Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


I Усебеларускі з’езд i абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублiкi




З першых дзён Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі на Беларусі пачалі стварацца новыя органы ўлады. У ноч з 3 на 4 сакавіка 1917 г. у Мінску адбылася нарада прадстаўнікоў гарадской думы, губернскага і павятовага земстваў, а таксама іншых уплывовых дзеячаў, мэтай якой было стварэнне замест губернскага праўлення новага органа ўлады. На нарадзе быў створаны Камітэт грамадскага парадку і бяспекі як орган мясцовай улады, які падпарадкоўваўся Часоваму ураду ў Петраградзе.

У гэты ж час у Мінску быў створаны Савет рабочых дэпутатаў і выбраны яго выканаўчы камітэт. Пачалі стварацца рабочыя, сялянскія і салдацкія саветы і камітэты ў іншых гарадах, паветах, валасцях і воінскіх часцях.

Разам з тым уладныя функцыі на Беларусі ў значнай ступені захоўваліся ў руках ваеннага камандавання, таму што ў Мінску знаходзіўся штаб Заходняга фронту, а ў Магілёве—Стаўка Вярхоўнага камандавання. Тэрыторыя Беларусі, не акупіраваная германскімі войскамі, была аб’яўлена на ваенным становішчы.

Такiм чынам, на тэрыторыі Беларусі пасля Лютаўскай рэвалюцыі фактычна ўстанавілася не двоеўладдзе, як у цэнтры Расіі, а троеўладдзе—улада органаў Часовага ўрада, Саветаў і ваеннага камандавання.

Усе гэтыя ўлады “варожа адносіліся да беларускага нацыянальна-вызваленчага руху”1, а значыць, і да нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння. Таму з мэтай аб’яднання сіл ужо 25 — 27 сакавіка 1917 г. у Мінску адбыўся першы з’езд беларускiх нацыянальных арганiзацый як правага, так і левага кірунку, на якім быў выбраны выканаўчы орган — Беларускі нацыянальны камiтэт (БНК) у складзе 18 чалавек, што прадстаўлялі розныя нацыянальна-дэмакратычныя партыі і рухі. З’езд даручыў Камітэту пачаць распрацоўку канстытуцыі Беларускага краёвага ўрада. Разам з тым з’езд выказаўся за гатоўнасць падтрымаць Часовы ўрад Расіі і заявіў аб неабходнасці перадачы выканаўчай улады на тэрыторыі Беларусі Беларускаму нацыянальнаму камітэту, а таксама аб прадастаўленні аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі.

У красавіку 1917 г. па ініцыятыве БНК быў скліканы Краёвы сялянскі з’езд, які таксама выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расійскай рэспублiкi.

З 8 па 10 ліпеня 1917 г. у Мінску быў праведзены другі з’езд беларускiх нацыянальных арганiзацый, на якім замест БНК была абрана Цэнтральная рада беларускiх арганiзацый. Рада па сваіх поглядах была больш дэмакратычнай, чым БНК. Яна паставіла перад Часовым урадам пытанні аб утварэнні ў Беларусі органаў мясцовай улады, а таксама аб арганiзацыі беларускiх нацыянальных вайсковых фарміраванняў. Аднак гэтыя прапановы Часовы ўрад адхіліў.

Восенню 1917 г. прайшлі з’езды беларусаў Заходняга, Паўночнага, Паўднёва-Заходняга, Румынскага франтоў і матросаў Балтыйскага флоту. Усе яны прайшлі пад лозунгам абвяшчэння аўтаноміі Беларусі. На аснове рашэнняў вайсковых з’ездаў у Мінску была створана Цэнтральная вайсковая беларуская рада (ЦВБР). Для каардынацыі дзеянняў у кастрычніку 1917 г. Цэнтральная рада беларускiх арганiзацый была пераўтворана ў Вялікую беларускую раду, куды ўвайшлі і дзеячы ЦВБР. Галоўная задача, якую паставіла перад сабой Вялікая беларуская рада, заключалася ў скліканні Усебеларускага з’езда для канчатковага вырашэння пытання аб беларускай дзяржаўнасці1.

Пераход улады ў Петраградзе ў кастрычніку 1917 г. у рукі Саветаў не прывёў да актывізацыі дзейнасці Рады па ўстанаўленні дзяржаўнасці ў Беларусі, паколькі ўжо ў першых заканадаўчых актах савецкай улады (“Дэкрэт аб міры” і “Дэкларацыя правоў народаў Расіі”) абвяшчалася права ўсіх народаў на самавызначэнне.

Аднак адразу ж пасля кастрычніцкіх (1917 г.) падзей у Петраградзе бальшавікі Заходняга фронту ўзялі ў свае рукі ўладу ў Мiнску і стварылі свой Выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і Заходняга фронту (Аблвыканкамзах), які рашуча выступіў супраць беларускага нацыянальнага дзяржаўнага самавызначэння. Яго лідэры на гэтым этапе прытрымліваліся ідэі стварэння ўнітарнай савецкай дзяржавы. У сувязi з гэтым, прызнаючы ўладу Саветаў у Расіі, Вялікая беларуская рада не прызнавала ўладу Аблвыканкамзаха на тэрыторыі Беларусі1. Беларускія дзеячы разглядалі яго выключна як франтавы орган улады на той падставе, што ў яго прэзідыуме былі толькi прадстаўнікі фронту, сярод якіх не было ніводнага беларуса2.

30 лістапада 1917 г. прадстаўнікі розных партый і рухаў, якія ўваходзілі ў Вялікую беларускую раду, выступілі з адозвай “Да ўсяго беларускага народа”, у якой аб’явілі сваю палітычную праграму. У ёй прадугледжвалася абвяшчэнне Беларусі дэмакратычнай рэспублiкай; федэрацыі Беларусі з Расіяй і іншымі суседнімі рэспублiкамі з адпаведным размежаваннем правоў “краёвых і федэральных улад”; перадачы ўсёй улады ў Беларусі Краёвай радзе, якая павінна была выбірацца на аснове роўнага, тайнага і прапарцыянальнага галасавання. У адозве гаварылася пра неадкладнае надзялянне сялян зямлёй, ахову ўсіх каштоўнасцей краю, фармiраванне беларускага войска. Асабліва падкрэслівалася неабходнасць дэлегавання беларускiх прадстаўнікоў на міжнародную канферэнцыю ў Парыж з мэтай прадухілення падзелу Беларусі паміж суседнімі дзяржавамі. Пры гэтым указвалася, што вырашыць названыя задачы можа толькi ўлада, выбраная самім беларускiм народам. Для арганiзацыі гэтай улады ў цэнтры і на месцах меркавалася 5 снежня 1917 г. склікаць у Мінску з’езд прадстаўнікоў усяго беларускага народа.

Iдэю Усебеларускага з’езда падтрымаў Беларускі абласны камітэт (БАК) пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе. Дазвол на правядзенне з’езда даў і ўрад У.I.Леніна, а наркам па нацыянальных справах I.В.Сталін выдзеліў на яго правядзенне 50 тыс. рублёў і паабяцаў, што рашэнні форуму будуць прызнаны савецкай уладай1.

I Усебеларускі з’езд праходзіў 5—17 снежня 1917 г. у Мінску. З 1872 дэлегатаў 1167 мелі права рашаючага голасу, 705 — дарадчага.

Група дэлегатаў, якая стаяла на савецкай платформе, налічвала 118 чалавек (левыя эсэры, бальшавікі, члены Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (БСДРП), якая ўзнікла ў верасні 1917 г. з левага крыла БСД). Дэлегаты былі абраны губернскімі, павятовымі і валаснымі земствамі, губернскімі і павятовымі зямельнымі камiтэтамі, Саветамі рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, нацыянальнымі арганiзацыямі, у тым лiку бежанскімі і вайсковымі.

Па сацыяльным складзе дэлегаты прадстаўлялі галоўным чынам сялян, рабочых, сярэднія і ніжэйшыя слаі інтэлігенцыі; па нацыянальным — галоўным чынам беларусаў.

Па сваім прадстаўніцтве і складзе з’езд быў паўнамоцным органам у вырашэнні пытання аб стварэнні краёвай улады. Тая частка дэлегатаў, якая прадстаўляла беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух, выступала за самавызначэнне Беларусі па прыкладзе еўрапейскіх буржуазна-дэмакратычных дзяржаў. На гэтых пазіцыях стаялі многія прыхільнікі Рады. Другая частка, што далучылася да бальшавікоў, адстойвала беларускую нацыянальную дзяржаўнасць у форме аўтаноміі ў рамках РСФСР. За такі шлях самавызначэння выступалі прадстаўнікі Беларускага абласнога камітэта пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе (пераважна эсэры). У выніку з’езд выказаўся за стварэнне беларускай рэспублiкi ў складзе Расійскай Федэрацыі, прычым становішча і правы гэтай рэспублiкi вызначаліся асобым юрыдычным статусам.

Канчатковае вырашэнне пытання аб канстытуіраванні беларускай дзяржаўнасці з’езд ускладаў на беларускі ўстаноўчы з’езд. “Усебеларускі з’езд, — гаварылася ў яго рэзалюцыі, — замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, заваяванае Расійскай рэвалюцыяй, і пацвярджаючы дэмакратычны рэспубліканскі лад у межах Беларускай зямлі дзеля захавання цэласнасці Беларусі ў складзе Расійскай Федэратыўнай дэмакратычнай рэспублiкi, пастанавіў вылучыць са свайго Савета орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета Сялянскіх, Салдацкіх і Рабочых дэпутатаў, якому ўручыць кіраванне Беларуссю аж да склікання Беларускага Устаноўчага Сходу”1.

Відаць, меў рацыю А.Сідарэвіч, член Цэнтральнай Рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, які, гаворачы аб імкненні стварыць беларускую аўтаномію ў складзе Расіі, паясняў сваю думку так: “Дэлегаты добра ўсведамлялі, што цэласнасць нашай краіны (Беларусі. — Аўт.) можа быць захавана толькi пры гэтых умовах”2.

Сваёй заявай аб стварэнні органа краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў з’езд фактычна адмаўляў у прызнанні ўжо існаваўшых органаў улады, што былі выбраны з’ездамі Саветаў на Беларусі і Заходнім фронце ў лістападзе — снежні 1917 г. і падпарадкоўваліся Аблвыканкамзаху. З прававога пункту гледжання рэзалюцыя з’езда аб стварэнні органа краёвай улады (у ходзе работы з’езда была выбрана яго Рада) з’яўляецца сведчаннем таго, што дадзены форум беларускага народа ставіў па-за законам Аблвыканкамзах. Гэта паслужыла падставай для правядзення Саўнаркамам Заходняй вобласці рэзкай палітычнай акцыі супраць з’езда, якая атрымала розныя ацэнкі: СНК Заходняй вобласці называў яе “роспуск”, Савет Усебеларускага з’езда Саветаў —“разгон”, прэсса — “закрыццё”.

На справе падзеі разгортваліся наступным чынам. 17 снежня 1917 г. СНК Заходняй вобласці прыняў узгодненае з А.Мясніковым і падпісанае К.Ландарам рашэнне “акружыць будынак, дзе праходзіць пася-джэнне Беларускага з’езда, арыштаваць прэзідыум з’езда, а таксама выбраны ім орган краёвай улады, адазваўшы са з’езда ...бальшавікоў і тых, хто прытрымліваецца пункту гледжання савецкай улады, а сам з’езд аб’явіць распушчаным”1. У ноч з 17 на 18 снежня ў зале пасяджэнняў з’езда з’явіліся ўзброеныя салдаты. Яны арыштавалі многіх дэлегатаў, у тым лiку старшыню з’езда I.Сераду, а таксама Ф.Грыба, Я.Карскага, А.Чарвякова, З.Жылуновіча і інш. Зразумела, што для “роспуску” з’езда не абавязкова было выкарыстоўваць узброеных салдат і рабіць арышты. У гэтым сэнсе нельга не пагадзіцца з вядомымі даследчыкамі гісторыі станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці прафесарамі Р.Платонавым і М.Сташкевічам, якія пішуць: “З’езд не быў распушчаны, а бесцырымонна разагнаны, прычым з удзелам, як адзначалі відавочцы, не зусiм цвярозага камісара Крывашэіна”2. Гэтым актам Аблвыканкамзах перапыніў працэс стварэння на Беларусі нацыянальнага органа савецкай улады. Такія дзеянні адпавядалі агульнаму курсу бальшавікоў на перамогу сусветнай рэвалюцыі як адзіна магчымага шляху захавання савецкай улады ў Расіі. Менавiта пытанне аб сусветнай рэвалюцыі ўнесла раскол у бальшавіцкае кіраўніцтва, выклікаўшы няўзгодненасць іх дзеянняў у адносінах да вайны і міру і прынцыпаў дзяржаўнага ўладкавання Савецкай Расіі.

Таму, нягледзячы на тое, што Усебеларускі з’езд праводзіўся з ведама У.I.Леніна і I.В.Сталіна, дзеянні бальшавікоў Заходняй вобласці ў студзені 1918 г. адобрыў III Усерасійскі з’езд Саветаў, а разгон Усебеларускага з’езда у нейкай ступені паслужыў правобразам разгону Усерасійскага ўстаноўчага сходу. Выдатны дзеяч беларускага нацыянальнага руху Е. Канчар ужо ў 1919 г. адназначна заявіў, што дадзены факт “ва ўсіх адносінах з’явіўся злачынствам і перад беларускiм народам, і перад сусветнай сацыялiстычнай рэвалюцыяй”1.

Аднак члены прэзідыума Усебеларускага з’езда не падпарадкаваліся рашэнню СНК Заходняй вобласці. 18 снежня 1917 г. яны правялі падпольнае пасяджэнне ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі, на якім выбралі выканкам рады з’езда на чале з лідэрам народ-ніцкага крыла БСГ Ф.Грыбам. Выканкам рады з’езда паставіў задачу падрыхтоўкі ўзброенай барацьбы за ідэалы беларускай дзяржаўнасці, а таксама паслаў сваю дэлегацыю ў Брэст, дзе ішлі перагаворы паміж кайзераўскай Германіяй і Савецкай Расіяй. Але ні тым, ні другім бокам яна афіцыйна не была прынята.

Неўзабаве перагаворы ў Брэсце былі сарваны. 18 лютага 1918 г. германскае камандаванне аддало загад аб наступленні. Не маючы сіл арганізаваць абарону Мінска, Аблвыканкамзах і СНК Заходняй вобласці 19 лютага 1918 г. эвакуіраваліся ў Смаленск. Мінск жа 20 лютага быў заняты корпусам I.Доўбар-Мусніцкага, а ўжо 21 лютага ў яго ўвайшлі германскія войскі. У гэты ж дзень выканкам Усебеларускага з’езда звярнуўся да народаў Беларусі з першай устаўной граматай, у якой яшчэ да склікання Устаноўчага сойма (з’езда) аб’явіў сябе часовай уладай на Беларусі. Да адкрыцця сойма выканаўчыя функцыі ўскладаліся на створаны выканкамам Народны сакратарыят (урад), старшынёй якога стаў лідэр правага крыла БСГ Я.Я.Варонка. У склад урада ўвайшло 15 народных сакратароў, што прадстаўлялі БСГ, эсэраў і сацыял-сіяністаў.

У першай устаўной грамаце падкрэслівалася, што “беларускі народ павінен здзейсніць сваё права на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-персанальную аўтаномію.

Правы нацыі павінны знайсці сваё здзяйсненне шляхам склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму”1.

9 сакавіка 1918 г. выканкам Усебеларускага з’езда прыняў другую ўстаўную грамату, у якой аб’явіў Беларусь “у рубяжох расьсяленьня і лічбавай перавагі беларускага народу” народнай рэспублiкай — БНР. Выканкам быў перайменаваны ў Раду БНР, прэзідыум якой узначаліў прадстаўнік БСГ I.М.Серада. Рада аб’яўлялася заканадаўчым органам да склікання Устаноўчага з’езда, дэлегаты якога выбіраліся на аснове роўнага, тайнага і прапарцыянальнага выбарчага права. Выбіраць і быць выбранымі маглі ўсе грама-дзяне незалежна ад роду заняткаў, нацыянальнай прыналежнасці і веравызнання.

Выканаўчым органам аб’яўляўся Народны сакратарыят, які назначала Рада і які быў адказны перад ёй. Другой устаўной граматай дэклараваліся дэмакратычныя правы і свабоды (слова, друку, сходаў і г.д.), адмянялася прыватная ўласнасць на зямлю з перадачай яе без выкупу тым, хто яе апрацоўваў. У межах БНР усім народам давалася права на нацыянальна-персанальную аўтаномію, кожны народ атрымліваў права карыстацца сваёй мовай.

Як бачым, першая і другая устаўныя граматы павінны былі стаць першымі заканадаўчымі актамі, якія фіксавалі асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ўладкавання Беларусі, вызначалі яе тэрыторыю, правы і свабоды грамадзян, а таксама формы ўласнасці, хоць дакладнай сацыяльна-палітычнай арыентацыі не выражалі. Не вызначалі яны і пазіцыі Рады ў адносінах да акупантаў.

Заключаны 3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расіяй і кайзераўскай Германіяй Брэсцкі мірны дагавор даў Радзе падставы выказаць сваю заклапочанасць адносна этнічнай тэрытарыяльнай цэласнасці беларускай нацыі, паколькі ў артыкулах Брэст-Літоўскага дагавора Беларусь выступала аб’ектам, а не суб’ектам міжнародна-прававых адносін. Яе прадстаўнікі нават не ўдзельнічалі ў перагаворах і падпісанні ўмоў міру. У дакументах дагавора Беларусь не прызнавалася самастойным нацыянальным рэгіёнам Расійскай Iмперыі і не мела свайго наймення, у той час як з Украінскай Народнай Рэспублiкай мірныя ўмовы былі заключаны асобна.

Аналізуючы артыкулы Брэсцкага дагавора, Я.А.Юхо піша: “Такiм чынам, дакументы сведчаць, што менавіта бальшавіцкі ўрад, падпісаўшы гэты дагавор, юрыдычна і фактычна разарваў сувязі з Беларуссю, пакідаючы яе безабароннай. У такой сітуацыі абвяшчаць аўтаномію Беларусі ў складзе Расіі было немагчыма, ды і не мела сэнсу. Неабходна было ратаваць народ ад нямецкай навалы, ствараць хаця б юрыдычную абарону”1.

Апошняя акалічнасць падштурхнула Раду да новых рашучых дзеянняў. Будучы бяссільнай змяніць умовы Брэсцкага дагавора, фракцыя БСГ, кіруючыся другой устаўной граматай, выступіла з ідэяй абвяшчэння незалежнасці БНР у этнічных межах пражывання беларусаў.

У сувязi з гэтым 25 сакавіка 1918 г. на сесіі Рады, дзе прысутнічала і дэлегацыя Віленскай беларускай рады, пасля доўгіх спрэчак памiж абаронцамі суверэнітэту і прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў скла-дзе Расіі большасцю галасоў была прынята трэцяя устаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублiкi і якая па задуме яе складальнікаў як бы завяршала працэс самавызначэння і канчаткова канстытуіравала стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. БНР абвяшчалася ў межах этнічнага пражывання і колькаснай перавагі беларускага народа. У грамаце Рада дабівалася перагляду ўмоў Брэсцкага міру, патрабавала, каб БНР самастойна падпісала мірнае пагадненне з урадамi германа-аўстрыйскага боку і Савецкай Расіі.

Першымі незалежнасць БНР прызналі ўрад Украінскай Народнай Рэспублiкi і Літоўская Тарыба.

Але Германія не прызнала БНР. На пасланыя Народным сакратарыятам тры граматы рэйхсканцлер паведаміў, што Берлін разглядае не акупіраваную Германіяй частку Беларусі як частку Савецкай Расіі і што, зыходзячы з умоў Брэсцкага дагавора, без згоды ўрада Леніна ён прызнаць новаўтвораную дзяржаву не можа. Што ж датычыць акупіраванай часткі, то яна, маўляў, — аб’ект інтарэсаў Польшчы, прызнанай Германіяй.

Не дапамог нават зроблены Радай БНР адчайны крок, які не прынёс ніякіх дывідэндаў, але пакінуў цяжкі след у яе гісторыі: 25 красавіка 1918 г. на закрытым пасяджэнні быў прыняты тэкст тэлеграмы германскаму імператару Вільгельму II, у якой выказвалася ўдзячнасць за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага прыгнёту і анархіі. Iніцыятыва пасылкі тэлеграмы ішла ад Р.Скірмунта. Спачатку не ўсе члена Рады згаджаліся з гэтай ідэяй, але іншага выйсця не было. Акрамя таго, на гэты шлях Раду падштурхоўваў прыклад Літвы, Украіны і Польшчы.

Такiм чынам, узяўшы курс на дасягненне пагаднення з германскімі акупацыйнымі ўладамі, многія лідэры БНР лічылі, што пры падтрымцы ўрада кайзера можна будзе рэалiзаваць намечаныя планы. Такая тактыка (асаблiва рашэнне паслаць тэлеграму) не магла не выклікаць вострага палітычнага крызісу. З Рады выйшлі эсэры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты. БСГ распалася, у выніку чаго з’явіліся новыя палітычныя партыі, у тым лiку Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р).

Тэлеграма выклікала хвалю пратэсту і ў розных слаях грамадства. Найбольшая колькасць пастаноў, якія асуджалі гэты акт, была прынята на сходах жыхароў Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Змест іх быў аднатыпны: пратэст супраць самавызначэння і пранямецкіх дзеянняў, выказванне поўнай падтрымкі савецкай улады.

Крызіс унутры Рады набыў зацяжны характар. Народныя масы, усведамляючы свае сацыяльныя і нацыянальныя інтарэсы, патрабавалі ад Рады актыўнага супраціўлення акупацыйнаму рэжыму. Рада ж упарта працягвала сваю ізаляцыянісцкую палітыку. Да ўстанаўлення законаў БНР усім установам і ўраду прадпісвалася карыстацца законамі былога Часовага ўрада Керанскага, што яшчэ больш дыскрэдытавала Раду ў вачах працоўных мас1.

Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 г. у Германіі Расія дэнансавала Брэсцкі мір і рушыла Чырвоную Армію на Захад. Не маючы ўзброеных сіл і прызнання з боку буйнейшых дзяржаў свету, Рада БНР не змагла арганізаваць супраціўлення. 10 снежня 1918 г. Чырвоная Армія ўвайшла ў Мінск. Большасць членаў Рады і ўрада пакінулі сталіцу і спыніліся ў Гродне, дзе заставаліся да пачатку красавіка 1918 г., гэта значыць да адыходу з Беларусі германскіх войскаў.

Паспрабуем падвесці вынікі сказанага. Па-першае, трэцяя ўстаўная грамата, прынятая 25 сакавіка 1918 г. на сесіі Рады БНР, пры ўсім яе значэнні толькi дэкларавала незалежнасць Беларусі, застаючыся на самой справе толькi палітычнай акцыяй. Праўда, у той час і гэта было даволi сур’ёзным дасягненнем.

Па-другое, нельга адмаўляць, што Рада БНР і яе Народны сакратарыят, прэтэндуючы на ролю заканадаўчага і выканаўчага органаў, стварылі пэўную палітычную структуру з зародкам дзяржаўнай арганiзацыі. Лічачы сябе выразнікамі і абаронцамі інтарэсаў беларускай нацыі, члены гэтых органаў прыклалі шмат намаганняў для рэалiзацыі яе права на самастойную дзяржаўнасць.

Разам з тым у юрыдычным сэнсе БНР дзяржавай не стала. Наяўнасць самастойнай дзяржаўнасці прадугледжвае не толькi абвяшчэнне тых ці іншых афіцыйных дэкларацый, але і функцыяніраванне рэальнай сiстэмы органаў улады на пэўнай тэрыторыі, выпрацоўку і прыняцце законаў, іх рэалiзацыю, гэта значыць праватворчую дзейнасць, выкананне кантрольных функцый, гарантыю забеспячэння правоў і свабод сваіх грамадзян. Усё гэта адсутнічала, таму БНР з’яўлялася толькi зародкавай формай, магчымай перспектывай дзяржаўнага ўтварэння. Хоць рэспублiка і абвяшчалася ў этнічных межах пражывання беларусаў, сваю юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыі яна не ажыццяўляла. Пагранічных падзелаў і службы не было, як не было і арміі. Адсутнічала фінансавая сiстэма, не сфарміраваліся органы ўлады на месцах.

Урэшце, у БНР не было і канстытуцыі ў поўным сэнсе гэтага слова. Функцыі ўрада абмяжоўваліся ажыццяўленнем паўнамоцтваў нацыянальнага ўрада пры германскай акупацыйнай адміністрацыі і рашэннем шэрага задач у культурна-асветніцкай сферы, а таксама ў галіне развiцця мясцовай прамысловасці і гандлю.

Зразумела, што германская адміністрацыя разглядала ваенныя, палітычныя і эканамiчныя праблемы Беларусі толькi з пазіцыі ўмацавання акупацыйнага рэжыму. Таму бясспрэчны той факт, што незалежнасць, дзяржаўнасць пад акупацыяй немагчымы, бо сваёй рэальнай улады заваёўнік ніколі не аддае. Аб гэтым добра сказана ў адной з заяў выканкама БСДГ, які быў зусiм не зацікаўлены ў прыніжэнні ролі БНР у гісторыі дзяржаўнага будаўнiцтва: “Развіць усе формы беларускай дзяржаўнасці ўраду БНР не далі кайзераўскія акупанты, якія поўнасцю выконвалі Брэсцкі дагавор з бальшавікамі. Яны перашкаджалі стварэнню мясцовых органаў улады, паліцыі, судоў. Яны не далі стварыць беларускае войска”1.

Неабходна сказаць яшчэ пра адзін бок пытання, які чамусьці замоўчваюць даследчыкі. Мы маем на ўвазе тое, што абвяшчэнне ў лютым — сакавіку 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублiкi трэба разглядаць і як акт самаабароны, як зварот да сусветнай грамадскасці з заявай аб імкненні беларускай нацыі да самавызначэння, бо пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі ішла з боку не толькi Германіі, але і Польшчы, якая імкнулася да адраджэння польскай дзяржавы ў межах 1772 г., гэта значыць да поўнай інкарпарацыі Беларусі. У пашырэнні сваіх межаў былі зацікаўлены і літоўскія палітыкі. Паўднёвыя паветы (Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі, Гомельскі) былі ўключаны ў склад Украінскай Народнай Рэспублiкi. Усходнія землі, не акупіраваныя Герма-ніяй, засталіся пад юрысдыкцыяй Савецкай Расіі. Абвяшчэнне БНР змяніла адносіны суседзяў да беларускiх тэрыторый як да земляў “нічыйных”.

З прычыны неспрыяльных для Беларускай Народнай Рэспублiкi знешнепалітычных і ўнутраных абставін, а таксама адарванасці яе дзеячаў і партый ад народа, захопленага ідэяй Саветаў, набыццё ёю ўсіх прыкмет дзяржавы так і засталося няздзейсненай марай. Але тым не менш прыняцце акта аб незалежнасці БНР, дзейнасць яе Рады актывізавалі рост нацыянальнай самасвядомасці, прымусілі бальшавіцкі ўрад У.I.Леніна перагледзець сваю палітыку ў адносінах Беларусі і пайсці на стварэнне хоць і абмежаванай у правах, але ўсё ж беларускай савецкай дзяржаўнасці.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 386; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.007 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты