Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Права ў гады вайны




Пры аналізе асноўных галін права Беларусі прыходзіцца абапірацца на агульнасаюзныя заканадаўчыя акты, перш за ўсё на акты грамадзянска-прававога і крымінальна-прававога характару, таму што, як піша прафесар Я.А. Юхо, “падчас другой сусветнай вайны права Беларускай ССР не мела самастойнага значэння, бо згодна з Канстытуцыяй СССР (1936 г. — Аўт.) выданне Крымінальнага і Грамадзянскага кодэксаў было аднесена да кампетэнцыі СССР, а ў астатніх галінах права таксама дзейнічалі ў асноўным нормы агульнасаюзнага права“1. Перш за ўсё трэба адзначыць, што грамадзянска-прававое рэгуляванне маёмасных адносін у перыяд вайны было падпарадкавана мабілізацыі ўсіх рэсурсаў краіны для забеспячэння перамогі, абароне сацыялiстычных маёмасных адносін, аднаўленню разбуранай гаспадаркі.

Пасля вызвалення Беларусі прымаліся меры да пошукаў і вяртання эвакуіраванай дзяржаўнай і кааператыўнай маёмасці, забяспечвалася яе захаванасць, выяўлялася вымарачная і кінутая маёмасць, упарадкоўваліся яе ўлік і выкарыстанне. 30 кастрычніка 1943 г. урад рэспублiкi ўсклаў адказнасць за захаванасць кінутай і вымарачнай маёмасці да прыняцця яе на ўлік фінансавымі органамі на кіраўнікоў арганiзацый і прадпрыемстваў, домакіраўніцтваў, а на тэрыторыі сельсаветаў — на выканкамы. Былі створаны камісіі па выяўленні, ацэнцы і выкарыстаннi маёмасці дзяржаўных фондаў.

Для ўзмацнення грамадзянска-прававой аховы сацыялiстычнай уласнасці была павышана матэрыяльная адказнасць за раскраданне, недастачу і страту тавараў, гаручага, гібель коней і буйной рагатай жывёлы.

Нягледзячы на скарачэнне сферы прымянення дагаворных адносін, дагавор пастаўкі як прававая форма гаспадарчых сувязяў памiж сацыялiстычнымі арганiзацыямі захоўваў сваё значэнне. Праўда, у найбольш важных галінах прамысловасці пастаўкі здзяйсняліся без заключэння дагавораў, на падставе нарадаў-заказаў.

У гады вайны прымаліся меры па сацыяльнай абароне насельніцтва. Так, згодна з Пастановай СНК СССР ад 5 жніўня 1941 г. на час вайны за ўсімі ваеннаслужачымі захоўвалася іх жылая плошча, і жыльцы, якія часова займалі кватэру ваеннаслужачага, абавязаны былі вызваліць яе. Грамадзяне, якія вярнуліся з эвакуацыі, мелі права ў судовым парадку патрабаваць вызвалення раней прыналежнай ім жылой плошчы.

Становішча ваеннага часу абумовіла неабходнасць выдання актаў, якія рэгулявалі адносіны па дагаворы страхавання. Было прызнана, што органы Дзярж-страху не нясуць адказнасці ў выпадку смерці застрахаваных ці страты імі працаздольнасці, а таксама знішчэння ці пашкоджання застрахаванай маёмасці ў выніку ваенных дзеянняў.

14 сакавіка 1945 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР былі ўнесены значныя змены і ў парадак атрымання спадчыны. Перш за ўсё было пашырана кола спадчыннікаў, у лік якіх уключаліся бацькі, браты і сёстры памерлага, а таксама вызначалася чарговасць яе атрымання. Спадчыннікамі першай чаргі з’яўляліся дзеці, муж або жонка і непрацаздольныя, што былі на ўтрыманні спадчынадаўцы не менш як год да яго смерці. У выпадку адсутнасці спадчыннікаў першай чаргі ці непрыняцця імі спадчыны да яе атрымання прызываліся працаздольныя бацькі, а пры іх адсутнасці — браты і сёстры памерлага.

Гэтым жа ўказам былі пашыраны правы спадчынадаўцы па завяшчанні сваёй маёмасці. Яна магла быць завешчана аднаму або некалькім асобам з ліку спадчыннікаў паводле закону, а таксама дзяржаўным органам і грамадскім арганiзацыям. Акрамя таго, спадчынадавец атрымаў права пры адсутнасці законных спадчыннікаў завяшчаць сваю маёмасць любому грамадзяніну.

Такiм чынам, змены, унесеныя ў грамадзянскае заканадаўства, былі накіраваны перш за ўсё на рэгуляванне маёмасных адносін у інтарэсах перамогі над ворагам, аднаўлення гаспадаркі, узмацнення аховы правоў прадпрыемстваў і ўстаноў, арганiзацый і грамадзян.

У гады вайны быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў, якія рэгулявалі пытанні грамадзянскага працэсу. Асаблiва важнае значэнне мела пастанова пленума Вярхоўнага суда СССР ад 27 чэрвеня 1941 г., паводле якой было прынята рашэнне прыпыніць вя-дзенне ўсіх незакончаных спраў аб высяленні з жылых памяшканняў асоб, прызваных у дзеючую армію, і членаў іх сямей. Прыпыняліся на перыяд ваенных дзеянняў і ўсе неразгледжаныя грамадзянскія справы іншых катэгорый, калі адказчыкі знаходзі-ліся ў арміі. З кастрычніка 1941 г. падлягалі спыненню ўсе неразгледжаныя справы аб спагнанні ад-міністрацыйных штрафаў з асоб, прызваных у армію, а ўсякага роду даверанасці і завяшчанні маглі быць засведчаны акрамя натарыяльных органаў камандаваннем вайсковых часцей, начальнікамі шпіталяў. У судовых органах падлягалі прыпыненню ўсе справы аб спагнанні нядоімак па абавязковых пастаўках сельгаспрадукцыі дзяржаве, падатках і акладнаму страхаванні ў выпадках прызыву членаў гаспадаркі ў армію.

Важнейшыя працэсуальныя пытанні разгляду судом спраў аб скасаванні шлюбу былі ўрэгуляваны Указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 ліпеня 1944 г. і 14 сакавіка 1945 г., а таксама інструкцыяй НКЮ СССР ад 27 лістапада 1944 г. “Аб парадку разгляду судамі спраў аб скасаванні шлюбу”. Парадак скасавання шлюбу быў ускладнены. Уводзілася асобая стадыя судовага разбору — прымірыцельная вытворчасць у народным судзе. Справа аб скасаванні шлюбу разглядалася па заяве мужа і жонкі або аднаго з іх, як правiла, па месцы жыхарства адказчыка. Патрабавалася абавязковая публікацыя ў мясцовым друку пра тое, што адбудзецца разгляд справы аб разводзе. Муж і жонка мелі права спыніць справу на любой стадыі працэсу. Прысутнасць у судзе мужа і жонкі з’яўлялася абавязковай. У выпадку скасавання шлюбу суд вызначаў, пры кім з бацькоў застаюцца дзеці, і ўстанаўліваў памер утрымання на іх аліментаў, рабіў падзел маёмасці і г.д.

У красавіку 1942 г. было вырашана пытанне аб выдачы дублікатаў выканаўчых лістоў у выпадку страты судовай справы або выканаўчай вытворчасці па абставінах ваеннага часу. Дублікаты выдаваліся па рашэнні суда, вынесеным у выніку разгляду заяў зацікаўленых асоб у судовым пасяджэнні.

27 снежня 1944 г. было зацверджана Палажэнне аб Дзяржаўным арбітражы Беларускай ССР. Ён вырашаў маёмасныя (іскавыя і пераддагаворныя) спрэчкі памiж установамі, прадпрыемствамі і арганiзацыямі грамадскага сектара.

Асноўная задача крымінальнага заканадаўства перыяду вайны заключалася ў ахове ўстаноўленага правапарадку, умацаванні воінскай і працоўнай дысцыпліны. Разам з тым неабходна падкрэсліць, што на часова акупіраванай тэрыторыі БССР захоўвалася дзеянне савецкага заканадаўства. Таму асобы, якія ўчынілі на тэрыторыі рэспублiкi злачынствы, падлягалі крымінальнай адказнасці па савецкіх законах.

У маскоўскай дэкларацыі “Аб адказнасці гітлераўцаў за ўчыняемыя злачынствы” (кастрычнік 1943 г.) падкрэслівалася, што “германскія афіцэры і салдаты і члены нацысцкай партыі, якія былі адказныя ... за зверствы, забойствы ... будуць адасланы ў краіны, у якіх былі ўчынены іх агідныя дзеянні, для таго, каб яны маглі быць судзімыя і пакараныя ў адпаведнасці з законамі гэтых вызваленых краін”1.

У барацьбе з раскраданнем дзяржаўнай і грамадскай маёмасці шырока прымяняўся Закон ад 7 жніўня 1932 г., які прадугледжваў павышаную адказнасць за крадзяжы аж да расстрэлу. 23 ліпеня 1942 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была ўстаноўлена адказнасць у выглядзе турэмнага зняволення ад трох да пяці гадоў за раскраданне гаручага ў МТС і саўгасах; 13 красавіка 1942 г. — крымінальная адказнасць за адмаўленне і ўхіленне ад працоўнай павіннасці, а праз два дні — за ўхіленне ад мабілізацыі на сельскагаспадарчыя работы, самавольнае пакіданне гэтых работ, а таксама за невыпрацоўку абавязковага мінімуму працадзён.

Пасля заканчэння вайны дзеянне надзвычайных крымінальных законаў ваеннага часу было скасавана Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 верасня 1945 г. Але дзеянне ўказа не распаўсюджвалася на заходнія раёны Беларусі, дзе гэтыя законы захоўваліся да 4 ліпеня 1946 г.

7 ліпеня 1945 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў указ “Аб амністыі ў сувязі з перамогай над гітлераўскай Германіяй”. Паводле амністыі поў-насцю вызваляліся ад пакарання асуджаныя да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. Асобам, асу-джаным да пазбаўлення волі на тэрмін звыш трох гадоў, не адбыты тэрмін пакарання скарачаўся напалову. Вызваляліся ад пакарання ўсе асуджаныя, у адносінах якіх была прыменена адтэрміноўка выканання прыгавору да заканчэння ваенных дзеянняў. Амністыя не пашыралася на асуджаных за ўчыненне асаблiва небяспечных злачынстваў: раскраданне дзяржаўнай і грамадскай маёмасці паводле Закона ад 7 жніўня 1932 г., бандытызм, разбой, крадзяжы, грабяжы і хуліганства.

Крымінальна-працэсуальнае заканадаўства таксама было накіравана на заваяванне перамогі. Часткова аб гэтым мы гаварылі ў § 13.1. Трэба таксама адзначыць, што ваенным трыбуналам у складзе трох пастаянных членаў суда, без пракурора і абаронцы, давалася права разглядаць справы праз 24 гадзіны пасля ўручэння абвінавачванаму копіі абвінаваўчага заключэння. Прыгаворы трыбуналаў касацыйнаму абскарджанню не падлягалі і маглі быць адменены або зменены толькi ў парадку нагляду.

З устанаўленнем крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад мабілізацыі на сельскагаспадарчыя работы, самавольнае пакіданне гэтых работ і за невыпрацоўку мінімуму працадзён без уважлівых прычын пастановай СНК СССР ад 25 красавіка 1942 г. быў вызначаны парадак узбуджэння спраў гэтай катэгорыі. Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы за ўхіленне ад мабілізацыі на сельскагаспадарчыя работы з’яўляліся матэрыялы, якія накіроўва-ліся ў народны суд старшынёй або намеснікам старшыні гарадскога (раённага), пасялковага ці сельскага Савета дэпутатаў працоўных. Звесткі пра самавольна пакінуўшых сельскагаспадарчыя работы паведамлялі суду таксама старшыня калгаса, дырэктар саўгаса ці МТС. Пасля паступлення матэрыялаў у суд народны суддзя ўзбуджаў крымінальную справу і назначаў яе да слухання з разлікам разгляду яе ў дзесяцідзённы тэрмін. Такі ж тэрмін адводзіўся і для разгляду спраў аб невыпрацоўцы абавязковага мінімуму працадзён.

У перыяд вайны некаторыя ўзнікаўшыя ў судовай практыцы пытанні працэсуальнага характару тлумачыліся ў кіруючых пастановах пленума Вярхоўнага суда СССР.

У сувязi з тым, што ў ваенны час паўторны разгляд справы судом, які вынес прыгавор, пасля адмены рашэння вышэйстаячай інстанцыяй не заўсёды быў магчымы, 13 лістапада 1941 г. пленум даў указанне аб накіраванні такіх спраў на новы разгляд у любы суд роўнай падсуднасці.

Усе незакончаныя вытворчасцю справы аб контррэвалюцыйных злачынствах, асаблiва небяспечных злачынствах супраць парадку кіравання і найбольш цяжкіх злачынствах агульнакрымінальнага характару, падлягалі накіраванню праз пракуратуру ў ваенны трыбунал па месцы службы абвінавачванага. Справы аб іншых катэгорыях злачынстваў падлягалі спыненню, паколькі іх разгляд пасля вяртання абвінавачваных з ваеннай службы быў яўна немэтазгодны.

Пасля заканчэння вайны пачалася перабудова дзейнасці органаў следства, пракуратуры і суда ў прымяненні да ўмоў мірнага часу. Нормы працэсуальнага права аб выключэннях з агульных правілаў судаводства, устаноўленыя Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 чэрвеня 1941 г. “Аб ваенным становішчы”, спынілі сваё дзеянне, вядзенне крымінальных спраў пачало адпавядаць нормам крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

 

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 180; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.008 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты