Студопедия

КАТЕГОРИИ:

АстрономияБиологияГеографияДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника


Анатоль Сыс




Нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці. Падчас навучання ў школе Анатоль Сыс захапляўся літаратурай і гісторыяй, асабліва цікавіўся раскопкамі старажытнага гарадзішча ў Гарошкаве. У 1977 годзе ён паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсытэта імя Ф. Скарыны, які скончыў у 1982 годзе. Пасля двухгадовай службы ў войску сувязістам у Польшчы працаваў у Веткаўскай раённай газеце «За бальшавіцкія тэмпы». У 1985 годзе Сыс пераехаў у Менск, дзе працаваў старэйшым спэцыялістам на Беларускім тэлебачанні. Пасля выхаду другой кнігі ў 1989 годзе — «Пан лес» — Сыс з-за хваробы на страўнік звольніўся з працы і жыў на пенсію.

Свой першы верш па-беларуску напісаў падчас навучання ў Броненскай сярэдняй школе з расейскай мовай навучання. Туды ён паступіў у 1970 годзе, пасля таго, як Гарошкаўская пачатковая школа з беларускай мовай навучання, куды Анатоль пайшоў у 1 клас ў 1967 годзе, была зачыненая. У 1974 годзе дэбютныя творы Сыса былі надрукаваныя ў рэчыцкай раённай газэце «Дняпровец».

У 1986 падборка вершаў Анатоля Сыса была надрукаваная ў часопісе «Маладосць». У 1987 годзе Сыс быў сярод заснавальнікаў суполкі маладых пісьменьнікаў «Тутэйшыя». Пры жыцьці паэта выйшлі тры зборнікі ягоных вершаў: «Агмень» (1988), «Пан лес» (1989), «Сыс» (2002).

ПАСІЯНАРЫЙ

Жыць у эпоху перамен – незайздросны лёс. Хіба што за выняткам тых, хто народжаны адмыслова дзеля таго самага моманту – пераменнага. Сыс-паэт можа застацца ў літаратуры без Сыса-чалавека, але робіцца мізэрным без гістарычнага кантэксту.

Алесь Аркуш звязваў крах паэта з крахам таварыства «Тутэйшыя», з наступнымі гістарычнымі падзеямі. Мушу не пагадзіцца. Анатоль Сыс – узор пасіянарыя. Чалавек адной місіі.

Гэта лёс. Вы не верце, што гэта стыхія, /пэўна ж, трэба камусьці /вось так расказаць пра жывых, /каб пачулі глухія, відушчымі сталі сляпыя /дый убачылі – зоркі ўзыходзяць /таксама й для іх.

Гісторыя можа разгортвацца паводле любога сцэнара, але пераход на іншыя рэйкі раней ці пазней заканчваецца, і пасіянарыі робяцца непатрэбнымі ў спакойным штодзённым жыцці. Яны пакутуюць самі і катуюць іншых, бо жывуць у атачэнні «янычараў» і «груганоў». Яны гіперадказныя за лёс краіны, мовы, культуры, ужо і не зразумець – шчыра ці штучна.

ты адзін, ты адзін, ты адзін, /ты застаўся адзін на славяншчыне, /і Радзіма твая, паглядзі, – /русакосая янычаршчына.

Яны ўрэшце пачынаюць блюзнерыць, злоўжываючы эфектам эфекту. Такіх людзей змяшчалі ў вязніцы, каралі, выпраўлялі ў крыжовыя паходы, абы толькі выключыць з грамадскага жыцця. Сыс выключыўся сам.

І ягоныя вершы засталіся актуальнымі для колішніх паплечнікаў (як напамін пра вірлівую маладосць) і для такіх самых асоб, зацятых ды імпэтных, ад якіх нічога не залежыць.

Я – тут! Я шугаю полымем! /Праз боль я з сябе бяру /Каменне рукамі голымі /І гэткім, як сам, дару.

Аўдыторыя прымае і «каменне», і «полымя» – як шлюз, як сублімацыю дзеянняў, што несумненна карысна для грамадскага спакою. Калі ў 1980-х гадах вершы Анатоля Сыса крытыкавалі за нейкія недарэчнасці, гэта было бессэнсоўна і безвынікова: для гледачоў-чытачоў Сыса змест і мастацкія вартасці ягонай паэзіі значэння не мелі: для іх быў нашмат важнейшы адраджэнскі пафас з усімі ягонымі складнікамі.

У вершы Сыса неабавязкова ўдумвацца (нават так!), за імі болей, чым імі сказана. Філалагічны разбор на «малекулы» ім зусім не пасуе. Чытаеш іх у цішыні за пісьмовым сталом і бачыш, што яны часам нелагічныя, з сэнсавымі праваламі, пераскокваннямі, а прачытаеш уголас, хаця б і не перад публікай – перад люстэркам (нават не валодаючы «шаманскім тэмпераментам» аўтара), – і гучаць, і клічуць, і плачуць! І ўжо не чапляецца вока за «паэты-санеты» і «вочы-ночы».

Адзначыўшы саракагадовы юбілей, ён абяцаў пісаць, ён угаворваў сябе, што верыць у вяртанне натхнення...

СЫС УСЕМАГУТНЫ

Ён быў шчодры: пісаў вершы пра сябе і ахвяроўваў іх выбітным асобам Беларусі. Ён пісаў пра сябе ўяўнага – больш трагічнага, больш значнага, роўнага ўжо не Купалу – Богу.

Я думаў, /вершы мае відушчыя, /аж пакуль не аслепнуў сам /ад маланкі, самім жа пушчанай, /я гарэў, як бязбожны храм, /сам сабе я ў ім здаўся богам, /адпускаў сам сабе грахі...

Усведамленне ўласнай абранасці перапаўняла паэта. «Мама, такога народзіць не кожная» і «Ніхто не мае права спаць з Паэтам» – тут самае сціплае і зразумелае. Напісаў бы такое іншы паэт, выклікаў бы смех ці абурэнне, а верагодна – проста не заўважылі б. А Сысу можна, яму напраўду можна.

Паэт – боская птушка, /яго нельга чапаць, /трэба Хрыста чакаць, /трэба Хрысту ногі цалаваць...

А мо і спраўды – абраннік? Які можа дазволіць сабе быць і ўладаром, і маргіналам у адной асобе. Наймагутнейшы («Я зжэр бы свой народ») і найслабейшы («Не ганіце мяне! Не ганіце...»).

Мой мужчына каханы, /Айцец, Сын, Святы Дух!

І ўсё-ткі падступна варушыцца сумненне – абраннік ці закладнік эфектнасці? Напраўду заручаны з Айчынай і паэзіяй ці спекулянт? Бог, Ісус, маці, Айчына, гайворан віновай масці, кбты – усё настолькі самаахвярнае і пакутлівае аж да бяспройгрышнасці. Ты прабач, у мяне закаханая, – кажа лірычны герой і свядома абірае паэзію, Айчыну, катаванні, сцяканне крывёй – а значыць, адзіноту і безнашчадкавасць.

Я ведаю, атаясамліваць паэта і яго лірычнага героя – несумленна. Але Сыс сам імкнуўся да гэткага зліцця героя і аўтара (нават у неабавязковых дробязях: Ёсць каханка, прыйдзе ў хату, скажа: Толік), ды ягоны герой не жыў, ён пакутаваў напоўніцу. Цяпер, напэўна, немагчыма сказаць, чыя пакута там была першаснай (аўтара ці героя) – і ці не была яна спачатку прыдумана, а потым нязграбна ўвасоблена. І ці была яна наогул?

Я ўсім кажу, што я паэт найпершы, /калі ж папраўдзе: першы жыццялюб!

У Сысавых вершах слова СЭРЦА становіцца сэнсавай і частотнай дамінантай. Першы зборнік – “Агмень”. Нязгасны агонь палымнеў на Сысавым паэтычным ахвярніку. Агню паэт давяраўся і, не баючыся апёкаў, размаўляў з ім “вусны ў вусны”. Бо агонь – самая чыстая зямная стыхія.

Праз вершы паэт выбаўляецца ад болю, які назапашваецца ў ім.

Па балючасці Сысава паэзія сучаснай айчыннай літаратуры не мае сабе роўных. Кроў. Крыж. Сляза. Атрута. Агонь (Агмень), Вярыгі – выспавядальная, болевая лексіка Сыса. Вобразы ягоныя (асабліва ў вершах апошніх гадоў, што мелі скласці так і не выдадзеную кнігу “Ягамосць”) жахаюць: “А над светам белы чэрап поўні”, “Беларусь мая – мая магіла”… У адным з Анатолевых аўтографаў слова “Беларусь” напісанае як “Бедарусь”. Выпадковасць? Звычайная апіска? Ці – паказальная?

У паэзіі Анатоль Сыс любіў згладзіць пераклічку. Любіў адштурхнуцца ад чужога радка – Фэдэрыка Гарсія Лоркі ці Міколы Купрэева. І няма ў гэтым аніякай заганы. Бо ў паэтычным космасе сусветы паэтаў не ізаляваныя адзін ад другога. І межаў там не існуе. Наадварот, іх святло ўзаемаспалучаецца і прырастае суседнімі промнямі.

Анатоль Сыс жыў з адчуваннем дараванай яму ад нараджэння свабоды. Паэзія яго была свабоднай, і сам ён аніякіх вярыгаў на сабе не цярпеў. “Ні грошай, ні славы – я волі хачу”. Як гэта рэдка ў жыцці бывае: вызначыць для сябе credo і да апошніх дзён трымацца яго. Сыс трымаўся. У яго паэзіі шмат фантасмагарычнага.

Нізка А.Сыса “Лес” прасякнута верай у самую існасць прыроды, у лес як храм, дзе ўсюдыісны дух пана Лесу. Паэт перакананы, што прырода – выратавальніца душы, што “лес – гэта больш чым лес”. У канцы верша “Пан лес” гучыць роздумнае маральнае запытанне: “… бо нельга паганіць храм, // бо нельга святое нішчыць, // куды ж тагды прыйдзе Хам // ад хамства душу ачысціць?” Творы міфапаэтычнага складу – яркае пераасэнсаванне свету, вельмі часта ўяўляюць драматычна-складанае пазнанне светлага і змрочнага, зямнога і нябеснага. Красамоўны прыклад гэтаму – зборнік “Пан лес”.

 


Поделиться:

Дата добавления: 2015-04-18; просмотров: 383; Мы поможем в написании вашей работы!; Нарушение авторских прав





lektsii.com - Лекции.Ком - 2014-2024 год. (0.007 сек.) Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав
Главная страница Случайная страница Контакты