Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Судовая, земская i гарадская рэформы




Развiццё капiталiстычных адносiн, адмена прыгоннага права выклiкалi патрэбу змены ўсёй судовай сiстэмы краiны, яе дэмакратызацыi. Судовая рэформа рыхтавалася больш за 5 гадоў i пачала праводзiцца ў жыццё ў 1864 г. Яна замацавала новыя асновы судовага ладу i судаводства, паслядоўна i поўна ўвасобiўшы прынцыпы буржуазнага права, што было значным крокам наперад у параўнаннi з дарэформеннай судова-працэсуальнай сiстэмай.

Асноўныя палажэннi рэформы адлюстраваны ў чатырох заканадаўчых актах: “Учреждение судебных установлений”, “Устав уголовного судопроизводства”, “Устав гражданского судопроизводства” и “Устав о наказаниях, налагаемых мировыми судьями”. Можна сцвярджаць, што ўвядзенне 20 лiстапада 1864 г. гэтых судовых статутаў было адным з галоўных мерапрыемстваў па пераўтварэнні дваранскай манархii ў манархiю буржуазную. Справа ў тым, што ў аснову рэформы была пакладзена тэорыя раздзялення ўлад. Судовыя статуты абвясцiлi аддзяленне суда ад адмiнiстрацыi, увядзенне агульнага ўсесаслоўнага суда, роўнасць усiх перад судом, нязменнасць суддзяў i следчых, выбарнасць мiравых суддзяў i прысяжных засядацеляў, галоснасць, вуснасць, непасрэднасць i спаборнасць судовага працэсу, права абвiнавачанага на абарону. Важным вынiкам рэформы стала заснаванне адвакатуры для абароны па крымiнальных i прадстаўнiцтва iнтарэсаў старон па цывiльных справах.

З мэтай нагляду за судамi, следствам i месцамi зняволення была рэарганiзавана пракуратура, якая змяняла напрамак сваёй дзейнасцi. З органа кантролю за вытворчасцю спраў у сферы кiравання (“око государства”) яна ператваралася ў орган абвiнаваўчай улады. “Прокуратура есть постоянное судебно-административное учреждение, состоящее из лиц, назначенных от правительства и обязанных по долгу службы охранять законы и преследовать преступников во имя общественных интересов...”1.

Згодна з законам стваралiся дзве судовыя сiстэмы: мясцовыя i агульныя суды. Да мясцовых належалi мiравыя суды i з’езды мiравых суддзяў, да агульных — акружныя суды (ад аднаго да трох на губерню) i судовыя палаты (адна на некалькi губерняў).

У мiравых судах справы аднаасобна разглядаў мiравы суддзя. Мiравыя суды са спрошчаным судаводствам стваралiся па тры — чатыры ў адным павеце. Такiм чынам, павет складаў мiравую акругу, падзеленую на мiравыя ўчасткi, у кожным з якiх знаходзiўся ўчастковы мiравы суддзя. Апрача ўчастковых былi i ганаровыя мiравыя суддзi, якiя маглi разглядаць справы, але не ўваходзiлi ў штаты Мiнiстэрства юстыцыi i не атрымлiвалi жалавання. З’езд мiравых суддзяў быў судом другой iнстанцыi i разглядаў апеляцыйныя скаргi на пастановы мiравых суддзяў. Мiравым судам былi падсудныя цывiльныя справы пры цане iска да 500 руб. i крымiнальныя, па якiх прадугледжвалiся арышт да трох месяцаў, грашовае спагнанне да 300 руб. ці заключэнне ў работны дом да аднаго года.

Акруговы суд, як правiла, складаўся з цывiльнага i крымiнальнага аддзяленняў, а апошняе — з кароннага суда i суда прысяжных засядацеляў. Акруговым судам былi падсудныя ўсе крымiнальныя справы за выключэннем палiтычных i пэўных службовых злачынстваў.

Крымiнальныя справы разглядалiся з удзелам прысяжных засядацеляў. Каронныя суддзi прызначалiся царом па прадстаўленні мiнiстра юстыцыi пажыццёва. Яны павiнны былi мець вышэйшую юрыдычную адукацыю i стаж працы ў праваахоўных органах не менш як тры гады. Узначальваў акруговы суд старшыня, а аддзяленнямi кіравалі яго намеснiкi.

Судовыя палаты дзейнiчалi як суды другой iнстанцыi ў адносiнах да акруговых судоў. Аднак крымiнальныя справы, якiя разглядалiся з удзелам прысяжных засядацеляў, апеляцыйнаму перагляду не падлягалi. Па некаторых крымiнальных справах, напрыклад па палiтычных, судовыя палаты маглi дзейнiчаць як суд першай iнстанцыi.

Акруговыя суды Мiнскай, Гродзенскай i Вiленскай губерняў падпарадкоўвалiся Вiленскай судовай палаце. Магiлёўскi акружны суд быў аднесены да сферы дзейнасцi Кiеўскай, а Вiцебскi — Пецярбургскай судовай палаты.

Вышэйшым органам судовага нагляду, касацыйным i вярхоўным судом у Расii з’яўляўся правячы Сенат, якi ўключаў два дэпартаменты — цывiльны i крымінальны. З канца ХІХ ст. Сенат займаўся абнародаваннем і тлумачэннем законаў, мог выдаваць адмiнiстрацыйныя распараджэннi.

Аналiзуючы судовую рэформу, трэба заўважыць, што ў яе правядзеннi на тэрыторыi Беларусi выявiлiся спецыфiчныя асаблiвасцi. Да апошнiх адносiлiся: сувязь судовай рэформы з палiтыкай царызму, накiраванай на падаўленне польскага нацыянальна-вызваленчага руху; увядзенне судовых статутаў па частках; адкрыццё мясцовых i агульных судоў у розны час. Па палiтычных прычынах судовая рэформа на Беларусi пачалася, па сутнасцi, толькi ў 1872 г., калi былi ўведзены мiравыя суды, а акруговыя суды з iнстытутамi прысяжных засядацеляў былi ўтвораны ў заходнiх губернях аж у 1882 г.

Свае асаблiвасцi меў i парадак фармiравання судовых органаў Беларусi. Па законе мiравы суддзя павiнен быў выбiрацца на павятовым земскiм сходзе са спiсу кандыдатаў, якi папярэдне зацвярджаў губернатар. Згодна з “Временными правилами об устройстве мировых судебных установлений в губерниях: Виленской, Ковенской, Гродненской, Киевской, Волынской, Подольской, Минской, Витебской и Могилевской, впредь до введения земских учреждений” ад 23 чэрвеня 1871 г. мiравыя суддзi не выбiралiся, а прызначалiся ўрадам. Як сведчыць адзначаны нарматыўны акт, у беларускiх губернях гэта былі памешчыкі, якiя заслугоўвалi поўнага даверу ў сувязi з адсутнасцю тут да 1911 г. земстваў. На Беларусi прызначалiся i ганаровыя суддзi. Акрамя таго, абмяжоўваўся ўдзел мясцовага апалячанага дваранства ў дзейнасцi мiравых i акружных судоў, а таксама ўразалiся правы асоб iудзейскага веравызнання пры фармiраваннi саставу прысяжных засядацеляў i разглядзе пэўных катэгорый спраў у акружных судах з удзелам прысяжных засядацеляў.

Тым часам, нягледзячы на згаданыя акалiчнасцi, судовая рэформа была найбольш паслядоўнай з усiх буржуазных рэформаў 60—70-х гг. XIX ст. Праўда, i яна не скасавала саслоўнасцi (працягвалi дзейнiчаць сялянскiя, духоўныя, камерцыйныя суды), рабiла выключэнне з агульнага парадку для судаводства па справах аб злачынствах супраць рэлiгii, аб дзяржаўных i службовых злачынствах.

Як было адзначана, Беларусь у XIX ст. уяўляла сабой аграрны рэгiён, асноўную масу жыхароў якога складалi сяляне. Таму мэтазгодна сказаць некалькi слоў аб сялянскiм валасным судзе, які выбiраўся штогод валасным сходам у складзе 4—12 суддзяў. Справы ў судзе павiнна была разглядаць калегiя не менш чым з трох суддзяў. Валасному суду былi падсудныя справы па спрэчках памiж сялянамi, а таксама па нязначных крымiнальных або адмiнiстрацыйных правiннасцях. Ён меў права прысуджаць сялян да сямі дзён арышту, караць дубцамi да 20 удараў, штрафаваць да 3 руб., прыгаворваць да грамадскiх работ да шасці дзён. Такiм чынам, валасны сялянскi суд дзейнiчаў на аснове традыцый i нормаў звычаёвага права, санкцыянаванага дзяржавай, што было перажыткам сярэдневякоўя.

1 студзеня 1864 г. было выдадзена “Палажэнне аб губернскiх i павятовых земскiх установах”, згодна з якiм утваралiся губернскiя i павятовыя земскiя сходы як распарадчыя ўстановы і губернскiя i павятовыя ўправы — як выканаўчыя.

Земскiя ўстановы стваралiся для кiраўнiцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскiм абслугоўваннем насельнiцтва i iншымi сферамi грамадска-культурнага жыцця. Выбары тут праводзiлiся на аснове маёмаснага цэнзу па трох курыях — памешчыцкай, гарадской i сялянскай. Выбарчы закон забяспечваў перавагу ў земствах прадстаўнiкам дваранства i буржуазii. Для сялян выбары былi шматступеннымi — сельскi і валасны сходы, павятовы з’езд.

Выбары земскiх устаноў праводзiлiся адзiн раз у тры гады, а павятовыя i губернскiя земскiя сходы склiкалiся адзiн раз у год на некалькi дзён. Старшынствавалi на іх адпаведна павятовыя i губернскiя прадвадзiцелi дваранства.

Асноўная праца ў земскiх установах выконвалася ў павятовых i губернскiх управах, што з’яўлялiся пастаянна дзеючымi органамi i мелi чыноўнiкаў, якiя кіравалі рознымi галiнамi мясцовых спраў.

На Беларусi земская рэформа не праводзiлася аж да пачатку XX ст. у сувязi з тым, што царскi ўрад пасля паўстання 1863 — 1864 гг. не давяраў мясцовым апалячаным памешчыкам, якія складалi пераважную большасць у краi і пры выбарах земскiх устаноў па законе 1864 г. маглi захапiць iх у свае рукi. Дапусцiць такога царызм ніяк не мог. На ўтварэнне выбарных земстваў, прычым у Вiцебскай, Мiнскай i Магiлёўскай губернях i па спецыяльным выбарчым законе, урад адважыўся толькi ў 1911 г.1

Згодна з указам ад 14 сакавiка 1911 г. аб ажыццяўленнi ў беларускiх губернях “Палажэння аб земствах з некаторымi папраўкамi i змяненнямi” сельская грамада магла пасылаць у выбарчыя сходы паветаў не больш як адну трэць усiх гласных, а ў выбарчыя сходы губерняў — толькi аднаго сялянскага гласнага ад кожнага павета.

Паводле ўказа ад 14 сакавiка 1911 г., што быў уведзены ў парадку прымянення артыкула 87 Асноўных Дзяржаўных Законаў, выбаршчыкi падзялялiся на дзве курыi: польскую i рускую. Законам iстотна ўрэзвалiся правы апалячанага насельнiцтва Беларусi па фармiраванні земскiх устаноў i ўдзелу ў іх працы; амаль поўнасцю адхiлялiся ад удзелу ў земствах асобы iудзейскага веравызнання. Быў уведзены даволi высокi маёмасны цэнз: у выбарах маглi ўдзельнiчаць сяляне, якiя мелi не менш 75 — 125 дзес. зямлi, i гараджане, якiя валодалi нерухомай маёмасцю коштам не нiжэй чым 750 — 7500 руб. Каб колькасна ўзмацнiць “рускую курыю”, у яе склад уключалiся нават багатыя немцы, латышы i iнш.

Што тычыцца структуры i кампетэнцыi земскiх губернскiх i павятовых сходаў i ўпраў, то губернатарам i мiнiстру ўнутраных спраў было дадзена права прыпыняць выкананне iх распараджэнняў, “калi яны супярэчылi законам цi дзяржаўнай карысцi”. Такая фармулёўка заканадаўства давала магчымасць губернатарам прыпыняць практычна любое рашэнне земстваў.

Рэформа гарадскога самакiравання, паводле “Гарадавога палажэння” ад 16 чэрвеня 1870 г., пачалася на Беларусi толькi ў 1875 г. Яна грунтавалася на буржуазным прынцыпе ўсесаслоўных выбараў органаў кiравання пры адпаведным маёмасным цэнзе. Выбарным правам карысталiся ўсе плацельшчыкi гарадскiх падаткаў. Яны выбiралi на пэўны тэрмiн членаў гарадской думы (гласных), якія фармiравалі свой выканаўчы орган — гарадскую ўправу. Старшынстваваў у гарадскіх думе i ўправе гарадскi галава. Дзейнасць гэтых органаў рэгулявалася губернскiмi па гарадскiх справах установамi, падначаленымi губернатарам.

Такiм чынам, калi характарызаваць мясцовае кiраванне Беларусi ў перыяд капiталiзму, то неабходна вылучыць спецыфiчныя рысы, якiя адрознiваюць яго ад упраўлення ва ўнутраных раёнах Расiйскай Iмперыi. Перш за ўсё трэба адзначыць, што да канца самаўладдзя тут заставалася Вiленскае генерал-губернатарства і па меры абвастрэння супярэчнасцей паўнамоцтвы генерал-губернатара ўзрасталi, а тэрыторыя пашыралася шляхам далучэння суседнiх губерняў1.

Спецыфiчным было кiраванне і ў беларускiх паветах. Так, мясцовыя павятовыя прадвадзiцелi дваранства не выбiралiся, а прызначалiся Сенатам са згоды мiнiстра ўнутраных спраў. Большасць адмiнiстрацыйных i судовых пасад займалi рускiя дваране праваслаўнага веравызнання. Пры аналiзе права, якое iснавала на тэрыторыi Беларусi ў перыяд развiцця капiталiзму, трэба адзначыць і тое, што ў гэты час мясцовае права было амаль поўнасцю заменена правам Расiйскай Iмперыi. Толькi ў грамадзянскiм праве яшчэ захоўвалiся некаторыя мясцовыя асаблiвасцi (чыншавае карыстанне нерухомай маёмасцю, некаторыя сервiтуты i iнш.)2.

 

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-05; просмотров: 259; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.006 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты