КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіраванняУ пасляваенны перыяд галоўнай задачай, якая стаяла перад кіраўніцтвам рэспублiкi, было аднаўленне разбуранай вайной народнай гаспадаркі1. У верасні 1946 г. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў першы пасляваенны пяцігадовы план аднаўлення і развiцця народнай гаспадаркі на 1946—1950 гг., распрацаваны на аснове агульнасаюзнага пяцігадовага плана. Вярхоўны Савет зацвердзіў таксама Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб пераўтварэнні Савета Народных Камісараў БССР у Савет Міністраў БССР”1, аб утварэнні новых саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў і інш. У лютым 1947 г. на аснове новага палажэння аб выбарах прайшлі выбары ў Вярхоўны Савет БССР, які сфарміраваў пастаянныя камісіі, зацвердзіў указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета, выбраў новы Прэзідыум, стварыў урад рэспублiкi і Вярхоўны суд, рэдакцыйную камісію па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў ў Канстытуцыю. На другой сесіі Вярхоўнага Савета БССР у ліпені 1947 г. быў прыняты Закон “Аб змяненні і дапаўненні тэксту Канстытуцыі БССР”, у адпаведнасці з якім за вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады было замацавана права на прыняцце заканадаўства аб шлюбе і сям’і, зацвярджэнне справаздачы аб выкананні дзяржаўнага бюджэту БССР, унясенне ўдакладненняў у гарантыі правоў грамадзян на адпачынак і адукацыю. Закон дапоўніў артыкул Канстытуцыі аб раўнапраўі жанчын з мужчынамі палажэннем аб дзяржаўнай дапамозе мнагадзетным і адзінокім маці. Актыўную работу праводзіў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, у складзе якога дзейнічалі канцылярыя Прэзідыума, прыёмная Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублiкi, а таксама інфармацыйна-статыстычны, юрыдычны, па ўліку і рэгістрацыі ўзнагароджаных, па падрыхтоўцы да разгляду хадатайніцтваў аб памілаванні, фінансава-гаспадарчы аддзелы. З 1946 па 1955 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета кіраваў арганізацыйна-масавай работай мясцовых Саветаў, зацвярджаў палажэнні аб выбарах, прымаў указы аб парадку іх правядзення, вырашаў пытанні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення ў рэспублiцы, ратыфікаваў мiжнародныя дагаворы, вырашаў мiжнародна-прававыя пытанні, ажыццяўляў нарматворчую дзейнасць. Так, 25 снежня 1951 г. ён прымае Указ “Аб дзяржаўным сцягу БССР”1, а 24 верасня 1955 г. — Указ “Аб дзяржаўным гімне БССР”2. Пасля XX з’езда КПСС актывізуецца дзейнасць вышэйшых органаў дзяржаўнай улады БССР. Прэзідыум Вярхоўнага Савета стаў склікаць сесіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі — не радзей за 2 разы ў год. У заканадаўчай дзейнасці Вярхоўнага Савета БССР стала выяўляцца агульнасаюзная тэндэнцыя пашырэння правоў саюзных рэспублiк у вырашэнні пытанняў гаспадарчага і сацыяльна-культурнага будаўнiцтва. У наступныя гады развіваецца кантрольна-наглядная і распарадчая дзейнасць Вярхоўнага Савета БССР, з’яўляюцца новыя камісіі: заканадаўчых прапаноў, па замежных справах, мандатная. У 1957 г. пачынае дзейнічаць камісія па народнай адукацыі і культурна-асветніцкай рабоце, па ахове здароўя і сацыяльным забеспячэнні, жыллёвым будаўнiцтве, сельскай гаспадарцы. У 1960 г. было зацверджана “Палажэнне аб пастаянных камісіях Вярхоўнага Савета”, у адпаведнасці з якім вызначаны два галоўныя напрамкі іх дзейнасці: падрыхтоўка законапраектаў і кантроль за выкананнем законаў і іх эфектыўнасцю. Да 1969 г. колькасць камісій узрасла да 15. У 1957 г. у сувязі з прыняццем агульнасаюзных законаў былі ўнесены змяненні ў артыкул 19 Канстытуцыі БССР. Да кампетэнцыі рэспублiкi было аднесена ўстанаўленне абласнога дзялення БССР, кіраўніцтва дарожным будаўнiцтвам, транспартам і прадпрыемствамі сувязі рэспубліканскага значэння, а таксама прыняцце заканадаўства аб судовым ладзе і судаводстве, грамадзянскага і крымінальнага заканадаўства. Знікла дробязная апека рэспублiк з боку СССР у пытаннях дзяржаўнага планавання, фінансавання, у справе рэгулявання рэспубліканскіх бюджэтных сродкаў, была зменена практыка планавання ў галіне сельскагаспадарчай вытворчасці. Усё гэта выклікала рост актыўнасці Вярхоўнага Савета БССР у галіне заканадаўчай дзейнасці. Так, з 1959 па 1967 г. ім было прынята 124 заканадаўчыя акты. Прычым калі раней ён выдаваў толькi законы аб народнагаспадарчых планах, дзяржаўных бюджэтах і зацвярджаў указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, то ў гэты перыяд прымаў законы аб ахове прыроды, аб парадку адклікання дэпутатаў Вярхоўнага Савета, абласнога, раённага, гарадскога, пасялковага і сельскага Саветаў, аб судовым ладзе, аб адвакатуры, аб парадку адклікання суддзяў і народных засядацеляў, аб змяненні сiстэмы органаў кіравання, аб увядзенні ў дзеянне кодэксаў і інш. Актывізуецца работа пастаянных камісій Вярхоўнага Савета, а ў 1968 г. з’яўляецца новая — па справах моладзі. У ліпені 1975 г. новы склад Вярхоўнага Савета стварыў 16 пастаянных камісій і зацвердзіў рэгламент пасяджэнняў Вярхоўнага Савета БССР, якім вызначаўся парадак работы сесій вышэйшага органа дзяржаўнай улады рэспублiкi. У кантрольна-распарадчай дзейнасці Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР асноўнымі з’яўляліся наступныя напрамкі: удасканаленне арганізатарскай дзейнасці мясцовых Саветаў, развiццё і арганізацыйнае ўмацаванне грамадскіх арганiзацый працоўных, ахова правоў і законных інтарэсаў грамадзян рэспублiкi. Адносна дзейнасці мясцовых Саветаў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР штогод з 1967 па 1975 г. разглядаў па пяць-восем пытанняў, а з 1972 г. апарат Прэзідыума стаў штоквартальна выпускаць і рассылаць у мясцовыя Саветы спецыяльны інфармацыйны бюлетэнь. Акрамя таго, Прэзідыум ВС БССР праводзіў вялікую работу па ўпарадкаванні адміністрацыйна-тэрытарыяльнай будовы рэспублiкi, арганiзацыі выбараў Саветаў дэпутатаў працоўных і народных судоў, тлумачэнні дзеючага заканадаўства, а таксама па ратыфікацыі мiжнародных актаў. З 1959 па 1975 г. ім было ратыфікавана больш за 30 мiжнародных пагадненняў, дагавораў, канвенцый. Прыкладна ў такім жа напрамку вышэйшы орган дзяржаўнай улады працаваў да пачатку 90-х гг., гэта значыць да абвяшчэння суверэннай Рэспублiкi Беларусь. У разглядаемы перыяд у адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР на кожнай сесіі Вярхоўнага Савета рэспублiкi новага склікання фарміраваўся склад урада — Савет Міністраў БССР. Задачы па аднаўленні і далейшым развiцці народнай гаспадаркі рэспублiкi абумоўлівалі вялікую арганізацыйную і нарматыўна-прававую дзейнасць урада. Гэта знайшло адлюстраванне ў пастановах Савета Міністраў БССР, колькасць якіх у 1946 г. дасягнула 2300, а ў наступныя 12 гадоў — 1500 — 16001. У 1957 г. у СССР была ажыццёўлена перабудова кіравання прамысловасцю і будаўнiцтвам. Замест сiстэмы міністэрстваў, арганізаваных па галіновым прынцыпе, для кіраўніцтва народнай гаспадаркай была створана сiстэма саўнаргасаў, пабудаваных на тэрытарыяльнай аснове. Рэарганізацыя была праве-дзена на аснове Закона СССР ад 10 мая 1957 г. “Аб далейшым удасканальванні арганiзацыі кіравання прамысловасцю і будаўнiцтвам” з мэтай больш аператыўнага кіравання народнай гаспадаркай. У сувязі з праведзенай рэарганізацыяй і стварэннем Саўнаргаса ў БССР было скасавана дзевяць міністэрстваў, што прывяло да скарачэння складу Савета Міністраў рэспублiкi. Саўнаргас выступаў як орган дзяржаўнага кіравання народнай гаспадаркай, надзелены пэўнымі выканаўча-распарадчымі паўнамоцтвамі. У прыватнасці, ён ажыццяўляў кіраўніцтва даручанымі яму галінамі гаспадарчага жыцця і перададзенымі ў падпарадкаванне прадпрыемствамі, будаўнічымі і іншымі арганiзацыямі. У межах сваёй кампетэнцыі, на падставе і ў мэтах выканання законаў СССР і БССР, а таксама пастаноў Савета Міністраў СССР і Савета Міністраў БССР Саўнаргас рэспублiкi выдаваў пастановы і распараджэнні, абавязковыя для выканання ўсімі падпарадкаванымі яму прадпрыемствамі і арганiзацыямі на тэрыторыі Беларусі. Пастановы і распараджэнні СНГ БССР маглі быць зменены, скасаваны ці дапоўнены Саветам Міністраў БССР. Саўнаргас БССР з’яўляўся калегіяльным органам, а яго структурныя падраздзяленні (упраўленні і аддзелы) вырашалі ўсе пытанні на аснове адзінаначалля. Арганiзацыя кіравання народнай гаспадаркай па тэрытарыяльным прынцыпе праз саўнаргасы некалькi пашырыла магчымасці спецыялізацыі і кааперавання ў межах эканамiчнага раёна, аднак з часам было прызнана, што такая сiстэма вядзе да драблення кіравання галінамі вытворчасці па многіх эканамiчных раёнах і ў сувязi з гэтым яго аслаблення. Законам ССР “Аб змяненні сiстэмы органаў кіравання прамысловасцю і пераўтварэнні некаторых іншых органаў дзяржаўнага кіравання” ад 2 кастрычніка 1965 г. і адпаведнымі законамі саюзных рэспублiк саўнаргасы былі скасаваны. Замест іх пачалі стварацца агульнасаюзныя, саюзна-рэспубліканскія і рэспубліканскія галіновыя міністэрствы і ведамствы. Пасля рэарганізацыі ў 1956 г. кіравання народнай гаспадаркай краіны ў Беларусі ўзрасла колькасць мiнiстэрстваў як саюзна-рэспубліканскіх, так і рэспубліканскіх. У гэты перыяд у працэсе вышэйшай выканаўча-распарадчай дзейнасці Савет Міністраў БССР штогод прымаў ад 400 да 800 агульнанарматыўных прававых актаў (пастаноў). Канкрэтныя пытанні фінансава-гаспадарчага жыцця, якія тычыліся асобных прадпрыемстваў і арганiзацый, Савет Міністраў рэгуляваў распараджэннямі, якіх выдавалася штогод больш за 1 тыс. Такія метады і формы дзейнасці вышэйшага органа дзяржаўнага кіравання БССР функцыянiравалі да пачатку 90-х гг. У заключэнне трэба адзначыць, што рэальная паўната ўлады на Беларусі ў разглядаемы перыяд знаходзілася ў руках бюро ЦК КПБ і яго першага сакратара. Менавiта апарат ЦК КПБ рыхтаваў праекты важнейшых рашэнняў у рэспублiцы, аналізаваў і кантраляваў дзейнасць вышэйшых дзяржаўных органаў, падбіраў і прызначаў кадры для работы ў іх.
|