КАТЕГОРИИ:
АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника
|
Мясцовыя судовыя органыСярод мясцовых судоў найбольш старадаўнім быў замкавы (“гродскі”) суд, пасяджэнні якога праводзіліся ў замку (“гродзе”). Замкавы суд з’яўляўся агульнасаслоўным: у ім разглядаліся справы па абвінавачванні шляхты і простых людзей (мяшчан і сялян). Паўнамоцтвы замкавага суда былi даволі шырокія і ахоплівалі асноўныя катэгорыі крымінальных спраў. Аднак трэба падкрэсліць, што яму былі падсудныя крымінальныя справы аб найбольш цяжкіх злачынствах толькi тых асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства ці злоўлены на працягу 24 гадзін з моманту яго здзяйснення. Замкавы суд мог дзейнічаць у двух саставах: вышэйшым (як першая і другая інстанцыі) і ніжэйшым (толькі ў якасці першай інстанцыі). У склад вышэйшага замкавага суда ўваходзілі ваявода ці стараста, а таксама прадстаўнікі мясцовых феадалаў, а ў Полацку — і мяшчан1. Ніжэйшы замкавы суд складаўся з памешчыкаў, ваяводы або старасты, а таксама суддзі і пісара. Па Статуту 1566 г. на гэтыя пасады ў судзе маглі быць прызначаны толькі ўраджэнцы Вялікага княства Літоўскага — дабрачынныя шляхціцы, якія валодалі нерухомай маёмасцю ў дадзеным павеце. Статут 1588 г. патрабаваў таксама, каб шляхціцы, выбраныя ў састаў суда, ведалі беларускую грамату і законы. Такім чынам, галоўная роля ў замкавым судзе належала службовым асобам мясцовай адміністрацыі. Аднак сам факт уключэння ў склад гродскага (замкавага) суда суддзі і пісара, якія таксама былі з мясцовых феадалаў і ведалі законы, сведчыць пра пэўныя зрухі ў судаводстве, развіцці права. Суд пачаў аддзяляцца ад адміністрацыі, і ў феадалаў узнікла неабходнасць набываць спецыяльныя юрыдычныя веды. Калі вышэйшы гродскі суд атрымліваў скаргу на пастанову ніжэйшага суда, то ён павінен быў разгледзець яе не пазней чым праз чатыры тыдні. Апеляцыі на рашэнні вышэйшага гродскага суда падаваліся ў Галоўны суд. Справаводства замкавага суда вёў пісар; дастаўка заяў і выкананне рашэнняў суда ажыццяўляліся павятовымі вознымі і судовым прыставам2. Пры замкавым судзе нёс службу кат, была турма, у якой утрымліваліся зняволеныя па рашэннях замкавага, земскага і Галоўнага судоў. Важнай функцыяй замкавага суда было выкананне прыгавораў і рашэнняў іншых судоў. У кампетэнцыю гродскага суда ўваходзілі і некаторыя адміністрацыйныя функцыі. Так, у час работы сваёй сесіі і сесіі земскага суда ён вызначаў дом для судовага пасяджэння, размяркоўваў кватэры для членаў земскага суда і іншых чыноўнікаў, якія прыязджалі на сесію. Ён таксама выконваў і фіксаваў у актавых кнігах некаторыя натарыяльныя дзеянні: рабіў копіі дакументаў, афармляў завяшчанні, акты дарэння, куплі-продажу, залогу, пазыкі, усынаўлення і інш. Найбольш тыповым, аддзеленым ад адміністрацыі саслоўным судом для шляхты быў земскі павятовы суд1. У асноўным ён разглядаў грамадзянскія іскі і крымінальныя справы па абвінавачанні шляхты. Земскі суд выконваў таксама функцыі натарыята, запісваў скаргі на незаконныя дзеянні службовых асоб павета. Канчатковае прававое афармленне земскага суда праведзена Бельскім прывілеем 1564 г. і Статутамі 1566 і 1588 гг. У састаў земскага суда ўваходзілі суддзя, падсудак і пісар, якія выбіраліся на з’езде з павятовай шляхты. На кожную пасаду з`езд вылучаў чатырох кандыдатаў з мясцовых аселых шляхціцаў-хрысціян (“веры годных”), якія валодалі беларускай граматай, ведалі права і не займалі духоўных і дзяржаўных пасад. З гэтага спіса вялікі князь выбіраў і зацвярджаў аднаго кандыдата на месца. Суддзі прызначаліся пажыццёва і ніхто, нават вялікі князь, не мог вызваліць іх ад абавязкаў. Iм таксама забаранялася сумяшчаць сваю працу з іншай службай. На першай сесіі новы суддзя публічна прысягаў, што будзе судзіць справядліва, не зважаючы на грамадскае і матэрыяльнае становішча людзей, асабістыя адносіны да іх. Сесіі земскага суда збіраліся тры разы на год: у студзені, чэрвені і кастрычніку. Кожная доўжылася тры — чатыры тыдні. Судаводства вялося на падставе Бельскага прывiлея 1564 г. і Статутаў Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гг. на старабеларускай (да канца XVII ст.), а пазней на польскай мове. Калі на судзе сярод прысутных былі людзі, дасведчаныя ў пытаннях права, то суддзі запрашалі іх да “рассудку праўнага”, і яны мелі дарадчы голас пры вынясенні судовых пастаноў. Кожны, хто быў на судзе, мог сказаць тое, што ведаў па разглядаемай справе, выказаць свой погляд на яе. Такім чынам, стварэнне земскіх судоў — важны этап у развіцці судовага ладу і права ў феадальнай Беларусі. Гэтыя суды далі пачатак арганізацыі судовай сістэмы, заснаванай на аснове падзелу ўлад, “бо яны былі першымі судамі, цалкам аддзеленымі і незалежнымі ад мясцовай адміністрацыі”. Няма сумнення ў тым, што ўзнікненне такіх судоў стала магчымым дзякуючы пашырэнню ролі нормаў пісанага права, а гэта ў сваю чаргу абумовіла неабходнасць з’яўлення прафесіі юрыста. Другім судом, што быў аддзелены ад органаў дзяржаўнага кіравання, стаў падкаморскі суд, створаны ў 1566 г. Ён разглядаў зямельныя і межавыя спрэчкі феадалаў, што раней уваходзілi ў кампетэнцыю гаспадарскага суда. Па Статуце 1566 г. справы ў падкаморскім судзе вырашаў суддзя-падкаморый з удзелам зацікаўленых бакоў. З 1588 г. на павятовых сойміках на пасаду падкаморыя выбіралі чатырох кандыдатаў, аднаго з якіх зацвярджаў вялікі князь літоўскі. Разгляд справы адбываўся на месцы спрэчных межаў. Падкаморый выслухоўваў тлумачэнні бакоў, дапытваў сведак, аглядаў дакументы і іншыя пісьмовыя доказы, прымаў рашэнне і вызначаў на мясцовасці межы землеўладання, а пасля, з дапамогай сваіх памочнікаў (каморнікаў), устанаўліваў межавыя знакі. Рашэнне падкаморскага суда падлягала неадкладнаму выкананню, але магло быць абскарджана ў вялікакняжацкі суд ці ў трыбунал Вялікага княства Літоўскага. Пастановы падкаморскага суда і рэестры спраў запісваліся ў кнігі земскага павятовага суда. Iскі аб праве землеўладання не адносіліся да кампетэнцыі падкаморскага суда і разглядаліся земскім ці камісарскім судом. Падкаморскія суды на Беларусі існавалі да ХIХ ст. На новых прынцыпах выбарнасці і ўдзелу прадстаўнікоў гарадскога насельніцтва ствараліся войтаўска-лаўніцкія і бурмісцерскія суды, якія дзейнічалі ў гарадах, што мелі магдэбургскае права. Iм былі падсудныя крымінальныя і грамадзянскія справы гараджан. Войтаўска-лаўніцкі суд складаўся з войта, які старшынстваваў на пасяджэннях, яго намесніка (ландвойта, ці лентвойта) і лаўнiкаў (засядацеляў), якія выбіраліся мяшчанамі. Нязначныя правапарушэнні і спрэчкі мяшчан разглядалі гарадскія бурмістры, якія прызначаліся войтам ці выбіраліся мяшчанамі. Пры разглядзе спраў войтаўска-лаўніцкія і бур-місцерскія суды акрамя магдэбурскага права кіраваліся мясцовым гарадскім правам, Статутамі Вялікага княства Літоўскага1. Некаторыя гарады (Орша, Магілёў, Полацк) дамагаліся аб’яднання войтаўска-лаўніцкіх і бурмісцерскіх судоў, а ў невялікіх гарадах яны наогул не былі раздзельныя. У такіх прыватнаўласніцкіх гарадах, як Слуцк, функцыі войтаўска-лаўніцкага суда выконваў замкавы (гродскі) суд. На Беларусі войтаўска-лаўніцкія суды былі скасаваны пасля яе далучэння да Расійскай Iмперыі. Такім чынам, стварэнне незалежных ад мясцовай адміністрацыі выбарных судоў, хаця б і для некаторых саслоўяў, “сведчыла аб новым этапе ў развіцці прававой культуры грамадства, імкненні да паступовага ўсталявання прававога парадку ў дзяржаве. Выбарны незалежны суд быў прасякнуты ідэямі служэння не толькі інтарэсам дзяржавы, але і правам асобных людзей, задачамі абароны правапарадку нават ад органаў дзяржаўнай улады. Так, скаргі на незаконныя дзеянні ваявод, старастаў і іншых службовых асоб маглі падавацца ў земскія і гродскія суды, а апеляцыі на іх пастановы — ў Галоўны суд. Гэты радыкальны паварот у прававой тэорыі і поглядах на ролю суда ў грамадстве Беларусі ў ХVI ст. пачаў ажыццяўляцца ў Заходняй Еўропе толькі ў ХVII — ХVIII стст. Статут 1588 г. у значнай ступені паставіў дзейнасць мясцовай адміністрацыі пад кантроль суда”2. Нельга не згадаць аб існаванні на Беларусі спецыяльных каптуровых, а таксама сялянскіх копных судоў. Каптуровы суд, які дзейнічаў у перыяд бескара-леўя, быў надзвычайным, часовым судом, які разглядаў справы феадалаў. Першыя каптуровыя суды з’явіліся паводле пастановы сойма Вялікага княства Літоўскага ад 29 студзеня 1587 г. У склад суда ўваходзілі ваявода ці павятовы стараста або іх намеснік, суддзя і пісар замкавага суда, падкаморый, а таксама суддзя, падсудак і пісар земскага суда. Суд лічыўся правадзейным, калі на пасяджэнні прысутнічала не менш пяці яго членаў. Каптуровы суд разглядаў крымінальныя справы аб забойствах, разбоях, падпалах, нападах на маёнткі, фальсіфікацыі маёмасных правоў, а таксама цывільныя справы магнатаў, шляхты, манастыроў. Пастановы каптуровага суда, якія прымаліся большасцю галасоў, былі канчатковымі і апеляцыі не падлягалі. Копны суд дзейнічаў на падставе нормаў звычаёвага права. Ён разглядаў галоўным чынам справы простых людзей: сялян, вольных пасяленцаў, мяшчан гарадоў, якія не карысталіся магдэбургскім правам. Збіраўся суд у пэўных месцах, якія называліся капавішчамі. Судаводства мела дзве формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны. У асноўным на ёй разглядаліся цывільныя справы, а таксама межавыя спрэчкі, дробныя крадзяжы, сваркі, факты прычынення шкоды, чараўніцтва і інш. Суддзямі маглі быць усе жыхары мясцовасці, але часцей за ўсё на капу збіраліся 10 — 20 копных мужоў і старцаў, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай або панскай адміністрацыі, якія сачылі за правільнасцю выканання нормаў копнага права. Пастанова суда была канчатковай і абскарджанню не падлягала. Гвалтоўная капа збіралася для разгляду забойстваў, падпалаў, нападаў. Пэўнага месца збору яна не мела. Пакрыўджаны чалавек “падымаў гвалт”, і ўсе дарослыя, хто чуў, павінны былі бегчы на месца здарэння, дзе і адбываўся суд. Калі злачынцу ўдавалася ўцячы ці схавацца, то ўся капа ішла па “гарачым следзе” і ў выпадку затрымання ў межах воласці (горада) выносіла прыгавор, нават смяротны. Калі злачынец уцякаў у суседнюю воласць, капа спынялася на мяжы і перадавала “гарачы след” суседзям. Дзейнасць копнага суда на Беларусі пачала згортвацца ў XVII ст., але ў некаторых месцах ён працягваў існаваць і ў першай палове XVIII ст. Дзейнасць судоў не распаўсюджвалася на феадальна-залежных сялян, іх звычайна судзілі ўладальнікі.
|