяне, якія знаходзяцца ў часцях народнага апалчэння, за злачынствы супраць устаноўленага ў народным апалчэнні парадку нясення службы нясуць адказнасць па Палажэнні аб воінскіх злачынствах”. Усе справы гэтай катэгорыі разглядаліся ваеннымі трыбуналамі. Калі ж асобы, што знаходзіліся ў часцях і падраздзяленнях народнага апалчэння, учынялі злачынствы, не звязаныя з парадкам нясення службы ў гэтых фарміраваннях, то справы гэтай катэгорыі разглядаліся агульнымі судамі. Аналагічна вырашалася пытанне аб кваліфікацыі злачынстваў, учыненых асобамі, якія знаходзіліся ў знішчальных батальёнах, фармiраваннях мясцовай проціпаветранай абароны.

У пачатковы перыяд вайны мелі месца выпадкі панікёрства сярод няўстойлівых асоб. Грамадская небяспека гэтых учынкаў узмацнялася яшчэ і тым, што асобы, якія паддаваліся паніцы, актыўна распаўсюджвалі лжывыя слухі і адмоўна ўплывалі на насельніцтва. Нярэдка лжывую інфармацыю, што ішла ад нямецка-фашысцкіх лазутчыкаў, пачыналі перадаваць адзiн аднаму савецкія грамадзяне, а часам і ваеннаслужачыя. У сувязі з неабходнасцю спыніць небяспечныя для абароны краіны злачынныя ўчынкі, што сеялі паніку, 6 ліпеня 1941 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была ўстаноўлена крымінальная адказнасць за распаўсюджванне лжывых слухаў, якія выклікалі трывогу сярод насельніцтва ў ваенны час.

З мэтай рэалiзацыі патрабаванняў, змешчаных у заявах Савецкага ўрада ад 14 кастрычніка 1942 г. аб пакаранні фашысцкіх ваенных злачынцаў, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 лістапада 1942 г. “Аб утварэнні Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленню і расследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і прычыненых імі страт грамадзянам, калгасам, грамадскім арганiзацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР” быў створаны спецыяльны орган для расследавання злачынстваў, учыненых фашыстамі і іх памагатымі. Савецкае заканадаўства садзейнічала мабілізацыі ўсяго насельніцтва на барацьбу з ворагам. Ваенныя трыбуналы, іншыя праваахоўныя органы, прымяняючы заканадаўства, падтрымлівалі парадак у краіне, спынялі правапарушэнні, якія ўчыняліся ваеннымі злачынцамі і іншымі асобамі, што садзейнічала пераможнаму завяршэнню вайны.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 211; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.006 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты