КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Развiццё права Беларускай ССРУ другой палове 40-х — 80-я гг. права рэспублiкi развівалася ў адпаведнасці з агульнай палітыкай Саюза ССР і тымі галоўнымі гаспадарча-палітычнымі і ідэалагічнымі задачамі, на якія нацэльвала кіруючая Камуністычная партыя. У сувязi з гэтым характэрнымі нарматыўна-прававымі актамі, якія адлюстроўвалі сутнасць дадзенага этапа развiцця дзяржавы, з’яўляліся сумесныя пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ці пастановы ЦК КПСС, ВЦСПС і Савета Міністраў СССР. Гэтыя дакументы прыма-ліся не толькi ў сувязі з вырашэннем агульнасаюзных пытанняў, але і паводле канкрэтнай дзейнасці той ці іншай рэспублiкi. Аналіз канкрэтнага гісторыка-прававога матэрыялу дазваляе выдзеліць тры асноўныя напрамкі ў развiцці права Беларускай ССР. Па-першае, у другой палове 40-х — 80-я гг. шырока практыкавалася прыняцце агульнасаюзных нарматыўных актаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі ўсіх саюзных рэспублiк. Па-другое, у сувязі з пэўным размежаваннем кампетэнцыі Саюза ССР і саюзных рэспублiк у сферы заканадаўства прымаліся “Асновы заканадаўства”, якія і ўстанаўлівалі асноўныя прынцыпы, паняцці і палажэнні тых ці іншых галін права.У адпаведнасці з “Асновамі заканадаўства” саюзныя рэспублiкi прымалі новыя і перагледжвалі дзеючыя кодэксы і законы. Па-трэцяе, у Беларускай ССР прымаліся ўласныя заканадаўчыя акты. Пры гэтым неабходна адзначыць, што ў першыя пасляваенныя гады дзейнасць заканадаўчых органаў была накіравана перш за ўсё аднаўленне разбуранай вайной народнай гаспадаркі, а ў наступныя — на “ўсебаковае разгортванне і ўдасканальванне сацыялiстычнай дэмакратыі, актыўны ўдзел усіх грамадзян у кіраванні дзяржавай, кіраўніцтва гаспадарчым і культурным будаўнiцтвам, паляпшэнне работы дзяржаўнага апарату”1. Што тычыцца змястоўнага боку вышэйпрыведзенай цытаты, то ён быў нездзяйсняльным. Разгляд некаторых асноўных галін права мэта-згодна пачаць з грамадзянскага і грамадзянска-працэсуальнага права, тым больш што іх роля вызначалася перш за ўсё задачамі аднаўлення і далейшага развiцця народнай гаспадаркі. Грамадзянскае права было накіравана на ўмацаванне дзяржаўнай уласнасці, узмацненне планавага пачатку ў народнай гаспадарцы, удасканальванне прававых формаў эканамiчных сувязяў памiж гаспадарчымі арганiзацыямі. Пры захаванні асноўных прынцыпаў прававога рэгулявання гаспадарчых адносін, выпрацаваных у даваенныя гады, патрабавалася ўпарадкаваць пытанні, звязаныя перш за ўсё з устанаўленнем дагаворных адносін. Яны былі ўрэгуляваны пастановай Савета Міністраў ад 21 красавіка 1949 г. “Аб заключэнні гаспадарчых дагавораў”1. У дакументах асуджалася практыка бездагаворных паставак, якія зніжалі адказнасць пастаўшчыкоў і спажыўцоў за выкананне абавязацельстваў па пастаўцы прадукцыі. Прадпрыемствы абавязваліся афармляць гаспадарчыя сувязі па пастаўках прадукцыі пераважна на аснове генеральных і лакальных дагавораў. Пачынаючы з 1950 г. гэтыя дагаворы заключаліся ў нарматыўна ўстаноўленыя тэрміны. Працягвалася ўдасканальванне прававога рэгулявання адносін з удзелам грамадзян, было пашырана кола аб’ектаў права асабістай уласнасці. Напрыклад, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 жніўня 1948 г. “Аб праве грамадзян на куплю і будаўнiцтва індывідуальных жылых дамоў” грама-дзянам рэспублiкi была дадзена магчымасць набываць на правах асабістай уласнасці (купіць ці пабудаваць) дом у адзін ці два паверхі з колькасцю пакояў ад аднаго да пяці. У сувязi з гэтым быў рэгламентаваны парадак выдзялення і вызначаны памеры зямельных участкаў для будаўнiцтва індывідуальных жылых дамоў. Паколькі Указ ад 26 жніўня 1948 г. устанавіў адзіную для ўсяго Саюза норму, трэба было ўнесці змяненні ў рэспубліканскае грамадзянскае заканадаўства. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 4 сакавіка 1949 г. нормы ГК БССР аб праве забудовы былі заменены нормамі аб праве грамадзян на куплю і будаўнiцтва жылога дома. У сувязi з гэтым у верасні 1953 г. было забаронена адміністрацыйнае высяленне грамадзян з ведамасных дамоў за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам. У сувязі з неадпаведнасцю ГК 1923 г. новым умовам развiцця дзяржавы і шматлікасцю іншых грамадзянска-прававых нарматыўных актаў узнікла неабходнасць ва ўдасканальванні грамадзянскага заканадаўства. У 1961 г. былі прыняты Асновы грама-дзянскага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублiк — першая агульнасаюзная кадыфікацыя нормаў савецкага грамадзянскага права. Услед за гэтым саюзныя рэспублiкi пачалі распрацоўку праектаў новых ГК. У БССР новы Грамадзянскі кодэкс быў зацверджаны Вярхоўным Саветам 11 чэрвеня 1964 г. і ўведзены ў дзеянне з 1 студзеня 1965 г.1 Пераняўшы амаль поўнасцю сiстэму і нормы Асноў, ГК БССР у межах сваёй кампетэнцыі, дадзенай рэспублiцы ў галіне грамадзянска-прававога рэгулявання, канкрэтызаваў рэгламентацыю грамадзянска-прававых адносін. У прыватнасці, у агульныя палажэнні былі ўключаны правілы аб спыненні дзейнасці юрыдычных асоб, аб умоўных здзелках, даверанасці і інш., а таксама змяшчаліся нормы, не прадугледжаныя Асновамі, дагавор мены, дарэння, захавання, бязвыплатнага карыстання маёмасцю, даручэнні, адчужэнне жылога дома з умовай пажыццёвага ўтрымання ўладаль-ніка і г.д. ГК БССР складаўся з 8 раздзелаў і 43 глаў, у якіх былі выкладзены агульныя палажэнні, права ўласнасці, права на адкрыццё, вынаходніцтва, рацыяналізатарскую прапанову, прамысловы ўзор, спадчыннае права, праваздольнасць замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, прымяненне грамадзянскіх законаў замежных дзяржаў, мiжнародных дагавораў і пагадненняў. У Грамадзянскім кодэксе БССР былі дакладна вызначаны змест і аб’екты кожнай з формаў сацыялiстычнай уласнасці, прававыя формы яе захавання. Рэгуляванне адносін асабістай уласнасці было накіравана на недапушчэнне яе перарастання ў прыватную. У галіне маёмасных адносін забяспечвалася ажыццяўленне правоў і выкананне абавязкаў арганiзацыямі і грамадзянамі ў строгай адпаведнасці з прынцыпамі сацыялiстычнага грамадства. Прававое рэгуляванне сувязяў памiж юрыдычнымі асобамі ішло ў напрамку ўмацавання планавай і дагаворнай дысцыпліны, павышэння значэння гасразліку. У параўнанні з папярэднім кодэксам Грамадзянскі кодэкс 1964 г. значна паўней рэгуляваў маёмасныя адносіны. Ён змяшчаў главы, якія адсутнічалі ў Кодэксе 1923 г., аб дагаворах пастаўкі, перавозкі, падраду на капітальнае будаўнiцтва, аб дзяржаўных закупках сельскагаспадарчай прадукцыі, аб крэдытна-разліковых адносінах арганiзацый і інш. Фактычна гэтыя адносіны дэталёва рэгуляваліся агульнасаюзнымі заканадаўчымі актамі, таму ў ГК толькi перадаваліся адпаведныя артыкулы Асноў грамадзянскага заканадаўства Саюза ССР. У новым ГК БССР ме-ліся спецыяльныя главы аб аўтарскім, вынаходніцкім праве і праве на адкрыццё. Раней гэтыя інстытуты рэгуляваліся па-за кодэксам. У сувязі з пэўнымі зменамі ў эканамiчным развiцці дзяржавы шэраг інстытутаў грамадзянскага права таксама быў зменены і дапоўнены. Палажэнне аб сацыялiстычным дзяржаўным вытворчым прадпрыемстве, прынятае Саветам Міністраў СССР 4 кастрычніка 1965 г., пашырыла правы юрыдычных асоб на аператыўнае кіраўніцтва маёмасцю, абаротнымі сродкамі і інш. Узмацненне эканамiчных метадаў гаспадарання павысіла ролю гаспадарчага дагавора як асноўнага дакумента, які вызначаў правы і абавязкі бакоў, і суправаджалася выкарыстаннем сродкаў, што забяспечвалі выкананне заснаваных на дагаворы абавязкаў, у тым лiку і грамадзянска-прававой адказнасці прадпрыемстваў і арганiзацый. Вялікае значэнне набыла стымулюючая функцыя маёмаснай адказнасці. Пачынаючы з 1967 г. органамі ўлады і кіравання быў прыняты шэраг нарматыўных актаў, якія прадугледжвалі павелічэнне памераў няўстоек за невыкананне ці неналежнае выкананне планавых і планава-дагаворных абавязацельстваў. Арбітраж атрымаў права пры грубым парушэнні ўмоў дагавора павышаць памер маёмаснай адказнасці суб’ектаў праваадносін і перадаваць спагнаныя сумы ў даход саюзнага бюджэту. У 1967—1969 гг. былі прыняты пастановы па паляпшэнні планавання і арганiзацыі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння народнай гаспадаркі, распрацаваны палажэнні аб пастаўках прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння і тавараў народнага ўжытку; у 1970 г. зацверджаны новыя правілы аб дагаворах падраду на капітальнае будаўнiцтва, якія ўзмацнялі адказнасць бакоў па дагаворы, прыняты Асноўныя палажэнні аб гадавым і квартальным планаванні перавозак і інш. Пасля прыняцця ГК атрымала далейшае развiццё грамадзянскае заканадаўства адносна правоў і законных інтарэсаў грамадзян рэспублiкi. У 1965 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову “Аб устараненні неабгрунтаваных абмежаванняў асабістай падсобнай гаспадаркі калгаснікаў, рабочых і служачых”. У сувязі з рэканструкцыяй гарадоў і населеных пунктаў у ГК былі ўнесены дапаўненні, якія тычыліся пашырэння правоў грамадзян пры зносе іх домаўладанняў у мэтах дзяржаўных і грамадскіх патрэбнасцей. У гэты перыяд строга рэгламентуецца парадак размеркавання жылога фонду ў дамах мясцовых Саветаў і ведамстваў, абмену жылых памяшканняў, удакладняюцца падставы высялення ў судовым парадку рабочых і служачых, што спынілі працоўныя адносіны. Адбылося абнаўленне заканадаўства, якое рэгулявала адносіны куплі-продажу тавараў у крэдыт. 1 ліпеня 1966 г. у рэспублiцы быў зацверджаны новы прыкладны ўстаў жыллёва-будаўнічага кааператыва, які садзейнічаў далейшаму развiццю кааператыўна-жыллёвага будаўнiцтва. Змяненні грамадзянска-працэсуальнага заканадаўства гэтага перыяду тычыліся пытанняў падведамнасці, падсуднасці, перагляду рашэнняў і вызначэнняў судоў у парадку нагляду і інш. Так, у адпаведнасці з Палажэннем аб парадку разгляду працоўных спрэчак ад 1 студзеня 1957 г. большую частку працоўных канфліктаў сталі разглядаць камісіі па працоўных спрэчках і фабрычна-заводскія камітэты прафсаюзаў. Працоўныя спрэчкі падлягалі разгляду ў народным судзе, як правiла, пасля разгляду іх у камісіях ФЗМК. Вялікае значэнне мела пастанова пленума Вярхоўнага суда СССР ад 7 мая 1954 г. “Аб судовай практыцы па справах аб устанаўленні фактаў, ад якіх залежыць узнікненне, змяненне і спыненне асабістых або маёмасных правоў грамадзян”, у якім гаварылася аб пераважна судовым разглядзе такіх спраў і прыводзіўся прыкладны пералік фактаў, што падлягалі ўстанаўленню ў судзе: аб наяўнасці сваяцкіх адносін; рэгістрацыі ўсынаўлення, разводу, смерці, нараджэння; знаходжання ў фактычных шлюбных адносінах, на ўтрыманні. 7 чэрвеня 1950 г. Савет Міністраў БССР зацвердзіў новае Палажэнне аб Дзяржаўным натарыяце, у якім рэгуляваўся парадак арганiзацыі натарыяльных кантор, вызначаліся функцыі і агульныя правілы іх дзейнасці, даваўся падрабязны пералік натарыяльных дзеянняў і парадак іх выканання. З 1954 г. сетка натарыяльных кантор у рэспублiцы зацвярджалася Міністэрствам юстыцыі БССР. 29 красавіка 1956 г. Савет Міністраў БССР зацвердзіў новае Палажэнне аб Дзяржаўным натарыяце. 11 чэрвеня 1964 г. Вярхоўны Савет рэспублiкi прыняў закон “Аб зацвярджэнні Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса БССР”1. Новы ГПК складаўся з 6 раздзелаў і 32 глаў. У першай частцы, што складалася з двух раздзелаў, змяшчаліся нормы, якія тычыліся асноўных палажэнняў і прынцыпаў савецкага працэсуальнага права, складу судоў, падведамнасці спрэчак, доказаў, судовых выдаткаў, працэсуальных тэрмінаў, судовых паведамленняў, выклікаў і штрафаў. Астатнія раздзелы рэгламентавалі парадак вытворчасці спраў у судзе першай інстанцыі, у касацыйнай інстанцыі, у парадку нагляду і па новых акалічнасцях, а таксама парадак выканання судовых рашэнняў. У адрозненне ад папярэдняга ў новым Грамадзянска-працэсуальным кодэксе больш дакладна размяжоўваліся правы і абавязкі асоб, якія ўдзельнічалі ў працэсе, а таксама рэгламентаваўся новы працэсуальны парадак вырашэння шэрага іншых пытанняў. Новы ГПК БССР у адрозненне ад адпаведных кодэксаў іншых рэспублiк уключаў у сябе артыкул 239, які прадугледжваў магчымасць узбуджэння па ініцыятыве суда спраў аб прызнанні грамадзяніна адсутным без вестак або памерлым. Пазней у Грамадзянска-працэсуальны кодэкс уносіліся дапаўненні і змяненні. Так, у 1966 г. быў зменены парадак разгляду спраў аб скасаванні шлюбу. Канчатковае рашэнне па гэтым пытанні сталі выносіць раённыя (гарадскія) народныя суды, была адменена абавязковая публікацыя ў друку аб скасаванні шлюбу. Уступленне ў сілу ГК і ГПК выклікала неабходнасць прыняцця ў 1967 г. Палажэння аб Дзяржаўным натарыяце БССР, а пасля прыняцця агульнасаюзнага закона аб дзейнасці натарыята Вярхоўны Савет БССР прыняў новы Закон “Аб дзяржаўным натарыяце” і ўвёў яго ў дзеянне з 1 кастрычніка 1974 г., што выклікала неабходнасць унясення дапаўненняў і змяненняў у ГПК рэспублiкi, што было зроблена ў 1975 г. У 1974 г. Савет Міністраў БССР зацвердзіў новае Палажэнне аб Дзяржаўным арбітражы пры Савеце Міністраў БССР і Палажэнне аб Дзяржарбітражы пры выканкаме абласнога Савета дэпутатаў працоўных. Зямельнае права рэгулявала зямельныя адносіны, галоўным чынам у сферы сельскагаспадарчага землекарыстання. У 1955 г. былі ўведзены абавязковы ўлік наяўнасці і размеркавання зямлі па ўгоддзях і землекарыстальніках, дзяржаўная рэгістрацыя апошніх па адзінай агульнасаюзнай сiстэме. Уліку падлягалі таксама ўсе землі, якія знаходзіліся ў карыстанні калгасаў, саўгасаў, гарадоў і пасёлкаў, дзяржаўных, кааператыўных і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арганiзацый, аднаасобных сялянскіх гаспадарак і асобных грамадзян, а таксама землі дзяржаўнага зямельнага запасу і дзяржаўнага ляснога фонду. Кіраўніцтва ўлікам земляў і рэгістрацыяй землекарыстальнікаў, кантроль за правільным выкарыстаннем земляў, у чыім бы веданні яны ні знаходзіліся, ускладаліся на Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР, указанні якога па гэтых пытаннях з’яўляліся абавязковымі для ўсіх міністэрстваў, ведамстваў, устаноў, арганiзацый. З 1963 г. у гэты парадак былі ўнесены змены, і функцыі ўліку і рэгістрацыі земляў былі перададзены ў кампетэнцыю вытворчых калгасна-саўгасных упраўленняў, а ў межах гарадоў абласнога і рэспубліканскага падпарадкавання — гарвыканкамаў. Пасля XX з’езда КПСС у ходзе рэфарміравання агульнай зямельнай палітыкі дзяржавы было пера-гледжана пытанне аб землекарыстанні. У гэты перыяд разам з паступовым упарадкаваннем арганiзацыі і аплаты працы калгаснікаў назіралася тэндэнцыя да ліквідацыі прысядзібных участкаў як перашкоды поўнай “грамадска карыснай занятасці” насельніцтва. Аднак, калі да сярэдзіны 60-х гг. высветлілася, што велічыня аплаты працы не забяспечвае работнікам калгасаў і саўгасаў пражытачнага мінімуму, гэты працэс спыніўся. У студзені 1965 г. Савет Міністраў БССР у адпаведнасці з агульнасаюзным законам прыняў пастанову, якая ўстараняла неабгрунтаваныя абмежаванні асабістай падсобнай гаспадаркі і ў адпаведнасці з якой для сем’яў рабочых, служачых і іншых грамадзян, не членаў калгаса, пражываючых у сельскай мясцовасці, былі ўстаноўлены дыферэнцыраваныя (ад 0,15 да 0,4 га) памеры прысядзібных участкаў1. У снежні 1968 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Асновы зямельнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублiк, на падставе якіх 24 снежня 1970 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Зямельны кодэкс рэспублiкi. У гэтым законе асаблiвае значэнне надавалася землям сельскагаспадарчага прызначэння, прадугледжваўся шэраг гарантый супраць неабгрунтаванага адабрання асаблiва каштоўных сельскагаспадарчых угоддзяў з севазвароту, устанаўліваліся правы землекарыстальнікаў і іх адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. У 1975 г. Савет Мiнiстраў СССР прыняў пастанову аб выдачы ўсім землекарыстальнікам дзяржаўных актаў на права карыстання зямлёй і зацвердзіў іх адзіную форму. У развiцці крымінальнага права на Беларусі вялікая роля належала агульнасаюзным законам. Усе змяненні і дапаўненні крымінальнага заканадаўства Беларускай ССР грунтаваліся на агульнасаюзных актах. У разглядаемы перыяд крымінальнае заканадаўства развівалася па двух асноўных напрамках: значнае ўзмацненне барацьбы з найбольш цяжкімі і распаўсюджанымі злачынствамі, павышэнне крымінальнай адказнасці за іх учыненне і ў той жа час некаторае звужэнне сферы крымінальных рэпрэсій за ўчыненне дзеянняў, якія на дадзеным этапе не патрабавалі прымянення пакарання. 26 мая 1947 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была адменена смяротная кара, а ў якасці вышэйшай меры пакарання прадугледжвалася зняволенне ў папраўча-працоўны лагер тэрмінам на 25 гадоў. Аднак 12 студзеня 1950 г. смяротная кара была адноўлена ў адносінах да здраднікаў Радзі-мы, шпіёнаў і дыверсантаў, а ў 1954 г. прымяненне смяротнай кары было пашырана і на асоб, учыніўшых наўмысныя забойствы пры абцяжваючых акалічнасцях. У 50-я гг. пачаўся працэс звужэння сферы крымі-нальнай адказнасці. Так, у 1955 г. была адменена крымінальная адказнасць за самавольны праезд у таварных цягніках, за продаж, абмен і водпуск на бок кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганiзацый абсталявання і матэрыялаў; у 1956 г. адмяняецца крымінальная адказнасць рабочых і служачых за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў, за прагул без уважлівай прычыны і інш. 25 снежня 1958 г. Вярхоўным Саветам СССР прыняты Асновы крымінальнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублiк, замяніўшыя Асноўныя пачаткі крымінальнага заканадаўства 1924 г. У чатырох раздзелах Асноў (агульныя палажэнні, аб злачынстве, аб пакаранні, аб назначэнні пакарання і вызваленні ад пакарання) былі рэгламентаваны самыя важныя пытанні агульнай часткі савецкага крымінальнага заканадаўства. На базе саюзнага дакумента пачалася распрацоўка праекта новага КК БССР. Новы Крымінальны кодэкс рэспублiкi, прыняты Вярхоўным Саветам БССР 29 снежня 1960 г. (уве-дзены ў дзеянне 1 красавіка 1961 г.), складаўся з Агульнай і Асаблiвай частак1. Агульная ўключала палажэнні Асноў крымінальнага заканадаўства і змяшчала трактоўку паняццяў “злачынства”, “саўдзельніцтва”, устанаўлівала ўзрост наступлення крымiнальнай адказнасцi, сферы крымінальнай адказнасці, а таксама абмежаванні ў прымяненні пакарання. У Агульную частку ўваходзіла глава, у якой змяшчаліся новыя палажэнні аб прымусовых мерах медыцынскага і выхаваўчага характару. КК БССР прадугледжваў магчымасць вызвалення ад крымінальнай адказнасці ў выпадку, калі да часу разгляду справы ў судзе ўчыненае дзеянне страціла характар грамадска небяспечнага або сам вінаваты перастаў быць грамадска небяспечным. Вінаваты вызваляўся ад крымінальнай адказнасці таксама ў выпадку, калі дзякуючы сваім бездакорным паводзінам і сумленным адносінам да працы не мог быць прызнаны грамадска небяспечным да часу разгляду справы ў судзе. Новы Крымінальны кодэкс захаваў такія інстытуты вызвалення ад крымінальнай адказнасці і пакарання, як сканчэнне тэрміну даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці ці прыгавору, умоўна-датэрміновае вызваленне, амністыя ці памілаванне, а таксама ўпершыню ўводзіў такія, як перадача справы ў таварысцкі суд або перадача вінаватага на парукі. КК БССР рэгламентаваў прымяненне наступных відаў пакарання: пазбаўленне волі; ссылка; высылка; папраўчыя работы без пазбаўлення волі; пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю; штраф; звальненне з пасады; грамадскае ганьбаванне; накіраванне ў дысцыплінарны батальён ваеннаслужачых тэрміновай службы; канфіскацыя маёмасці; пазбаўленне воінскага ці спецыяльнага звання. У выглядзе часовай выключнай меры пакарання рэгламентавалася прымяненне смяротнай кары. З 25 да 15 гадоў скарачаўся тэрмін пазбаўлення волі і з 10 да 5 гадоў — максімальны тэрмін ссылкі. Памер утрымання з заработку пры назначэнні папраўчых работ памяншаўся з 25 да 20 %. Крымінальным кодэксам быў канкрэтызаваны інстытут ўмоўнага асуджэння з выпрабавальным тэрмінам у 5 гадоў (замест 10 паводле КК БССР 1928 г.). Упершыню давалася паняцце асаблiва небяспечнага рэцыдывіста і агаворвалася, што да іх не магло быць прыменена ўмоўна-датэрміновае вызваленне, амністыя і інш. Асаблівая частка змяшчала главы аб відах злачынстваў: 1) дзяржаўныя злачынства; 2) злачынствы супраць сацыялiстычнай уласнасці; 3) злачынствы супраць жыцця, здароўя, свабоды і годнасці асобы; 4) злачынствы супраць палітычных, працоўных, жыллёвых і іншых правоў грамадзян; 5) злачынствы супраць асабістай уласнасці грамадзян; 6) гаспадарчыя злачынствы; 7) службовыя злачынствы; 8) злачынствы супраць правасуддзя; 9) злачынствы супраць парадку кіравання; 10) злачынствы супраць грамадскай бяспекі, грамадскага парадку і здароўя насельніцтва; 11) воінскія злачынствы. У параўнанні з КК БССР 1928 г. у новым Кодэксе была істотна перабудавана структура Асаблівай часткі. Так, маёмасныя злачынствы дзяліліся на злачынныя дзеянні супраць сацыялiстычнай і асабістай уласнасці, з’явіліся новыя главы аб крымінальна каральных дзеяннях супраць палітычных, працоўных, жыллёвых і іншых правоў грамадзян, супраць правасуддзя і інш. Шэраг злачынстваў выключалiся (дыскрэдытаванне ўлады, правакацыя хабару, прымушэнне да аборту, парушэнне правілаў гандлю) і, наадварот, прызнавалiся (самагонаварэнне) злачынствамі ў выпадку іх учынення пасля прымянення мер грамадскага ці адміністрацыйнага ўздзеяння, звужаўся шэраг саставаў (напрыклад, выпуск недабраякаснай прадукцыі прызнаваўся злачынствам толькi ў выпадку неаднаразовасці ці буйных памераў). Пазней у КК БССР 1960 г. былі ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні, што было выклікана выяўленымi праблемамi. Так, у 1965 г. у КК быў уведзены артыкул, які прадугледжваў адказнасць за ўгон аўтатранспартных сродкаў без мэты іх выкрадання. Большая частка дапаўненняў была звязана з устанаўленнем крымінальнай адказнасці за дзеянні, што раней не ўтваралі саставу злачынства: учыненае ўпершыню самагонаварэнне; загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва; атрыманне хабару пры абцяжваючых акалічнасцях; нядбайнае выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі; супраціўленне работніку міліцыі ці народнаму дружынніку, не спалучанае з насіллем ці пагрозай яго прымянення; скормліванне жывёле і птушцы хлебапрадуктаў; самавольнае без патрэбы спыненне цягніка; уцягненне непаўналетніх у п’янства і г.д. Пазней былі ўнесены некаторыя ўдакладненні і дапаўненні не толькi ў артыкулы, якія раней не змяняліся, але і ў перапрацаваныя, а таксама ўведзены новыя. У 1973—1975 гг. была ўстаноўлена крымінальная адказнасць за давядзенне непаўналетняга да стану ап’янення; за угон паветранага судна; за дзеянні, якія садзейнічалі наркаманіі, а таксама ўдакладнена і павышана адказнасць за выраб і збыт моцных спіртных напіткаў і інш. Былі ўнесены значныя змяненні і дапаўненні, звязаныя з узмацненнем пакарання за шэраг цяжкіх злачынстваў (напрыклад, пашырана прымяненне смяротнага пакарання), а таксама папраўкі, якія змякчалі пакаранне за ўчыненне асобных крымінальна каральных дзеянняў. Неабходна таксама мець на ўвазе, што КК 1960 г. прымаўся ў перыяд шырокага распаўсюджвання суб’ектывісцкай тэндэнцыі — у найкарацейшы тэрмін пакончыць са злачыннасцю ў СССР, таму многія змяненні ў ім былі выкліканы неабходнасцю выпраўлення ўплыву гэтай тэндэнцыі. Крымінальны кодэкс, прыняты Вярхоўным Саветам БССР 29 снежня 1960 г. і ўведзены ў дзеянне з 1 красавіка 1961 г., са змяненнямі і дапаўненнямі па стане на 1 мая 1994 г., дзейнічае ў суверэннай Рэспублiцы Беларусь і зараз. Развiццё крымінальна-працэсуальнага заканадаўства дадзенага перыяду ішло ў напрамку ўстаранення ўсіх тых негатыўных з’яў у дзейнасці органаў расследавання, пракуратуры і суда, якія былі дапушчаны раней. З ліквідацыяй у 1953 г. Асобай нарады пры МУС СССР як неканстытуцыйнага органа быў адноўлены прынцып ажыццяўлення правасуддзя толькi судом, рэалiзаваны паступовы пераход ад празмернай цэнтралізацыі судовага нагляду да пашырэння правоў пракурорскага нагляду, адменены працэсуальныя нормы, што абмяжоўвалі права абвiнавачванага на абарону, і інш. У сувязi з гэтым важнае значэнне мела Палажэнне аб пракурорскім наглядзе ў СССР, зацверджанае Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР 24 мая 1955 г. У ліку найважнейшых задач пракуратуры Палажэнне вызначала нагляд за захаваннем органамі дазнання і папярэдняга следства ўстаноўленага законам парадку расследавання злачынстваў, а таксама нагляд за вынясеннем судовымі органамі законных і абгрунтаваных прыгавораў, вызначэнняў і пастаноў. З адменай у 1956 г. спрошчанага парадку вытворчасці па справах аб тэрарыстычных актах і тэрарыстычных арганiзацыях, шкодніцтве і дыверсіях устанаўліваўся адзіны парадак судаводства па крымінальных справах. Пасля прыняцця 25 снежня 1958 г. Вярхоўным Саветам СССР “Асноў крымінальнага судаводства Саюза СССР і саюзных рэспублiк” быў распрацаваны новы Крымінальна-працэсуальны кодэкс БССР. Ён быў зацверджаны Вярхоўным Саветам БССР 29 снежня 1960 г. і ўступіў у дзеянне з 1 красавіка 1961 г.1 Грунтуючыся на палажэннях Асноў крымінальнага судаводства, развіваючы і канкрэтызуючы іх, КПК БССР заканадаўча замацаваў асновы дзейнасці органаў дазнання, следства, пракуратуры па вытворчасці крымінальных спраў, значна пашырыў правы і гарантыі ўдзельнікаў працэсу. Кодэксам рэгламентаваўся адзіны працэсуальны парадак вытворчасці крымінальных спраў, выключалася спрошчанасць пры іх расследаванні, разгля-дзе і вырашэнні, удзялялася ўвага прыцягненню грамадскасці да работы па барацьбе са злачыннасцю. У новым КПК рэспублiкi гаварылася не толькi аб забеспячэнні непазбежнасці пакарання, але і аб неабходнасці выяўлення прычын і ўмоў, што садзейнічалі ўчыненню злачынстваў, а таксама аб іх прафілактыцы. КПК БССР складаўся з 34 глаў, аб’яднаных у сем раздзелаў, якія раскрывалі агульныя палажэнні крымінальнага працэсу, правы і абавязкі яго ўдзельнікаў, крыніцы доказаў, парадак узбуджэння крымінальнай справы і дзейнасці органаў дазнання і папярэдняга следства, судаводства, выканання судовых прыгавораў і інш. Пазней КПК БССР быў дапоўнены новымі палажэннямі. Павялічылася колькасць артыкулаў, з’явіліся новыя главы і два раздзелы. Напрыклад, у 1966 г. у КПК быў уключаны раздзел “Вытворчасць спраў аб хуліганстве”. Для КПК БССР 1960 г. характэрна замацаванне адзінай сiстэмы важнейшых прынцыпаў савецкага крымінальнага працэсу (прэзумпцыя невінаватасці, захаванне законнасці і ўстанаўленне ісціны па кожнай крымінальнай справе). У сувязi з гэтым суд, пракурор, следчы і асоба, якая праводзіла дазнанне, павінны былі прыняць усе прадугледжаныя законам меры для ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей справы, выявіць як выкрываючыя, так і апраўдваючыя, як абцяжваючыя, так і змякчаючыя віну акалічнасці. Упершыню заканадаўча быў замацаваны прынцып ажыццяўлення правасуддзя па крымінальных справах толькi судамі. Ніхто не мог быць прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства і пакараны інакш, як па прыгаворы суда. КПК замацаваў і такія важныя прынцыпы, як ажыццяўленне правасуддзя на аснове роўнасці грамадзян перад законам і судом; абавязковы ўдзел у судовым разборы народных засядацеляў і калегіяльны разгляд спраў; незалежнасць суддзяў і падпарадкаванне іх толькi закону; вядзенне судаводства на нацыянальнай мове ці на мове большасці мясцовага насельніцтва; галоснасць судовага разбору; забеспячэнне абвінавачванаму права на абарону і інш. Практыка прымянення новага крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, увядзенне ў КК БССР новых саставаў злачынстваў, упарадкаванне і ўдасканаленне дзейнасці органаў пракуратуры, следства, дазнання, а таксама неабходнасць больш поўнага забеспячэння правоў грамадзян патрабавалі ўнясення змяненняў і дапаўненняў у КПК 1960 г. У 1966 г. былі ўведзены новыя артыкулы, якія рэгламентавалі парадак прыцягнення спецыялістаў да ўдзелу ў справе, умовы і парадак прымянення гуказапісу, кіназдымкі і іншых тэхнічных сродкаў пры правядзенні следчых дзеянняў; у 1970 г. КПК быў дапоўнены артыкуламі аб парадку ўтрымання пад вартай як меры стрымання, аб абавязковым удзеле абаронцы на папярэднім следстве з моманту аб’яўлення абвінавачванаму аб заканчэнні папярэдняга следства і па справах асоб, якія не валодалі мовай судаводства, а таксама абвінавачваных у злачынствах, за якія магла быць назначана смяротная кара. У наступныя гады ўносіліся новыя папраўкі ў КПК. Пра яго істотнае змяненне сведчыць той факт, што з моманту прыняцця КПК па 1992 г. колькасць артыкулаў у ім павялічылася з 399 да 411. Працэс удасканальвання дадзенага закона працягваецца і зараз. У разглядаемы перыяд быў прыняты шэраг важных нарматыўна-прававых актаў, якія ў сувязі з чарговым этапам развiцця дзяржавы таксама змяніліся. Так, у 1969 г. ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР зацвердзілі новы “Прыкладны ўстаў калгасаў”, у 1969 г. Вярхоўным Саветам БССР быў прыняты Кодэкс аб шлюбе і сям’і, у 1971 г. — Папраўча-працоўны кодэкс БССР, у 1972 г. — Кодэкс законаў аб працы БССР, у 1984 г. — Кодэкс ад адміністрацыйных правапарушэннях БССР і інш. Усе гэтыя заканадаўчыя акты прымаліся ў адпаведнасці з агульнасаюзнымі асновамі заканадаўства. Такiм чынам, заканадаўства ў пасляваенны перыяд развівалася ў напрамку ўмацавання пазіцый дзяржавы ва ўсіх сферах праваадносін. У цэнтры ўвагі заканадаўцаў знаходзіліся перш за ўсё абарона і ўмацаванне дзяржаўнай уласнасці, ахова сацыялiстычнага правапарадку. Адным з напрамкаў заканадаўчай палітыкі таго часу з’яўлялася аднаўленне нармальных умоў функцыянiравання народнагаспадарчага комплексу, а таксама ўстараненне тых негатыўных з’яў, якія мелі месца ў папярэднія гады. Разам з тым неабходна падкрэсліць, што заканатворчасць у дзяржаве па-ранейшаму грунтавалася на дырэктыўных указаннях Камуністычнай партыі, выпрацаваных на з’ездах і пленумах. У сувязi з гэтым многія палажэнні і прававыя нормы ўводзіліся ў заканадаўчыя акты з прапагандысцкай мэтай і не мелі рэальных гарантый. Трэба падкрэсліць і той факт, што хоць у разглядаемы перыяд заканадаўчая дзейнасць Вярхоўнага Савета БССР працягвала паступова актывізавацца, аднак будавалася яна на аснове заканатворчасці Саюза СССР. Нават заканадаўчыя акты, прынятыя Вярхоўным Саветам БССР самастойна, паўтаралі палажэнні саюзных законаў ці адпавядалі ім. У рэдкіх выпадках у іх можна выявіць нешта сваё, асаблiвае. Але калі гэта “сваё”, “асаблiвае” і ўносілася, то толькi па нязначных пытаннях, якія не закраналі інтарэсаў СССР. 14.4. Канстытуцыя БССР 1978 г. 7 кастрычніка 1977 г. Вярхоўным Саветам СССР была прынята апошняя агульнасаюзная Канстытуцыя. У сувязi з гэтым пачалася распрацоўка праектаў адпаведных рэспубліканскіх дакументаў. 14 красавіка 1978 г. на нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР дзевятага склікання была прынята Канстытуцыя Беларускай ССР, якая была пабудавана ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР. Канстытуцыя БССР 1978 г. складалася з 10 раздзелаў і 19 глаў. У першы раздзел “Асновы грамадскага ладу і палітыкі БССР” былі ўключаны палажэнні аб палітычнай і эканамiчнай сiстэме, у прыватнасці аб кіруючай і накіроўваючай ролі КПСС, аб сацыялiстычнай уласнасці на сродкі вытворчасці ў дзяржаўнай (агульнанароднай) і калгасна-кааператыўнай форме, аб асабістай уласнасці грамадзян, аснову якой павінны былі складаць працоўныя даходы, а таксама аб сацыяльным развiцці і культуры, знешнепалітычнай дзейнасці БССР і абароне сацыялiстычнай Айчыны. Другі раздзел “Дзяржава і асоба” быў прысвечаны грамадзянству Беларускай ССР, пытанням забеспячэння раўнапраўя грамадзян, іх асноўным правам, свабодам і абавязкам. Абвяшчаліся роўныя правы грамадзян на жыллё, ахову здароўя, карыстанне дасягненнямі культуры, удзел у кіраванні дзяржаўнымі справамі, аб’яднанне ў грамадскія арганiзацыі і інш. У трэцім раздзеле “Нацыянальна-дзяржаўная і адміністрацыйна-тэрытарыяльная будова БССР” гаварылася аб уваходжанні рэспублiкi ў склад Саюза ССР і аб паўнамоцтвах Беларускай ССР. У чацвёртым раздзеле “Саветы народных дэпутатаў і парадак іх выбрання” замацоўваліся сiстэма і прынцыпы дзейнасці Саветаў народных дэпутатаў, выбарчая сiстэма, асновы прававога статусу народнага дэпутата. Раздзел пяты “Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання БССР” змяшчаў нормы, якія вызначалі месца і ролю Вярхоўнага Савета як вышэйшага органа дзяржаўнай улады рэспублiкi, парадак фармiравання і дзейнасці Прэзідыума Вярхоўнага Савета, а таксама склад і кампетэнцыю ўрада — Савета Міністраў Беларускай ССР. У шостым раздзеле “Мясцовыя органы дзяржаўнай улады і кіравання ў Беларускай ССР” гаварылася аб парадку фармiравання і дзейнасці мясцовых Саветаў і іх выканкамаў. Сёмы раздзел Канстытуцыі быў прысвечаны дзяржаўнаму плану эканамiчнага і сацыяльнага развiцця і дзяржаўнаму бюджэту БССР. У восьмым раздзеле “Правасуддзе, арбітраж і пракурорскі нагляд” гаворка ішла аб парадку фармiравання судовых органаў рэспублiкi, аб ажыццяўленні правасуддзя толькi судом, аб вядзенні судаводства на беларускай ці рускай мове або на мове большасці насельніцтва дадзенай мясцовасці, аб пракурорскім наглядзе і аб падпарадкаванні органаў пракуратуры Генеральнаму пракурору СССР. Дзевяты раздзел прысвячаўся гербу, сцягу, гімну і сталіцы Беларускай ССР. У Канстытуцыі гаварылася, што БССР з’яўляецца суверэннай сацыялiстычнай дзяржавай, якая самастойна ажыццяўляе дзяржаўную ўладу на сваёй тэрыторыі (арт. 68), аднак толькi па-за межамі, вызначанымі ў артыкуле 73 Канстытуцыі СССР, у якім у якасці галоўных былі пастаўлены пытанні нацыянальна-дзяржаўнага ўладкавання СССР і гаспадарча-арганізацыйныя, абароны краіны, забеспячэння дзяржаўнай бяспекі, прадстаўніцтва ў мiжнародных арганiзацыях, агульныя, звязаныя з правядзеннем у жыццё палітыка-эканамiчнай стратэгіі КПСС (прадугледжвалася стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізму), а таксама пытанні распрацоўкі, зацвярджэння і выканання адзінага дзяржаўнага бю-джэту, кіраўніцтва грашова-крэдытнай сiстэмай, уз-броенымі сіламі, вайны і міру і г.д. Завяршалася пералічэнне аб’ектаў агульнасаюзнага падпарадкавання ўказаннем на тое, што СССР ажыццяўляе кантроль за выкананнем агульнасаюзнай Канстытуцыі. Канстытуцыю СССР 1977 г. адрознівала ад папярэдніх агульнасаюзных канстытуцый тое, што ў ёй адсутнічаў вычарпальны пералік прадметаў ведання СССР, што давала магчымасць саюзным органам пры неабходнасці дапаўняць яго. У той жа час у артыкуле 71 Канстытуцыі БССР указвалася, што “Беларуская ССР удзельнічае ў вырашэнні пытанняў, аднесеных да ведання Саюза ССР...”. У перыяд канца 80 — пачатку 90-х гг., што атрымаў назву перабудовы, якая завяршылася спыненнем існавання Саюза ССР, у Канстытуцыю БССР 1978 г. былі ўнесены істотныя змяненні. Яе дзеянне спынілася 15 сакавіка 1994 г. пасля прыняцця на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета рэспублiкi 12-га склікання Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь.
|