Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Утварэнне БССР. Стварэнне Літоўска-Беларускай Рэспублiкi




У сярэдзіне лютага 1919 г. Чырвоная Армія, якая наступала ўслед за германскімі войскамі, што пакідалі акупіраваныя тэрыторыі, замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — Агінскі канал — Сарны. Такiм чынам, амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі аднавілася савецкая ўлада. Пры гэтым праблема беларускай дзяржаўнасці яшчэ больш абвастралася ў сувязі з развязваннем грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыяй у Савецкай Расіі.

Падзеі і факты, звязаныя з абвяшчэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублiкi, добра вядомыя і дастаткова асвятляюцца ў курсе “Гісторыя Беларусі”. Наша задача — раскрыць праблему ўтварэння БССР з гісторыка-прававога пункту гле-джання і спыніцца на некаторых фактах, якія слаба асветлены ў літаратуры.

Перш за ўсё адзначым, што ў кіруючых колах Савецкай Расіі, Аблвыканкамзаха і беларускiх каму-ністычных секцыях погляды на перспектывы дзяржаўнага будаўнiцтва ў Беларусі былі рознымі. У кіраўніцтве Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) і Аблвыканкамзаха лічылі, што Беларусь павінна ўваходзіць у склад РСФСР у якасці яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнай гаспадарчай адзінкі. Кіраўнікі Цэнтральнага бюро (ЦБ) беларускiх секцый пры РКП(б) і Белнацкама пры Наркамаце па справах нацыянальнасцей РСФСР выступалі за тое, каб Беларусь увайшла ў склад РСФСР на правах аўтаноміі. Лідэры БНР, якія адстойвалі поўны суверэнітэт Беларусі, цяпер апынуліся ў эміграцыі і фактычна сышлі з палітычнай сцэны.

У святле сучаснага роскіду палітычных поглядаў можа здацца незвычайным, што менавiта дзякуючы У.I.Леніну Беларусь абвяшчалася незалежнай рэспублiкай. Мiж тым яго пазіцыя з’яўлялася вызначальнай пры прыняцці 24 снежня 1918 г. Пленумам ЦК РКП(б) рашэння аб абвяшчэнні БССР1. Пленум даручыў Паўночна-Заходняму абкаму разгарнуць падрыхтоўчую работу па нацыянальна-дзяржаўным будаўнiцтве на Беларусі.

Iншае пытанне — якімі матывамі кіраваўся старшыня СНК РСФСР? На гэта адказаў А.Ф.Мяснікоў у сваім дакладзе на I з’ездзе КП(б)Б, калі была абвешчана БССР. Ён сказаў, што “з утварэннем Беларускай Савецкай Рэспублiкi замыкаецца ланцуг усіх савецкіх утварэнняў, якія самавызначаліся, і тым самым закрываецца калідор, праз які рушаць на Савецкую Расію сілы Чорнага Iнтэрнацыянала”2.

Аналізуючы палітыку ЦК РКП(б) у адносінах да працэсу самавызначэння Беларусі ў канцы 1918 — пачатку 1919 г., акадэмік I.М.Iгнаценка, па сутнасці, прыходзіць да такога ж вываду. “Ваенна-палітычнае становішча, — піша ён, — патрабавала ўтварэння БССР, каб зачыніць тым самым акно для пранікнення імперыялістычных сіл непасрэдна на тэрыторыю Расіі. ЦК РКП(б) меркаваў, што ўтварэнне БССР менавiта ў гэты час будзе садзейнічаць умацаванню міжнароднага становішча Савецкай краіны, абароне рэвалюцыі і савецкай улады”3.

27 снежня 1918 г. у Наркамаце РСФСР пад старшынствам I.В.Сталіна адбылася нарада па пытаннях, звязаных з утварэннем БССР. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Аблвыканкамзаха, Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) і Белнацкама. На гэтай нарадзе былі вырашаны пытанні аб урадзе Савецкай Беларусі, прыкладных межах рэспублiкi, яе кіруючым партыйным цэнтры. Кіраўніцтву Цэнтральнага бюро беларускiх секцый і Белнацкама, у тым лiку Дз.Ф.Жылуновічу і А.Р.Чарвякову, даручалася падрыхтаваць праект Маніфеста Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.

30 снежня 1918 г. у Смаленску для абмеркавання пытання аб утварэнні БССР і КПБ Паўночна-Заходні абласны камітэт РКП(б) склікаў VI Паўночна-Заходнюю абласную канферэнцыю РКП(б), якая і прыняла рэзалюцыю “Аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублiкi”. У склад БССР уключаліся Мінская, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. Паўночна-Заходняя арганiзацыя РКП(б) была перайменавана ў КП(б)Б і заставалася, як і ўсе іншыя нацыянальна-тэрытарыяльныя партыйныя арганiзацыі, складанай часткай РКП(б). Гэта канферэнцыя аб’явіла сябе I з’ездам КП(б)Б.

ЦК КП(б)Б сумесна з кіраўніцтвам беларускiх камуністычных секцый вызначылі персанальны склад Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з Дз.Ф.Жылуновічам.

1 студзеня 1919 г. у Смаленску быў абнародаваны Маніфест Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага савецкага ўрада, які абвясціў утварэнне БССР і асноўныя палажэнні дзяржаўнага статуса рэспублiкi. Уся ўлада перадавалася Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў; зямля, воды, нетры, фабрыкі абвяшчаліся ўласнасцю народа. Усе законы, дагаворы, пастановы, загады і распараджэнні “як рады і яе слуг, так таксама і нямецкіх, польскіх і ўкраінскіх акупацыйных улад лічацца несапраўднымі”1.

5 студзеня 1919 г. сталіцай БССР стаў Мінск, куды пераехаў і Часовы ўрад.

З прававога пункту гледжання працэдура стварэння дзяржавы і ўтварэння яе ўладных органаў на аснове рашэння парторганаў можа лічыцца нелегітымнай. Аднак на тым этапе РКП(б) праз Саветы ўжо ажыццяўляла ўсе ўладныя функцыі і такія рашэнні не толькi мелі юрыдычную сілу, але і станавіліся нормай.

Задачу ж надання легітымнасці гэтым актам вырашыў Усебеларускі з’езд Саветаў, на якім меркавалася прыняць Канстытуцыю рэспублiкi, зацвердзіць герб і сцяг, выбраць ЦВК.

Аднак у перыяд падрыхтоўкі з’езда, 16 студзеня 1919 г., ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб далучэнні да РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў і аб’яднанні часткі БССР, што засталася, з Літоўскай ССР. У рашэнні было запісана: “ЦК лічыць гэта рашэнне найбольш адпавядаючым нашым агульнапалітычным задачам і цалкам адпавядаючым мiжнароднай кан’юнктуры”.

Якой жа была гэта кан’юнктура? На жаль, надзвычай складанай як для самой Расіі, так і для Літвы і Беларусі. Ужо ў снежні 1918 г. Ю.Пілсудскі заявіў, што польская дзяржава будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772 г., а гэта значыць, што ў яе склад павінны ўвайсці беларускія і літоўскія землі.

Рашэнне, прынятае ЦК РКП(б) і асабіста У.I.Леніным 16 студзеня 1919 г., было выклікана імкненнем захаваць РСФСР як дзяржаву і як правобраз будучай сусветнай Рэспублiкi Саветаў. Адсюль і ленінскія пасылкі аб інтэрнацыянальным абавязку працоўных Беларусі змякчыць удар імперыялізму па РСФСР і яго ідэя стварэння Літоўска-Беларускай ССР, прызванай, як меркавалася, стаць дзяржавай-буферам памiж буржуазнай Польшчай і Савецкай Расіяй, прадухіліць адкрытую вайну памiж імі.

Як бачым, найвышэйшыя інтарэсы рэвалюцыі ўжо на стадыі юрыдычнага афармлення БССР вызначылі яе лёс, і яна фактычна павінна была спыніць сваё самастойнае існаванне.

Цікавы і той факт, што рашэннем ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г. былі незадаволены як былыя члены Аблвыканкамзаха (А.Ф.Мяснікоў), так і члены групы Жылуновіча — Чарвякова. Першыя таму, што хацелі захаваць сваю ўладу, другія зыходзілі з нацыянальнай ідэі. Дз.Ф.Жылуновіч і яго таварышы напісалі ў ЦК РКП(б) пратэст супраць тэрытарыяльнага падзелу Беларусi i запатрабавалi пераглядзець рашэнне ЦК. Вынiкам гэтага стала iх выключэнне з урада БССР i арышт Жылуновiча. Даследчыкi Р. Платонаў i М. Сташкевiч лiчаць, што ЦК РКП(б) ішоў на аддзяленне ад БССР Магілёўскай і Віцебскай губерняў дастаткова прадумана, бо ведаў пра настрой кіруючых слаёў Польшчы, якія патрабавалі інкарпарацыі Беларусі. Меркавалася, “што ўключаныя ў склад РСФСР Магілёўская і Віцебская губерні, калі б іншыя тэрыторыі захапіла польская дзяржава, у перспектыве сталі б асновай для адраджэння беларускай дзяржаўнасці”1.

Думаем, што такая пастаноўка пытання надта гіпатэтычная. Тым больш што гісторыя паказала іншае. Так, у ЛітБел не выходзіла ніводнай газеты на беларускай мове, ніхто з беларусаў не ўзначаліў ні ЦВК, ні СНК. Нават у час другога абвяшчэння БССР, аб чым гаворка будзе ісці ніжэй, тэрыторыя Беларусі складалася ўсяго толькi з шасці паветаў Мінскай губерні, а заходняя адыходзіла да Польшчы. Калі ЦК РКП(б) і бальшавіцкі ўрад Расіі і думалі пра адра-джэнне беларускай дзяржаўнасці ў выпадку захопу большай часткі Беларусі Польшчай, то толькi ў плане стварэння на базе Магілёўскай і Віцебскай губерняў новай буфернай дзяржавы памiж капіталістычным Захадам і Савецкай Расіяй. Тут прысутнічае хутчэй палітычны разлік, чым імкненне захаваць дзяржаўнасць беларусаў.

Апошняе пацвярджаецца і іншымі фактамі гісторыі. Так, жадаючы адстаяць цэласнасць тэрыторыі Беларусі, ЦК КП(б)Б для перагавораў аб межах накіраваў у Маскву членаў ЦБ Р.В.Пікеля і I.I.Райнгольда. 31 студзеня 1919 г. яны далажылі: “Свярдлоў сказаў нам, што ЦК прыняў рашэнне адзінагалосна і іншае рашэнне немагчыма”2 (маецца на ўвазе рашэнне аб тэрыторыі, якая адышла ад Расіі).

Захаваўся пратакольны запіс сустрэчы Р.В.Пікеля і I.I.Райнгольда з У.I.Леніным. Выслухаўшы іх, старшыня СНК РСФСР адказаў, што рэспублiка буферная і патрэбна пастолькі, паколькі мяжуе з іншымі краінамі. Адказваючы на пытанне аб уключэнні ў склад РСФСР Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў, У.I.Ленін сказаў, што раз яны не мяжуюць з іншымі краінамі, то іх можна выключыць са складу Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублiкi3.

Такiм чынам, у інтарэсах сусветнай пралетарскай рэвалюцыі (як аказалася, уяўнай) было спынена нацыянальна-дзяржаўнае будаўнiцтва на Беларусі.

2—3 лютага 1919 г. у Мінску праходзіў Усебеларускі з’езд Саветаў у складзе 230 дэлегатаў, на якім Я.М.Свярдлоў зачытаў пастанову Прэзідыума УЦВК “Аб прызнанні незалежнасці БССР”. Тут жа па прапанове Я.М.Свярдлова было прынята рашэнне аб аб’яднанні БССР з Літоўскай ССР.

Акрамя таго, з’езд прыняў Канстытуцыю БССР, якая поўнасцю адпавядала Канстытуцыі РСФСР 1918 г. і зыходзячы з прынцыпу “класавай дэмакратыі” дэкларавала правы працоўнага і эксплуатуемага народа, вызначала структуру органаў улады і кіравання.

Згодна з арт. 6 Канстытуцыі, вышэйшым органам улады ў БССР аб’яўляўся Усебеларускі з’езд Саветаў, а ў перыяд памiж імі — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК), які выбіраўся з’ездам. ЦВК Беларусі з’яўляўся вышэйшым заканадаўчым, распарадчым і кантралюючым органам БССР (арт. 23). Функцыі ўрада ўскладаліся на Вялікі прэзідыум, які фарміраваўся ЦВК (арт. 27, 29). У адрозненне ад Канстытуцыі РСФСР Канстытуцыя БССР не прадугледжвала стварэння СНК. Такая структура была ўзята ад Заходняй вобласці. Гэта гаворыць пра тое, што Беларусь па-ранейшаму жадалі разглядаць як адміністрацыйную адзінку РСФСР.

Ядро Вялікага прэзідыума склалі былыя “абласнікі” пад кіраўніцтвам А.Ф.Мяснікова.

Некаторыя замежныя даследчыкі лічаць, што калі б не было БНР, то не існавала б і БССР1. Такога погляду прытрымліваюцца і асобныя беларускія гісторыкі. У прыватнасці, прафесар Л.Лойка піша: “...Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР) і дзейнасць яе кіруючых органаў падштурхнулі бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнання права беларускага народа на самавызначэнне і нацыянальную дзяржаўнасць”2.

Аб’яднанне 27 лютага 1919 г. Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую ССР і яе лёс яшчэ раз пацвердзілі думку, што там, дзе робіцца вялікая палітыка, малыя народы не заўсёды прымаюцца пад увагу. Старшынёй ЦВК новай дзяржаўнай структуры са сталіцай ў Вільні стаў К.Г.Цыхоўскі, а СНК узначаліў В.С.Міцкявічус-Капсукас. Літоўска-Беларуская ССР аб’яднала Мінскую, Гродзенскую, Віленскую, Ковенскую і частку Сувалкаўскай губерні з насельніцтвам больш за 4 млн чалавек1. У жніўні 1919 г. яе тэрыторыя поўнасцю была акупіравана польскімі войскамі.

Фармальна ЛітБел праіснавала да ліпеня 1920 г., калі адбылося другое абвяшчэнне БССР. З пачаткам наступлення польскіх інтэрвентаў ЛітБел гэтак жа хутка памерла, як і нарадзілася, бо, як указвае Я.А.Юхо, “гэта штучнае дзяржаўнае ўтварэнне не адлюстроўвала інтарэсаў ні беларускага, ні літоўскага народаў”2.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 361; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.006 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты