Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Беларуская ССР на мiжнароднай арэне




1 лютага 1944 г. Вярхоўны Савет прыняў Закон “Аб наданні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязi з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят”1. Закон замацаваў права саюзных рэспублiк наладжваць непасрэдныя сувязі з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі. У сувязi з гэтым Вярхоўны Савет БССР 24 сакавіка 1944 г. прыняў Закон аб утварэнні Народнага камісарыята замежных спраў і ўнёс шэраг адпаведных дапаўненняў у Канстытуцыю БССР 1937 г.2 (26 сакавіка 1946 г. Наркамат замежных спраў БССР быў ператвораны ў Міністэрства замежных спраў). Створаны наркамат разгарнуў вялікую работу, пацвярджэннем чаму з’явіўся ўдзел БССР у стварэнні Арганiзацыі Аб’яднаных Нацый і ў распрацоўцы яе Устава.

Пытанне аб членстве ўсіх савецкіх рэспублiк у ААН было пастаўлена СССР восенню 1944 г. на перагаворах у Вашынгтоне на віле Думбартон-Окс, аднак толькi на Ялцінскай канферэнцыі ў лютым 1945 г. была дасягнута згода аб прадстаўніцтве дзвюх з 16 савецкіх рэспублiк. Адразу ж пасля адкрыцця канферэнцыі 26 красавіка савецкая дэлегацыя паставіла пытанне аб уключэнні ў ААН Беларусі і Украіны, матываваўшы гэта тым, што яны з`яўляюцца суверэннымi рэспублiкамi, якія маюць права выхаду з СССР паводле як саюзнай, так і рэспубліканскіх канстытуцый. Акрамя таго, падкрэслівалася, што кожная з iх выставіла да 1 млн байцоў у Чырвоную Армiю і што менавiта гэтыя рэспублiкi прынялі на сябе першы ўдар фашызму.

Рашэнне аб уключэнні БССР і УССР у лік першапачатковых членаў ААН было прынята адзінагалосна. 6 мая 1945 г. паўнамоцная дэлегацыя БССР на чале з наркамам замежных спраў К.В.Кісялёвым прыбыла ў Сан-Францыска і 8 мая ўключылася ў работу канферэнцыі Арганiзацыі Аб’яднаных Нацый.

26 чэрвеня 1945 г. упаўнаважаныя дзяржаў-заснавальніц, у тым лiку і БССР, падпісалі Устаў ААН, які 30 жніўня 1945 г. быў ратыфікаваны Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР.

Удзел у рабоце ААН паклаў пачатак новаму этапу знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі, якая працякала ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права і ажыццяўлялася ў розных мiжнародна-прававых формах. Рэспублiка вяла значную дыпламатычную перапіску, удзельнічала ў рабоце розных мiжнародных канферэнцый, была членам многіх міжурадавых арганiзацый, мела дагаворную практыку, аказвала дапамогу краінам, якія сталі на шлях развiцця. Цэнтральныя (Прэзідыум ВС БССР, Саўмін БССР, МЗС БССР) і замежныя (прадстаўніцтвы, дэлегацыі і інш.) органы знешніх зносін выступалі з дэкларацыямі, заявамі і адозвамі па агульных і асобных пытаннях мiжнародных адносін. З цягам часу ўстанавіліся пастаянныя кантакты ўрада БССР з урадамі дзяржаў і міжнароднымі арганiзацыямі.

Беларусь мела сваіх пастаянных прадстаўнікоў пры штаб-кватэрах некаторых мiжнародных арганiзацый. Пастаяннае прадстаўніцтва нашай дзяржавы пры ААН і цяпер садзейнічае абароне знешнепалітычных інтарэсаў рэспублiкi ў розных органах Арганiзацыі Аб’яднаных Нацый, дапамагае ўступаць у дзелавыя кантакты з прадстаўнікамі іншых дзяржаў пры ААН. БССР мела пастаянных прадстаўнікоў пры еўрапейскім аддзяленні ААН і іншых арганiзацыях у Жэневе, пры ЮНЕСКА ў Парыжы. Пэўныя функцыі рэспубліканскага органа знешніх зносін выконвала і Пастаяннае прадстаўніцтва Саўміна БССР пры Саўміне СССР.

Дыпламатычныя зносіны БССР з замежнымі дзяржавамі ажыццяўляліся з дапамогай пасольстваў і місій СССР, хоць канстытуцыі БССР і СССР не змяшчалі якіх-небудзь палажэнняў, што перашкаджалі наладжванню і развiццю непасрэдных дыпламатычных сувязяў БССР з замежнымі дзяржавамі.

У пасляваенны перыяд далейшае развiццё атрымалі мiжнародна-прававыя формы знешнепалітычнай дзейнасці БССР, такія як непасрэдныя перагаворы з замежнымі дзяржавамі. Так, восенню 1944 г. праводзіліся беларуска-польскія перагаворы па пытанні змянення лініі дзяржаўнай граніцы.

Асобае месца ў дыпламатычнай практыцы БССР займала заключэнне многабаковых дагавароў з замежнымі дзяржавамі. У 40—80-я гг. рэспублiка ўдзельнічала больш чым у 300 розных мiжнародных канферэнцыях. Сярод іх трэба адзначыць Парыжскую мірную канферэнцыю 1946 г., скліканую з мэтай выпрацоўкі мірных дагавороў з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй — былымі саюзнікамі Германіі.

Удзел БССР у кадыфікацыі і развiцці міжнароднага права ажыццяўляўся ў ходзе дыпламатычных кансультацый і перагавораў з прадстаўнікамі розных дзяржаў, якія праводзіліся як на двухбаковай, так і на многабаковай аснове. БССР заўсёды прымала ўдзел у розных мiжнародных (міжурадавых) канферэнцыях, што спецыяльна склікаліся для кадыфікацыі асобных галін і інстытутаў міжнароднага права. Разам з дэлегацыямі СССР i УССР дэлегацыя Беларускай ССР удзельнічала ў рабоце Дыпламатычнай канферэнцыі па бароне ахвяр вайны, якая праходзіла ў Жэневе ў 1949 г. На гэтай канферэнцыі былі выпрацаваны канвенцыі аб паляпшэнні лёсу раненых, хворых і асоб, якія пацярпелі караблекрушэнне; аб абыходжанні з ваеннапалоннымі; аб абароне цывільнага насельніцтва ў час вайны і інш.

У 1954 г. прадстаўнікі БССР удзельнічалі ў рабоце Гаагскай канферэнцыі па абароне культурных каштоўнасцей у выпадку ўзброенага канфлікту, у 1958 і 1960 гг. — у Жэнеўскай і Брусельскай канферэнцыі па кадыфікацыі важнейшых нормаў дыпламатычнага права, у 1963 г. — у Венскай канферэнцыі па консульскіх зносінах і імунітэтах, а таксама ў канферэнцыях па паветраным праве ў Гаазе (1970), Манрэалі (1971), Рыме (1973), па дарожным руху ў Жэневе (1968), па праве мiжнародных дагавороў у Вене (1968 — 1969) і г.д.

Вялікай была дагаворная практыка БССР. Заключаныя рэспублiкай дагаворы ахопліваюць самыя розныя бакі міжнароднага жыцця. Гэта Статут Міжнароднага суда, Канвенцыя Сусветнай метэаралагічнай арганiзацыі ад 11 кастрычніка 1947 г., Мiжнародная канвенцыя электрасувязі ад 22 снежня 1952 г., Канвенцыя аб палітычных правах жанчын ад 31 сакавіка 1953 г., Сусветная паштовая канвенцыя ад 3 кастрычніка 1957 г., Мiжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі ад 7 сакавіка 1966 г., Дагавор аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц і іншыя нябесныя целы, ад 27 студзеня 1967 г., Мiжнародны пакт аб эканамiчных, сацыяльных і культурных правах і Мiжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 19 сакавіка 1969 г., Дагавор аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў і ў яго нетрах ядзернай зброі і іншых відаў зброі масавага знішчэння ад 7 лютага 1971 г. і інш.1

Беларуская дэлегацыя ўдзельнічала ва ўсіх чарговых і нечарговых сесіях Генеральнай Асамблеі ААН. Яе члены вылучаліся на розныя кіруючыя пасты ў Арганiзацыі Аб’яднаных Нацый, уключаючы пасады намесніка старшыні Генеральнай Асамблеі, старшынь, намеснікаў і дакладчыкаў галоўных камі-тэтаў Генеральнай Асамблеі, а таксама выбіраліся ў склад розных камісій ААН: па эканоміцы і занятасці; па транспарце; па правах чалавека; па правах жанчын і інш. БССР выбіралася членам Эканамiчнага і Сацыяльнага Савета, Выканкама Міжнароднага дзіцячага фонду, а таксама ў Савет Бяспекі ААН.

Немалаважным з’яўлялася членства Беларускай ССР у спецыялізаваных установах ААН, створаных на аснове міжурадавых пагадненняў, — Сусветнай мэтэаралагічнай арганiзацыі (СМА), Мiжнароднай арганiзацыі працы (МАП), Мiжнародным саюзе электрасувязі (МСЭ), Сусветным паштовым саюзе (СПС), Арганiзацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях асветы, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Мiжнароднай арганiзацыі грамадзянскай авіяцыі (IКАО), Мiжнародным Агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ) і інш.

Прытрымліваючыся ва ўсіх пытаннях “узгодненай лініі сацыялізму”, Беларуская ССР разам з СССР і УССР дабіліся прыняцця шэрага актаў у абарону інтарэсаў працоўных у капіталістычных і тых краінах, што сталі на шлях развiцця, а таксама цэлага шэрага дакументаў па раззбраенні.

Пашыраліся мiжнародныя сувязі БССР у галіне асветы, навукі і культуры. Адбываўся абмен дэлегацыямі, праводзіліся вечары дружбы, арганізоўваліся мiжнародныя мастацкія выстаўкі, семінары, навуковыя канферэнцыі і інш.

Такiм чынам, пасля ўступлення ў члены ААН БССР атрымала рэальную магчымасць лічыць сябе суверэнным і раўнапраўным удзельнікам міжнароднага права.

Улічваючы ўсё вышэйсказанае, можна з упэўненасцю сказаць, што Беларуская ССР атрымала рэальную магчымасць ажыццяўляць знешнепалітычную дзейнасць толькi пасля прыняцця Закона ад 1 лютага 1944 г., хоць права выступаць на мiжнароднай арэне яна мела яшчэ ў адпаведнасці з Маніфестам ад 1 студзеня 1919 г. і Канстытуцыяй 1919 г., гэта значыць з дня свайго ўтварэння.

Аднак трэба адзначыць, што рэспублiка была самастойнай у мiжнародных зносінах і ў адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі Устава ўдзельнічала ў развiцці эканамiчнага, культурнага і навуковага супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі толькi фармальна. Нягледзячы на юрыдычны статус суб’екта міжнароднага права, Беларуская ССР заўсёды дзейнічала ў рамках адзінай палітыка-ідэалагічнай лініі СССР, намечанай ЦК КПСС. Гэта знаходзіла практычнае ўвасабленне ў дакладным прытрымліванні “ўзгодненай лініі” ў мiжнародных зносінах савецкіх рэспублiк. У гэтым сэнсе, відаць, можна часткова пагадзіцца з вядомым даследчыкам знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі ў пасляваенныя гады У.Е. Снапкоўскім, які сцвярджае: “Нягледзячы на тое, што савецкаму ўраду ўдалося дабіцца ўключэння Украіны і Беларусі ў склад першапачатковых членаў Арганiзацыі Аб’яднаных Нацый, знешнепалітычная дзейнасць гэтых дзвюх рэспублiк (не кажучы ўжо пра астатнія) заставалася абмежаванай жорсткім дыктатам Цэнтра. Беларуская ССР не з’яўлялася самастойным суб’ектам міжнароднага права, не прызнавалася мiжнародным супольніцтвам як суверэнная і незалежная дзяржава”1.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 235; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.009 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты