КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Спробы ажыццяўлення рэформаў у галіне дзяржаўнага кіравання Рэчы Паспалітай у другой палове ХVIII ст.У сярэдзiне XVIII ст. у Рэчы Паспалiтай разгарнулася вострая палiтычная барацьба памiж прыхiльнiкамi рэформаў дзяржаўнага ладу i рэакцыйнымi коламi каталiцкага духавенства i магнатаў. Першыя iмкнулiся рэфармаваць феадальны дзяржаўны апарат i прыстасаваць яго да новых эканамiчных i палiтычных умоў, рэакцыйныя колы жадалi захаваць у недатыкальнасцi старыя феадальныя парадкi. Дзейнасць рэфарматараў асаблiва актывiзавалася пасля смерцi ў кастрычнiку 1763 г. караля Аўгуста III Веццiна. Так, на канвакацыйным сойме 1764 г. было ўведзена абмежаванне на ўжыванне права “лiберум вета”. З гэтага часу рашэннi па эканамiчных пытаннях прымалiся большасцю галасоў, а дэпутатам дазвалялася не прытрымлiвацца наказаў соймiкаў, калi тыя пярэчылi думцы большасцi. У 1764 , а затым у 1775 г. у Рэчы Паспалiтай уводзiцца абавязковы для ўсiх саслоўяў, у тым лiку шляхты i духавенства, адзiны мытны падатак з адначасовай адменай унутраных пошлiн. У 1766 г. усталёўваецца адзiная сiстэма мер i вагаў на ўсёй тэрыторыi Рэчы Паспалiтай; у 1773 — 1775 гг. фармiруецца Эдукацыйная камiсiя, стварэнне якой стала пачаткам рэформы ў галiне асветы. У эканамiчнай сферы пэўны станоўчы вынiк мелi рэформы А.Тызенгаўза, дзякуючы якiм на паўночным захадзе Беларусi з’явiлася даволi значная колькасць мануфактур. Беларускiя i польскiя навукоўцы даказалi, што да сярэдзiны XVIII ст. у Рэчы Паспалiтай крызiсныя з’явы ў эканомiцы былi пераадолены, эканомiка стабiлiзавалася i працягвала развiвацца i ў другой палове XVIII ст. усё інтэнсіўней ішоў працэс распаду феадальных адносiн i фармiравання элементаў новага, больш прагрэсiўнага капiталiстычнага ўкладу1. Такiм чынам, Рэч Паспалiтая, якая з 60-х гг. XVIII cт. пачала iнтэнсiўна праводзiць рэфармацыйную дзейнасць, пэўна здолела б пераадолець не толькi эканамiчны, але i палiтычны крызiс. Зразумела, што першыя памкненнi да палiтычных рэформаў не задаволiлi рэакцыйных магнатаў, якія заўсёды iмкнуліся да неабмежаванай улады, а ўладу ў тагачасных абставiнах неслi буйным землеўласнiкам на сваiх штыках суседнiя Расiя i Прусiя. У вераснi 1764 г. яны пасадзiлi на каралеўскi трон свайго стаўленiка Станiслава-Аўгуста Панятоўскага i карэкцiравалi яго палiтычную лiнiю ў адпаведнасцi з папярэдняй дамоўленасцю памiж сабой аб захаваннi сiлай зброi склаўшагася парадку ў Рэчы Паспалiтай2. У другой палове 60-х гг. XVIII ст. Расiя i Прусiя выкарысталi “дысiдэнцкую” праблему, каб яшчэ больш актыўна дыктаваць сваю волю ўладам Рэчы Паспалiтай. Перад соймам расiйскiм бокам было пастаўлена пытанне аб ураўноўваннi ў правах некатолiкаў (дысiдэнтаў) з католiкамi згодна з дагаворам 1686 г. паміж Расiяй і Рэччу Паспалiтай. Сойм станоўча пытанне не вырашыў. Тады пад патранажам Расii i Прусii ў 1767 г. ў Слуцку была створана праваслаўная, а ў Торунi — пратэстанцкая канфедэрацыi, якiя ставiлi перад сабой задачу дасягнуць роўнасцi канфесiй у Рэчы Паспалiтай. У 1768 г. сойм задаволiў памкненнi “дысiдэнтаў”, а таксама прыняў закон пад назвай “Кардынальныя правы”, якi замацаваў непахiснасць свабоднага прымянення вета, захавання шляхецкiх правоў i недапушчэння рэформаў дзяржаўнага ладу. Трэба таксама адзначыць, што ў “Кардынальных правах” утрымлiвалiся нормы, якiя пазбаўлялi ўласнiкаў маёнткаў права прыгаворваць залежных сялян да пакарання смерцю, устанаўлiвалi крымiнальную адказнасць шляхцiца за забойства простага чалавека на тэрыторыi Польшчы. У 1768 г. прыхiльнiкi “залатой” шляхецкай вольнасцi арганiзавалi ў г. Бары, што на Украiне, канфедэрацыю, якая аб’яднала даволi шырокiя колы шляхцiцаў-католiкаў i заклiкала iх да барацьбы за адмену раўнапраўя з праваслаўнымi i пратэстантамi. Барскiх канфедэратаў падтрымала Турцыя, якая пачала вайну з Расiяй. Скарыстаўшы момант, Аўстрыя ў 1769 — 1770 гг. акупiравала частку Польшчы i Украiны, а Прусiя — паўночна-заходнюю частку Польшчы i прапанавала Расii заключыць дагавор аб сумесным падзеле Рэчы Паспалiтай. Па першым па-дзеле (1772 г.) да Расii адышла Усходняя Беларусь. Але гэта трагiчная падзея не дабавiла палiтычнага розуму сапернiчаючым магнацкiм кланам. Лёс дзяржавы вырашыла ўзяць у свае рукi прагрэсiўная частка шляхты i буржуазii. Яна ўтварыла палiтычны блок, якi ўвайшоў у гiстарычную лiтаратуру пад назвай “патрыятычная партыя”. Галоўнай мэтай патрыётаў было ўмацаванне дзяржаўнай улады Рэчы Паспалiтай, садзейнiчанне буржуазным рэформам у краiне. Кансерватары ў сваю чаргу рабiлi ўсё, каб захаваць старыя феадальныя адносiны, шляхецкiя прывiлеi, iснуючы палiтычны лад. Асаблiва вялiкую дзейнасць патрыятычная партыя разгарнула ў час работы Чатырохгадовага сойма (1788 — 1792 гг.), які аб’явiў сябе канфедэрацыяй, што паралiзавала дзеянне прынцыпу “лiберум вета” i ўсе пытаннi прымалiся простай большасцю галасоў. Па iнiцыятыве патрыётаў было прынята рашэнне аб падаўжэннi паўнамоцтваў сойма яшчэ на два гады i правядзеннi дадатковых выбараў дэпутатаў ад паветаў. Так сойм стаў чатырохгадовым. Дадаткова было выбрана 182 дэпутаты, з якiх 112 былi прыхiльнiкамi патрыётаў. У выніку з 359 дэпутатаў сойма 181 былi прадстаўнiкамi шляхецка-буржуазнай патрыятычнай партыi — партыi рэформаў. Каб вырашыць пытаннi, мiнуючы “лiберум вета”, сойм у двайным складзе таксама абвясцiў сябе канфедэрацыяй. Дэпутаты добра разумелi, што ў вынiку падзелу Рэчы Паспалiтай 1772 г. яна абавязана захоўваць iснуючы палiтычны лад, а значыць шляхецкiя прывiлеi, выбарнасць караля i г. д. Гэта асаблiва падтрымлiвала Расiя, якая праводзiла праз соймавыя галасаваннi выгадныя для сябе пастановы. Такiм чынам, нельга не пагадзiцца з гiсторыкам-правазнаўцам Т.Макаравай, якая сцвярджае, што “дзейнасць Чатырохгадовага сойма насiла выразны антыцарскi характар”1. Пераўтварэнне дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалiтай Чатырохгадовы сойм пачаў з выкладання асноўных прынцыпаў канстытуцыйнага права, замацаваных у “Кардынальных правах” i прынятых у студзенi 1791 г. Невялiкi па аб’ёме — усяго 11 артыкулаў — гэты дакумент па сваёй сутнасцi быў дэкларацыяй аб прынцыпах iснавання Рэчы Паспалiтай як самастойнай, незалежнай дзяржавы. Любая чужаземная гарантыя захавання iснуючага становiшча аб’яўлялася “накiраванай супраць незалежнасцi Рэчы Паспалiтай”. Каб прадухiлiць новы падзел, сойм аб’явiў яе недзялiмай дзяржавай. Такiм чынам, “Кардынальныя правы” 1791 г., якiя ўхвалiў сойм, былi накiраваны на адмену “Кардынальных правоў” 1768 г., а гэта значыць на адмову ад старашляхецкiх парадкаў, на прагрэсiўныя змены ў грамадскiх адносiнах2. “Кардынальныя правы” надавалi некаторыя канстытуцыйныя правы абывацелям, гэта значыць грамадзянам Рэчы Паспалiтай3. Так, адначасова з абвяшчэннем каталiцкай рэлiгii дамiнуючай дэкларавалася свабода iншых хрысцiянскiх веравызнанняў. Асаблiва важнае значэнне мела аб’яўленне такiх грамадзянскiх правоў, як свобода слова i друку, за выключэннем пытанняў, што тычыліся пануючай каталiцкай веры, у iнтарэсах якой магла быць устаноўлена цэнзура (арт. 11). Свабоду слова мелi не толькi шляхцiцы, якiя прымалi ўдзел у пасяджэннях сойма, але i “кожны абывацель на публiчных з’ездах”. Абвяшчэнне свабоды “думак, запiсаных, або надрукаваных з подпiссю iмя свайго” значна падрывала iдэалагiчнае панаванне каталiцкай царквы. “Кардынальнымi правамi” Рэч Паспалiтая аб’яўлялася прававой дзяржавай, у якой вяршэнства належыць толькi закону, прынятаму соймам. “Нiякая ўлада нiкога не можа абавязаць выконваць распараджэннi, якiя не адпавядаюць праву, i не можа дазваляць сабе i iншым таго, што забараняе права, не будзе iгнараваць тое, што права абавязвае выконваць”. Як бачым, “Кардынальныя правы” 1791 г. па сваім змесце — далёка не адназначны юрыдычны акт. У дакуменце адначасова бачыцца нараджэнне ў палiтычных iдэях канца XVIII ст. буржуазных тэндэнцый i супрацьдзеянне апошнiм старых феадальных адносiн. Менавiта таму “Кардынальныя правы”, з аднаго боку, аб’яўляюць у Рэчы Паспалiтай пануючай рэлiгiяй рымска-каталiцкую, дэкларуючы, праўда, цярпiмасць да iншых канфесiй, а з другога — абвяшчаюць чыста буржуазны лозунг свабоды слова i друку i г.д. Буржуазны характар рэформаў выявiўся ў Законе аб соймiках ад 24 сакавiка 1791 г. i Законе аб гарадах ад 21 красавiка 1791 г.1. Па законе ад 24 сакавiка выбарчае права атрымлівала толькi аседлая шляхта не маладзей за 24 гады. Як бачым, гэты заканадаўчы акт быў накiраваны на абмежаванне доступу ў соймiкi мала- i немаёмаснай шляхты, якую падкуплялi i выкарыстоўвалi для прыняцця ў сойме выгадных iм рашэнняў буйныя магнаты. Відавочна, што ў аснову закона быў пакладзены не саслоўны, а класавы прынцып, характэрны для буржуазнага выбарчага права. Па Законе “Гарады нашы каралеўскiя свабодныя ў дзяржавах Рэчы Паспалiтай” мяшчане атрымалi такое ж права асабiстай недатыкальнасцi, як i беларуска-лiтоўская шляхта па Статуце 1588 г. Закон пашырыў правы мяшчан, даў iм магчымасць прадстаўляць свае iнтарэсы ў соймавых камiсiях, прычым пры разглядзе пытанняў, што тычылiся гарадоў, яны мелі рашаючы голас, а ў астатнiх выпадках — дарадчы. Мяшчанам дазвалялася займаць нiжэйшыя пасады ў дзяржаўных установах i судах, а таксама працаваць адвакатамi. Яны атрымалi права набываць маёнткi, населеныя залежнымi сялянамi, а ўладальнiкi маёнткаў коштам звыш 2 тыс. злотых маглi ўводзiцца соймам у шляхецкае званне, што стварыла спрыяльныя ўмовы для развiцця i зблiжэння мяшчан са шляхтай і дазволiла ўмацаваць палiтычныя пазiцыi прадстаўнiкоў патрыятычнай партыi, якiя засядалi ў сойме. Пашырэнне сацыяльнай базы патрыётаў дало iм магчымасць яшчэ больш энергiчна праводзiць рэформы дзяржаўнага ладу. Такiм чынам, у перыяд са студзеня па красавiк 1791 г. у вынiку плённай заканадаўчай дзейнасцi сойма быў прыняты шэраг законаў, якiя ўвайшлi ў якасці складанай часткі ў Канстытуцыю 3 мая. Iншымi словамi, актыўная заканадаўчая дзейнасць сойма прывяла да значных змяненняў у канстытуцыйным заканадаўстве Рэчы Паспалiтай i падрыхтавала спрыяльную ўнутрыпалiтычную глебу для прыняцця прагрэсiўнай Канстытуцыi. Знешнепалiтычная сiтуацыя, на думку лiдэраў патрыятычнай партыi, была таксама спрыяльнай для правядзення рэформаў: Расiя ваявала з Турцыяй, а прускi кароль Фрыдрых-Вiльгельм у дэкларацыi сойма заявiў аб сваiм жаданнi бачыць Рэч Паспалiтую незалежнай. Праект Канстытуцыi, якi быў распрацаваны на аснове асветнiцкiх iдэй i асноўных патрабаванняў шляхецкай большасцi, фактычна напiсаў Гуга Калантай — нашчадак беларускiх баяр-шляхты, прапаведнiк адукацыi i матэрыялiзму. Праект быў прадстаўлены на абмеркаванне сойма 3 мая 1791 г. — у першы дзень пасля велiкодных канiкулаў (вакацый). Каля замка ў Варшаве, дзе засядаў сойм, былi выстаўлены вайсковыя фармiраваннi, якiя падтрымлiвалi рэфарматараў, а на вулiцы выйшлi гараджане. У залу пасяджэнняў сойма прыбылi і прадстаўнiкi мяшчан, што азначала пашырэнне сацыяльнай базы прыхiльнiкаў Канстытуцыi. У вынiку з 150 прысутных членаў сойма толькi адзiн сенатар i 27 паслоў прагаласавалi супраць прыняцця Канстытуцыi. Канстытуцыя складалася з прэамбулы i 11 раздзелаў. Пануючай рэлiгiяй у дзяржаве аб’яўляўся каталiцызм, прадстаўнiкам iншых канфесiй гарантавалася свабода выканання рэлiгiйных абрадаў. За шляхтай прызнавалiся ўсе палiтычныя i эканамiчныя правы i яе вяршэнства ў жыццi краiны. Закон аб гарадах аб’яўляўся часткай Канстытуцыi, што давала некаторыя правы буржуазii. “Сяляне, з-пад рук якiх цячэ вялiкая крынiца багаццяў краiны, якiя складаюць у народзе самую шматлiкую частку насельнiцтва...” заставалiся ў прыгоннай залежнасцi. Чацвёртым раздзелам Канстытуцыi iм было гарантавана толькi заступнiцтва закона i ўрада краiны. Як бачым, у дадзеным раздзеле зроблена спроба хоць на словах, ды абмежаваць самавольства паноў у адносiнах да сялян, але сама залежнасць не адмянялася. Канстытуцыя ўносiла змяненнi ў некаторыя iнстытуты ўлады i дзяржаўнага ўпарадкавання Рэчы Паспалiтай. У суадносiнах са сваiмi ўяўленнямi аб справядлiвым грамадстве патрыёты абвясцiлi дэмакратычны прынцып падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую i судовую (раздзел V). Па новай Канстытуцыi заканадаўчая ўлада належала двухпалатнаму пастаянна дзеючаму сойму, якi выбiраўся на два гады. Палата дэпутатаў складалася з 204 дэпутатаў (паслоў), якiя выбiралiся на павятовых соймiках. Сенат, якi складаўся з азначанага кола свецкiх i духоўных службовых асоб пад старшынствам караля, налiчваў 132 чалавекi. Закон, прыняты ў Палаце дэпутатаў, перадаваўся ў Сенат, якi мог яго ўхвалiць або адкласцi да паўторнага пасяджэння сойма. У такiм выпадку абедзве палаты збiралiся разам i рашэнне прымалася простай большасцю галасоў (раздзел VI). Канстытуцыяй адмянялася права “лiберум вета”, забаранялiся ўсялякiя канфедэрацыi. Галоўны прынцып, на якiм будавалася дзейнасць сойма, заключаўся ў тым, што дэпутаты — прадстаўнiкi ўсяго народа, а не толькi свайго павета, i таму павiнны клапацiцца аб агульных iнтарэсах грамадства. Сойму былi прадастаўлены вельмi шырокiя паўнамоцтвы. У прыватнасцi, ён разглядаў усе праекты законаў наогул, гэта значыць праекты канстытуцыйных, грамадзянскiх, крымiнальных законаў, а таксама тых, што тычылiся ўстанаўлення пастаянных i часовых падаткаў; праекты соймавых пастаноў аб канчатковай ратыфiкацыi саюзных i гандлёвых дагавораў, вайне, мiры i г.д. Выканаўчая ўлада належала цэнтральнаму для ўсёй Рэчы Паспалiтай ураду, у які ўваходзiлi кароль як старшыня, кiраўнiк каталiцкай царквы прымас i пяць мiнiстраў: палiцыi, унутраных і замежных спраў, ваенны i фiнансаў. Мiнiстраў прызначаў кароль. Умацаванню дзяржавы, на думку аўтараў рэформаў, павiнна было садзейнiчаць устанаўленне спадчыннай манархii. Таму каралеўская ўлада аб’яўлялася спадчыннай, але толькi ў межах адной дынастыi. Наступнiк караля, калi ён дасягаў паўналецця i прыносiў прысягу, меў права прысутнiчаць на ўсiх пасяджэннях урада без права рашаючага голасу. Кароль надзяляўся шырокiмi паўнамоцтвамi. Ён быў вышэйшым распараджальнiкам усiх узброеных сiл дзяржавы, прызначаў i здымаў службовых асоб органаў дзяржаўнага кiравання, сенатараў, біскупаў. Аднак усе акты караля патрабавалі подпiсу адпаведнага мiнiстра, якi i адказваў перад соймам за дадзены акт. У выпадку, калi мiнiстр не згаджаўся падпiсаць рашэнне, пытанне пераносiлася на разгляд сойма. Стварэнне адзiнага для ўсёй Рэчы Паспалiтай ўрада ператварала канфедэратыўны лад у федэрацыю, садзейнiчала цэнтралiзацыi дзяржавы i ўмацоўвала аўтарытэт цэнтральных органаў улады i кiравання і крыху абмяжоўвала самавольства буйных феадалаў. Нельга не пагадзiцца з Т.I.Макаравай, якая сцвярджае, што канфедэратыўны характар Рэчы Паспалiтай быў зафiксаваны ў Статуце 1588 г. i “Кардынальных правах” 1768 г. Канстытуцыя 3 мая 1791 г. не мае раздзела, прысвечанага дзяржаўнаму ўладкаванню Рэчы Паспалiтай, паколькi яе федэратыўнае дзяржаўнае ўпарадкаванне рэгламентуецца “Кардынальнымi правамi” 1791 г., якiя былi прыняты 8 студзеня — за некалькi месяцаў да прыняцця Канстытуцыi 3 мая1. Некаторыя аўтары сцвярджаюць, што ўвядзенне спадчыннай манархii i цэнтральнай выканаўчай улады “зафiксавала” злiццё Польшчы i Лiтвы2, а саюзная дзяржава стала ўнiтарнай. Канстытуцыя магла стаць асновай далейшага развiцця Рэчы Паспалiтай, але гэта не ўваходзiла ў iнтарэсы Прусii, Аўстрыi i ў першую чаргу Расiйскай Iмперыi. Абгрунтоўваючы другі падзел Рэчы Паспалiтай, Кацярына II сцвярджала, што Канстытуцыя яшчэ больш абвастрыла i без таго цяжкае сацыяльна-палiтычнае становiшча суседняй дзяржавы. На самой справе Канстытуцыя мела прагрэсiўнае для свайго часу значэнне. Яна карэнным чынам змянiла структуру вышэйшых органаў улады; сойм стаў сапраўды заканадаўчым i кантралюючым органам у дзяржаве; была зроблена спроба ажыццявiць прынцып парламенцкага спосабу кiравання. Але палажэннi Канстытуцыi не былi ўведзены з-за непрыняцця iх рэакцыйнай польскай шляхтай, асаблiва арыстакратыяй, якая 19 мая 1792 г. абвясцiла Таргавiцкую канфедэрацыю дзеля захавання “рэспублiканскай формы i шляхецкiх вольнасцей”. Лiдэры канфедэрацыi Шчэнсны, Патоцкi, Ржэвускi i Бранiцкi пасля абвяшчэння Канстытуцыi паехалi ў Пецярбург i там уступiлi ў перамовы з Кацярынай II “аб вызваленнi Рэчы Паспалiтай ад спадчыннасцi трона i Канстытуцыi 3 мая”. Царскi ўрад накiраваў на дапамогу таргавiчанам 100-тысячную армiю, што прывяло да іх хуткай перамогi. У студзенi 1793 г. Прусiя дамовiлася з Расiяй аб другiм падзеле Рэчы Паспалiтай, у вынiку якога да Расii далучалася цэнтральная частка Беларусi, на якой была ўтворана Мiнская губерня. Да Прусii адышлi спрадвечныя польскiя землi з гарадамi Торунем, Гданьскам, Познанню. Сойм Рэчы Паспалiтай, якi сабраўся ў чэрвенi 1793 г. у Гароднi, прызнаў другi падзел дзяржавы, а таксама адмяніў Канстытуцыю 3 мая i прыняў новую, асноўны змест якой заключаўся ў наступным: аднаўлялiся Пастаянны савет i выбарнасць караля; сойм заставаўся вышэйшым заканадаўчым органам краiны, якi павiнен быў склiкацца кожныя чатыры гады на восем тыдняў; рашэннi ў сойме прымалiся большасцю галасоў; кароль меў права вета на соймавыя рашэннi, якiя тычылiся асноўных законаў1. Аднак i гэта Канстытуцыя засталася на паперы, бо Рэч Паспалiтая страчвала сваю незалежнасць, а царызм аказваў рашаючы ўплыў на ваенна-палiтычныя справы. Пасля паражэння паўстання пад кiраўнiцтвам Т.Касцюшкi Аўстрыя, Прусiя i Расiя ў 1795 г. правялi трэцi падзел Рэчы Паспалiтай. Да Расii адышлi Заходняя Беларусь, а таксама Лiтва, Курляндыя i частка Заходняй Украiны. Прусiя i Аўстрыя падзялiлi памiж сабой Польшчу. Пасля далучэння да Расii тэрыторыя Вялiкага княства Лiтоўскага была падзелена на тры адмiнiстрацыйныя часткi з цэнтрамi ў гарадах Вiльня, Гародня i Коўна. Вярхоўнае праўленне генерал-губернатара для ўсiх трох частак знаходзiлася ў Гароднi. У тым жа 1795 г. замест iх былi ўтвораны Вiленская i Слонiмская губернi. Аляксандр I у 1801 г. распарадзiўся аб утварэннi на тэрыторыi Заходняй Беларусi i Лiтвы Гарадзенскай i Вiленскай губерняў. Па ўмовах Тыльзiцкага мiрнага дагавора, што быў заключаны ў 1807 г. памiж Францыяй i Расiяй, апошняй перадавалася Беластоцкая акруга.
|