КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Працэс беларусізацыі ў 20-я гг.У пачатку 20-х гг. кіраўніцтвам УКП(б) быў абвешчаны курс на каранізацыю саставу партыйна-савецкага, прафсаюзнага, камсамольскага і гаспадарча-кіраўніцкага апарату ў нацыянальных рэгіёнах, гэта значыць на насычэнне іх прадстаўнікамі карэнных нацыянальнасцей і на наданне мовам гэтых нацыянальнасцей асноўнага, рабочага статусу. У БССР гэты курс атрымаў назву беларусізацыі. Так, Дэкларацыяй аб аднаўленні БССР ад 31 ліпеня 1920 г. ўстанаўлівалася “поўнае раўнапраўе мовы (беларускай, рускай, польскай, яўрэйскай) у зносінах з дзяржаўнымі ўстановамі і ў арганiзацыях і ўстановах народнай асветы і сацыялiстычнай культуры”1. Ужо на II з’ездзе Саветаў (13 — 17 снежня 1920 г.) была падкрэслена неабходнасць шырокага ўжывання беларускай мовы. У 1921 г. да пераводу справаводства на беларускую мову прыступіў Наркамат земляробства БССР, а ўслед за ім — наркаматы асветы і замежных спраў. Меркавалася правесці беларусізацыю ў тэрмін ад трох да пяці гадоў. У 1922 г. быў створаны Iнстытут беларускай культуры (Iнбелкульт) з дзесяццю секцыямі і пастаяннымі камісіямі, у тым лiку з яўрэйскім і польскім аддзеламі. Тут на чатырох мовах вялася дакументацыя, выдавалася рознага роду літаратура. 15 ліпеня 1924 г. ЦВК БССР прыняў пастанову “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі”, якая забяспечвала кожнаму грамадзяніну Беларусі права карыстацца роднай мовай. Падкрэсліваючы раўнапраўе беларускай, польскай, рускай і яўрэйскай моў, перавага ў сувязі з большасцю насельніцтва беларускай нацыянальнасці аддавалася беларускай. ЦВК БССР прапанаваў усім наркаматам перавесці справаводства на беларускую мову на працягу трох гадоў. У першую чаргу гэта тычылася тых, якія па роду сваёй дзейнасці былі звязаны з вёскай. Усе законы БССР публікаваліся на чатырох мовах. Для выканання пастановы ЦВК ад 15 ліпеня 1924 г. патрабавалася адкрыццё шматлікіх курсаў беларускай мовы. Супрацоўнікі ўстаноў і арганiзацый павiнны былі ведаць беларускую і рускую мову, мець у штаце пэўную колькасць асоб, якія размаўлялі па-яўрэйску і па-польску. Ва ўсіх вышэйшых навучальных установах прадугледжвалася стварэнне кафедраў па вывучэнні гісторыі і культуры БССР. Працэсам беларусізацыі кіравала створаная Прэзідыумам ЦВК БССР спецыяльная камісія, якую ўзначальваў вядомы дзяржаўны дзеяч А.Хацкевіч. Вынік працэсу беларусізацыі стаў відавочны ўжо ў 1925 г. На беларускай мове працаваў увесь апарат ЦВК БССР, а да 1928 г. на яе перайшло 80 % работнікаў цэнтральных дзяржаўных устаноў. У той жа час у месцах кампактнага пражывання асоб небеларускай нацыянальнасці працягвалі функцыяніраваць мясцовыя нацыянальныя органы ўлады: сярод сельскіх саветаў было 29 яўрэйскіх, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія. Гэта сведчыла пра адсутнасць на Беларусі сур’ёзных “перагібаў” каранізацыі. Аднак у канцы 20-х гг., як у цэлым у Савецкім Саюзе, так і ў БССР, пачала разгортвацца шырокая кампанія па выкрыцці так званага нацыянал-дэмакратызму. З гэтай мэтай быў створаны міф пра контррэвалюцыйныя арганiзацыі, якія выступілі супраць савецкай улады. Па даных АДПУ, варожыя арганiзацыі быццам бы існавалі ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, навукі, літаратуры, мастацтва, у вышэйшых навучальных установах. Толькi па справе аб “Саюзе вызвалення Беларусі” прайшло каля 90 чалавек. Пачаліся масавыя рэпрэсіі.
|